Вы тут

Восеньскія апырскванні саду ад хвароб і шкоднікаў


З надыходам восені нельга аслабляць увагу ў доглядзе пладовых дрэў. Трэба працягваць ахоўныя апрацоўкі. Асабліва калі ўраджай сабраны, бо тым часам хваробы і шкоднікі могуць моцна аслабіць расліны.


Апрацоўка дапаможа пазбавіць расліны ад цэлага букета хвароб: паршы, маніліёзу, плямістасці, гніласных захворванняў... Для гэтага дрэвы неабходна апырскваць растворам «Хорус», які выдатна працуе ў прахалоднае восеньскае надвор'е.

Замест «Хоруса» можна ўзяць і медзезмяшчальныя прэпараты, якімі лечаць паршу, кокамікоз, ад якіх абсыпаецца лістота. Так, вельмі эфектыўныя апырскванні раслін прэпаратамі «Рыдам» або «Ардан».

Для знішчэння шкоднікаў у раствор можна дадаць прэпараты ад шкоднікаў. Цяпер з іх самыя хадавыя «Канфідор», «Зубр», «Танрэг», «Апачы», «Геральд»...

Але перш чым апырскваць расліны, трэба іх да такога працэсу падрыхтаваць. У пладаносных дрэў перад апырскваннем трэба зняць увесь ураджай.

Самую апошнюю апрацоўку праводзяць, калі ў дрэў апала ўсё лісце. Спачатку яго збіраюць і спальваюць, пасля чаго праводзяць апырскванне 3 % бардоскай вадкасцю або растворам мачавіны, 600-700 г на 10 л вады.

Ну, а пакуль не апала лісце, вельмі карысна апырскаць дрэвы 1 % растворам жалезнага купарвасу. У выніку расліны атрымліваюць запас гэтага карыснага мікраэлемента. Толькі браць трэба не больш за сталовую лыжку на 10 л вады.

Асабліва карысны жалезны купарвас для яблыні, слівы, вішні і персікаў. Такое апырскванне забівае лішайнікі, імхі, цытаспароз, чорны рак, а таксама дапамагае змагацца з рознымі паразітамі.

Калі не ведаеце, чым апырскваць расліны, апрацуйце медным купарвасам. Такая апрацоўка засцерагае яблыні ад паршы і маніліёзу. Канцэнтрацыя павінна быць не больш за сталовую лыжку на 10 л вады, інакш можна абпаліць лісце. Апрацоўка медным купарвасам таксама дапамагае пазбавіцца ад тлі.


Метад «двайной абрэзкі» малін

Першая абрэзка робіцца ў канцы мая — пачатку чэрвеня. Калі малады парастак выцягнецца на вышыню 70-100 см (гледзячы які сорт, высакарослы ці не), у яго прышчыпваюць верхавіну (10-15 см).

Пасля таго рост уверх практычна спыняецца, і ўсе жыццёвыя сілы накіроўваюцца ў бакавыя парасткі. Ужо праз некалькі дзён у пазухах верхняга лісця з'яўляюцца першыя парасткі, а да канца лета замест адзіночнага ўтвараюцца пяць, шэсць, а то і больш бакавых парасткаў даўжынёй амаль у паўметра. У такім выглядзе кусты пойдуць на зімоўку.

Толькі ўлічыце, што ні ў якім разе нельга цягнуць з тэрмінамі першай абрэзкі! Калі яе правесці занадта позна (трэба зрабіць абрэзку да першай дэкады чэрвеня), бакавыя парасткі не паспеюць развіцца нармальна і памерзнуць зімой.

Другая абрэзка робіцца наступнай вясной, калі на расліне распусціцца лісце. Гэтым разам на 5-15 сантыметраў абразаюцца верхавіны перазімавалых бакавых парасткаў. Пасля па ўсім асноўным ствале прачынаюцца спячыя пупышкі і ўтвараюць новыя галінкі. Да пачатку плоданашэння іх будзе ўжо некалькі дзясяткаў.

Менавіта другое абрэзванне лічыцца вырашальным прыёмам у доглядзе, таму што пасля яго на другі год куст складае дзівоснае відовішча. Ён спрэс пакрыты завяззю, бутонамі, кветкамі і гронкамі буйных спелых ягад. Плоданашэнне доўжыцца ліпень, жнівень, верасень — аж да халадоў. Пасля такой агратэхнічнай маніпуляцыі нават простыя сарты могуць набываць уласцівасці рэмантантных.

Аднак метад будзе паспяховы толькі пры ўмове захавання ўсіх астатніх агратэхнічных мерапрыемстваў, неабходных дадзенай культуры. Іншымі словамі, яе трэба з самага пачатку правільна пасадзіць, карміць, паіць і правільна за ёй даглядаць на працягу ўсяго вашага далейшага «сумеснага жыцця».

Метад двайной абрэзкі мае і некаторыя недахопы, да якіх трэба быць гатовымі. Найперш гэта загушчанасць насаджэнняў, якую яна правакуе. Таму адлегласць паміж кустамі павінна быць два метры. На кожным кусце пакідаюць усяго па чатыры парасткі.

Аднак не варта скрупулёзна калькаваць вынік дадзенага эксперыменту як ідэальную формулу поспеху. У вас на ўчастку свой мікраклімат, асаблівы склад глебы, а пад рукамі пэўны сорт са сваімі капрызамі і добрымі якасцямі. Таму ўласную формулу (частата пасадак і колькасць пакінутых парасткаў) вы выведзеце самастойна праз некалькі гадоў.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.