Вы тут

Дзмітрый Кароль: Я заўсёды марыў пра вялікую сцэну


Тэлепраект «Зорны дыліжанс» даў яму старт у музыцы. Удзел у беларускай «Фабрыцы зорак» разам з Палінай Смолавай, Германам Цітовым, Кацяй Іванчыкавай, Дзмітрыем Калдуном надалі амбіцыйнаму хлопцу з берасцейскага Лагішына ўпэўненасці і бясцэннага досведу. Сёння наш герой працягвае займацца творчасцю і развівае свой бізнес, а таксама вядзе здаровы лад жыцця і ўдзельнічае ў дабрачынных канцэртах. Спецыяльна для «Чырвонкі. Чырвонай змены» Дзмітрый Кароль падзяліўся навінамі са свайго жыцця, раскрыў некаторыя сакрэты творчай кухні і расказаў, што прымусіла яго кардынальна змяніць погляд на многія рэчы.


Знаёмства на тэлепраекце з такімі ж, як і ён, узыходзячымі зоркамі беларускай эстрады ў далёкім 2005-м і прызнанне публікай стала адной з самых важных падзей у творчай кареры спевака.

— Вельмі хочацца чарговы раз сказаць маладым артыстам, якія не вераць у тое, што можна без грошай і сувязяў чагосьці дамагчыся, — гэта ўсё рэальна, гэта магчыма, і гэта праўда! — упэўнены наш герой. — Галоўнае — спрабаваць сябе ўсюды, паказваць сваю творчасць свету, і абавязкова знойдзецца чалавек, які вас заўважыць і падтрымае.

Хлопец прызнаецца, што абсалютна сумленна прайшоў усе адборачныя туры, выйшаў у фінал і ў выніку стаў уладальнікам трэцяга месца на гэтым тэлепраекце. Ён удзячны тэлеканалу СТБ, народнаму артысту Беларусі Аляксандру Рыгоравічу Ціхановічу і ўсім, хто браў удзел у стварэнні праекта.

— Я ўдзячны за тое, што далі нам магчымасць заявіць пра сябе на ўсю краіну. На гэтым праекце была запісана мая першая сольная песня «Чаму», якую я выконваю на сваіх выступленнях і цяпер, — гаворыць вакаліст.

Поспехі ў кар’еры не перашкаджаюць спеваку памятаць, адкуль ён родам. Ён удзячны сваёй малой радзіме за тое, што ўзгадавала ў ім найлепшыя якасці і падарыла шчаслівае дзяцінства.

— З трапятаннем успамінаю суседнюю вёску Каўняцін, — згадвае Дзмітрый. — Там нарадзіўся мой тата, там жылі бабуля з дзядулем, там праводзілі вельмі шмат часу — гэта ні з чым не параўнальныя эмоцыі.

Дзмітрый расказвае пра рэчку Ясельда, куды ён хлопчыкам хадзіў вудзіць. Згадвае лес на Палессі і гаворыць, што быў першым у зборы грыбоў і ягад.

— Шмат хто не ведае, але я ў зборы чарніц даваў фору — мы такі бізнес на гэтым рабілі ў свой час (смяецца). На жаль, не атрымліваецца прыязджаць часта дадому, але адзін-два разы на год я бываю там, — расказвае спявак.

— А што было першым: музыка ці сфера гандлю? І як вы ўсё разам сумяшчаеце?

— Вядома ж, першай у маім жыцці была музыка! Я нават і не думаў раней, што змагу і буду працаваць яшчэ і ў сферы гандлю. Продаж электраўстановак — вельмі цікавая дзейнасць, як аказалася. Мне гэта падабаецца, бо тут я штодня маю зносіны з творчым людзьмі — дызайнерамі, архітэктарамі, тымі, хто стварае прыгожыя і цікавыя інтэр’еры.

Дзмітрыю было цяжка сумяшчаць творчасць і бізнес. Нават на некалькі гадоў ён быў вымушаны цалкам закінуць спевы і пагрузіцца ў іншую сферу, але ўсё ж, з часам, душа сваё адбараніла.

Спяваць хлопец пачаў рана. Ён успамінае, як у дзіцячым садку ладзілі ранішнікі.

— Я і спяваў, і на лыжках іграў, і дырыжорам быў нашага сур’ёзнага калектыву (усміхаецца).

