Вы тут

Чым займаліся на экалагічным форуме ў Століне


Напрыканцы Экалагічнага тыдня ў Беларусі адбыўся XVІІ Рэспубліканскі экалагічны форум, прымеркаваны да Года міру і стваральнай працы. Больш за 400 прадстаўнікоў грамадства сабраліся ў Століне для абмеркавання пытанняў аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага карыстання прыроднымі рэсурсамі, павышэння экалагічнай культуры і папулярызацыі экалагічнага руху сярод насельніцтва краіны.


Для сувязі пакаленняў і здаровага асяроддзя

Стартаваў форум з урачыстага парада дэлегатаў. Па цэнтральнай вуліцы горада да плошчы, дзе размясцілася галоўная пляцоўка мерапрыемства, прайшлі прадстаўнікі Мінпрыроды і падпарадкаваных ёй арганізацый, мясцовых тэрытарыяльных органаў улады, устаноў адукацыі, навукі і культуры, грамадскіх і экалагічных аб’яднанняў і іншыя. Дарослых і маленькіх удзельнікаў чакаў невялікі, але надта сімвалічны перфоманс ад арганізатараў, пасля якога адбылося афіцыйнае адкрыццё форуму.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык ва ўступным слове падкрэсліў, што асновай для рэалізацыі ўстойлівага развіцця нашай краіны з’яўляецца забеспячэнне здаровага навакольнага асяроддзя, спрыяльных умоў жыцця сучаснага і наступных пакаленняў:

— Галоўныя падзеі Экалагічнага тыдня накіраваны не толькі на прэзентацыю вынікаў, дасягнутых у прыродаахоўнай галіне, але на выяўленне новых перспектыў яе далейшага развіцця.

Пасля ўрачыстых прамоў стартавала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу на найлепшае добраўпарадкаванне паверхневага воднага аб’екта, а таксама супрацоўнікаў прыродаахоўных ведамстваў, грамадскіх экаактывістаў, чыноўнікаў — за дасягненні на ніве аховы навакольнага асяроддзя. Атрымалі знакі падзякі за ўсебаковае бесперапыннае асвятленне экападзей, папулярызацыю экаруху сярод насельніцтва і СМІ. Так, падзяку міністра атрымала карэспандэнт газеты «Гомельская праўда», граматамі Мінпрыроды ўзнагароджаны Міждзяржаўная тэлерадыёкампанія «Мір» і прадстаўніца радыёцэнтра тэлерадыёкампаніі «Магілёў», а ганаровую грамату ўручылі агенцтву «БелТА».

Наступным пунктам дзелавой праграмы быў мітынг-рэквіем памяці ахвяр фашызму ва ўрочышчы Стасіна. Удзельнікі форуму прайшлі «Дарогай памяці і смутку», па якой у 1942–1944 гадах пад дулам аўтамата нацысты і паліцаі правялі на расстрэл 5332 мужчыны, 3620 жанчын і 3548 дзяцей. Члены дэлегацыі ўшанавалі памяць загінулых. Кіраўнік Мінпрыроды заклікаў прысутных ніколі не забываць «жорсткасць, бесчалавечнасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі», а таксама не сыходзіць «з выбранага шляху міру і стваральнай працы».

Закладка алеі ў гарадскім парку «Манькавічы» (помнік прыроды рэспубліканскага значэння, на тэрыторыі якога растуць 35 відаў дрэў і кустоў, у тым ліку дуб паўночны, лістоўніца еўрапейская і іншыя) стала своеасаблівым водгукам на прамову міністра ў Стасіне:

— Дрэвы — сімвал вечнага жыцця, дабра, сувязі пакаленняў. Таму алея, закладзеная ў Год міру і стваральнай працы, стане ўвасабленнем адзінства беларускага народа, беражлівага стаўлення да прыроды, пераемнасці пакаленняў, міру і згоды. Захаванне і прымнажэнне прыгажосці роднай зямлі — праява любові да Радзімы і жадання зрабіць яе лепшай, больш утульнай і прыгожай.

