Вы тут

Палац паразумення, альбо Тэндэнцыі «Восеньскага салона»


Галоўная выстаўка восені, якую асабліва чакаюць аматары мастацтва, — «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» — пачала работу ў Палацы мастацтва. Чаму чакаюць? Скончылася летняе зацішша ў культурным жыцці, а творчасць абуджае энергію стваральнасці, якая неабходная ў жыцці чалавека, — і, калі ласка, глядзіце, думайце, спрачайцеся, абуджайцеся да актыўнасці. Бо ўсё-такі «Салон» — гэта энергія моладзі, якая наталяе так ці інакш. А моладзь глядзіць на свет цікаўнымі вачыма, яна шукае свой шлях у мастацтве — і тут цікава глядзець, якія варыянты мае і што прапаноўвае. Бо ў мастацтве ёсць адна з вельмі важных уласцівасцяў — яно можа быць носьбітам інавацыйнага мыслення. І ўсё ж застаецца і тое, што здаўна так шануюць, — уменне паказаць прыгажосць, стварыць гармонію і наталіць радасцю.


Гэтая радасць сустрэч на «Восеньскім салоне» застаецца адным з істотных чыннікаў мастацкага жыцця Беларусі. Тут сустракаюцца творцы, каб паглядзець на работы сваіх калег. Тут сустракаюцца гледачы, каб іх абмеркаваць. Тут сустракаюцца творцы з гледачамі, каб лепш разумець адзін аднаго. І глеба ёсць: як заўсёды для нас падрыхтавалі вялікую экспазіцыю.

— Сёлета арганізатары атрымалі каля 1000 заявак. У выніку адабралі 220 удзельнікаў, — адзначае мастацтвазнаўца Кацярына Янкоўская. — Узровень работ розны, таму што «Восеньскі салон» — у першую чаргу фестываль мастацтва, які кожны год абнаўляецца. Даволі шмат удзельнікаў, якія падалі заяўкі ўпершыню. А некаторыя аўтары штогод удзельнічаюць у гэтым праекце. Мы адбіралі найбольш удалыя работы — было з чаго. На этапе, калі пакінулі для разгляду каля 400 заявак, адзначылі аўтараў, якія прапанавалі цікавыя работы, можна было спыніцца і на гэтым. Але мы пачалі глядзець на колькасць. Напрыклад, калі толькі адна ўдалая, то гэтага было недастаткова, каб стаць удзельнікам «Салона». Таму што выставачная прастора хоць і вялікая, але ж абмежаваная. А для гледача важна, каб не ўзнікала адчування перагружанасці экспазіцыі.

У «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» ёсць асаблівасць, якая датычыцца ролі гледача. А ён, між іншым, можа паўплываць на лёс аўтараў. Так, напрыклад, улюбёнай мастачкай наведвальнікаў салонаў стала Алеся Скарабагатая. Яе жывапісныя работы прыцягвалі вялікую ўвагу публікі, што адлюстроўвалася падчас галасавання гледачоў — гэта свайго роду «фішка» мінскага мастацкага «Салона». І што ты з гэтым будзеш рабіць? Немагчыма адмовіцца ад галасавання гледачоў наогул: гэта і злучанасць з публікай, і нейкая інтрыга... Даць магчымасць «павыйграваць» іншым ці дапамагчы звярнуць увагу на іншых аўтараў магчыма. Для гэтага існуюць эксперты, якія дапамагаюць адбіраць удзельнікаў, але і могуць выстаўляць балы за кожны твор.

— Цяпер ёсць Гран-пры, прысуджаецца першае, другое і трэцяе месцы ў кожнай з шасці намінацый, — тлумачыць Кацярана Янкоўская. — Мы не можам навязаць нейкую думку гледачам. Як не можам ігнараваць той факт, што Алеся Скарабагатая стварае новыя работы кожны год. Людзі самастойна галасуюць і выбіраюць згодна з уласнымі густамі.

Такім чынам, публіка галасуе пераважна за майстэрства. Ёй падабаецца мастацтва старых майстроў, яго сінтэз, нейкія канцэптуальныя прыёмы, звязаныя з гэтым. Але ў наш час мастацтва мяняецца, што немагчыма ігнараваць. А людзі, якія ходзяць на выстаўкі, мяркуюць пра яго ўсё яшчэ з пазіцый мастацкай класікі. Але шмат што змяніла ХХ ста-
годдзе, а тым больш ужо ХХІ з яго выклікамі...

