Вы тут

Анамальная цеплыня і яе наступствы


Гэтым летам у нас нарадзіўся новы тэрмін — трапічныя ночы — калі ў цёмны час сутак тэмпература паветра не апускаецца ніжэй за 20 цяпла. У сувязі са зменамі клімату ва ўсім свеце расце тэмпература паветра. Таксама павялічваецца канцэнтрацыя дыяксіду вугляроду ў атмасферы, расце ўзровень Сусветнага акіяна, скарачаецца маса мацерыковых ільдоў. Гэта ўсё цікава, але... пацяпленне на нашых шыротах мяняе нават цёплы сезон.


І таму лета бягучага года стала адным з самых цёплых за ўвесь час інструментальных назіранняў у нашай краіне. Пра гэта ў прэс-цэнтры БелТА расказала начальнік службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Наталля Суслава.

У гарадах удзень — амаль 35 градусаў, а ўначы дыхаць няма чым

Гэтае лета не стала выключэннем з шэрагу цёплых сезонаў перыяду пацяплення, які пачаўся ў канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за летні сезон склала плюс 19 градусаў, што на адзін градус вышэй за кліматычную норму. Лета сёлета заняло восьмае месца ў ранжыраваным радзе назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага сезона, пачынаючы з 1881 года.

У абласным разрэзе найбольшае значэнне дадатных анамалій тэмпературы паветра адзначана ў Гродзенскай вобласці — там лета было цяплейшае, чым звычайна, на 1,2 градуса, а ў Магілёўскай вобласці адхіленні былі найменшымі — 0,9 градуса.

Паводле разлікаў Наталлі Суславай, максімальная тэмпература паветра сёлетнім летам — плюс 34,5 градуса — была адзначана 6 жніўня на станцыі Лельчыцы. Мінімальная тэмпература паветра ў гэты сезон была адзначана на станцыі Палеская 4 чэрвеня і склала мінус 1,1 градуса. Дарэчы, абсалютны максімум па тэмпературы ў нашай краіне быў зарэгістраваны ў жніўні 2010 года і склаў плюс 38,9 градуса.

Сёлета гарачымі сталі не ўсе запар месяцы сезона. Тэмпературны рэжым лета быў рэзка неаднародны. «Цёплымі былі чэрвень і жнівень, а ліпень быў нават трохі халаднейшы ад звычайнага», — падкрэсліла спецыяліст.

Чэрвень. Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за згаданы месяц склала 17,7 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 0,7 градуса. Месяц пачаўся з халоднай першай дэкады з тэмпературай паветра на 0,8 градуса ніжэй за норму. Другая і трэцяя дэкады былі нават суперцёплымі, з дадатнай анамаліяй, роўнай 1,1 і 1,7 градуса адпаведна. У чэрвені таксама было адзначана ад аднаго да пяці дзён з максімальнай тэмпературай паветра плюс 30 градусаў і больш, пры норме для дадзенага месяца 1-3 дні. Максімальнага значэння ў плюс 31,5 градуса тэмпература паветра дасягнула 18 чэрвеня на станцыі Вілейка.

Ліпень. Сярэдняя па Беларусі тэмпература паветра за другі месяц лета 2023 года склала 18,6 градуса, што ніжэй за кліматычную норму на 0,3 градуса. Першая і другая дэкады былі цёплымі з дадатнай анамаліяй, роўнай 0,8 і 0,3 градуса адпаведна. Трэцяя дэкада месяца была халоднай з адмоўнай анамаліяй, роўнай 1,8 градуса.

Максімальнага значэння ў плюс 34,3 градуса тэмпература паветра дасягнула 17 ліпеня на станцыі Лельчыцы, мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Езярышча 13 ліпеня і склала плюс 3,9 градуса.

Тады некаторыя вельмі ўражлівыя людзі ўжо ў канцы ліпеня пачалі крычаць, што глабальнае пацяпленне перавярнулася, а лета ўжо скончылася. Трэці месяц лета ўсё расставіў на свае месцы.

Жнівень. Сярэдняя па краіне тэмпература паветра за месяц склала плюс 20,7 градуса, што вышэй за кліматычную норму на 2,7 градуса. «Гэты месяц заняў другое месца ў ранжыраваным радзе назіранняў ад самага цёплага да самага халоднага, пачынаючы з 1945 года. Сярэдняя тэмпература паветра ўсіх трох дэкад была вышэйшая за норму. Вельмі гарачымі выдаліся другая і трэцяя дэкады з дадатнай анамаліяй 3,6 і 3,7 градуса адпаведна. Максімальнага значэння ў плюс 34,5 градуса тэмпература паветра дасягнула 6 жніўня на станцыі Лельчыцы, мінімальная тэмпература паветра адзначана на станцыі Бярэзінскі запаведнік 9 жніўня і склала плюс 5,9 градуса», — паведаміла Наталля Суслава.

