Вы тут

Журналісты ў пагонах. Карэспандэнт «Звязды» ўзяў удзел у тактыка-спецыяльным вучэнні «Ваенкар-2023»


Амаль 30 журналістаў, фотакарэспандэнтаў і тэлеаператараў вядучых СМІ нашай краіны на мінулым тыдні прымалі ўдзел у тактыка-спецыяльным вучэнні «Ваенкар-2023». Яно праводзіцца на працягу трох гадоў. За гэты перыяд падрыхтоўку прайшлі каля сотні журналістаў. Усе цяжкасці работы ў палявых умовах сёлета паспрабаваў на сабе і карэспандэнт «Звязды».


На працягу пяці дзён нас навучалі тонкасцям першай медыцынскай дапамогі, сувязі і радыёперагаворам, агнявой падрыхтоўцы, асновам рукапашнага бою і самаабароны, арыентаванню на мясцовасці, ваеннай тапаграфіі, інжынернай падрыхтоўцы з упорам на парадак дзеянняў на замініраванай тэрыторыі. Вялікая ўвага — псіхалагічнай падрыхтоўцы.

Ваенкар павінен быць гатовы да ўсяго

Прадстаўнікі СМІ жылі ў палатачным лагеры ў адпаведнасці з вайсковым распарадкам. Нашым навучаннем займаліся найлепшыя інструктары міратворчай роты 103-й асобнай паветрана-дэсантнай брыгады. Па памеры, але спачатку не зусім звыкла, прыйшлася ваенная форма і экіпіроўка.

Дзень пачынаўся рана. Кожную раніцу ў 6.00 — зарадка. Шчыра кажучы, спачатку было цяжкавата. Пасля сняданку (а кармілі тут сапраўды смачна!) мы наведалі спецыяльную лекцыю, на якой даведаліся пра падрыхтоўку журналістаў у зоне ўзброенага канфлікту. Нас вучылі аказваць першую медыцынскую дапамогу і самадапамогу. 

І гэта, прызнацца, зусім няпроста. Напрыклад, накласці самому сабе жгут, калі адна рука траўміраваная, — задача з «зорачкай». Яшчэ больш складана дацягнуць свайго параненага таварыша ў бяспечнае месца, каб аказаць яму першую медыцынскую дапамогу.

Журналісты асвоілі інжынерную і вадалазную падрыхтоўку. Даводзілася шукаць умоўныя міны і нават апускацца на дно вадаёма ў аквалангічным касцюме. Запомніўся інструктаж па рукапашным баі — нас навучылі некаторым тэхнікам самаабароны. Гэта сапраўды неабходны навык, бо ён можа спатрэбіцца ў любы момант. Ваенны карэспандэнт павінен быць гатовы да ўсяго!

Агнявая падрыхтоўка і эвакуацыя параненага

Давялося прайсці і агнявую падрыхтоўку. Аўтамат і кулямёт Калашнікава, пісталет Макарава, снайперскія вінтоўкі, давялося нават пастраляць з бронетранспарцёра! Усяго — з сямі відаў зброі. Гэта, безумоўна, важны вопыт, але ўсё ж спадзяюся, што ён ніколі нам не спатрэбіцца.

Часу расслабляцца не было. Адразу пасля стральбы нас чакаў занятак па псіхалагічнай падрыхтоўцы. Знаходзячыся ў акопе, трэба было паразіць надыходзячы на цябе бронетранспарцёр з ручнога супрацьтанкавага гранатамёта. Зымітаваўшы стрэл па тэхніцы праціўніка, падаеш на дно акопа і назіраеш, як шматтонны БТР-80 праязджае за некалькі сантыметраў ад твайго твару. Адразу пасля гэтага трэба хутка падняцца (нагадваю, што з бронекамізэлькай, вага якой 12 кілаграмаў, шлемам, налакотнікамі і накаленнікамі мы практычна не расставаліся, таму гэта было зрабіць не вельмі лёгка) і закінуць на дах бронетранспарцёра, які з’язджае, гранату. На шчасце, у мяне ўсё атрымалася, і падпалкоўнік канстатаваў адзнаку «выдатна».

Перамяшчаючыся на адзін з навучальных пунктаў, па легендзе вучэння, наш бронетранспарцёр наехаў на міну, пасля чаго журналісцкая група трапіла пад абстрэл. Камандзір БТРа атрымлівае раненні, група знаходзіцца пад кантролем ворага, а камандзір падраздзялення трапляе ў палон. Выцягнуўшы нас з бронетранспарцёра, палажылі ўсіх тварам у зямлю. Бясконцымі здаваліся стрэлы каля вушэй, непрыемна пахлі дымавыя шашкі, карацей — сапраўдны адрэналін і неразуменне, што рабіць далей. Калі ўсё сціхла, здавалася, можна перавесці дух, але раптам мы пачулі крыкі аб дапамозе. Гэта быў паранены ў жывот камандзір нашага БТРа. Нам трэба было на практыцы эвакуіраваць параненага з бронемашыны і аказаць яму першую медыцынскую дапамогу. Карыснымі аказаліся тэарэтычныя веды і парады інструктараў. Шчыра кажучы, мы ледзь-ледзь справіліся з гэтай нялёгкай задачай.

