Гэты хлопчык змалку быў непаседлівы і цікаўны, а ўжо ж старанны!.. Усяму хацеў навучыцца! І тым самым старшыню калгаса ледзь да смерці раз не давёў. Едзе той на службовым «козліку» па прасёлку, а насустрач — трактар МТЗ-52, без кіроўцы...
Толькі зблізку ўбачыў Мішаву галаву — на ўзроўні руля... «Механізатару» гадоў восем тады было.
У дзесяць — пры маленькім росце — ён як след да педаляў яшчэ не даставаў, але ўжо віхурай насіўся на матацыкле, на так званым мінчыку! Тады ж на сваім падворку і амаль самастойна стаў паветку будаваць для дроў, куратнік і невялікі гаражык для свайго жалезнага каня.
Карацей, за што б ні браўся Міхась — усё гарэла ў яго ў руках!
Праўда, і сам ён быў чалавек гарачы, запальчывы, як людзі казалі, у гарачай вадзе купаны…
Невядома, па кім пайшоў, бо Мішаў бацечка быў якраз наадварот — чалавек вельмі спакойны, рахманы. Пастаянна вучыў сынка: «Не гарачыся, не спяшайся — добра падумай, перш чым што сказануць ці зрабіць. Не псіхуй, калі нешта не ладзіцца, не панікуй з-за рознай драбязы — не будараж людзей».
Мішу, калі па праўдзе, гэта рэдка ўдавалася, але ж аднойчы (вёска дагэтуль помніць!) сын усё зрабіў так, як бацька сказаў.
...Калі па парадку, у той надвячорак ён за ваколіцай быў — выпрабоўваў новы самапал. Удалы атрымаўся! Міхась, задаволены сабой, да сябра кіраваў, каб пахваліцца, але ж тут, на загуменні ў бабы Сабінкі, згледзеў дымок з-пад даху пуні. Спачатку хацеў быў сарвацца з месца і з крыкам «Пажар!» панесціся ў вёску, аднак успомніў бацькаў наказ не сеяць паніку. І таму, «пацалаваўшы замок» у хаце Сабінкі, склаў рукі за спінай, як рабілі сталыя вясковыя дзядзькі, і няспешна пашыбаваў па вуліцы. Спакойна, не палохаючы людзей, заходзіў да іх у двары і хаты, цікавіўся здароўем і толькі потым паведамляў, што пажар, што «трэба ж неяк тушыць...»
Людзі хапалі вёдры, беглі да Сабінчынай сялібы, а Міша крочыў сабе далей — да сярэдзіны вёскі, дзе была невялічкая сажалка і сама Сабінка палола буракі.
Міхась і да яе падышоў спакойна: павітаўся, папытаў, як справы, жыццё?
Маленькая, сухенькая жанчынка павярнулася на голас, прызнала Міхася, сказала:
— Дзякуй богу, дзіцятка! Усё нядрэнна!
— А я вось па-іншаму думаю, — хлопчык нахмурыў лоб. — Пуня твая гарыць... Калі хочаш, каб было дзе сена злажыць для козак, то кідай матыку ды лёцьма ляці дамоў!
...На Сабінчына шчасце, у першай жа хаце, якую наведаў юны «апавяшчальнік», быў і першы (тады з двух... На ўсю вёску...) тэлефон. Па ім і адразу ж выклікалі на падмогу пажарных. Так што будынак пуні моцна не пацярпеў. А вось Міша...
Пасля таго выпадку яго доўга яшчэ звалі Пажарным.
А. Несцяронак
Г. Докшыцы
Людзі пажылыя (ад слова «пажылі»...) у асноўным кансерватары: без ахвоты нечаму вучацца, нешта новае набываюць, нават мяняюць гардэроб, а ўжо месца жыхарства — дык божа барані!
Але ж часам, здараецца, і на гэта жыццё прымушае.
Вось і мая знаёмая не так даўно прадала свой прыватны дом, пераехала ў кватэру з усімі выгодамі, і што вы думаеце, — стала сумаваць. Ну яшчэ б: ні табе агарод глядзець, ні ваду ў кухню насіць, ні дровы на зіму рыхтваць — сядзі сабе, тэлевізар глядзі.
Каб весялей было і дома, і на прагулках, блізкія сабачку ёй падарылі — пароды «двортэр’ер». Не вылучаўся той «царскім» паходжаннем, а таму і ад новай гаспадыні амаль нічога не вымагаў. Тая ў «сабачай» краме хіба павадок купіла (бо хто ж ведае, куды гадаванец ірване, апынуўшыся на вуліцы?) ды і зажыла. Што пахвальна, з першых жа выгулаў брала з сабой шуфлік і пакет, каб прыбіраць за сваім сабачкам...
А ён тым часам ужо асвоіўся ў новай кватэры, стаў пачувацца не толькі раўнапраўным жыхаром, але і памочнікам. Разумнік — вельмі хутка зразумеў, што гаспадыня трохі недачувае, і таму, калі аднойчы нехта пастукаў у дзверы (званок не працаваў), прыбег да Іванаўны на балкон — залівістым брэхам паклікаў у вітальню.
Гэтак жа ён стаў рэагаваць на тэлефонныя званкі, а неяк — нават на тое, што ў каструльцы на газавай пліце падгарае каша...
