Вы тут

Верхні горад і цудоўныя паркі. Мінчане расказалі пра любімыя месцы сталіцы


Карэспандэнты «Звязды» запыталі гаражан, чаму яны любяць Мінск і якія гістарычныя месцы ім падабаюцца найбольш. Адказы такія ж розныя, як і іх аўтары.


Наталля Чаркоўская, настаўніца рускай мовы і літаратуры на пенсіі:

За што я люблю Мінск? Тут мая сям’я, мае любімыя вучні. Гэта прыгожы чысты горад з добразычлівымі жыхарамі. А маё ўлюбенае месца — Верхні горад, бо там асаблівая атмасфера: Свята-Духаў кафедральны сабор, ратуша і плошча каля яе, дзе ўлетку можна наведаць канцэрт. Калісьці быў праект "Пешехода". «Музыка ля ратушы» — цудоўны праект, яго ацанілі мінчане. Музыка на любы густ і танцы — гэта робіць горад асаблівым, вельмі цёплым. Шмат розных кафэ і рэстаранаў — гэта таксама добра. Люблю пасядзець на летняй церасе, паслухаць музыку і паназіраць за людзьмі.


Наталля Саянава, выкладчыца ВНУ:

Люблю Мінск за яго шырокія зялёныя вуліцы, пачуццё ўтульнасці, немітуслівы і разам з тым дынамічны тэмп жыцця. Я прыехала сюды студэнткай і, працуючы з моладдзю, бачу сталіцу заўсёды поўнай энергіі, крэатыву і пазітыўных эмоцый.

Маё любімае месца — Плошча Перамогі, Свіслач і паркі па яе берагах. Гэта лакацыя была першай, адкуль я стала знаёміцца са сталіцай. І ўжо ў больш сталым узросце адкрыла для сябе Залатую горку і касцёл св. Роха — куточак, дзе заўсёды можна спыніцца, падумаць, адчуць гісторыю і набрацца душэўнай гармоніі.


Кацярына Ніфантава, студэнтка:

Я люблю Мінск за тое, што гэта горад, з якім у мяне шмат успамінаў: я тут нарадзілася, вучуся, тут у мяне шмат сяброў. Тут шмат кнігарняў і кафэ, прыгожыя паркі, дзе я люблю гуляць. А яшчэ ёсць папугайня: а я вельмі люблю птушак, у мяне ў самой быў папугай. Я аднойчы арганізоўвала валанцёрскую акцыю для гэтых пернатых!

Яшчэ хацелася б дабрацца да Нацыянальнага гістарычнага архіва. Я займаюся генеалогіяй і для мяне было б вельмі карысна туды трапіць, але пакуль няма часу.

Складана сказаць, што больш за ўсё падабаецца ў горадзе. Я вельмі люблю прыроду, таму гэта нейкія месцы, дзе магу адчуць сваё яднанне з ёй. Напрыклад, Мінскае Мора і Лошыцкі парк.


Данііл Шаўроў, аспірант, малады выкладчык:

Люблю Мінск за тое, што тут жыццё цячэ вельмі актыўна, але пры гэтым ніхто не спяшаецца, не ляціць, зламіўшы галаву, як у Маскве, напрыклад. Падчас добрага надвор’я можна не спяшаючыся прайсціся па праспектах, выпіць кавы са смачным дэсертам — і падумаць пра працу. Мінск не падобны на іншыя гарады, ён разнастайны, і ён працягвае развівацца. Зроблена прывабнае Ракаўскае прадмесце, захоўваецца прыгажосць сталінскіх дамоў. І ўсё гэта цудоўна спалучаецца.

У апошнія гады ўлюбёных месцаў стала больш. Вельмі люблю Парк Перамогі — гэта, напэўна, было першае месца, у якое я быццам закахаўся. Люблю Зялёны Луг — гэта раён майго дзяцінства, і зараз, калі я там бываю, з задавальненнем шпацырую ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы.


Зміцер Ракаў, выпускнік аспірантуры, супрацоўнік Акадэміі навук:

Я люблю Мінск за яго паркі, а таксама за багатую гісторыю горада. Не варта таксама забываць, што тут жывуць цудоўныя, дарагія мне людзі! Маё любімае месца, якое вельмі добра падыходзіць для шпацыру і адпачынку, — раён Нямігі і набярэжныя Свіслачы.


Віталь Сапсалёў, гітарыст:

Усе месцы, якія неяк зачапілі, звязаныя з музыкай, — захапляўся ў маладосці. Гэта Траецкае прадмесце — нагадвала мне замежжа, дакладней Еўропу — тамака часта ставілі оперу прама на вуліцы. Потым Оперны тэатр: там выступаў у складзе вучылішчнага хору і філармонія. Любіў гуляць па праспекце Пераможцаў, бо ў 90-я, у параўнанні з маёй вёскай, тамака было шмат ліхтароў і рознага асвятлення. Можна было гуляць нават уначы. Падабаўся вакзал і, мусіць, Батанічны сад — можна было з дзяўчынай прагуляцца.


Галіна Лушчык, таваразнаўца:

Мне падабаецца тэрыторыя вакол Вялікага тэатра оперы і балета. Прыгожы парк, як і сам будынак тэатра. Дарэчы, у дзень горада ў мяне дзень народзінаў, таму салют будзе і ў мой гонар.


Ганна Гапонава, юрыст:

Маё любае месца — Лошыцкі парк. Ён у свой час атрымаў міжнародную ўзнагароду. Там вельмі прыемна гуляць. Бавіш час у горадзе, але адначасна на прыродзе. Цяпер там гасцініцу пачалі будаваць. Я да гэтага стаўлюся негатыўна. Мне здаецца, што гэта месца павінна быць цішэйшым, спакойным.

Запісалі Міхаіл МУРЗА, Аляксандр ПЯТРОЎСКІ, Ганна РОВІНА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Як трапіць у студатрад і атрымаць там новую спецыяльнасць?

Аб усіх тонкасцях працаўладкавання моладзі расказалі спецыялісты.

Грамадства

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Чым захапіў патрыятычны форум «Калі мы адзіныя»

Сімвал яднання і незвычайны падарунак для Прэзідэнта.

Сям'я і дэмаграфія

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

Алеся Кузняцова: Любыя падзеі — гэта вынік выбару

«Калі людзі кажуць: „У мяне няма часу, каб займацца любімай справай“, мне хочацца запярэчыць, што хутчэй няма жадання».