Мінску сёлета спаўняецца 956 гадоў, свята горад адзначыць маштабна. Пра гэта журналістам распавялі прадстаўнікі Мінгарвыканкама.
Усе мерапрыемствы, прымеркаваныя да чарговай гадавіны сталіцы, аб’яднаныя тэмай пад назвай «Сэрца Беларусі — мой родны Мінск». Святкаваць плануюць два дні — 9 і 10 верасня.
У суботу мінчане і госці сталіцы змогуць акунуцца ў атмасферу свята ўжо з самай раніцы. Гарадскія ўлады падрыхтавалі для ўсіх мноства разнастайных забаў: канцэрты, спартыўныя турніры, гістарычныя рэканструкцыі, розныя майстар-класы і святочны салют. У другі выхадны дзень адбудзецца традыцыйны «Мінскі паўмарафон», у якім зможа паўдзельнічаць і пазмагацца за ўзнагароды кожны жадаючы.
Святочны марафон ужо стартаваў ва ўстановах адукацыі, культуры, у арганізацыях, раённых адміністрацыях, на прадпрыемствах. Найбольш знакавыя падзеі чакаюцца 8-10 верасня. Так, 8 верасня ў Мінскім гарадскім Палацы культуры адбудзецца гала-канцэрт гарадскога фестывалю творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а ў Верхнім горадзе будуць ушаноўваць пераможцаў гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Мінскі майстар». Увечары пятніцы мінчан запрашаюць у Палац спорту падтрымаць удзельніц конкурсу «Міс Беларусі». У 21.20-21.30 пачнецца канцэртная праграма з паказам мод — сумесны праект з канцэрнам «Беллегпрам».
Асноўныя мерапрыемствы запланаваны на дзявятае верасня. Так, у 11.00 адбудзецца ўрачыстае ўскладанне кветак і вянкоў з удзелам кіраўніцтва горада каля стэлы «Мінск — горад-герой», адкрыюцца святочныя лакацыі. У прыватнасці, у парку Перамогі пройдуць спаборніцтвы «Лепшы пажарны-выратавальнік». «Раней яны праходзілі каля Палаца спорту. На сённяшні дзень лакацыя мянялася, але яна будзе не менш цікавай. Мяркуецца ўдзел не толькі прадстаўнікоў Расійскай Федэрацыі, але і каманд іншых краін», — распавёў журналістам начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль.
Каля Палаца спорту з 12.00 да 17.00 разгорнецца пляцоўка «Мінск алімпійскі», якая будзе арганізавана сумесна з Нацыянальным алімпійскім камітэтам. Тут з 18.00 да 23.00 пройдзе канцэрт, які будзе складацца з трох блокаў. Акрамя зорак беларускай эстрады выступяць маладзёжныя калектывы. Таксама ўпершыню на адкрытай пляцоўцы адбудзецца ўзнагароджанне мінчан года. Завяршэннем вечара ў 23.00 стане маляўнічы феерверк. «Феерверк будзе ў адным пункце — Старасцінскай Слабадзе, — сказаў Віталь Брэль. — Па іншых лакацыях у Мінску феерверкі не мяркуюцца».
На зялёнай зоне паміж Стэлай «Мінск — горад-герой» і Палацам спорту прадставяць розныя эпохі з жыцця сталіцы: ад перыяду сярэднявечча да Другой сусветнай вайны. «Пляцоўка будзе працаваць 9 верасня з 12.00 да 21.30, 10 верасня — з 9.00 да 12.00», — распавёў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама.
На тэрыторыі Верхняга горада з 12.00 да 17.00 разгорнецца фестываль нацыянальных культур, сваю кухню і творчасць прадставяць каля 20 нацыянальнасцяў.
Новая лакацыя — завулак Паўночны, дзе адкрыецца экспазіцыя, якая прысвечана развіццю гэтага раёна Мінска. Цікавыя мерапрыемствы таксама пройдуць у раёнах горада.
Святкаванне працягнецца 10 верасня. Асноўным мерапрыемствам гэтага дня стане Мінскі паўмарафон. «Запланаваныя цікавыя праекты і канцэртныя праграмы», — распавёў Віталь Брэль. Ён парэкамендаваў кожнаму скласці сваю праграму і пастарацца наведаць максімальную колькасць лакацый.