Бацькі заўсёды падтрымлівалі сына. Мама Дзмітрыя Галіна Васільеўна — таксама музыкант па прафесіі, таму яму было з каго браць прыклад.

— У маці вельмі прыгожы глыбокі голас, яна любіць спяваць лірыку. Я таксама гэта ўвабраў ад яе. Думаю, што тое яскрава прасочваецца ў маёй творчасці.

— А як жа музыка прыйшла ў ваша жыццё ў прафесійным плане?

— Я заўсёды марыў пра вялікую сцэну. Паехаў паступаць у вучылішча мастацтваў у Гродна толькі з-за таго, што на той час у Беларусі гэта была адзіная навучальная ўстанова, дзе з’явілася аддзяленне «Эстрадныя спевы».

У дадзены момант спявак рыхтуе некалькі новых песень беларускіх і расійскіх аўтараў. Яму прыемна, што ў рэпертуары ёсць песні зорных паэтаў і музыкантаў — Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай, Паўла Архіпцава, Кастуся Легастаева, Германа Цітова, Вагана Петрасяна, Іры Эйфарыі, Юліі Бяспалавай, Кірыла Кузьмянко, Юрыя Іофэ. Іх песні спявае не толькі наш герой, але і Рыгор Лепс, Ларыса Доліна, Стас Міхайлаў, Дзіма Білан, Вольга Бузава і шмат якія іншыя артысты, дзеліцца вакаліст.

Малады чалавек удзельнічае ў канцэртах, якія арганізоўвае дабрачынны фонд «Спирос» імя Аляксандра Ціхановіча.

— Некалькі гадоў таму я ўпершыню наведаў падобную імпрэзу, — расказвае Дзмітрый, — гэта была дабрачынная акцыя «Любоў у падарунак» да дня памяці Аляксандра Ціхановіча. Народны артыст супольна з фондам «Спирос» увесь час дапамагаў дзецям і сталым інвалідам, якія жывуць у псіханеўралагічных інтэрнатах.

Спачатку Дзмітрыю было цяжка маральна, ён не ведаў, як правільна сябе паводзіць з такімі людзьмі. Успамінае, што было страшна, а потым убачыў, колькі шчасця і любові ў вачах і душах гэтых людзей.

— Яны шчыра радуюцца, калі да іх нехта прыязджае ў госці, спявае, прывозіць пачастункі, — дзеліцца артыст. — І гэта неабавязкова павінна быць нешта дарагое. Найчасцей збіраюць якраз самае патрэбнае для карыстання ў побыце, ну і, вядома ж, розныя прысмакі.

«Наша дзяржава падтрымлівае гэтыя ўстановы, а мы аказваем дадатковую дапамогу і дорым станоўчыя эмоцыі людзям, якія там жывуць. Улетку былі з канцэртамі ў інтэрнатах у розных кутках нашай краіны, — працягвае творца. — Усюды ўмовы розныя, але аднолькава адно — гэта тое вялікае задавальненне і ўзнёслы настрой, якія атрымліваюць выхаванцы і супрацоўнікі гэтых дамоў-інтэрнатаў. ...Там розныя людзі, многія з іх будуць знаходзіцца ў гэтых установах да канца сваіх дзён. Па розных прычынах яны трапілі туды — таму выхаванцам патрэбна ўвага, падтрымка, а мы, артысты, сваімі песнямі можам зрабіць жыццё людзей крышачку ярчэйшым».

З канцэртамі наш герой пабываў у Грозаўскім доме-інтэрнаце, у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах Клецка, Свірска, вёскі Тарасікі, у Маладзечанскім псіханеўралагічным дыспансеры і іншых. Апроч выязных мерапрыемстваў, некалькі разоў на год ён удзельнічае ў вялікім канцэрце ў Мінску. Як патлумачыў суразмоўца, дзяцей падобных устаноў прывозяць у сталіцу, а вялікая каманда артыстаў робіць для іх канцэрт. Сёлета таксама не было выключэннем. А ў снежні адбылася вялікая імпрэза ў ДК «МАЗ», дзе спявак Дзмітрый Кароль выступаў на адной сцэне з Ядвігай Паплаўскай, Аляксандрам Саладухам і іншымі таленавітымі беларускімі артыстамі.

