Вы тут

Малады рэжысёр Кірыл Халецкі: Усё, што тычыцца кіно, цікава гледачу


Калі да 100-годдзя беларускага кіно застаецца зусім нядоўга, то пра што павінна паклапаціцца студыя, каб свята прайшло на ўздыме? Каб юбілей адзначыць годна, найлепшае, што можа парадаваць і кінамайстроў, і кінагледачоў, — гэта перспектыва, надзея, будучыня. Творчы працяг. А што ў нас?

А ў нас на кінастудыі «Беларусьфільм» ідуць здымкі фільма «Кіношнікі», што ў нейкім сэнсе сімвалічна: гэта стужка пра тое, як здымаюць кіно. Галоўны герой — малады рэжысёр, кар’ера якога толькі пачынаецца. Нафантазіраваць можна было б тут шмат чаго, але нам абяцаюць прыадчыніць заслону таямніц кінавытворчасці, як гэта бывае насамрэч у жыцці. І ў прыватнасці з маладымі рэжысёрамі. Таму што распавесці такую гісторыю вырашыў малады рэжысёр Кірыл Халецкі, для якога фільм «Кіношнікі» павінен стаць дэбютам у поўнаметражным ігравым кіно — усё выпрабаваў на сабе і ўласны досвед скарыстаў як аснову для стварэння сцэнарыя.


Насамрэч досвед працы ў якасці рэжысёра ў Кірыла Халецкага ўжо быў — малады чалавек нават браў удзел у кінафестывалях са сваімі работамі. Але адна справа — кароткі метр ды за свае грошы, а зусім іншае — поўнаметражная стужка ды з дзяржаўным фінансаваннем. Нібыта выхад на іншы ўзровень. Ды і ступень адказнасці зусім іншая, хоць і дэбют. Акрамя таго, інтрыга таксама больш напружаная: ад моладзі заўсёды чакаюць здзіўлення, адмысловага погляду на рэчы, нейкага творчага прарыву. Таму нават на кінафестывалях дэбютантаў адзначаюць асобна. Пра чаканні ад будучага фільма для сябе і для іншых, пра ўражанні ад работы на здымачнай пляцоўцы ішла наша размова з маладым рэжысёрам.

— Гэта ваш першы дэбютны поўна­метражны фільм. Як атрымалі права на такую работу?

— Напэўна, тут спрацавала некалькі фактараў. Таму што да гэтага я ўжо зняў два фільмы — самастойна, за ўласныя сродкі. Але ў свеце кіно не прынята такія фільмы ўвогуле браць у разлік. Для рэжысёра ўсё пачынаецца з поўнаметражных карцін. Кароткаметражнае кіно — у большай ступені фестывальная гісторыя, а поўнаметражнае больш скіравана на гледача. Ёсць, праўда, фестывальнае поўнаметражнае кіно. Але я свае першыя фільмы зняў яшчэ да прыходу на «Беларусьфільм», калі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, дзякуючы чаму быў адзначаны прэзідэнцкімі стыпендыямі. Гэта значыць, што ўжо быў навідавоку, на добрым рахунку. Тым больш што ўдзельнічаў у кінафестывалі «Лістапад» у 2021 годзе. Адыграў сваю ролю і той фактар, што адным з прыярытэтаў палітыкі ў галіне культуры ў Беларусі стала ўвага і падтрымка маладых творчых людзей. На кінастудыю і раней размяркоўваліся студэнты Акадэміі мастацтваў, але доўга не затрымліваліся. Не ўсім удаецца тут асвоіцца.

Таму спецыяльна дзеля прыцягнення і замацавання новых кадраў Міністэрствам культуры нашай краіны было створана структурнае падраздзяленне «Беларусьфільма» — студыя маладзёжнага кіно «Смолка», куды я атрымаў размеркаванне як кінарэжысёр пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў.

