Многія, у каго, здавалася б, ёсць самае галоўнае для шчасця — здароўе, чамусьці гэтага не цэняць і пастаянна скардзяцца на жыццё. Але ёсць іншыя, такія, як Алена і Канстанцін Цюхай, якія, нягледзячы на фізічныя перашкоды, здольныя цаніць кожны пражыты дзень, быць удзячнымі Богу за тое, што маюць, і шчыра, як дзеці, радавацца простым рэчам.
Алена і Косця пазнаёміліся ў Нясвіжскім інтэрнаце, куды абое трапілі па волі лёсу. А ён у кожнага з іх даволі няпросты. Алена перасоўваецца на інваліднай калясцы, Косця хоць і ходзіць сам, але мае праблемы з нагой і рукой. Нягледзячы на істотную розніцу ва ўзросце (Косця на 13 гадоў малодшы за Алену), яны знайшлі адно ў адным роднасныя душы. З таго дня так і трымаюцца разам.
— Бацюшка, які быў замацаваны за інтэрнатам, бачыў, што мы не ўяўляем жыцця адно без аднаго, і параіў узаконіць адносіны і павянчацца, — распавядае Алена. — Я ўдзячная Богу, што звёў мяне з Косцем, бо аб такім клапатлівым мужу і сябру, як ён, можна толькі марыць.
...Асабіста я ўпершыню ўбачыла гэтую пару ў доме-інтэрнаце «Камфортнае жыццё», што ў Мінскім раёне, куды яны пераехалі жыць два гады таму, на занятку па маляванні. Калі я зайшла, Алена акуратна наносіла пэндзлікам асобныя мазкі на паперу.
— Алена ўпершыню менавіта ў нашым доме-інтэрнаце пачала маляваць фарбамі, а не алоўкамі. Як бачыце, у яе гэта цудоўна атрымліваецца. Хоць калі б вы толькі ведалі, колькі намаганняў ёй для гэтага патрабуецца! Па спіне цячэ пот, калі яна дамалёўвае свой чарговы пейзаж. Алена вельмі працавітая і мэтанакіраваная, — кажа кіраўнік гуртка па маляванні Арцём Гадалаў. — Дарэчы, і Косця таксама, гледзячы на жонку, захапіўся маляваннем. Яго тэма — караблі. Яны ў яго вельмі добра атрымліваюцца.
— Аленіна мэтанакіраванасць уражвае і з'яўляецца прыкладам у тым ліку і для нас з мужам, — кажа Алена Гадалава, якая працуе ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў культарганізатарам. — Мы стараемся развіваць яе талент, усяляк падтрымліваць. У прыватнасці, у нас ёсць мара зладзіць персанальную выставу яе карцін. З фуршэтам, з запрашэннем журналістаў, тэлебачання. Зрабіць для Алены сапраўднае свята. Засталося толькі знайсці спонсараў...
Алена Гадалава расказвае, што пазнаёмілася з гэтай парай у Нясвіжы два гады таму.
— Неўзабаве пасля адкрыцця нашай установы мы ездзілі па іншых падобных інтэрнатах і запрашалі ўсіх ахвотных пераехаць да нас жыць. Памятаю, як разам з выхаванцамі Нясвіжскага інтэрната сабраліся за сталом, разам пілі гарбату і размаўлялі. Менавіта тады я ўпершыню звярнула ўвагу на Алену і Косцю. Яны ўвесь час жартавалі, усміхаліся. Але больш за ўсё мяне ўразіла тое, як Косця клапаціўся пра Алену. Гэта было настолькі натуральна і гарманічна! Было відаць, што ён гэта робіць не на публіку. Мяне да глыбіні душы кранула, што цяжка і аднаму, і другому, але можна так проста трымацца разам і не наракаць на лёс.
— Нягледзячы на ДЦП і звязаныя з гэтым дыягназам асаблівасці маўлення, Алена пачала вучыць да свят вершы, — працягвае культарганізатар. — Калі я першы раз ёй гэта прапанавала, яна крыху разгубілася. Але потым сама выбрала верш у інтэрнэце і вельмі добра яго вывучыла на памяць. Цяпер у нас такая традыцыя: да ўсіх святочных канцэртаў Лена абавязкова развучвае штосьці новае. Яна сама выбірае доўгі і даволі складаны верш. А мужу і сваім сябрам-калясачнікам — карацейшыя, і кантралюе, каб яны ўсё добра вывучылі. Алена нават навучылася правільна дыхаць, калі чытае верш. Я адымаю мікрафон, каб яна зрабіла ўдых — і тады яна вымаўляе наступны радок.