— Калі мяне запрашаюць і ёсць магчымасць, я з радасцю бяру ўдзел у такіх фэстах. Калі я сваім выступленнем магу хоць на хвіліну зрабіць нечае жыццё ярчэйшым я зраблю гэта з вялікім задавальненнем! — гаворыць вакаліст.

Спявак любіць эксперыментаваць з музыкай. У яго рэпертуары — розныя песні: лірычныя павольныя, ёсць вельмі сумныя, ёсць хуткія сучасныя, на рускай і беларускай мовах.

— Апошнім часам запісваў і выпускаў толькі рытмічныя песні, у рабоце таксама цяпер усё самае хуткае і вясёлае — вось такі настрой на дадзены момант, і я гэтаму рады. Калі мне дасылаюць песні на разгляд — найперш слухаю мелодыю, далей прыслухоўваюся да тэксту і ўжо потым спрабую гэта дома праспяваць. І бывае так, што песня прыгожая, а вось на голас не кладзецца, цяжка яе спяваць — і гэта не праблема аўтараў, а проста не кладзецца на голас і ўсё, — расказвае спявак.

Песні Дзмітрыя Караля можна пачуць на радыё не толькі ў роднай Беларусі, але і ў Расіі і Казахстане. На некалькі кампазіцый артыст са сваёй творчай камандай здымалі кліпы — іх можна ўбачыць таксама на тэлеканалах нашай краіны. Пазнаёміцца з творчасцю вакаліста можна праз інтэрнэт — песні даступныя для праслухоўвання і спампавання на ўсіх лічбавых пляцоўках і на афіцыйных старонках спевака ў сацыяльных сетках.

Музыка плануе зняць кліп на новую песню «Гэта і ёсць каханне», якая нядаўна выйшла.

— Вельмі шмат станоўчых водгукаў на гэтую песню не толькі ад прафесіяналаў, але і ад звычайных слухачоў — трэба захаваць і памножыць гэтыя эмоцыі, — гаворыць Дзмітрый.

— Цікава, а як вы падбіраеце рэпертуар для асаблівай публікі падчас дабрачынных канцэртаў?

— Гэта публіка моцна адрозніваецца ад звыклай аўдыторыі, — тлумачыць суразмоўца. — Выхаванцы псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў не распешчаны ўвагай, і часта толькі твой выхад можа выклікаць у іх буру станоўчых эмоцый! Ім падабаюцца добрыя, пазітыўныя лірычныя песні, а ў мяне трэкі менавіта такія. Таму кожнае выступленне — свята. Прычым як для слухача, так і для мяне! — канстатуе артыст.

Да гэтых дабрачынных акцый наш герой асабіста ніяк не сутыкаўся ў сваім жыцці з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, таму яму было вельмі цяжка адразу. Вядома ж, пасля камунікавання з імі ён зразумеў, што шмат каштоўнасцяў у жыцці зусім не тыя, пра якія людзі прывыклі марыць і дамагацца.

— Калі ў чалавека праблемы са здароўем — шмат якія пытанні ідуць на дзясяты план, — мяркуе спявак. — Таму зусім па-іншаму пачынаеш ставіцца да сябе, блізкіх і сяброў і ўсяго, што адбываецца вакол цябе. Шмат што ўнутры мяняецца.

Калі на вуліцы трапляецца чалавек, якому неабходна дапамога, наш герой заўсёды прапануе яе, у тым ліку і матэрыяльную, па магчымасці. А яшчэ, дадае Дзмітрый, самы вялікі ўнёсак ад яго такім людзям — гэта свята музыкі.

— Што даюць мае песні асабліваму чалавеку? — задумваецца Дзмітрый. — Скажу, што не толькі мая — кожная музыка натхняе такога чалавека. Шмат хто з выхаванцаў гэтых дамоў-інтэрнатаў ужо ёсць у мяне ў сябрах у сацыяльных сетках, яны слухаюць мае песні, пішуць добрыя словы, мы сябруем, яны запрашаюць у госці да сябе, нават з некаторымі перыядычна стэлефаноўваемся, — усміхаецца артыст.

Як ні дзіўна, але наш герой навучыўся знаходзіць час на ўсё. Ён прыстасаваўся сумяшчаць і творчасць, і бізнес.