Што значыць у нашых рэаліях быць кінарэжысёрам? Гэта значыць быць рэжысёрам пераважна дакументальных фільмаў. То-бок, кваліфікацыя нібыта не дазваляе здымаць поўнаметражнае кіно. Таму я працаваў на пасадзе кінарэжысёра і зняў рэкламны промаролік для Мінскага кінавідэапракату. Яны звязаліся з нашай студыяй, замовілі ролік пра кінатэатры Мінскай вобласці. Мы яго зрабілі — ім вельмі спадабалася гэтая работа, і яго паказвалі перад сеансамі ў кінатэатрах. Пасля былы генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Міхай­лавіч Карачэўскі папрасіў мяне зрабіць дакументальны фільм да юбілею Бела­рускага саюза кінематаграфістаў. Я тады нічога не ведаў аб дзейнасці БСК і практычна адкрываў гэтую тэму для сябе. Мы пазнаёміліся з членамі саюза кінематаграфістаў, сярод якіх былі людзі вельмі паважаныя і ўзроставыя, для некаторых гэтыя здымкі сталі, на жаль, апошнімі. Работа была зроблена ў сціслыя тэрміны, скончылі вельмі хутка, але вынік аказаўся вельмі ўдалы. Добрае стаўленне да мяне на студыі працягвала ўмацоўвацца. І вось з’явілася ідэя дэбютнага поўнаметражнага фільма — выдатны шанц рэалізавацца як рэжысёру, хоць я працаваў толькі паўгода. Але яшчэ да прыходу на «Беларусьфільм» мы агаворвалі, што ў мяне будзе такая магчымасць — гэта мяне вельмі падкупіла. Выдатна, калі ў 22 гады можаш зрабіць уласны поўнаметражны фільм! Але гэта практычна нерэальна — калі ўлічваць досвед Расіі, дзе фільмаў здымаюць значна больш, чым у нас. Як правіла, у гэтым узросце там можна хіба што трапіць асістэнтам рэжысёра на пляцоўку. А тых, хто жадае зняць свой поўнаметражны фільм, многа — там даволі высокая канкурэнцыя. А вось у Беларусі гэта якраз можа быць цалкам рэальна, нават пры тым, што гэта дзяржаўная Нацыянальная кінастудыя, у якой пэўныя патрабаванні і да тэм, і да аўтараў. Але ў той жа час у яе ёсць запыт на нешта маладзёжнае, новае, эксперыментальнае.

— Але ж вам трэба было прайсці праз конкурс?

— Гэта быў конкурс сцэнарыяў, арганізаваны Міністэрствам культуры. На тое, каб зняць дэбютны фільм, прэтэндавалі некалькі рэжысёраў, некалькі сцэнарыяў, некалькі студый. Міністэрства культуры дало гэтую магчымасць мне.

Супрацоўнікі студыі перажывалі: што ж асаблівага я тут зраблю? А я перажываў за тое, каб рукамі супрацоўнікаў кінастудыі не зрабіць таго, што ім не спадабаецца, але пры гэтым здолець рэалізавацца самому. Напачатку мне па­давалася, што гэта надзвычай складаная задача. Таму мы вельмі доўга спрачаліся, пра што сведчыць канчатковы сцэнарый, — ён перапісваўся 12 разоў! Так здарылася, таму што заўсёды хочацца зрабіць як лепш, асабліва калі здымаеш камедыю — а гумар павінен быць трапны і добры, тым больш, што мы расказваем пра той асяродак, да якога датычныя самі. Але калі жартуем пра тое, што ведаем знутры, то важна, каб і звычайны глядач гэта мог адчуць, каб уцягваўся ў сюжэт. Цягам доўгіх спрэчак мы ў выніку прыйшлі да кампрамісу. Гэта быў няпросты этап, але важны: мяне сталі лепей чуць і разумець, і я пачаў больш аналізаваць і разумець.

