Вялікі і захапляльны хакей вяртаецца ў Беларусь. 20 верасня на «Мінск-Арэне» хакейны клуб «Дынама-Мінск» правядзе першы дамашні матч у сезоне 2023/2024 Кантынентальнай хакейнай лігі. Хакеісты гатовыя радаваць аматараў прыгожай гульнёй, а сам клуб абяцае для ўсіх, хто прыйдзе на «Мінск-Арэну» захапляльнае шоу. «Зубры» адкрыюць дамашнюю серыю матчам з яраслаўскім «Лакаматывам», а затым на дамашняй пляцоўцы правядуць яшчэ восем гульняў.
У гэтым сезоне «Дынама-Мінск» трэніруе Дзмітрый Квартальнаў, рэкардсмен па перамогах у КХЛ. «Мы не будзем хлопчыкамі для біцця. На кожны матч будзем выходзіць максімальна зараджанымі. Абыякавых на пляцоўцы не будзе. Гэта самае галоўнае. Калі поўная арэна, то нікога не падманеш. Гэта як у тэатры. Няхай ты туды прыйшоў як дылетант, але ўсё роўна разумееш, калі ёсць фальш і нешта не тое. Калі ты не прыняў перадачу, то табе прабачаць, калі ты працуеш, у цябе гараць вочы. Так і мусіць быць. Калі гэтага няма, то навошта выходзіць гуляць?», — адзначаў Дзмітрый Квартальнаў на перадсезоннай прэс-канферэнцыі.
«Мы ўскладаем вялікія спадзяванні на Дзмітрыя Вячаслававіча. Ён дасведчаны і прагрэсіўны трэнер, які прывык перамагаць. Плюс ён добра развівае маладых хакеістаў. Гэта якраз адпавядае абранаму намі кірунку развіцця клуба», — на той жа прэс-канферэнцыі падкрэсліваў Арцём Каркоцкі, генеральны дырэктар «Дынама-Мінск».
«Дынама-Мінск» — адзіны беларускі клуб, які выступае ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Таму ў гэтай камандзе сабраны лепшыя гульцы. Аляксандр Волкаў і Мэдысан Боўі, Джэмэл Сміт — уладальнікі Кубка Стэнлі. Сэм Энас — уладальнік Кубка Колдера. Беларуса Віталя Пінчука абажаюць аматары, пры чым як на трыбунах, так і ў інтэрнеце, ён не проста хакеіст, а сапраўдная зорка ТікТок, а яшчэ адзін з лідараў гонкі бамбардзіраў КХЛ.
Па традыцыі на «Мінск-Арэне» будуць падрыхтаваныя розныя пляцоўкі для аматараў: кідковая зона, дзе можна папробаваць сябе ў ролі хакеіста, ТікТок-лакацыі, пляцоўка для самых маленькіх. У клубе расказалі, што перад кожнай гульнёй мінскага «Дынама» будзе разгорнута яркая перадматчавая праграма са спецэфектамі. На першым матчы на «Мінск-Арэне» балельшчыкаў будуць чакаць 15 тысяч маек ад «Дынама» і партнёра клуба Winline. Гэта падарунак для кожнага ўладальніка абанемента/білета! А яшчэ шоу з led-браслетамі — зорнае неба на «Мінск-Арэне» стане яшчэ ярчэй. Плюс на кожным з васьмі матчаў хатняй серыі будзе «3D Ice Mapping» — аб’ёмная праекцыя на лёд. Такія шоу можна сустрэць у НХЛ і на чэмпіянатах свету
А яшчэ ўпершыню ў КХЛ кожны матч будзе тэматычным. Як расказалі ў клубе, у новым сезоне каманда і аматары стануць сапраўднай сям’ёй, бо будуць улічаны заняткі і хоббі кожнага.
«Шмат дзе бываў. Атмасферу на «Мінск-Арэне» можна параўнаць з матчамі ў НХЛ. Поўныя трыбуны, і людзі прыходзяць менавіта хварэць, перажываць, усё крычаць, устаюць, праяўляюць эмоцыі. У Мінску ідуць на арэну, каб атрымаць задавальненне, падтрымаць каманду. Гэта адчуваецца. Тут умеюць рабіць лепшае спартыўнае шоў, а заўзятары гуляюць сваю ролю, ствараючы гэтую атмасферу",- падзяліўся сваімі ўражаннямі нападаючы «зуброў» Аляксандр Волкаў.
Для таго, каб асабіста адчуць гэтую атмасферу, часу ўсім хопіць — наперадзе 34 дамашнія гульні «Дынама-Мінск». 22 верасня «зубры» сустрэнуцца з «Віцязем» з Балашыхі, 24 верасня — з «Тарпеда» з Ніжняга Ноўгарада. 26 верасня «зубры» прымуць казанскі «АК Барс», а 30 на «Мінск-Арэне» правядуць матч з «Ладай» з Тальяці. На 2 кастрычніка запланаваны матч з «Барсам» з Астаны, на 4-е кастрычніка — піцерскім СКА. Закрые дамашнюю серыю 6 кастрычніка гульня з яраслаўскім «Лакаматывам».
Валерыя СЦЯЦКО
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.