— Я планую загадзя ўсе свае справы. Паспяваю на працягу дня і на канцэрт з’ездзіць, і рабочыя пытанні вырашыць. Тым больш што цяпер можна рабіць усё ў інтэрнэце дыстанцыйна. У доўгіх падарожжах слухаю і вучу песні. Адзін-два разы на тыдзень увечары хаджу на ўрокі вакалу, каб не толькі трымаць свой галасавы апарат у тонусе, але і развівацца.

Дзмітрый клапоціцца не толькі пра голас, але і пра фізічны стан. У гэтым дапамагае здаровы лад жыцця і пазітыў.

— Вось тут якраз мне ёсць чым ганарыцца! (смяецца) Ужо тры гады я не ўжываю ніякага спіртнога, не куру цыгарэт, імкнуся есці карысную ежу, праўда, з-за нястачы часу даводзіцца часам сілкавацца сасіскамі ды пельменямі. Я ўмею гатаваць, але раблю гэта два разы на год — на Вялікдзень і Каляды! (усміхаецца.)

Артыст любіць шпацыры па горадзе. Мінск ён абагнуў пешкі ўжо не адзін раз — ад пачатковай станцыі метро да канцавой! На работу і з яе — толькі хадой: гэта дапамагае яму захоўваць вагу ў норме.

— Адпачываць мне дапамагае пакуль толькі змена дзейнасці і падарожжы ў розныя гарады. Дый, шчыра кажучы, адна і другая работа мне ў задавальненне. Я не магу сказаць, што цяжка — хутчэй, прыемная стомленасць, — расказвае спявак.

Аказваецца, нашаму герою з дзяцінства многае было цікава. Ён шмат чым займаўся: выразаў па дрэве, маляваў, любіў шыць. Пазалетась малады чалавек вырашыў усё ж успомніць шыццё і нешта сабе зрабіць для сцэны.

— Я пайшоў і набыў швейную машынку. Аднак хапіла мяне на пару масак, якія я падарыў сябрам і сваякам, — і ўсё, машынка стаіць у шафе дагэтуль! — дзеліцца Дзмітрый.

Наш герой не супраць паспрабаваць сябе ў ролі акцёра. Пакуль сваё акцёрскае майстэрства ён паказвае і развівае ў кліпах.

— Былі тэлепраекты, у якіх я браў удзел як вядучы і аўтар праекта — менавіта там спатрэбіліся мае акцёрскія таленты (смяецца). Часам мяне запрашаюць у забаўляльныя праграмы, якія можна ўбачыць на нашым ТБ.

За ўсе свае таленты і добрыя чалавечыя якасці Дзмітрый дзякуе бацькам. Яны і дагэтуль падтрымліваюць сына ва ўсіх яго захапленнях. Артыст ганарыцца сваімі поспехамі, а таксама поспехамі блізкіх і сяброў.

— Ганаруся сяброўствам са шмат якімі добрымі людзьмі. Ганаруся кожнай новай песняй, кожным канцэртам і выступленнем. Безумоўна, ганаруся сваёй радзімай і краінай, мірам і спакоем, што пануюць тут.

— Вы вельмі актыўны чалавек, а ці застаецца час для сям’і? — пытаюся ў Дзмітрыя.

— На дадзены момант я адзін. Сваякі і сябры ад гэтага не спяць начамі, я іх імкнуся суцяшаць, што «на ўсё свой час», але іх гэта не спыняе ад пастаяннага нагадвання мне пра важнасць сямі і дзяцей (усміхаецца). Адзінокім я сябе не адчуваю — усё ў мяне выдатна!

— Дзмітрый, якія пажаданні вы пакінеце нашым чытачам?

— Найперш — здароўя! А далей — у адвольным парадку (каму што бліжэй): міру, дастатку ў сямі, упэўненасці ў будучыні, добрых і адданых сяброў, дый проста — добрых людзей побач. Хай усё будзе ЦУ-ДОЎ-НА!

Надзея ЗУЕВА

Фота з архіва спевака

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Сяргей Блоцкі: Наша задача — навучыць спартсмена думаць

Як у Мазыры асвойваюць навуку перамагаць.

Эканоміка

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Якія задачы стаяць перад машынабудаўнікамі сёлета?

Змяняецца вектар у знешнім гандлі.