Назва рэцэнзіі — алюзія на цытату з твора нядаўна адкрытага мною аўтара: «Чаму ніводнае пакаленне не жадае пакарыстацца крэдытам — беспрацэнтным! — з банка агульначалавечай памяці... Зрэшты, ці можа чалавек пакарыстацца чужой памяццю? Рытм жыцця паскараецца, усе досведы імгненна робяцца ўстарэлымі...» Гаворка ідзе пра аповесць «Дараванне» Алены Брава. Аповесць-перасцярога: без каранёў, ведаў нацыянальнай гісторыі людзі арэчаўляюцца, ператвараюцца ў бяздушныя механізмы, якімі рухаюць толькі жывёльныя інстынкты.
Восьмы нумар часопіса «Нёман» аб’ядноўвае матыў памяці: асабістай, гістарычнай, агульначалавечай. Памяць заўсёды ўбірае ў сябе аксіялагічны кампанент: добрае запамінаецца, дрэннае хочацца забыць. Для чалавека гэта можа быць псіхатэрапеўтычнай падушкай бяспекі ў выпадку, калі дрэнныя ўспаміны траўматычныя і перашкаджаюць працягваць жыццёвы шлях. Тады ўспамінаецца мудрасць: чапляцца за мінулае — значыць здраджваць будучыні.
Але памяць гістарычная не павінна сцірацца з анталагічнай свядомасці грамадства на любым этапе, паколькі з’яўляецца быццёвым падмуркам цывілізацыі.
У гэтым сэнсе чарговы нумар часопіса «Нёман», у якім сабраны разнажанравыя творы са сваімі стылістычнымі і аўтарскімі асаблівасцямі, з’яўляецца самастойнай мастацка-літаратурнай адзінкай. Закончыўшы чытаць часопіс, я захацела перагледзець некаторыя фільмы, схадзіць у гістарычны музей, адкрыць альбом са старымі фатаграфіямі даўно забытых продкаў.
Ідэйна-мастацкім ядром гэтага нумара я б назвала рубрыку «Время. Жизнь. Литература», дзе прадстаўлена фінальная частка мастацкага твора вядомага рэжысёра і пісьменніка Вячаслава Нікіфарава «Ds: Режиссер. Воспоминание о профессии и не только», якое створана па прынцыпе «раман у рамане», толькі тут: фільм у рамане. «Здымаецца» кіно аб дзецях пасля вайны, іх лёсах, трагічных гісторыях. «Здымаецца» кіно па ўспамінах старога рэжысёра. Што наша жыццё? Кіно. Аўтар раскрывае перад чытачом сакрэты сюжэта, героя, кінагульні. Чытач становіцца вучнем, слухачом, гледачом, чытачом адначасова. Так, пашыраецца рэцэптыўная ўстаноўка чытача ў шматабліччы аўтара (пісьменнік, рэжысёр, філосаф).
У кантэксце сучасных тэндэнцый перапісвання гісторыі ці заплюшчвання вачэй на гераічнае і трагічнае мінулае паказ дзяцей падчас вайны і пасля яе — геніяльнае аўтарскае рашэнне. Гэты прыём выкарыстоўваў Ф. М. Дастаеўскі: у яго само жыццё ацэньвалася з пазіцыі «слязінкі дзіцяці». Бо дзецьмі правяраецца ўсё: праўдзівасць гісторыі, вернасць рашэнняў, правільнасць шляху.
Жорсткасць дзяцей, іх помста за несправядлівасць свету (пасля вайны дзеці працягваюць «ваяваць»: дзеці паліцаяў — з дзецьмі герояў, а ёсць яшчэ дзеці ворагаў народа як асобная катэгорыя) — гэта адлюстраванне свету дарослых, свету, які не ведае пакаяння і літасці да слабага.
Па сюжэце аповесці дзеці палююць на шалёнага сабаку, якога ў канцы жорстка забіваюць. Падчас «выканання прысуду» гіне іх сябар-інвалід Алег, які спрабуе абараніць няшчасную жывёліну. Акрываўлены сабака з заціснутай у пашчы драцяной сеткай для лоўлі рыбы становіцца сімвалам бессэнсоўных ахвяр у гісторыі чалавецтва, а таксама душой чалавека, які пакутуе, наогул.
Аўтар узнімае найважнейшыя экзістэнцыянальныя пытанні: каханне, адданасць, радзіма, жыццё і смерць, якія выяўляюцца ў адным і галоўным: дзе мяжа чалавечай свабоды, яго правоў і магчымасцей? «У каждого — своя собака», свой рубікон, кропка незвароту, сваё выпрабаванне. І які чалавек зробіць выбар, так яму і звацца: чалавекам ці фашыстам, што ў кантэксце аповесці раўназначна «карнік», «кат».
