Вы тут

Кніга «Ветразь лёсу» Гальпяровіча ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура»


Навум Гальпяровіч. Як толькі мы чуем ці чытаем гэтае прозвішча, у многіх, а мо і ў кожнага, узнікае пэўная асацыяцыя. Свая, асабістая. Звязаная ці то з яго шматгадовым радыёголасам, ці то з лірычна-прывабным паэтычным словам. Хоць, калі папраўдзе, то і там, і там на пачатку было менавіта слова. 


Прызнаюся, што мяне таксама не абмінула гэтая вабная асацыяцыя. І найперш — вельмі даўнішняе, але дагэтуль нязводнае ўражанне ад таго самага радыйнага голаса. Памятаю яго яшчэ з далёкіх ужо васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Не забываецца выказванне, якое не выветрылася і дагэтуль. Яго чуў не раз. Ды і сам прамаўляў неаднойчы. Уключыўшы радыёпрыёмнік, не толькі я адразу ж казаў: «О, зноў радыё гаворыць голасам Гальпяровіча». І гэта была самая праўдзівая праўда, а не проста папулярная прыдумка. Сапраўды, тагачаснае радыё гаварыла распеўна-беларускім голасам. Тым, якім валодаў полацкі карэспандэнт Навум Гальпяровіч і якім часта і ахвотна дзяліўся са слухачамі. 

Ну, а што да слова паэтычнага, то я з ім знаёмы добра і даўно. Чуў з вуснаў самога аўтара. І са сцэны. І з радыёпрыёмніка. А калі хацелася атрымліваць асалоду і раз, і два, то не раз і не два браў у рукі томік, а хутчэй проста кніжку Навума Гальпяровіча (многія з яго шчырым аўтографам) і ахвотна акунаўся ў таямнічыя глыбіні самога беларускага слова, а найперш мо ў аўтарскае бачанне той рэчаіснасці, якую заўважаў і я, але ён выказваў яе больш эмацыянальна дакладна. Так, як умеў толькі Навум Гальпяровіч. 

Што не памыляўся я ў сваіх намерах і адчуваннях, сведчыць і самая апошняя на гэты час яго кніга «Ветразь лёсу», якая ўбачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» на пачатку 2023 года. Прытым у новай для выдавецтва серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі», якая пачалася з кніг Жэні Янішчыц і Навума Гальпяровіча. Як я разумею выдавецкую задумку, гэта будуць не цалкам новыя творы, а многае з таго самага лепшага, што ўбачыла свет і да гэтага. Акрамя вершаў, у кнігу ўвайшла і паэма «Адзінае». Праўда, у гэтай сувязі хацелася б мець пад вершамі гады іх напісання. Тады паэтычнае сталенне было б найбольш відочным і прыкметным, даказаным канкрэтнымі творамі.

Што ж да кнігі, дык яна неаспрэчна сведчыць пра няспынны рост усіх паэтычных складнікаў. Так, гэта і сапраўды пераканаўчае сведчанне паэтычных прыярытэтаў Гальпяровіча, які шчыра прызнаеццца: «І ўваходзіць Паэзія ў мой сцішаны дом». Ён шматкроць пераканаўча сцвярджае, што для яго сапраўды найвялікшай каштоўнасцю з’яўляюцца тыя тэмы і матывы, якія датычаць адносін да сваёй малой радзімы, да нашай беларускай зямлі і беларускай гісторыі. А яшчэ — да той роднай яму беларускай мовы, якая дапамагае найбольш выразна і доказна перадаваць самыя тонкія пачуцці. І, што асабліва важна, гэта не знарочыстыя прызнанні, не нешта паказное, а тое, што нязводна жыве ў душы, што стварае адпаведны настрой, дапамагае быць аптымістам, каб годна пераадольваць самыя складаныя жыццёвыя абставіны. Часта нават насуперак лёсу, які нашэптваў яму, што «жыццё рыфмаваць табе ўжо не з рукі...». Але хіба мог аўтар здрадзіць сабе самому, калі «раптам пастукалі ў сэрца радкі пра маці, каханне, Радзіму», калі «зноў зразумеў, што няма на зямлі таго, што не просіцца ў слова», калі «дыханне Айчыны напаўняе душу». 

Мяне падкупляе ў творчасці Гальпяровіча сапраўдная шчырасць і праўдзівая праўда. Прызнаюся, нават некаторыя сцвярджэнні нараджаліся і ў мяне. Варта толькі хацець і ўмець слухаць час, бачыць тое, што схавана за жыццёвай наміткай. Бо і я мог бы сказаць словамі Гальпяровіча: «Ну а час мне працягваў урок, што пара ад імклівага бегу пераходзіць на ўдумлівы крок». Так, з гадамі сапраўды з’яўляецца настойлівае жаданне крочыць няспешна, каб як мага больш ўважліва ўзірацца ў наваколле, каб не прапускаць нічога з таго, на што скіроўвае нас жыццё. Вядома ж, імклівая маладосць мо не такая спакойна-ўважная, яна намагаецца не толькі не адставаць ад імклівага бегу часу, а нават апераджаць яго. Ды добра, што жыццё папраўляе і тых, і другіх, надаючы нашым дзеянням і памкненням жыццёва апраўданую хуткасць. Аўтар таксама прызнаецца: «І я стары блакнот гартаю, нібы ўзахлёб свой лёс чытаю спачатку, з новага ліста». А вядома, што кожнае новае прачытанне нават свайго ўласнага лёсу дае новыя эмоцыі, нараджае больш грунтоўнае і абгрунтаванае асэнсаванне ўсяго таго, што і называецца жыццём. Я веру прызнанням аўтара: 

Каб лёс мой пачаўся нанова 

І можна было б выбіраць, 

Я б толькі Радзіму і мову 

Не стаў бы ніколі мяняць. 