Менавіта ў другой і трэцяй дэкадзе жніўня айчынныя сіноптыкі сталі выкарыстоўваць новы тэрмін «трапічныя ночы», гэта калі на працягу 3-5 сутак тэмпература паветра не апускаецца ніжэй за 20 градусаў. У сёлетнім сезоне былі нават зафіксаваны тры дні, калі тэмпература ўначы не апускалася ніжэй 22 градусаў.

Калі тэмпература вялікая, а дажджоў мала — чакай бяды

Наталля Суслава адзначыла, што анамальнае цяпло ў пачатку лета суправаджалася адсутнасцю дажджоў. Адзначаючы асаблівасці мінулага гарачага сезона, яна заявіла, што з 1 да 27 чэрвеня месцамі па краіне, а ў перыяд з 1 да 9 чэрвеня ў многіх раёнах Гомельскай вобласці, на большай частцы тэрыторыі Мінскай вобласці з 4 да 19 чэрвеня і з 6 да 9 чэрвеня ў большасці раёнаў Магілёўскай вобласці назіралася надзвычайная пажарная небяспека — 5-ы клас.

Амаль увесь чэрвень на нашай тэрыторыі не было ападкаў, што прывяло да зніжэння запасаў вільгаці ў глебе. У гэты час у большасці раёнаў краіны адзначалася глебавая засуха рознай інтэнсіўнасці. У шэрагу рэгіёнаў засуха дасягнула крытэрыю небяспечнай аграметэаралагічнай з’явы. Нізкія запасы прадукцыйнай вільгаці ў глебе захоўваліся месяц і больш, што негатыўна адбівалася на нарастанні вегетатыўнай масы і фарміраванні каласавых і збожжавых культур, адрастання траў.

«Неспрыяльнымі былі ўмовы для росту сцябла лёну. У асобныя дні ліпеня адзначаліся моцныя дажджы і ліўні, калі за 12 гадзін выпадала ад 15 да 42 міліметраў ападкаў», — распавяла Наталля Суслава.

На працягу ўсяго летняга перыяду ў асобных раёнах Беларусі адзначалася ўзмацненне ветру парывамі да 15 метраў у секунду і больш. «Месцамі яго хуткасць дасягала крытэрыю небяспечнай гідраметэаралагічнай з’явы — 25 м/с і больш. Максімальная хуткасць ветру зафіксавана 20 жніўня на станцыі Драгічын — 27 м/с і 7 жніўня на грамадзянскай авіяцыйнай метэаралагічнай станцыі Орша — 36 м/с. А 22 ліпеня ў раёне Мінскага мора адзначана досыць рэдкая з’ява — смерч», — падкрэсліла яна.

За летні сезон 2023 года ў сярэднім па Беларусі выпала 228,8 міліметра ападкаў, што склала 101% кліматычнай нормы. У абласным разрэзе найбольшая колькасць ападкаў выпала ў Магілёўскай вобласці — 238,7 міліметра (108% кліматычнай нормы). Найменшая колькасць ападкаў выпала ў Гродзенскай вобласці — 201 міліметр, або 90% кліматычнай нормы.

«На працягу сезона ападкі выпадалі нераўнамерна. Перыяды са значнымі ападкамі чаргаваліся з засушлівымі. За сезон на большай частцы тэрыторыі краіны адзначана ад 14 да 23 дзён з ападкамі больш за міліметр, толькі ў асобных раёнах 24–30 міліметраў пры норме 26–31 міліметра», — паведаміла Наталля Суслава.

За чэрвень у сярэднім па краіне выпала 61,4 міліметра ападкаў, што склала 85% кліматычнай нормы. Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Брэсцкай вобласці — 86,5 міліметра, або 121% нормы. Менш за ўсё назіралася дажджоў на тэрыторыі Віцебскай вобласці — 29,5 міліметра ападкаў, або 39% нормы. Чэрвень заняў другое месца ў ранжыраваным радзе назіранняў ад самага засушлівага да самага вільготнага месяца, пачынаючы з 1945 года.

За ліпень у сярэднім выпала 85,9 міліметра ападкаў, што склала 96% кліматычнай нормы. Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Магілёўскай вобласці — 109,5 міліметра, або 125% нормы, менш за ўсё на тэрыторыі Гродзенскай вобласці — 62,4 міліметра, або 70% нормы.

У сувязі з павышэннем тэмпературы паветра мы адзначаем цяпер павелічэнне кліматычнага лета. У нас павялічваецца больш цёплы перыяд. Напрыклад, кліматычнае лета за апошнія 30 гадоў у сярэднім павялічылася на 7–9 дзён.