Для рэалізацыі МУР і экатурызму

Пасля закладкі алеі распачалася работа на дыскусійных пляцоўках. На канферэнцыі «Міжсектаральнае супрацоўніцтва ў кантэксце дасягнення МУР», што сабрала за адным сталом нацыянальнага каардынатара МУР і прадстаўнікоў Мінпрыроды, Міністэрства эканомікі, Міністэрства лясной гаспадаркі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ПРААН, маладзёжных паслоў МУР, абмяркоўваліся меры, якія прымаюцца ў нашай краіне (на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях), для рэалізацыі экалагічных Мэт устойлівага развіцця.

У цэнтры ўвагі трох сесій — сучасны стан і сістэмныя кліматычныя рашэнні ў кантэксце МУР, пытанні фінансавання дадзенай дзейнасці. У прыватнасці, былі агучаны меры, якія прымаюцца для забеспячэння ўсеагульнага доступу да недарагіх, надзейных і сучасных крыніц энергіі, стварэння спрыяльных умоў для жыцця грамадзян і аховы навакольнага асяроддзя, змякчэння наступстваў змены клімату і іншыя.

Стан і перспектывы развіцця маніторынгу атмасфернага паветра, фарміраванне сістэмы айчыннага радыяцыйнага маніторынгу, інфармацыйныя рэсурсы Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра «Белгідрамета» — гэтым і іншым пытанням была прысвечана навукова-практычная канферэнцыя, прымеркаваная да юбілею Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Блакітныя чыстыя рэкі і азёры, густыя велічныя лясы, унікальныя балотныя масівы — шматгранная прырода нашай краіны вельмі пасуе для папулярызацыі экатурызму. Найбольшую прывабнасць пры гэтым маюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (ААПТ), таму цэнтральнай тэмай на круглым стале «Развіццё экалагічнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь» было пытанне захавання экасістэм і біяразнастайнасці ва ўмовах развіцця экатурызму. Шмат увагі таксама аддавалася стварэнню ўмоў і вызначэнню патрабаванняў экасертыфікацыі экатурыстычных прадуктаў, практыцы валанцёрства, арганізацыі экатурыстычных маршрутаў і іншых паслуг у розных заказніках, запаведніках і на ААПТ — не толькі ў нашай краіне, але і ў Расійскай Федэрацыі.

Аб перспектывах развіцця мінеральна-сыравіннай базы Брэсцкага Палесся пагаварылі на аднайменным круглым стале. Былі прадстаўлены вынікі праведзеных геолагаразведачных работ, дзякуючы якім знойдзены ўнікальныя радовішчы базальтаў і туфаў — Навадворскае (Пінскі раён) і пяску — Хаціслаўскае Заходняе (Маларыцкі раён). Першае плануецца выкарыстоўваць для вырабу базальтавых нітак, мінералаватных пліт, тратуарнай пліткі, другое — у нафтаразведцы. Гэтыя знаходкі дазваляюць поўнасцю адмовіцца ад адпаведнага імпарту.

Пабыць метэаролагам і сартавальнікам

Адначасова з канферэнцыямі і круглымі сталамі ў гарадскім парку працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі «Зялёныя школы», арганізаваныя Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. Наведвальнікам былі прапанаваны дзіцячыя і падлеткавыя навукова-даследчыя праекты, выстава дасягненняў розных экааб’яднанняў, інавацыйныя гульні і майстар-класы. Так, можна было паглядзець на мурашыную ферму і домік для зімоўкі розных казюлек, прыняць удзел у гульні на хуткасць сартавання смецця, праверыць узровень ведаў на экаквізе «Кліматычныя выклікі і рашэнні», паспрабаваць самастойна скласці пуцявую карту МУР (з мерамі па іх рэалізацыі). Нават адчуць сябе метэаролагам: самастойна правесці аналіз якасці вады, паветра, зрабіць іншыя метэавымярэнні на мабільнай станцыі надвор’я «TAKMET». Інтэрактывы ўпадабалі не толькі ўдзельнікі форуму, але і мясцовыя жыхары — некаторыя пляцоўкі выклікалі такі ажыятаж, што было цяжка нават проста паглядзець, што адбываецца на тым ці іншым стале.

