Вы тут

Месца, дзе ўшаноўваюць гісторыю. Рэпартаж з вуліцы 17 Верасня ў Брэсце


Вуліца 17 Верасня займае пачэснае месца ў ліку найстарэйшых у Брэсце. Яна паявілася яшчэ ў ХІХ стагоддзі, спачатку называлася Таполевая, за польскім часам стала вуліцай Пераца, у 1939 годзе атрымала новую назву, якую носіць і сёння. Гэтая вуліца размешчана ў гістарычным цэнтры горада. З абодвух бакоў стаяць двух- і трохпавярховыя дамы, на сценах якіх спрэс таблічкі з папярэджаннем, што будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.


Загадчыца садка Аксана Балакір расказала, што іх дашкольная ўстанова працуе ў гэтым будынку з 1967 года. Цяпер у шасці групах выхоўваецца 109 хлопчыкаў і дзяўчынак.

— На занятках з выхаванцамі мы абавязкова гаворым пра самае маладое свята нашай краіны — Дзень народнага адзінства — сказала Аксана Мікалаеўна. — Вядома, інфармацыю даводзім дзецям у даступным фармаце, з самымі маленькімі гаворку вядзём у форме гульні. Выкарыстоўваем разнастайныя наглядныя дапаможнікі. Адзін з іх — клумбу ў выглядзе карты Беларусі — мы ўладкавалі ў сябе на ўчастку. Клумба аснашчаная адмысловымі таблічкамі з QR-кодамі. Калі дарослы падносіць тэлефон да таблічкі, пачынаецца музычнае прадстаўленне кожнага абласнога цэнтра.

У адной з самых утульных зал установы застаём музычнага кіраўніка дзіцячага садка Ірыну Собаль, якая праводзіць рэпетыцыю з выхаванцамі. Як высветлілася, ідзе падрыхтоўка да мерапрыемстваў з нагоды Дня народнага адзінства. Дзяўчынкі з сярэдняй групы — Карына Саўко, Арына Кунашка, Эмілія Бондар — разам з Ірынай Аляксандраўнай складаюць букет з васількоў і каласкоў. Дарэчы, у касцюмах васількоў яны яшчэ развучваюць вельмі прыгожы танец.

— З дзецьмі гаворым пра красу нашай прыроды, пра родны горад, пра сям’ю, пра бацькоў, якія працуюць і ствараюць дабрабыт, — расказвае намеснік загадчыка садка Наталля Саўко. — Абавязкова паказваем на занятках нашы дзяржаўныя сімвалы. Такім чынам, думаю, закладваюцца ў свядомасці дзяцей асновы любові да Радзімы. А любоў, шанаванне і ёсць падмурак таго, што мы называем народным адзінствам. У дзень свята ў кожнай групе будуць гучаць беларускія песні, вершы на роднай мове, — дадае Наталля Іванаўна.

З дзіцячага садка карэспандэнт сыходзіла з прыўзнятым настроем, які стварылі гэтыя мілыя «валошкавыя» дзяўчынкі, — будучыня нашай сінявокай краіны. Вецер падганяў першыя апалыя жоўтыя лісты. І вуліца выглядала па-восеньску рамантычна, мабыць, яшчэ і таму, што пры афармленні фасадаў будаўнікі выкарысталі даволі шмат жоўтага колеру.

Будаўнічыя работы, у асноўным па рэканструкцыі і абнаўленні будынкаў, актыўна вядуцца тут у апошнія дзесяцігоддзі. Але спецыялісты падыходзяць ашчадна да ўсіх гістарычных адзнак, якія пакінуў час. Скажам, на адным будынку знялі слой тынкоўкі, і заўважылі надпісы на польскай мове і на іўрыце. Фрагмент афармлення сцяны вырашылі пакінуць. Гаворка ідзе не аб адным будынку, ёсць такія адзнакі і на іншых.

У адным з дамоў доўгі час жыў вядомы брэсцкі мастак Іван Фяцісаў, аб чым сведчыць мемарыяльная дошка. А ў суседнім з гэтым доме ў польскі час працавала падпольная друкарня ЦК КПЗБ. На вуліцы 17 Верасня, дарэчы, добра захаваўся ансамбль адна-двухпавярховых жылых дамоў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Некаторыя з іх аб’яднаныя ў асобныя групы. На рагу з вуліцай Будзённага, ва ўзведзеным ў 1920-я гады будынку, размяшчаўся польскі суд. У студзені 1927 года там праходзіў працэс над групай дзеячаў КПЗБ. У ліку падсудных была і Вера Харужая. У 1965 годзе на будынку ўстанавілі мемарыяльную дошку. Адным словам, гісторыяй тут дыхае ледзь не кожны камень.

У канцы сваёй прагулкі па вуліцы карэспандэнт рашыла правесці невялікую апытанку, каб высветліць, ці ведаюць мінакі, адкуль назва вуліцы.

Ніна Майсюк, пенсіянерка, былая настаўніца:

— Чаму ж не ведаю? Гэта маладзейшыя могуць не ведаць. А мы некалі дзецям на ўроках пра тыя падзеі расказвалі. Я заўсёды Якуба Коласа згадвала: «Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы, чорных дарог махляры». Мае бацькі з-пад Баранавіч пра той час нямала згадвалі. Бацька, дарэчы, — выпускнік будаўнічага тэхнікума, пасля атрымання дыплома не мог атрымаць такое ж месца, якое было ў чалавека, што пазіцыянаваў сябе католікам. Вось вам і правы чалавека. Так што аб’яднанне стала чаканым для большасці нашых людзей.

Віктар Пятровіч, былы дворнік:

— 17 верасня Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі і ўсталявала савецкую ўладу. Лічу тыя падзеі правільнымі, Беларусь стала нашмат большай, стала адной краінай.

Алена, майстар салона прыгажосці:

— Думаю, у нас усе ведаюць, што гэта дзень уз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, якое адбылося ў 1939 годзе.

З Аленай цяжка не пагадзіцца.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках.

Здароўе

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?