Калі Косця з Аленай да нас пераехалі, першае, што ўразіла, — чысціня і ўтульнасць, якія яны падтрымліваюць у сваім пакоі. Гэтая сямейная пара з'яўляецца цэнтрам прыцягнення для іншых жыхароў. Да іх у пакой пастаянна прыходзяць госці, яны разам п'юць гарбату, каву. Алена — лідар нашай мужчынскай тусоўкі (сёння ў доме-інтэрнаце сярод маладых інвалідаў толькі адна жанчына. — Аўт.). Таму калі трэба сабрацца на нейкае мерапрыемства ці штосьці абмеркаваць, я заўсёды звяртаюся менавіта да яе, бо ведаю, што яна хуценька арганізуе астатніх. Алена вельмі адказная. Гэтую адказнасць яна прывівае і Косцю. Яна для яго як прамень, і ён на гэтае святло ідзе.
Пасля абеду я зазірнула ў пакой да Алены і Косці. І сапраўды была прыемна здзіўлена — настолькі там па-дамашняму ўтульна. Алена і Косця разам са сваім сябрам сядзелі за сталом і пілі гарбату.
— Знаёмцеся, гэта Валодзя — анёл-ахоўнік нашай сям'і. Ён быў сведкам на нашым вяселлі, а цяпер жыве ў суседнім пакоі.
— Я сюды прыходжу як да сябе дадому, — усміхаецца мужчына.
— Пасля таго, як Нясвіжскі інтэрнат закрылі, мы з Косцем перае- халі ў «Камфортнае жыццё», — распавядае Алена. — Валодзю ж перавялі ў Лагойск. Але як толькі сюды завіталі прадстаўнікі з камітэта (па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. — Аўт.), мы з мужам папрасілі, каб нашага сябра перавялі ў гэты дом-інтэрнат. Так як былі свабодныя месцы, нам пайшлі насустрач.
— З Аленай я знаёмы ўжо 15 гадоў, ажно з Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната. Таму наша сяброўства сапраўднае, праверанае часам. Косця з Аленай для мяне вельмі дарагія. Яны нават больш, чым сябры — гэта мая сям'я. Таму я адчуваю за іх адказнасць. Бацюшка мяне папрасіў, паколькі я быў у іх сведкам на вяселлі, рабіць усё магчымае, каб гэты шлюб не разваліўся. Алена і Косця, як вы, напэўна, заўважылі, вельмі гаспадарлівыя. Дырэктар дома-інтэрната ім як сямейнай пары выдзеліла халадзільнік, але Лена захацела, каб у іх з Косцем быў свой, — тлумачыць Валодзя. — Таму, як толькі з'явілася такая магчымасць, скінуліся і купілі яго. Ад пенсіі па інваліднасці нам застаецца 10 працэнтаў (астатняе ідзе на пражыванне), якія-ніякія грошы ёсць, і мы імі распараджаемся як хочам.
— Мне заўсёды хацелася стварыць там, дзе я жыву, дамашнюю абстаноўку, — кажа Алена. — Але ў Нясвіжы не было такой магчымасці, бо там, калі б і хацеў штосьці набыць, не было дзе паставіць, пакойчык быў маленькі. А тут інтэрнат новы, сучасны, і нам як сямейнай пары адразу ж выдзелілі самы вялікі пакой.
— Да нас тут вельмі добра ставяцца, — кажа Косця. — І кормяць вельмі добра. Але ўсё адно час ад часу заказваем дастаўку, каб Лену папесціць марожаным і сезоннай садавіной — клубніцамі, чарэшнямі, персікамі, абрыкосамі...
Яшчэ звярнула ўвагу, што на сценах і кніжных паліцах у пакоі Алены і Косці шмат ікон. Частку набывалі самі, іншыя атрымалі ў падарунак. У гэтай пары, паводле слоў культарганізатара, духоўнае паразуменне. Абое вераць у Бога, таму вельмі абрадаваліся, калі сёлета ў доме-інтэрнаце адкрыўся малітоўны пакой.