Цягам здымачнага працэсу, які ўжо завяршаецца, усе ўбачылі, што маладыя кінематаграфісты здольны добра працаваць: у нас была вялікая выпрацоўка за дзень. На добры лад, дэбютант павінен здымаць ад 1 да 2 хвілін у дзень, каб можна было спакойна падумаць, папрацаваць з акцёрамі... А мы здымалі і па восем-дзесяць хвілін у дзень. Насамрэч гэты працэс вельмі зацягвае. Калі здаралася змена, што мы здымалі чатыры хвіліны — для нас было як адпачынак. Але пры гэтым і атрымлівалася добра, як на мой погляд.

— Фільм «Кіношнікі» прысвечаны асяроддзю, якое вы ведаеце знутры. Як спалучыць яго з гледачом, які не так добра разбіраецца ў кіно?

— Калі мы абмяркоўвалі, пра што зняць першы фільм, я прапаноўваў больш эксперыментальныя ідэі, але да іх на кінастудыі паставіліся з асцярожнасцю. Праца пачыналася складана, трэба было прапанаваць нешта больш простае (і многія з тых спрэчак, што ў нас адбываліся, адлюстраваны ў фільме ў жартаўлівай форме). Таму было прынята рашэнне зрабіць камедыю пра тое, як здымаюць кіно. Сама ідэя фільма «Кіношнікі», якую я прапанаваў проста для разгону, узнікла і развівалася дзякуючы нашаму супрацоўніцтву са сцэнарыстам з Масквы Канстанцінам Бакуніным. Ён ужо працаваў з расійскімі кінематаграфістамі, цяпер паводле яго сцэнарыяў здымаюць серыялы на ТНТ. Мы з ім у кантакце былі ўвесь час работы над фільмам: калі раптам узнікала нейкае пытанне, я мог да яго звярнуцца, мы абмяркоўвалі варыянты, вырашалі, як зрабіць лепш.

Ідэя ў тым, каб паказаць той бок існавання кінаіндустрыі, які для гледача заўсёды застаецца «за кадрам». Але менавіта гэта самае цікавае. Заўсёды пасля прыкметных прэм’ер людзям цікава паглядзець «фільм пра фільм», як ішоў здымачны працэс, як працавалі акцёры. Ды і мне самому гэта цікава. Мне падабаецца, што тут мы злучаем тое, што зразумела гледачу, і тое, што падаецца вясёлым самім кіношнікам — калі яны будуць глядзець фільм, то ўбачаць знаёмыя сітуацыі (я іх не прыдумаў, у мяне такое таксама адбываецца). Нават дробязям я надаю належную ўвагу. Напрыклад, у адной са сцэн наш галоўны герой працуе ў архіве кінаплёнкі. Мастакі зрабілі адпаведную дэкарацыю. Прыходжу, саджуся на месца героя і разумею, што мне нібыта нечага не хапае. Запрашаю спецыялістаў, супрацоўніца архіва аглядае пляцоўку і падказвае: гэта павінна ляжаць тут, а тое — там. Усё істотна, усё мае значэнне, бо мы хочам паказаць, як гэта бывае ў рэальнасці. Усё павінна быць праўдзіва. Сама назва «Кіношнікі» вельмі ёмістая, у ёй закладзена ўсё, што адносіцца да свету кіно. А ўсё, што тычыцца людзей кіно, ужо цікава гледачу. Нядаўна выйшаў фільм «Кліпмэйкер» пра 90-я гады, пра моладзь, якая стаяла каля вытокаў вытворчасці ў нас першых кліпаў. Стужка прайшла з поспехам. А ў «Кіношнікаў» ёсць цікавы падтэкст: так сябе могуць называць толькі дзеячы кіно. Ёсць творчыя людзі, якія наўпрост не звязаны з кіно, — гэта дзеячы мастацтва. Але «кіношнікі» — цалкам канкрэтнае і асаблівае асяроддзе.

— Як падбіралі каманду, якая б ажыццяўляла задачы з поўным разуменнем таго, што вы хочаце? Ці сваё слова ска­зала студыя?