Рэжысёр такіх фільмаў, як «Безыменная вышыня», «Кат» Вячаслаў Нікіфараў у творы адлюстроўвае тры галоўныя філасофскія праблемы: я, мір і я ў свеце. Так, мастацкі твор трапляе ў поле анталогіі быцця, становіцца ідэйна-філасофскім трактатам.
Сацыяльна-філасофская тэматыка часопіса таксама прадстаўлена ў цыкле балад Віктара Шніпа «Сквозь века». Балада тут — спавядальна-сімвалічная песня Нямігі, Храма, Белай Вежы, Вераснёўскай ночы, Пылу над дарогай... Лірычны герой — спадарожнік старазапаветнага Ноя. Ён плыве ў сваім каўчэгу на родную зямлю, ён чакае сустрэчы з ёй. Але, каб гэтая сустрэча адбылася, неабходна, у першую чаргу, вяртанне да сябе, што магчыма праз прыняцце гісторыі роднага краю, дзе заўсёды, ва ўсе стагоддзі жыў Бог.
Ведь тут, на Беларуси, Бог живет
И будет вечно в наших храмах жить,
Ведь рог из тура в Турове звучит,
А значит, наши души не мертвы...
(«Баллада Турова»)
Арыгінальнае раскрыццё тэмы памяці па-мастацку выяўлена ў аповесці Алеся Камароўскага «Пенальти». Яе можна назваць «песняй у прозе беларускага футбола». Гэта сацыяльнапсіхалагічная аповесць, у якой праз успаміны пажылога футбаліста раскрываецца чалавечы фактар у спорце. Тэматычны дыяпазон аповесці шырокі: дыялог пакаленняў-спартсменаў, футбольная рызыка (вобразы балельшчыкаў, каментатараў), сумяшчэнне асабістага і спартыўнага жыцця футбаліста, здрада і карысць у спорце. Гэта пласт у беларускай прозе, які будзе цікава і карысна адкрыць для сябе не толькі прыхільнікам футбола, але і аматарам сучаснай літаратуры.
Асабістымі лірычнымі перажываннямі прасякнута паэзія Валерыя Максімовіча («Пока я здесь, пока еще дышу») і Святланы Быкавай («Слушай тишину»). У цыклах выяўлены сузіральнасць, супакаенне, яднанне з прыродай і падзяка за тое, што цячэ ручай, шумяць бярозы і сэрца паўтарае прыгажосці Сусвету.
Прыгажосць роднага краю заключана не толькі ў прыродзе, але і ў яе жыхарах. Пра гэта — мініяцюры Мікалая Калько «Байки пинского базара». Па маляўнічасці і вобразнасці мовы, бліскучым гумары, жывапісных партрэтах суразмоўцаў прадаўца на рынку зборнік нагадвае «Вечары на хутары каля Дзіканькі» Рудога Панька (Мікалая Гогаля), а Пінскі базар — Сарочынскі кірмаш. За гумарыстычным фонам апавядання хаваюцца сур’ёзныя этнаграфічныя звесткі: апавядальнік цікавіцца, як звалі жыхароў той ці іншай вёскі Пінскага раёна. Але сярод аргументаваных звестак трапляюцца і кур’ёзныя гісторыі:
«— Вы не знаете, почему на жителей Каменя говорят пэрцы?
— Чому ны знаю? Бо люды там гыдкыйи, злыйы, бы пэрцы. Моя дочка выйшла замуж за одного такого „пэрця“, а тыпэр горуе».
Антон і Алена Чыжэўскія ў дакументальнай аповесці «Нататкі двараніна Віцебскай губерні», звяртаючыся да хронік, гістарычных матэрыялаў, успамінаў продкаў, падкрэсліваюць важнасць ведання свайго радаводу: трэба ведаць не толькі адкуль пайшла беларуская зямля, але хто хадзіў па ёй. Лёсы некалькіх пакаленняў ПаўночнаЗаходняга краю Беларусі на фоне палітычных катаклізмаў, грамадзянскіх усобіц, рэлігійна-культурных выпрабаванняў пройдуць перад чытачамі старонак аповесці.
«За тое, што я перажыў і зразумеў у мастацтве, я павінен адказваць сваім жыццём, каб усё перажытае і зразумелае не засталося бяздзейным у ім», — гэтыя словы вядомага літаратуразнаўцы М. М. Бахціна можна паставіць эпіграфам да кнігі «Похвала слову уходящему: познавательно-занимательное эссе о судьбах литературы», вучонага, празаіка і драматурга Івана Штэйнера. На гэтую кнігу — рэцэнзія вучня Івана Фёдаравіча, кандыдата філалагічных навук Аляксандра Бярозкі «Жить со словом и служить ему». Разважаючы аб тым, якім павінен быць сучасны падручнік па рускай літаратуры, рэцэнзент рэкамендуе манаграфію І. Штэйнера як яго ўзор.