У жніўні нас наогул заліло. У гэты месяц выпала 81,5 міліметра ападкаў, што склала 128% кліматычнай нормы. Па абласцях больш за ўсё ападкаў адзначана на тэрыторыі Віцебскай вобласці — 113,7 міліметра, або 159% нормы. Менш за ўсё — на тэрыторыі Магілёўскай вобласці — 63,9 міліметра, або 104% нормы. Летнія дажджы насілі пераважна ліўневы характар, месцамі суправаджаліся навальніцамі і выпадзеннем граду.

Аграрыі ведаюць, што ім рабіць

Эксперты імкнуцца дакладна рэагаваць на змены клімату, якія адбываюцца, адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Каскевіч. Змены ў прыродзе адбываюцца цыклічна і паступова яшчэ з васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. «Увесь гэты час Мінсельгасхарч своечасова адсочваў сітуацыю па змяненні клімату — нам паступалі бюлетэні і інфармацыя ад нашых навуковых інстытутаў з нагоды таго, што трэба прымаць меры, змяняць падыходы па вырошчванні сельгаскультур. Апошнім міністэрства цяпер актыўна займаецца. У першую чаргу гэта змяненне структуры пасяўных плошчаў. У збожжавай групе сталі пераважаць азімыя культуры — іх узровень вырас да 60%. Сяўба азімых збожжавых культур дазволіла нам кампенсаваць рэзкія перапады па тэмпературным рэжыме, ападках. Яны больш пластычныя, бяруць вільгаць не восенню, а вясной. За кошт гэтага дзякуючы свайму інтэнсіўнаму росту вясной даюць вялікі прырост і ўраджай. Усе тыя нюансы штогод адзначаліся і вялася планамерная работа па павелічэнні такіх культур.

Мы глядзелі, і якія культуры больш кліматычна ўстойлівыя, у выніку ў структуры пасяўных плошчаў з’явіўся азімы ячмень. На сяўбу дадзенай культуры плануецца вылучыць досыць вялікія плошчы. Павялічыліся плошчы сяўбы пад азімы рапс — сёлета пасеяна згаданай культуры 421 тысяча гектараў. Таму на кліматычныя змены, якія адбываюцца, мы выразна рэагуем», — падкрэсліў ён.

Іван Каскевіч дадаў, што актыўна ў падобную работу ўключана навука, аднак асноўная работа ідзе ў полі. «Мы пішам рэкамендацыі і адпрацоўваем тое, што ёсць па выніках нашай дзейнасці, — працягнуў ён. — Задача па харчовай бяспецы, якая перад намі стаіць, нават нягледзячы на складаны год, выканана. Мы атрымалі больш за шэсць мільёнаў тон збожжавых каласавых у бункернай вазе, амаль мільён насення рапсу на алей. Панікі ў нас няма, ёсць планамерная работа. Мы забяспечваем краіну харчаваннем, перапрацоўку — сыравінай, а таксама забяспечваем экспарт».

Са слоў спецыяліста, з травой усё больш складана. «Травы выгараюць. Сёлета мы ўжо пасеялі 116 тысяч гектараў люцэрны, што складае 231% да ўзроўню мінулага года. Гэта значыць бяром травы, устойлівыя да засухі, перападаў тэмпературы, і працуем з імі. Таксама задзейнічалі пойменныя землі, — расказаў ён. — Займаемся перазалужэннем. У нас велізарная колькасць плошчаў, якія знаходзяцца на лугавых пашах. Сёлета мы ўжо перазалужылі 150 тысяч гектараў».

Іван Каскевіч адзначыў, што ў розных частках Беларусі розныя кліматычныя ўмовы, таму культуры і плошчы на сяўбу падбіраюцца ў кожным рэгіёне індывідуальна. «Акрамя таго, кукуруза — вельмі эфектыўная культура. Яна інтэнсіўна адрастае, тэхналогія адпрацаваная. Вельмі спадзяёмся на гэты год. Праўда, пачатак года прымусіў пахвалявацца нават дасведчаных аграномаў. Усходы і пасевы былі нераўнамерныя, яна хвалепадобна падымалася. Цяпер ідзе ўборка, і мы бачым, што не пралічыліся з гэтай культурай. Для нас таксама найбольш важна закрыць пытанне з кармамі», — сказаў на заканчэнне ён.

