Вы тут

Семукацкі сельсавет дапамог увекавечыць імя


Калі гаворка ідзе пра адраджэнне памяці, сельскія Саветы дэпутатаў таксама ў баку не застаюцца. Гэтыя ўстановы працуюць непасрэдна з людзьмі і акумулююць усю карысную мясцовую інфармацыю, у тым ліку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Такая работа яшчэ больш актывізавалася, калі пачалося даследаванне фактаў генацыду ў гады вайны.


Пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны, якое знаходзіцца ў лесе непадалёк ад вёскі Вазраждзенне, пэўны час даглядалі мясцовыя жыхары. Хто там пахаваны, дакладна яны не ведалі. Пасля таго як інфармацыю ўзяў на заметку сельсавет, атрымалася часткова аднавіць падзеі далёкіх гадоў. Сёлета на магіле замест сціплай абязлічанай пірамідкі з'явіўся гранітны помнік з агароджай, а вакол магілы была пакладзена плітка. Гэтыя работы за бюджэтныя грошы зрабіў Семукацкі сельсавет.

— Пачалося ўсё з таго, што дачніца прыгадала пачутую ў дзяцінстве ад суседкі гісторыю пра пахаванага ў лесе партызана, — удакладняе старшыня Семукацкага сельсавета Тамара Укружская. — Апошнім часам магіла была ў заняпадзе. Мы пра яе нават не ведалі, бо яна знаходзіцца ў цяжкадаступным месцы ў лесе. Пасля таго як мы пра гэта даведаліся, інфармацыя была праверана праз архіў і сапраўды пацвердзілася. У кнізе «Памяць» Магілёўскага раёна мы адшукалі артыкул пра дзейнасць на нашай тэрыторыі 600-га атрада Асмана Касаева. Там жа згадваецца імя аднаго з партызанаў, які загінуў у баі. Гэта Іван Платонавіч Клішкоў, якому на той момант было ўсяго 17 гадоў. Менавіта ён і пахаваны ў лясной магіле. Імя другога героя пакуль застаецца невядомым, але мы яшчэ высвятляем падрабязнасці. Абодва ваявалі ў атрадзе Асмана Касаева і загінулі ў 1943 годзе, калі пайшлі ў разведку. Пахаванне пастаўлена на ўлік як воінскае і акультурана.

Дарэчы, сёлета на тэрыторыі Семукацкага сельсавета абазначана яшчэ адно раней не ўлічанае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яно знаходзіцца каля вёскі Коркаць. На жаль, імя воіна аднавіць не атрымалася.

— Са слоў ураджэнкі вёскі Людмілы Кануннікавай, калі непадалёк ад іх паселішча ішлі вызваленчыя баі, чырвонаармейцы прынеслі байца, — расказвае старшыня сельсавета. — Ён быў цяжка паранены і памёр у дарозе. Таварышы загарнулі яго ў шынель і прыкапалі на ўскрайку могілак. Абяцалі, што вернуцца і пахаваюць яго як мае быць. Але ніхто з таго цяжкага бою не вярнуўся, так што даведацца імя байца не атрымалася. Жыхары пахавалі яго як невядомага. Гэтае пахаванне таксама пастаўлена на ўлік як воінскае. Налета на ім будзе ўстаноўлены помнік.

Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алесі Купцовай, у раёне праводзіцца вялікая работа па ўшанаванні памяці загінулых пры абароне Айчыны грамадзян. У рамках садзейнічання ў расследаванні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны сёлета ў раёне на дзяржаўны ўлік пастаўлены сем раней не ўлічаных воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў (летась — 15). Усяго на тэрыторыі раёна на ўліку знаходзяцца 158 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяр войнаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Семукацкага сельсавета

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».