Кніга Івана Штэйнера, сапраўды, з’ява ў культуры, і не толькі беларускай. У ёй ёсць два бакі — аб’ектыўны: агляд гісторыі літаратуры, літаратурных персаналій (іх звыш 200 у кнізе!) — і суб’ектыўны, дзе адлюстраваны асабісты аксіялагічны вопыт вучонага і аўтара, яго сардэчны боль за сучаснасць і будучыню Літаратуры.
Аляксандру Бярозку ў рэцэнзіі ўдалося быць аб’ектыўным — значыць ён дасягнуў узроўню акадэмізму, якому нас вучыў Іван Фёдаравіч. Мне ж, як яго былой аспірантцы, гэта пакуль не ўдаецца.
Матыў развітання становіцца канцэптаўтваральным у кнізе Івана Фёдаравіча і рэалізуецца на ўзроўні вобразаў аўтараў, мінулага і сучаснасці, якія сыходзяць — фізічна і духоўна, — вычэрпваючыся, губляючы натхненне, інтуітыўнае пазнанне рэчаіснасці, у мітусні свету тэхнагеннай цывілізацыі, дзе знікае чалавек, яго ўнікальнасць, твар.
Асноўная канцэпцыя кнігі рэалізуецца ў дзвюх ідэях: па-першае, выбранасці, іншасці аўтараў. Пісьменнікі і паэты заўсёды былі людзьмі асаблівымі, праваднікамі Вышэйшай волі ў свет. Другая ключавая ідэя манаграфіі І. Штэйнера — сыход Слова; і доктар філалагічных навук кажа яму: «Бывай!» І гэта вельмі балюча і адначасова хвалююча, таму што заяўлены імператыў развітання — гэта матывацыя маладым нешта рабіць, чытаць, думаць, набірацца вопыту. Іван Фёдаравіч кажа, што сыходзіць не толькі сама мастацкая літаратура — сыходзіць акадэмічная крытыка.
Не толькі стварэнне мастацкага тэксту нараджаецца кенатычным подзвігам, намаганнем, пакутай (вельмі мала аўтараў, якіх згадвае Іван Фёдаравіч у сваёй кнізе, прыйшлі ў літаратуру «ад камфорту»): літаратуразнаўства, як і любая навука, патрабуе ахвяр. Сапраўдны навуковец ведае прымушэнне сябе да працы, ведае цішыню бібліятэк, гартанне старонак, неабходнасць уваходжання ў сябе, паглыбленне ў праблему.
Навука любіць цішыню і ахвярнасць. У свеце мітусні, гуглоў і чатаў, нам, не толькі аўтарам, але і навукоўцам ад літаратуры, бракуе двух складнікаў — часу і цішыні. І мы спяшаемся — пісаць павярхоўныя кніжыцы, завязаныя на трох с (смерць, сэкс і сенсацыя); і кляпаць хуткія артыкулы для гадавых справаздач і надбавак. І множым вакол сябе сімулякры пустых сэнсаў і непатрэбных паняццяў.
Іван Штэйнер бязлітасна крытыкуе «павярхоўных» аўтараў, якія шукаюць не ісціну, а сенсацыю, і «нашпігоўваюць» чытачоў, асабліва маладых, неякаснай, а часцяком ілжывай падачай гісторыі, напрыклад, псеўдаінтэлектуальнай бравадай на евангельскія тэмы, тыпу «Кода да Вінчы», дзе шмат бруду, якім «нібы праслаўленай лыжкай дзёгцю, некаторыя інжынеры чалавечых душ дзеля мімалётнай скандальнай і скразной славы спрабуюць ачарніць усё светлае, рэліквіі якога засталіся ў духоўным жыцці навакольных». Падобныя сучасныя «дзялкі ад літаратуры» прывучаюць чытача да нізкапробнага чытва.
У свой час Аляксандр Купрын, сумуючы у эміграцыі, казаў у адным з інтэрв’ю, што вельмі спадзяецца на місію чытачоў, іх зоркасць, увагу да якаснай літаратуры, таму што чытачы таксама фарміруюць поле Слова. Рэцэпцыя творчасці, як пісаў той жа М. Бахцін, прадугледжвае трыкутнік: аўтар — тэкст — чытач. Такім чынам, чытацкая аўдыторыя фарміруе запыт на якаснае слова.
Ці ёсць гэты запыт сёння? Думаецца, што ёсць — і таленавітыя пісьменнікі адказваюць на гэты запыт тэмамі, якія хвалююць і запатрабаваны.
Запыт на якасныя оперу, балет таксама ёсць сярод беларускіх прыхільнікаў высокай культуры. Пра што сведчыць агляд-падарожжа мерапрыемстваў Вялікага тэатра Беларусі, у які запрашае чытача разам са сваім нязменным спадарожнікам-мужам Паўлам, Вера Зелянко.
«Заклинаю вас: ходите в Большой театр» — гучыць лейтматывам у яе «Пахвале» тэатру Вялікаму.
Таццяна ЦЕЛЯХОВІЧ-СІДАРАВА
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».