У Беларусі выбудавана свая сістэма сацыяльна-эканамічнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. У 2023 годзе на дзяржаўныя дапамогі выдзелена 3,5 мільярда рублёў, з іх два мільярды — на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Выплатамі ахоплена 397,5 тысячы дзяцей (кожнае чацвёртае дзіця ў краіне), з іх 220 тыяч — дзеці да трох гадоў.
Асноўным звяном гарантаванай матэрыяльнай падтрымкі пры нараджэнні і выхаванні дзяцей з'яўляецца сістэма дзяржаўных дапамог, якую ўмоўна можна падзяліць на тры групы: дапамогі па мацярынстве, сямейныя дапамогі і дапамога па часовай непрацаздольнасці па доглядзе дзіцяці.
Самыя значныя — аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, якія назначаюцца незалежна ад даходаў сям'і і выплаты страхавых узносаў. Памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці складае 10 БПМ, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 14 БПМ.
Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў вышэйшая за мінімальную заработную плату ў краіне: на першае дзіця — 35 працэнтаў сярэдняй заработнай платы (СЗП) работнікаў у краіне за квартал (606 руб.), на другое і наступных дзяцей — 40 працэнтаў СЗП (693 руб.), на дзіця-інваліда — 45 % СЗП (779 руб.).
Пры выхаванні ў сям'і дваіх і больш дзяцей, адно з якіх ва ўзросце да трох гадоў, выплачваюцца дзве дапамогі: на дзіця да трох гадоў (40 % СЗП) і дзіця (дзяцей) ад 3 да 18 гадоў (50 % БПМ).
Выплата дапамог — сістэмны механізм падтрымкі сем'яў. Калі сям'я аказалася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, на яе пераадоленне накіравана сістэма дзяржаўнай адраснай дапамогі. Яна ўключае штомесячную і аднаразовую сацыяльную дапамогу, дапамогу на набыццё сродкаў гігіены для дзяцей-інвалідаў, забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. На аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі ў 2023 годзе выдзелена 132,7 мільёна рублёў.
Беларусь з'яўляецца адной з нямногіх краін, дзе можна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці да спаўнення яму трох гадоў і атрымліваць за ўвесь гэты перыяд дзяржаўную дапамогу ў поўным памеры незалежна ад афармлення дзіцяці ў дашкольную ўстанову адукацыі. Сістэма выхаду ў водпуск гібкая — яго можна падзяліць на часткі любой працягласці. На бацьку, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, распаўсюджваюцца тыя ж гарантыі, што і на маці.
Рэалізоўваецца праграма сямейнага капіталу пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга ці наступнага дзіцяці. Яго памер складае амаль 30 тысяч рублёў. За перыяд рэалізацыі праграмы сямейнага капіталу, пачынаючы з 2015 года, адкрыта больш за 129 тысяч укладаў «Сямейны капітал» на суму 826 мільёнаў долараў ЗША і больш за 1,2 мільярда рублёў.
З улікам патрэб шматдзетных сем'яў прадугледжана магчымасць датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу на будаўніцтва (рэканструкцыю), набыццё жылля, пагашэнне крэдытаў, пазык арганізацый, дадзеных на гэтыя мэты, атрыманне адукацыі і медыцынскіх паслуг (у тым ліку стаматалагічных, куплю медыцынскіх вырабаў і лекаў), набыццё тавараў для сацыяльнай рэабілітацыі і адаптацыі членаў сям'і з інваліднасцю (у сувязі з захворваннямі апорна-рухальнага апарату, органаў зроку).
У краіне выбудавана магутная сістэма дзяржаўнай падтрымкі шматдзетных сем'яў пры будаўніцтве або рэканструкцыі жылля. Рашэннем кіраўніка дзяржавы прадугледжана накіраванне шматдзетных сем'яў на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года з даты пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу. Летась з дзяржаўнай падтрымкай палепшылі жыллёвыя ўмовы 11,2 тысячы шматдзетных сем'яў.
Апроч матэрыяльных выплат, для сем'яў з дзецьмі прадугледжаны шэраг іншых сацыяльных гарантый, фінансаванне якіх забяспечваецца з дзяржаўнага бюджэту і якія істотна эканомяць бюджэт сям'і.
Напрыклад, субсідзіраванне сістэмы адукацыі — у дзіцячых садках бацькі аплачваюць толькі харчаванне дзіцяці, а для шматдзетных сем'яў аплата за харчаванне зніжаецца на 50 %, для сем'яў з двума дзецьмі-дашкольнікамі плата зніжаецца на 30 %. У школе ўсе дзеці пачатковых класаў харчуюцца бясплатна, старэйшыя дзеці са шматдзетных сем'яў, з малазабяспечаных сем'яў і далей атрымліваюць бясплатнае харчаванне.
Ажыццяўляецца бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне непаўналетніх дзяцей, забеспячэнне лекавымі сродкамі дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў.
Таксама падтрымка бацькоў прадстаўлена гарантыямі ў працоўнай сферы, якія з'яўляюцца абавязковымі для рэалізацыі ўсімі наймальнікамі і фарміруюць ключавыя ўмовы для камфортнага сумяшчэння бацькоўства і работы.
Алена КРАВЕЦ
Прэв’ю: БелТА
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.