Верыш аўтару, калі ён прызнаецца ў гэтым. Верыш таму, што, знаёмячыся з усё новымі і новымі радкамі, пераконваешся: для яго гэта не проста чарговае прызнанне, а жыццём выспеленыя пачуцці, сапраўды наканаванне лёсу, рэальны паэтычны ветразь. А лёс не падманеш, не звабіш прыгожымі словамі альбо надуманымі прызнаннямі. 

Чытаеш і разумееш, што не высокімі пачуццямі, а самай таемнай шчырасцю, бо прыродная яна, народжаная ў душы, пазначаны адносіны да роднага Гальпяровічу Полацка. У кнізе шмат прызнанняў на гэты конт. Аўтару верыш. Асабліва калі ведаеш, што не толькі гэты старажытны «мудры спагадлівы Полацк» даў жыццёва творчы паэтычны лёс, нарадзіў «жаданне ў гэтым свеце жыць», а і сам аўтар нямала зрабіў для ўшанавання слаўнай гісторыі лёсавызначальнага для беларускай зямлі горада. 

Асаблівае месца ў кнізе займаюць прызнанні ў вернасці веры. Той, якая звязана з высокім небам, з «цэркаўкай над Палатой», дзе «глядзяць у неба мудра купалы», а «над купаламі храма — галубы, высокія і светлыя, як душы»... Аўтару верыш, калі ён прызнаецца, што для яго «маленькі крыжык захаваў надзеі, адзіноту, веру...», верыш няпростаму прызнанню: «Адмалі, я чую, адмалі грэх цяжкі свой, што з табой заўсёды». Верыш яго ўнутранаму голасу: 

Пахне ў хаце смалой і аерам, 

свечкі цёплае льецца святло. 

Мы шукаем высокую веру 

ў ціхім шэпце завучаных слоў. 

І ў самоце перад абразамі, 

спасцігаючы раптам спакой, 

мы душу амываем слязамі 

і прызнаннямі здрады сваёй. 

Неаднойчы выказвае паэт сваю ўвагу і павагу да гістарычнага мінулага нашай зямлі. Мо і таму яшчэ, што нязводна жыве ў душы сама гісторыя. Ён разумее, што «без мінуўшчыны даўняй» «ніхто не адчуе, як сэрцы дрыжаць пад стагоддзяў магутным абцасам». 

Гэта толькі некаторыя мае асацыяцыі і ўражанні ад прачытання кнігі Навума Гальпяровіча «Ветразь лёсу». Я мог бы яшчэ шмат пра якія творчыя знаходкі і адкрыцці гаварыць, бо ўключанае ў кнігу дазваляе і натхняе на гэта. Нездарма ў анатацыі справядліва сказана, што вершы «прывабліваюць глыбокай лірычнасцю, шчырасцю, прасякнуты любоўю аўтара да Радзімы і свайго роднага Полацка». І вызначае іх «высокі напал думкі, паважлівае стаўленне да роднага слова, глыбокае асэнсаванне з’яў роднай гісторыі і сённяшняга дня». А гэта па самой сваёй сутнасці не можа быць нецікавым. Асабліва тады, калі сагрэта душэўнай цеплынёй і ахінута шчырымі эмоцыямі. 

І на што яшчэ хацелася б звярнуць увагу? Гэта маё не зусім традыцыйнае назіранне. Міжволі заўважыў, як шчодра надзяляе аўтар свае творы словам, якое, відаць, моцна імпануе яму. Простае і звычайнае слова — «зноў». Не паленаваўся падлічыць. У кнізе ўсяго 85 твораў. А слова «зноў» паўтараецца 68 разоў. Нават у назвах вершаў яно ўжыта 9 разоў. Напрыклад: «***Убачу зноў: ля ціхай рэчкі...», «***Зноў пацягне на сцежку лясную...», «***Зноў лупіць дождж па падваконні...», «***Зноў ранак лужы выстудзіў да дна...» Мне бачыцца, што сэнс гэтага слова раскрываецца праз пэўны паўтор таго памятнага і прыемнага, што адчуваў (а гэтае адчуванне не згубілася і дагэтуль) паэт. Праз тое, што нязводна жыве ў памяці і пачуццях аўтара, да чаго яму хочацца звяртацца зноў і зноў. Бо памятнае і адметнае, бо сведчыць пра цесную повязь мінулага і сённяшняга з заўтрашнім. Як сказаў сам паэт, «Без учора не будзе і заўтра». 

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Тэатр

Сяргей Кавальчык: Самае каштоўнае ў жыцці даецца бясплатна

Сяргей Кавальчык: Самае каштоўнае ў жыцці даецца бясплатна

Размова з мастацкім кіраўніком тэатра імя М. Горкага.