Узнагароды лепшым работнікам уручаць у сталіцы напярэдадні Дня горада, паведаміў першы намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Андрэй Казакевіч. «Дзень горада — гэта той час, калі сталічныя ўлады не толькі ствараюць святочны настрой, арганізуюць творчыя мерапрыемствы, але і, калі мы павінны сказаць словы падзякі мінчанам за актыўны ўдзел у жыцці горада, за ўдзел у яго сацыяльна-эканамічным развіцці. Таму акрамя творчых мерапрыемстваў запланаваны шэраг урачыстых сустрэч, дзе будуць уручаны ўзнагароды, адзначаны работнікі прадпрыемстваў, грамадскі актыў сталіцы», — адзначыў ён.
Так, у гарадской Ратушы 8 верасня адбудзецца ўручэнне ўзнагарод фіналістам конкурсу «Лепшы па прафесіі» — іх атрымаюць 27 мінчан.
У асноўны дзень свята — 9 верасня — у 19.30 на пляцоўцы каля Палаца спорту адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння дыплома аб прысваенні звання «Ганаровы грамадзянін горада Мінска» і ўзнагарод «Мінчанін года». Упершыню цырымонія пройдзе на адкрытай пляцоўцы
Каля 10 тысяч удзельнікаў з 16 краін ужо зарэгістраваліся на Мінскі паўмарафон, які пройдзе ў сталіцы 10 верасня і стане адным са знакавых мерапрыемстваў святкавання Дня горада. Пра гэта распавяла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Таццяна ЯРМОЛІК. Акрамя прадстаўнікоў СНД, заявіліся на дыстанцыі госці з Латвіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, Канады і іншых дзяржаў.
Усяго, як чакаецца, Мінскі паўмарафон збярэ каля 15 тысяч чалавек. Летась ён змяніў прапіску, і ўжо другі раз удзельнікі будуць стартаваць насупраць Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама». «Унесены толькі некаторыя змены. Старт і збор удзельнікаў будзе на вуліцы Кірава, а фініш — на вуліцы Ульянаўскай з забегам на лёгкаатлетычнае ядро стадыёна», — адзначыла Таццяна Ярмолік.
Мінскі паўмарафон — адна з самых маштабных спартыўных падзей Беларусі. Гэта своеасаблівая візітная картка сталіцы. «Жыхары з гэтым мерапрыемствам знаёмыя. Усіх запрашаем прыняць удзел, усім павінна спадабацца», — адзначыла Таццяна Ярмолік.
Аб тым, як будзе арганізавана бяспека ў сталіцы ў месцах святкавання Дня горада распавёў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Гарохаў.
«Кардынальных навін уводзіць не будзем, — адзначыў Сяргей Гарохаў. — Мінчанам і гасцям, якія неаднаразова бралі ўдзел у святах, патрабаванні добра знаёмыя».
Асноўная пляцоўка, дзе разгорнуцца гулянні 9 верасня, — Палац спорту — Стэла «Мінск — горад-герой». Тут прадугледжаны дзевяць кантрольна-прапускных пунктаў. «Усяго будзе 31 пункт пропуску. З улікам планаванай колькасці наведвальнікаў і маштабу мерапрыемстваў, гэтага цалкам дастаткова. Перад кожным кантрольна-прапускным пунктам ўсталюем інфармацыйныя стэнды з указаннем рэчываў і прадметаў, якія забароненыя да праносу. Прадугледзім асобныя пункты пропуску для ветэранаў, інвалідаў, грамадзян з маленькімі дзецьмі і іншых катэгорый наведвальнікаў», — праінфармаваў Сяргей Гарохаў.
Чакаюцца змены ў працы грамадскага транспарту. Прыпынак, які размешчаны паблізу Палаца спорту, з 8.00 будзе перанесены. На гэтым участку Транспарт пройдзе без прыпынкаў да вуліцы Мельнікайтэ.
Таксама будуць працаваць раённыя святочныя лакацыі. Іх возьмуць пад кантроль нарады міліцыі. Дзе чакаецца больш за 500 гледачоў, арганізуюць працу кантрольна-прапускных пунктаў, але, як правіла, такая мера ў раёнах не патрабуецца.
Сяргей Гарохаў нагадаў, што гасцей, якія маюць пры сабе забароненыя прадметы, а таксама знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення, не дапусцяць на святочныя пляцоўкі. Забаронены праход да месца правядзення з жывёламі, роварамі, скутэрамі, самакатамі і іншымі сродкамі персанальнай мабільнасці.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Наводзіць парадак — з розумам.
Міжнародная спецыялізіваная выстаўка жыллёва-камунальнай гаспадаркі пройдзе ў Мінску.