Больш за 500 пажараў было своечасова патушана

Экалагічныя праблемы, звязаныя са змяненнем клімату, знаходзяцца пад пільнай увагай экспертаў, адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Віктар Звяртоўскі. «Штогод мы назіраем за зменамі клімату. Умовы надвор’я пажаранебяспечнага сезона 2023 года былі аднымі з самых экстрэмальных. Нягледзячы на анамальнае надвор’е і ўзрослую колькасць пажараў, аператыўныя дзеянні Дзяржлесаховы дазволілі ўдвая знізіць сярэднюю плошчу ляснога пажару ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года. Па выніках даклада Прэзідэнту краіны міністра лясной гаспадаркі Аляксандра Куліка кіраўнік дзяржавы даў высокую ацэнку рабоце лясгасаў у працяглы перыяд спёкі і засухі. Да гэтага прывялі нашы планамерныя дзеянні», — дадаў Віктар Звяртоўскі.

Лесапажарная служба Мінлясгаса ліквідавала 503 пажары на агульнай плошчы 236 гектараў, сярэдняя плошча якіх склала 0,47 гектара. «Аператыўна выяўляць лясныя пажары дазваляе сетка пажарна-наглядальных мачтаў у колькасці 699 адзінак. Гэтыя вышкі абсталяваны больш чым 800 відэакамерамі, якія ахопліваюць амаль увесь лясны фонд. На працягу апошніх пяці гадоў Міністэрства лясной гаспадаркі ўкараняе аўтаматызаваную сістэму відэаназірання, якая вызначае задымленне і сігналізуе пра гэта. Да пачатку наступнага года мы ўжо плануем закрыць ёю цалкам 100% ляснога фонду», — адзначыў спецыяліст Мінлясгаса.

Для ўзмацнення матэрыяльна-тэхнічнай базы лясгасаў праводзяцца мерапрыемствы па абнаўленні парка тэхнікі, у тым ліку пажарных аўтамабіляў. На ўзбраенні Дзяржлесаховы маецца 948 ёмістасцяў для падвозу вады, больш за 290 лесапажарных модуляў, 577 пажарных аўтамабіляў, у тым ліку 174 адзінкі тэхнікі набыта за апошнія два гады. Маецца 34 гусенічныя ўсюдыходы, 20 з якіх перададзены ў адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы ў 2016 годзе ад Міністэрства абароны і пераабсталяваны для тушэння лясных пажараў у цяжкадаступных месцах. У цэлым у краіне маецца 261 пажарна-хімічная станцыя, 663 пункты супрацьпажарнага інвентару. У мэтах ліквідацыі буйных стыхійных бедстваў створана пяць узбуйненых пажарна-хімічных станцый — гэта рэзервовыя пункты запасаў неабходных сродкаў пажаратушэння для ліквідацыі буйных надзвычайных сітуацый.

Тэрыторыю ляснога фонду ахоўвае каля 12 тысяч службовых асоб Дзяржлесаховы. «Як і раней, у гэты пажаранебяспечны сезон у нас цесна наладжана і функцыянуе лічбавая радыёсувязь, якая дазваляе незалежна ад наяўнасці сотавай сувязі ажыццяўляць узаемадзеянне лясной аховы як паміж сабой, так і з тэрытарыяльнымі органамі МНС. Важкі ўклад уносіць і тлумачальная работа сярод насельніцтва па беражлівым стаўленні да лесу, захаванні патрабаванняў пажарнай бяспекі пры наведванні лясоў. Для зручнасці грамадзян Мінлясгас распрацаваў інтэрактыўную карту забарон і абмежаванняў на наведванне лясоў, якая размешчана на сайце ведамства. Забароны і абмежаванні ўводзяцца па рашэнні мясцовых органаў улады», — растлумачыў Віктар Звяртоўскі.

У мэтах недапушчэння распаўсюджвання пажараў праводзіцца і супрацьпажарнае ўладкаванне ляснога фонду. Агульная працягласць сеткі супрацьпажарных разрываў і ахоўных мінімальных палос складае каля 250 тысяч кіламетраў. «Таксама ў адпаведнасці з дзяржпраграмай „Беларускі лес“ у нас штогод будуецца больш за сто кіламетраў лесагаспадарчых дарог, што дазваляе пры неабходнасці аператыўна прыбыць да месца ўзнікнення пажараў», — сказаў у завяршэнне ён.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Шчодры сезон. Карэспандэнт «Звязды» даведалася, што пачым сёлета на сезонных сельгаскірмашах

Цэны на кірмашах сёлета сапраўды значна ніжэйшыя, чым на пастаянных рынках.

Здароўе

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

І зноў рыбін тлушч. У чым яго карысць, і як выбраць эфектыўныя капсулы?

Кожны год навукоўцы знаходзяць новую суперсілу амегі.

Культура

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці  для іншых маладых кінематаграфістаў»

Кірыл Халецкі: «Мой дэбют адкрые магчымасці для іншых маладых кінематаграфістаў»

З рэжысёрам «Кіношнікаў» — наша размова пра мары і іх увасабленне ў рэальнасць.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?