Небяспечныя адходы, папулярныя рыбы і рэдкія расліны

На другі дзень форуму прайшоў круглы стол, прысвечаны ў асноўным абыходжанню з небяспечнымі адходамі, іх уздзеянню на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, умовам збору, захоўвання і перапрацоўкі, асаблівасцям уліку даных пра цяжкія арганічныя забруджвальнікі ў краіне. Аднак на мерапрыемстве таксама былі абмеркаваны некаторыя аспекты барацьбы са зменамі клімату і ўнёскам нашай краіны ў выкананне мэт Парыжскага пагаднення.

Падчас форуму адбылося зарыбленне вадасховішча Дубянецкае (Вялікія Арлы). Яно карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод мясцовых рыбаловаў, таму папуляцыя рыбы не паспявае аднаўляцца. Своечасовая дапамога прыйшла ў асобе профільных ведамстваў, накшталт Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, прадстаўнікі якога і запусцілі сумесна з Мінпрыроды ў вадаём белых амураў, таўсталобікаў, самоў, шчупакоў.

Яшчэ адна цікавая экалагічная акцыя — адкрыццё заказніка мясцовага прызначэння «Пойма Льва» (плошча — 2399,4 га), які павінен забяспечваць дзейсную ахову ўнікальнага для Беларускага Палесся лесабалотнага комплексу. Менавіта тут жывуць пяць відаў чырванакніжных птушак (вялікі грыцук (кулік), драч, белая сініца, чапля-лазянік, валасянка-белашыйка), а таксама знаходзяцца біятопы двух відаў раслін — гарлачык белы і сальвінія плавальная.

Фінальным акордам 

XVІІ Рэспубліканскага экалагічнага форуму стаў фестываль коней «Палеская ніва — 2023» у аграгарадку Рэмель (Столінскі раён). Дарэчы, на пачатку ўрачыстай цырымоніі лінуў даволі моцны дождж, але нават кепскае надвор’е не сапсавала падвядзення вынікаў мерапрыемства. Андрэй Худык падзякаваў прадстаўнікам улады Брэсцкай вобласці і Столінскага раёна, таксама ад імя ўсіх дэлегатаў форуму звярнуўся да сусветнай грамадскасці з заявай аб недапушчальнасці ўмяшання палітыкі ў экалогію, абмежавання правоў чалавека на экалагічнае, здаровае і ўстойлівае навакольнае асяроддзе, а яшчэ заклікаў да неадкладнага аб’яднання намаганняў усіх краін свету для зніжэння негатыўнага ўздзеяння чалавека на ключавыя экасістэмы Зямлі ў мэтах іх хуткага аднаўлення. Гэты зварот будзе накір аваны ў міжнародныя арганізацыі і сакратарыяты міжнародных дагавораў у галіне аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і змякчэння наступстваў змен клімату.


У якасці культурна-забаўляльнай праграмы для ўдзельнікаў і гасцей форуму былі арганізаваны канцэрт-прывітанне «Мы за зялёны свет і стваральную працу», розныя атракцыёны і інтэрактыўныя пляцоўкі. Можна было наведацца ў Музей драўляных скульптур, Музей-сядзібу ганчара, трапіць на экскурсію на экасцежку «Альманскія балоты».

Вялікі наплыў людзей выклікалі традыцыйныя і экалагічныя вырабы мясцовых рамеснікаў. Наогул нельга не адзначыць кранальнае імкненне палешукоў — ад дарослых да дзетак — зрабіць свой унёсак у экасвята рэгіёна. Па меркаванні Валерыя Бельскага, намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, такія адносіны да экалогіі, уздым экаруху ў беларускім грамадстве ў цэлым — сведчанне вялікай «экаасветніцкай работы з насельніцтвам, значнай часткай якой з’яўляецца і XVІІ Республіканскі экалагічны форум».

Александрына ПАРШЫНА

Фота аўтара і Андрэя КАРАБЕЛЬНІКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».