— Усё ж рэалістычная школа для нас базавая, гэта нас шмат у чым адрознівае, — кажа Кацярына. — У Еўропе, напрыклад, такія выставы выключаюць рэалізм у прынцыпе, а ў нас ён яшчэ застаецца, выдзелены нават асобны сегмент у экспазіцыі. У гэтым ёсць і плюс, і мінус, асабіста для мяне. Плюс у тым, што нашы мастакі даволі добра валодаюць майстэрствам, а з іншага боку, вельмі часта гэта не дае магчымасці выйсці ў плоскасць нейкіх ідэй і больш складаных канцэптаў. Але мы бачым, што і глядач да гэтага не надта гатовы. Дзякуючы такім праектам мы бачым густы аўдыторыі і яе стаўленне да мастацтва, і можам рабіць нейкія высновы для будучых праектаў, маленькіх выставак. Акрамя таго распрацоўваем лекцыйныя і экскурсійныя праграмы. Я бачу па экскурсіях, што, калі тлумачыш, у чым сэнс больш складаных работ, то людзі пачынаюць больш у гэтым разбірацца і разумеюць, чаму цікава назіраць за нечым больш абстрактным, больш складаным, на першы погляд не такім відавочным. Мне падаецца, гэты момант вельмі ўплывае на аўдыторыю. Таму актыўна развіваем экскурсіі. Дзеля мастацкага асветніцтва была «Ноч музеяў», а 23 верасня будзе «Ноч мастацтва». Ёсць майстар-класы, калі адбываюцца сустрэчы з аўтарамі, што таксама дапамагае працэсу разумення мастацтва на больш глыбокім узроўні.

— На «Восеньскім салоне» складана, напэўна, сфарміраваць канцэпцыю экспазіцыі, паколькі розныя стылі, розныя аўтары, акрамя таго яшчэ вялікі аб'ём работ?..

— Калі казаць пра ідэю «Восеньскага салона», то яна нават у пачатку ХХ стагоддзя зараджалася ў першую чаргу для таго, каб паказаць, што новага створана за апошні год. Яшчэ адна задача — сфарміраваць рынак. І французскі «Салон» ставіў прыкладна такія ж задачы. Я кожны год здзіўляюся, што прыходзяць заяўкі ад абсалютна новых удзельнікаў, і іх вельмі шмат. Значыць, фарміруецца новая генерацыя мастакоў, нават за гэтым працэсам цікава назіраць. Тут не будзе выразна выяўленай канцэпцыі, таму што сам сэнс выстаўкі — разнастайнасць стыляў, відаў мастацтва, сюжэтаў, аўтараў. Але мы можам прасачыць тэндэнцыі. Напрыклад, сёлета я бачу, што ёсць нейкае імкненне адлюстраваць інтымную нацыянальную культуру — гэта першае. Другое: ёсць імкненне да яркага насычанага колеру ў абстрактным мастацтве.

І яшчэ адна важная тэндэнцыя: фарміраванне рынку мастацтва. Мы можам прааналізаваць цэнаўтварэнне, паглядзець, колькі каштуе мастацтва ў Беларусі. І гэта важна не толькі з пункту гледжання саміх продажаў, колькі інтэграцыі беларускага мастацтва ў сусветны кантэкст. Натуральна, узнікае разуменне, што мастацкая работа мае цану і з'яўляецца не толькі прадметам для выставачнай дзейнасці, але і для інвестыцый.

Гэты працэс развіваецца. Сёння ёсць выхад на інтэрнэт-пляцоўку artcenter.by, якая стварае глебу для электроннага гандлю ў сферы мастацтва. Па сутнасці, гэта адна з нешматлікіх платформаў у Беларусі, звязаных з выставачным працэсам. Такім чынам адбываецца і прэзентацыя мастацтва ў анлайн-фармаце.

І на «Восеньскім салоне» ў аматараў тэхналогій ёсць магчымасць удакладняць цану твораў і інфармацыю пра аўтараў. Гэта ўсё не выключае эмацыянальнага ўзрушэння ад агляду выстаўкі.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Адзінства робіць нас мацнейшымі

Спецыяльны рэпартаж з «Марафона адзінства» ў Оршы.

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.