Тут гаспадыня ўжо не стрымала сваіх пачуццяў — расцалавала сабачку, бо яшчэ раз пераканалася, што сапраўдныя сябры могуць падаваць не толькі руку, але і лапу.
Аляксандр Матошка
Расонскі раён
Даўно гэта было, але ж з памяці не сплыло.
Я паступіла ў інстытут. Хлопцы старэйшых курсаў прыйшлі на «агледзіны» і нас з Рытай Шалыгінай — галоўнае, уголас, пры ўсіх — прызналі самымі прыгожымі.
Большасць дзяўчат паставілася да гэтага спакойна, меншасць, ці не захварэўшы на чорную зайздрасць, стала пад’юджваць: маўляў, гэта за прыгожыя вочкі нам з Рытай і першыя месцы, і залікі, і экзамены...
Толькі потым, праз гады, усё ўсталявалася. А мо і не ўсё.
...Я тады ўжо была з дыпломам, працавала, зрэдку ездзіла ў камандзіроўкі. Вось і ў Паставы на абласны семінар па атэізме адпраўлялі менавіта мяне.
Як цяпер помню, перад паездкай зрабіла высокую прычоску, дастала з шафы любімую сукенку, узяла з сабой доўгі белы шалік. Там, на месцы, адзін яго канец (карацейшы), як звычайна, паклала на грудзі, другі — даўжэйшы — закінула за плечы — спакойна кірую ў залу. І раптам адчуваю, што хтосьці «тармозіць» мой рух. Азіраюся — нейкі ўвесь пакамечаны здыхляк мой шалік трымае. Кажа:
— Во якую рыбку я падчапіў!
У мяне ад такога нахабства аж мову адняло! І тут, выходзіць, аматар знайшоўся! Сам ні да вока, ні да бока, як людзі кажуць, а вуду закідвае!
— Але ж я, — уголас кажу, — да вось такіх (з націскам...) не чапляюся.
— Да якіх такіх? — пасміхаецца залётнік.
— Нахабных!
Вырываю ў яго свой шалік, сыходжу, займаю месца ў зале і — авохці мне! — бачу, што той «рыбак» кіруе ў прэзідыум!..
Добра, думаю, што я далекавата і сярод людзей. Сяджу там, слухаю выступленні — і гадзіну, і дзве, і тры... Перапынак аб’яўляюць на 15 хвілін. Есці хочацца! Я ў буфет: займаю чаргу, купляю булачку і... Пара, як на ліха — вяртаюся ў залу.
...Дамоў прыязджаю вечарам. Назаўтра іду на работу — начальства кажа, што мяне выклікаюць у райкам партыі, прычым — да першага сакратара, ці не ўсім вядомага сваімі разносамі ды жаданнем «крыві папіць».
Усю ночку, помню, не спала! Чаго не перадумала?!. Не знайшла за сабой грахоў!
Прыйшла ў райкам. Сакратарка мне: выбачайце, першага сакратара на месцы няма — выклікалі ў вобласць. Зайдзіце да другога.
Што рабіць, — адчыняю дзверы ў кабінет, бачу, той нешта піша за сталом, але ж галаву падняў — з цікавасцю разглядае, запрашае сесці, пытае, што я рабіла ў Паставах на семінары?
— Слухала даклады, — кажу.
— І больш нічога? — усміхаецца сакратар.
— А што яшчэ там можна рабіць?
— Дысцыпліну парушаць!
— ?!
— Булкі есці.
— Я адну, малую, — пачынаю яму тлумачыць, — і тую не цэлую...
Але мужчына не слухае мяне: пачынае смяяцца... Ды хораша, залівіста, ледзь не да слёз! Мне застаецца хіба далучыцца.
...Факт, што візіт завяршаецца мірам:
— Ідзіце і спакойна працуйце, — кажа мне другі сакратар. — Начальству скажаце, што з запрашэннем у райкам памылка выйшла. Я пра яе першаму сакратару скажу.
Я ўжо адвіталася і ў дзвярах была, калі ўслед данеслася:
— А вы заўжды прахвостаў адшываеце?
— Так, — кажу, зразумеўшы, адкуль ногі растуць. — Стараюся.
— І правільна робіце! — пахваліў сакратар. — Дай бог удачы!
...Прыстойныя людзі, яны ўсюды былі і, хочацца верыць, ёсць.
Зоя Максімава
г. Віцебск
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж і яшчэ раз: «Слоўнік эпітэтаў беларускай мовы» не хлусіць: гісторыі бываюць абсурдныя, амурныя, банальныя, абуральныя, павучальныя, скандальныя, кранальныя... А ўжо колькі праўдзівых сабрала «Звязда» за час існавання рубрыкі!
Для тых, хто забыўся ці нядаўна ўліўся ў шэрагі падпісчыкаў, нагадаем, што ў апошнія гады яна (гэта пятнічная рубрыка «...Народ на провадзе!») стала конкурсам на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю.
Вынікі яго падводзяцца ў пачатку года. Журы — і вялікае чытацкае, і малое рэдакцыйнае — працуюць. Так што пішыце (калі ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязі!) і помніце, не бяда, калі з цябе (ці некага) смяюцца, бяда — калі плачуць.
Цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках.
Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі.
З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?