У аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёна пахавалі чырвонаармейца, які загінуў на Смаленшчыне ў 1941 годзе.
З ваеннымі ўшанаваннямі і па праваслаўным абрадзе ў брацкай магіле аграгарадка Пакалюбічы Гомельскага раёна быў пахаваны радавы Чырвонай Арміі Аляксей Зарэцкі. Ён загінуў падчас баёў у жніўні 1941 года непадалёк ад населенага пункта Ратчына Смаленскай вобласці Расіі.
Аляксей Зарэцкі, ураджэнец пасёлка Драготынь Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў пачатку 1930-х гадоў прыехаў на Гомельшчыну. Удзельнічаў у будаўніцтве шклозавода ў пасёлку Касцюкоўка побач з абласным цэнтрам, а потым стаў тут працаваць. Сустрэў дзяўчыну Усцінню, з якой стварыў сям’ю. У 1937 годзе ў іх нарадзілася дачка Тамара.
У медальёне, які знайшлі побач з загінуўшым салдатам, значылася, што 34-гадовы Аляксей Зарэцкі быў прызваны Касцюкоўскім райваенкаматам Гомельскай вобласці.
— Імя Аляксея Маркавіча Зарэцкага да першых дзён вайны значылася ў спісе работнікаў шклозавода па Гомелем. Захаваўся нават ягоны адрас: вуліца Кастрычніцкая, 7-126, — расказвае фатограф, гамяльчанін Андрэй Феакцістаў. — Зараз тут шматпавярховы дом і хутчэй за ўсё, згодна з месцазнаходжаннем будынка, першы пад’езд знаходзіцца якраз там, дзе Аляксей Маркавіч пражываў з жонкай і дачкой.
Андрэй Феакцістаў шмат часу прысвяціў устанаўленню даных пра даваенны жыццёвы шлях і пошуку родных загінуўшага салдата. Па ягонаму меркаванню, Аляксей Зарэцкі пайшоў на фронт добраахвотнікам. Але, на жаль, звестак пра яго захавалася няшмат…
У першыя месяцы вайны адбываліся жорсткія і крывавыя баі, бо вораг меў перавагу ў тэхніцы і жывой сіле. Аднак гітлераўцы, якія вельмі хутка заваёўвалі еўрапейскія краіны, і не здагадваліся, што іх чакае на тэрыторыі Савецкага Саюза, з якой мужнасцю і апантанасцю савецкі народ будзе бараніць сваю Радзіму. Адступалі, але да апошняга змагаліся за кожны кавалак зямлі.
Адна з такіх трагічных старонак пачатку вайны — баі пад Смаленскам. У гісторыю яны ўвойдуць пад назвай «Салаўёва пераправа». Аднак гэта назва ў многім умоўная, бо аб’ядноўвае некалькі населеных пунктаў і цэлы комплекс перапраў, дзе летам 1941 года 16-я і 20-я арміі з баямі прарываліся з нямецкага акружэння.
Пераправа каля сяла Ратчына Кардымаўскага раёна — месца, літаральна палітае крывёю: тыя, хто змог выжыць у гэтым пекле, успаміналі, што воды Дняпра сталі чырвонымі... Дзясяткі нераўнадушных людзей гадамі вядуць пошукавыя работы, каб вярнуць з небыцця імёны сапраўдных герояў, якія баранілі родную зямлю ад фашысцкай навалы. І дагэтуль знаходзяць брацкія магілы і адзінкавыя пахаванні.
Удзельнік расійскага пошукавага руху Павел Пурыхін быў адным з тых, дзякуючы каму салдат вярнуўся не проста з небыцця, а і дадому:
— Вясной гэтага года падчас Вахты памяці ўжо на другі дзень палявых работ мы знайшлі адзінкавае пахаванне і, галоўнае, — медальён з данымі салдата, якія добра захаваліся.
