Вы тут

«Я не чараўнік, я — настаўнік!»


«Я магу быць актрысай, спявачкай, пісьменнікам, сцэнарыстам, прадзюсарам і нават дызайнерам. Журналістам, пастаноўшчыкам, загадкавай істотай. Але я не чараўнік, я — настаўнік! Любіць, навучаць матываваць. Слухаць і быць правадніком, натхняць, дапамагаць — мая місія». Менавіта так апісала сутнасць сваёй прафесіі настаўніца англійскай мовы з пінскай гімназіі № 2 Вольга Шчарбакова. Яе педагагічнае крэда: самае важнае ў адукацыі — чалавек. Яна і яшчэ 55 найлепшых педагогаў з усіх рэгіёнаў краіны ў найбліжэйшыя дзесяць дзён будуць прэзентаваць свой педагагічны вопыт у фінале Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь 2023», які ўрачыста адкрыўся ў сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.


Конкурс праводзіцца раз на тры гады ў чатыры этапы: школьны, раённы, абласны і рэспубліканскі па васьмі прадметных намінацыях. Сярэдні стаж педагагічнай дзейнасці фіналістаў — 15,5 года. Пятнаццаць педагогаў маюць стаж да дзесяці гадоў, 27 педагогаў — да 20 гадоў і 13 педагогаў — да 30 гадоў. Найбольшы стаж работы (31 год) у настаўніка біялогіі са слуцкай гімназіі № 1 Іны Хаўстовіч.

«Конкурс „Настаўнік года“ — адна з самых яркіх падзей у сістэме адукацыі, — падкрэсліў падчас цырымоніі адкрыцця першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч. — Значэнне конкурсу прафесійнага майстэрства, асабліва ў такой важнай сацыяльнай сферы, як навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, цяжка пераацаніць. Будучыня краіны наўпрост залежыць ад сучасных педагогаў, іх прафесіяналізму, адказнага і якаснага выканання імі грамадзянскага і грамадскага абавязку. Бо якіх бы поспехаў у жыцці ні дасягнуў чалавек, найважнейшую ролю ў станаўленні яго асобы іграюць менавіта педагогі. Менавіта прадстаўнікамі надзвычай патрэбнай і высакароднай прафесіі шмат у чым вызначаецца тое, якімі стануць нашы дзеці, якія веды яны здабудуць, які жыццёвы шлях абяруць. Прафесія настаўніка заўсёды была высокапаважанай, шануемай і асабліва важнай у любым грамадстве і дзяржаве. Чым больш маштабныя задачы дзяржава і народ ставіць у сваім развіцці, тым больш павагі да працы настаўніка. Мы ведаем, як шмат у нашых школах ініцыятыў, як шмат творчасці, добрых і спагадлівых людзей. І я перакананы, што тыя, хто ўдзельнічаюць у гэтым конкурсе, прыйдзе пасля на ўрокі да сваіх вучняў з новымі ідэямі, новымі планамі і з вялікім душэўным пад’ёмам. Няважна, хто пераможа, таму што ў гэтым конкурсе не бывае тых, хто прайграў, бо самае галоўнае — усведамленне сваёй індывідуальнасці, важнасці абранай прафесіі для грамадства і будучыні краіны. Мы верым, што кожны канкурсант падорыць бляск сапраўднага майстэрства, і новыя імёны таленавітых педагогаў хутка ўліюцца ў гісторыю айчыннай адукацыі. Няхай конкурс стане для вас не толькі вяршыняй вашых прафесійных дасягненняў, але і стартавай пляцоўкай для новых перамог і здзяйсненняў. Няхай гэты конкурс стане не толькі спаборніцтвам, а сапраўдным яркім святам...»

Старшыня журы конкурсу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ірына Рынейская назвала конкурс «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» конкурсам прафесійнай сілы духу. Яна лічыць сімвалічным адкрыццё педагагічнага форуму адразу пасля святкавання краінай самага маладога дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства. «Памятайце, што за вамі стаяць вашы педагагічныя калектывы, вашы рэгіёны і вашы вучні, асабістыя перамогі якіх — гэта вашы асабістыя перамогі, — звярнулася яна да канкурсантаў. — Будзьце настойлівымі, мэтанакіраванымі, будзьце дастойны высокага і ганаровага звання настаўніка. Вы ўсе ўжо пераможцы...»

— Конкурс трыццаць гадоў з’яўляецца знакавым не толькі для яго ўдзельнікаў, але і для ўсёй педагагічнай супольнасці, — лічыць дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 1997» Валянціна Гінчук. — Удзельнікам ён дае магутны стымул для прафесійнага развіцця і росту, а яшчэ — крылы за спінай. А для сістэмы адукацыі — гэта магчымасць знайсці інавацыйныя ідэі і ўкараніць іх у адукацыйную практыку. А яшчэ конкурс — выдатная падстава задумацца пра гістарычную місію настаўніка ва ўсе часы. Сёння настаўнік — той, хто фарміруе духоўнае і маральнае аблічча нацыі. Вельмі вялікая адказнасць ляжыць на педагогах... Паважаныя канкурсанты, жадаю вам поўнасцю раскрыць свой патэнцыял, здзівіць журы сваімі знаходкамі, а яшчэ — атрымаць сапраўднае задавальненне ад зносін адно з адным. Добрых вам, удумлівых вучняў і такіх жа калег на майстар-класах.

Пасля ўрачыстага адкрыцця на сцэне актавай залы БДПУ прайшло першае конкурснае мерапрыемства — самапрадстаўленне. Прыгожыя, яркія, кемлівыя, прафесійныя — усе ўдзельнікі фіналу змаглі праявіць і паказаць сябе.

Прафесійнае крэда настаўніцы матэматыкі з ляхавіцкай гімназіі Таццяны Крапіневіч — вучыць для жыцця, таму што матэматыка — не проста школьны прадмет. «Яна патрэбна, каб раскрыць перад сабой бясконцыя магчымасці выкарыстання матэматычных ведаў, каб бачыць матэматыку ў класе, дома, на вуліцы, у магазіне — паўсюдна, дзе можна прымяняць яе логіку і метады», — кажа яна. Спалучаючы тэорыю з практыкай, настаўніца рыхтуе сваіх вучняў да рэальнасці. На думку настаўніцы, матэматыка можа быць вельмі эмацыянальнай навукай. Эмацыянальнае ўцягванне робіць навучанне па-сапраўднаму незабыўным вопытам. Гэта яна і паспрабавала даказаць у сваім конкурсным выступленні.

Трэба дадаць, што суперфінал заключнага этапу конкурсу пройдзе 27 верасня ў актавай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Удзел у ім возьмуць пераможцы ў кожнай з прадметных намінацый. А 28 верасня, напярэдадні Дня настаўніка, у Палацы рэспублікі адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.