— Студыя прапаноўвала варыянт. Але я хацеў, каб каманда таксама была маладая, каб быў агульны погляд — сучасны, актуальны. Найважнейшым, мусіць, быў выбар аператара. Бо гледачы бачаць фільм яго вачыма. Нават не тое, як рэжысёр прыдумаў, а тое, як аператар зняў. Я вельмі доўга думаў, з кім мог бы працаваць. Кінастудыя прапаноўвала сваіх аператараў, але мы былі б з розных узроставых катэгорый, больш складана было б разумець адзін аднаго. Наш аператар знайшоўся ў нейкім сэнсе выпадкова. Але гэта тая выпадковасць, якая здарылася як па замове. Сёлета ў лютым у нас на студыі абмяркоўвалася магчымасць кантактаў са славутым Усерасійскім дзяржаўным інстытутам кінематаграфіі, каб яго студэнты маглі праходзіць практыку на «Беларусьфільме». Аказалася, што сын Юрыя Казіяткі, вядомай медыяперсоны з Беларусі, — мой аднагодак, якраз заканчваў Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі (УДІК). Прынцып, паводле якога я жыву: «выпадковасці не выпадковыя». Я разумею, што наша су­стрэча і супраца проста мусіла адбыцца. Стэлефанаваліся, і я адразу ж адчуў, што буду з ім працаваць. А калі пазнаёміліся, аказалася, што ён нам падыходзіць і пачалавечы, і як аператар, і як прафесіянал — я ацаніў яго падчас працы. З лютага мы з Уладзімірам Казіяткам у кантакце. Улетку ён скончыў УДІК з чырвоным дыпломам, і пачалася наша сумесная праца. Ён даволі стрыманы, што мне асабліва падабаецца, — не прымае паспешных рашэнняў. Мы абсалютна спакойна можам нешта абмяркоўваць, найбольш істотна тое, што тычыцца таймінгу. Таму што ў кіно ўсё вельмі дакладна, усё вызначана, перапрацоўкі непажаданыя. І нам было важна ўкладвацца ў адведзены час. Наогул, падчас здымак трэба ўмець чуць адзін аднаго. Яму можа быць патрэбны аператарскі дубль, я магу папрасіць акцёрскі — заўсёды ёсць магчымасць прыйсці да кампрамісу. Таму працаваць было даволі камфортна. Акрамя Уладзіміра ў нашай здымачнай групе ёсць яшчэ спецыялісты, у якіх дэбют у поўнаметражным кіно. У нас шмат моладзі ў камандзе. Напрыклад, гукарэжысёр Настасся Панасевіч, выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў. Музычнае афармленне фільма таксама ажыццяўляюць маладыя хлопцы, што для мяне было прынцыпова: фільм павінен запомніцца яшчэ і музыкай.

Ёсць у нас і дасведчаныя кінематаграфісты, людзі з багатым прафесійным багажом, што вельмі каштоўна. Мне падабаецца, як працуе наш мастак-пастаноўшчык Ігар Хруцкі, у якога за плячыма ўдзел у здымках многіх карцін. Вельмі ініцыятыўны чалавек, яго прапановы шмат у чым мы падтрымалі. Падабаецца, што прадстаўнікі розных пакаленняў працавалі зладжана. Атрымалася, што больш дасведчаныя асобы ў нас адказвалі за адміністрацыйныя пытанні (куды ж без іх?) і больш глабальныя, што вызначалі візуальны вобраз фільма. А ўсё, што тычыцца творчасці і палёту думкі і фан­тазіі, — гэта зона адказнасці моладзі.

Моладзь і досвед, на мой погляд, мо­гуць суіснаваць арганічна, калі ўсе зацікаўлены ў добрым выніку і працуюць на яго. А ці можа быць вынік іншы, калі справа тычыцца агульнай для нас тэмы і справы — кіно?.. Гэта надае і натхнёнасць, і асаблівы дух карціне, якую мы ствараем хоць і пра сваё, але для ўсіх, хто любіць кіно.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».