Кіраўнік пошукавага атрада «Пераправа» са Смаленшчыны Наталля Максімава дадала, што ў яе склалася такое адчуванне, быццам салдат ірваўся дадому:
— Гэта вельмі рэдкая справа — устанавіць імёны загінуўшых. Калі мы ехалі на перазахаванне, праязджалі Касцюкоўку, якая зараз уваходзіць у склад Гомеля, то адчулі нейкія асаблівыя перажыванні. Убачылі завод, дзе працаваў Аляксей Маркавіч, пабывалі ў мясцінах, дзе ён шчасліва жыў з жонкай і дачкой да вайны...
Пасля ўстанаўлення імені байца праводзіцца вялікая работа па пошуку родных. Каб знайсці кагосьці з сям’і Зарэцкіх, Наталля Максімава і яе таварышы звярнуліся да сваіх калег і паплечнікаў — у пошукавы клуб «Пунсовыя пагоны» Гомельскага кадэцкага вучылішча. Як расказала кіраўнік прэс-цэнтра ўстановы адукацыі Таццяна Якіменка, якая ўшчыльную займаецца пошукавай дзейнасцю, на гэты раз знайсці нікога не змаглі:
— Мы цесна супрацоўнічаем па розных накірунках з пракуратурай Гомельскага раёна. Калі да нас звярнуліся расійскія калегі, папрасілі дапамогі ў пошуках. Адначасова мы таксама шукалі ў розных адкрытых крыніцах, архівах імёны Усцінні і Тамары Зарэцкіх. На жаль, ніводнага ўпамінання пра іх пасля вайны знайсці не ўдалося. Хутчэй за ўсё, як прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці, яны былі закатаваны ў першыя месяцы акупацыі Гомеля. У абласным цэнтры дзейнічалі чатыры гета, і амаль усе, хто там знаходзіўся, загінулі.
Пракурор Гомельскага раёна Аляксандр Шынкароў падзякаваў удзельнікам расійскага пошукавага руху і асабіста караўніку атрада «Пераправа» Наталлі Максімавай за тое, што дзякуючы іх намаганням салдат Аляксей Зарэцкі вярнуўся дадому праз 82 гады:
— Калі даведаліся, што з Касцюкоўкі быў прызваны такі чалавек, правялі вялікую работу па ўстанаўленні даных пра родных салдата. На жаль, нікога знайсці не змаглі нават на малой радзіме Аляксея Зарэцкага: у Магілёўскай вобласці з-за аварыі на Чарнобыльскай АЭС населены пункт ужо не існуе. Таму Гомельскі райвыканкам і жыхары раёна ўзялі на сябе абавязак па яго перазахаванні.
Падчас жалобнага мітынга Наталля Максімава зазначыла:
— Мы з вамі, беларусамі, звязаны адзінай гісторыяй, болем і Перамогай. У жніўні 1941 года больш за 500 жыхароў Гомельшчыны загінулі ў баях у Смаленскай вобласці, у тым ліку на «Салаўёвай пераправе», калі імкнуліся вырвацца з акружэння самі і дапамагалі зрабіць гэта мірным эжыхарам. Праз два гады тысячы смалян загінулі, вызваляючы Беларусь ад гітлераўцаў. А ў 1945 годзе была адна на ўсіх Перамога.
Застаецца дабавіць, што на радзіму радавога Аляксея Маркавіча Зарэцкага даставілі ўдзельнікі Гомельскага аддзялення знакамітага расійскага мотаклуба «Начныя ваўкі». Расіяне лічаць сябе пераемцамі байцоў 8-га асобнага матацыклетнага палку, якія разам з 55-й аўтамабільнай брыгадай у жніўні 41-га наладжвалі пераправу праз Днепр.
Памінальную службу па воіну, які аддаў жыццё ў барацьбе з ворагам, адслужыў настаяцель пакалюбіцкага храма Аляксандр Аляхновіч.
У завяршэнні траурнай цырымоніі мінутаў маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто загінуў на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Ірына ГРАМЫКА
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА
Інтэрнат у аграгарадку Вялікая Рагозніца ўступіў у эксплуатацыю зусім нядаўна.
Водпуск для дысертацыі, вольныя гадзіны для шматдзетных і дыстанцыйная работа.
Факты для тых, хто сумняваецца, прышчапляцца ці не.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.