У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя спартыўныя навіны.
Гераіня тыдня. Арына Сабаленка ўпершыню ў кар'еры ўзначаліла рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Нягледзячы на паражэне ў фінале US Open, Сабаленка абышла польскую тэнісістку Ігу Свёнтэк, якая сёлета не змагла абараніць свой тытул. Арына Сабаленка стала другой прадстаўніцай Беларусі, якой удалося заняць першую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу. Раней такога поспеху дабілася Вікторыя Азаранка, якая правяла на першай пазіцыі сусветнага рэйтынгу 51 тыдзень. Цяпер Вікторыя Азаранка займае 23-і радок. Пераможца адкрытага чэмпіянату ЗША 2023 Коры Гауф размясцілася на трэцяй пазіцыі сусветнага рэйтынгу.
Мужчынскі рэйтынг зноў узначаліў сербскі тэнісіст Новак Джокавіч, які ў фінале US Open перамог расіяніна Данііла Мядзведзева. Для 36-гадовага серба гэта 24-ы чэмпіёнскі тытул на турнірах серыі «Вялікага шлема». Найлепшы з беларусаў Ілья Івашка займае 153-е месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў.
Герой тыдня. У лыжна-біятлонным комплексе «Лаура» ў Сочы стартаваў Кубак Садружнасці па біятлоне з удзелам беларускіх і расійскіх спартсменаў. Лідар беларускай зборнай Антон Смольскі спачатку перамог у спрынтарскай гонцы. У гонцы праследавання Антон Смольскі першы выйшаў на дыстанцыю ў 12,5 кіламетра. На чатырох агнявых рубяжах спартсмен дапусціў чатыры промахі, што не перашкодзіла яму фінішаваць першым. Закрывала мужчынскую частку праграмы гонка з масавым стартам. Антон Смольскі і ў гэтым відзе праграмы стаў пераможцам.
Перамога тыдня. Спартсмены брэсцкага «Будаўніка» сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі па хакеі на траве. Брэсцкія хакеісты з мінімальнай перавагай у ліку — 5:4 — абыгралі прадстаўнікоў хакейнага клуба «Мінск». Раней уладальніцамі Суперкубка сярод жаночых камандаў сталі хакеісткі «Вікторыі» са Смалявіч, якія выйгралі ў гродзенскага «Рытма» з вынікам 4:3.
Каманда тыдня. «Мяшкоў Брэст» другі раз стаў уладальнікам гандбольнага Суперкубка Беларусі. На пляцоўцы брэсцкага спарткомплексу «Вікторыя» гаспадары аказаліся мацнейшымі за гандбалістаў клуба «СКА-Мінск». Вынік сустрэчы — 32:30.
Рэкорд тыдня. Вядомы беларускі атлет Вячаслаў Харанека ўстанавіў свой чарговы сусветны рэкорд у час фестывалю сілавых відаў спорту ў гонар Дня горада Мінска. Праз месяц пасля перанесенай складанай аперацыі, Харанека за пяць хвілін 93 разы выціснуў лежачы дзвюма рукамі дзве гіры вагой па 24 кг. Гэта новы абсалютны афіцыйны сусветны рэкорд у беларускім жыме сярод прафесійных спартсменаў узроставай групы 60-64 года.
Надзеі тыдня. У Мінску завяршыўся фінальны этап рэспубліканскага турніру юных футбаістаў «Скураны мяч». У спаборніцтвах малодшай узроставай групы (гульцы 2013—2014 гадоў нараджэння) перамаглі спартсмены з Лёзна Віцебскай вобласці. У сярэдняй групе (2011—2012 гадоў нараджэння) найлепшымі сталі футбалісты з Гродненскай вобласці. У старэйшай групе (2009—2010 гадоў нараджэння) выйгралі футбалісты з Маларыты Брэсцкай вобласці.
У спаборніцтвах дзяўчынак (гульцы 2012—2014 гадоў нараджэння) першынствавалі футбалісткі з Гродна.
Матч тыдня. Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі першы раз згулялі ўнічыю ў адборачным турніры чэмпіянату Еўропы 2024 года. У гасцявым паядынку 5-га тура кваліфікацыйнай групы І беларусы не змаглі перамагчы каманду Андоры — 0:0. У чатырох папярэдніх сустрэчах беларусы набралі тры ачкі, абгуляўшы каманду Косава (2:1). У пасіве — паражэнні ад Швейцарыі (0:5), Румыніі (1:2) і Ізраіля (1:2). Яшчэ два матчы 5-га тура ў гэтай групе таксама завяршыліся ўнічыю: Косава — Швейцарыя — 2:2, Румынія — Ізраіль — 1:1. Свой наступны паядынак зборная Беларусі правядзе 12 верасня ў Тэль-Авіве супраць ізраільскай каманды.
Медалі тыдня. У Новасібірску завяршыўся міжнародны турнір па грэка-рымскай барацьбе «Мемарыял Героя Савецкага Саюза А. М. Аксёнава. Адраджэнне». Прызёрамі турніру сталі двое беларусаў. Павел Глінчук перамог у катэгоырі да 97 кілаграмаў. Ігар Ярашэвіч стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі да 87 кг. Усяго ў спаборніцтвах узяло ўдзел больш за дзвесце барцоў з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Расіі.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў стратэгіі ўдзелу Беларусі ў рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) і БРІКС.
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.