— Айцец Стэфан, настаяцель прыхода Храма свяшчэннапакутніка Уладзіміра Хіраскі, асвяціў яго і блаславіў мяне, бо я ў свой час скончыла курсы пры Духоўнай акадэміі, чытаць тут малітвы з насельнікамі дома-інтэрната, — кажа Алена Гадалава. — Калі ў нас яшчэ не было малітоўнага пакоя, мы збіраліся ў актавай зале. Алена з Косцем не прапусцілі ніводную нашу сустрэчу. Яны ведаюць на памяць усе асноўныя малітвы і з'яўляюцца прыкладам для іншых, у тым ліку і ў духоўным жыцці. Калі бачаць, што ў кагосьці з супрацоўнікаў дома-інтэрната нейкія праблемы, абавязкова моляцца за іх. У прыватнасці, жыццёвыя абставіны склаліся так, што мы з мужам ужо збіраліся сыходзіць з дома-інтэрната. Дык яны мне нядаўна сказалі: «Мы молімся, каб вы з Арцёмам Анатольевічам не сышлі ад нас!» І што вы думаеце? Намалілі, што мы ўрэшце засталіся тут працаваць на паўстаўкі!
А яшчэ ў пакоі Алены і Косці шмат кветак. Яны паўсюль — на паліцах, на падаконніках, самыя вялікія — у гаршках на падлозе.
— Алена вельмі любіць кветкі, — кажа Валодзя. — І Косця, ведаючы гэта, на пяцігоддзе іх сумеснага жыцця вырашыў парадаваць каханую і зрабіць ёй сюрпрыз. Мы, сябры, таксама далучыліся. У выніку падарылі Лене 23 ружы. Яна не чакала такога. І нават расплакалася ад шчасця.
— А якога колеру ружы?
— Белага, — усміхаецца Алена. — Гэта мой любімы колер.
Для сваіх 45 гадоў Алена цудоўна выглядае, з густам апранаецца. А яшчэ Косця навучыўся вельмі добра рабіць жонцы прычоску. Некалькі месяцаў таму Алене з Косцем нават зладзілі прафесійную фотасесію ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Гэта быў для іх вельмі цікавы досвед.
«Івашка — турыст!» — данеслася з клеткі з папугайчыкам...
— Папугай у нас незвычайны. Гэта Косця яго навучыў размаўляць. Івашка жыве ў нас ужо трэці год, а чарапашкі (Алена паказвае на акварыум) — пяты. Іх нам падарыла на гадавіну вяселля медсястра, яшчэ калі мы жылі ў Нясвіжы. Косця ў мяне наогул малайчына, — кажа Алена, і па вачах і інтанацыі відаць, як яна ганарыцца мужам, — сам навучыўся рамантаваць камп'ютары, мабільныя тэлефоны, мяняе прашыўкі. У яго гэта цудоўна атрымліваецца. Калі хтосьці папросіць штосьці адрамантаваць, Косця ніколі не адмаўляе.
Ужо потым ён прызнаўся, што марыць займацца рамонтам камп'ютараў прафесійна. Каб мець магчымасць часцей дарыць жонцы кветкі.
У Алены таксама ёсць мара. І не адна. Яна вельмі хоча, як сапраўдная гаспадыня, гатаваць ежу для сваёй сям'і. А таксама сказала, што была б самай шчаслівай, калі б пабачыла мора.
— Месяц таму мы на вадасховішча з імі выходзілі, — кажа Алена Гадалава. — Дык Алену хлопцы на руках занеслі ў ваду. Яна радавалася як дзіця! У Алены столькі пазітыву і веры ў будучыню, што Косця побач з ёй таксама свеціцца, становіцца напоўненым і ўпэўненым у сваіх сілах.
На развітанне я папрасіла Алену і Косцю падзяліцца сакрэтам сямейнага шчасця. І пачула вельмі глыбокую рэч. Многія думаюць, што галоўнае ў сям'і — грошы. Аднак без кахання, узаемнай падтрымкі і шчырага жадання радаваць адно аднаго гэтыя паперкі нічога не вартыя. Калі ты зрабіў свайго чалавека хоць крышачку больш шчаслівым, то дзень пражыты не дарэмна.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Фота аўтара і Вадзіма КАТКОЎСКАГА
Адкрыццё выставак і арт-аб’ектаў, важныя сустрэчы і экскурсіі, народныя гулянні і, вядома, канцэрт «Час выбраў нас».
«Я — чалавек каманды. Важна, каб людзі, якія знаходзяцца побач, верылі ў мяне».