Журналісты асвойвалі асновы ваеннай тапаграфіі, вучыліся чытаць карты, арыентавацца на мясцовасці, вызначаць каардынаты. Трэба было знайсці навучальныя месцы па азімуце. Сярод якіх — месцы па падрыхтоўцы вогнішча, абсталяванні начлегу і прыгатаванні ежы. Дайшоўшы да крайняга пункта, прымяняем атрыманыя веды на практыцы. Вучымся разводзіць вогнішча ў палявых умовах і гатаваць вячэру на адкрытым агні. Усяго ад пачатковага пункта да канчатковага нам давялося прайсці парадку трох кіламетраў. І гэта пры поўным абмундзіраванні! Смачна паеўшы прыгатаваную на вогнішчы ежу, адпраўляемся ва ўжо родныя палаткі. Стаміўшыся за няпросты дзень, без задніх ног кладзёмся спаць. Але сон наш нядоўгі…

У «палоне»

Роўна ў 4.00 прачынаемся ад гучных стрэлаў, брахання сабак, выбухаў гранат. Умоўны праціўнік уварваўся ў нашу палатку і ўзяў журналістаў у палон. На тое, каб апрануцца і выбегчы на вуліцу, усяго некалькі секунд. Тады і давялося паспрабаваць на смак халодную віцебскую зямлю, бо невядомыя паклалі нас тварам уніз. Ад стрэлаў каля вушэй здавалася, што аглухнеш. Але што зрабіць: у нас ні зброі, ні брані. Заставалася толькі чакаць, што будзе далей.

Некаторых з нас выцягвалі на допыт. Затым хлопцаў і дзяўчат адпускалі. У адзін момант усё сціхла. Праціўніка і след прастыў. Яшчэ некаторы час ляжым нерухома — падняцца не было каманды. А што, калі гэта правакацыя? Зусім не хацелася правяраць. Вычакаўшы пэўны час, падымаемся і падлічваемся. Не хапае трох чалавек. Іх выкралі яшчэ да таго, як мы прачнуліся, і дапытвалі каля мясцовага вадаёма. На шчасце, потым усе вярнуліся.

«Незабыўнае» падарожжа

Сапраўдныя выпрабаванні чакалі на наступны дзень. Пасля зарадкі, якую, нягледзячы на няштатную сітуацыю, ніхто не адмяняў, нас падзялілі на падгрупы для падрыхтоўкі карэспандэнцкіх заданняў. 

Я, напрыклад, разам з прадстаўнікамі тэлеканала АНТ асвятляў перавозку гуманітарнага грузу. Увесь час здавалася, што вось-вось нас возьмуць у палон. Але ўсё прайшло без здарэнняў, і мы паспяхова справіліся з пастаўленай задачай.

Затым разам са сваім аддзяленнем мы адправіліся ў «незабыўнае» падарожжа. Трэба было, арыентуючыся па мясцовасці, прайсці ўсе пазначаныя пункты, знайсці схованкі з інструментамі і ежай і ў канчатковым выніку дайсці да месца, дзе мы самі сабе будзем разбіваць начлег і гатаваць ежу. Было нялёгка, бо мы выконвалі задачы ў цяжкай экіпіроўцы, а таксама ў няпростых умовах надвор’я. 

Спачатку ў нас усё атрымлівалася, мы нават абганялі іншыя аддзяленні. Але потым нешта пайшло не так. Хутчэй за ўсё, мы папросту заблукалі. Калі стала вядома, што іншыя падраздзяленні ўжо дайшлі да фінішу, а сітуацыя — адкрыта безнадзейная, наш інструктар пачаў нас выводзіць. Амаль шэсць гадзін пад дажджом мы ішлі праз непраходныя ельнікі і палі чырвонага баршчэўніку. Сітуацыю ўскладняла вага ў 20 кілаграмаў, якую неслі на сабе. Толькі спынімся на хвілінку перадыхнуць — адразу становімся ахвярай незлічонай колькасці камароў і іншых насякомых.

Каля дзевяці гадзін вечара ў нас застаўся апошні працоўны ліхтар. Мы прабіваліся праз непраходны лес і раптам трапілі ў самае сапраўднае балота. Мне не пашанцавала, бо дзве нагі вышэй калена апынуліся ў багне. У выніку ў тым лесе я пакінуў не толькі часцінку сваёй душы, але і красоўкі. Нездарма ўзяў салдацкія боты. Калі стала зразумела, што далей мы не пройдзем, наш інструктар спрабаваў звязацца са штабам. Тады для нас распачалася самая сапраўдная выратавальная аперацыя. 

Сувязь была дрэнная, каля гадзіны вайскоўцы спрабавалі вызначыць наша месцазнаходжанне і нават запускалі сігнальныя ракеты. Урэшце нас, мокрых і стомленых, змаглі знайсці і правесці праз балота, пасля чаго адвезлі ў асноўны лагер. Стомленыя, але вельмі шчаслівыя, мы вярнуліся дадому.

Апошні рывок

На гэтым выпрабаванні не скончыліся. Каля шасці раніцы быў нечаканы ўздым і фінальнае заданне. Паводле легенды вучэнняў, месцазнаходжанне нашага палатачнага лагера было выяўлена разведвальнымі падраздзяленнямі ўмоўнага праціўніка. Дзякуючы міратворцам налёт быў адбіты. Але з-за пагрозы артылерыйскага абстрэлу журналісты былі вымушаны змяніць месца дыслакацыі. Мы здзейснілі марш у раён эвакуацыі. На апошнім этапе прадстаўнікі СМІ пераадолелі псіхалагічную паласу перашкод. Там мы заваёўвалі разбураны будынак, плот, агароджу з калючага дроту, а таксама прапаўзалі ў падземным тунэлі. Акрамя таго, на ўдзельнікаў аказвалася псіхалагічнае ўздзеянне — побач грымелі выбухі і стрэлы, а дымавыя заслоны абцяжарвалі дыханне і арыентаванне на мясцовасці.

Справіўшыся з апошнім выпрабаваннем, здаём ужо звыклую экіпіроўку і адпраўляемся на цырымонію ўзнагароджання. Кожны з удзельнікаў вучэння атрымаў сертыфікат аб праходжанні курса экстрэмальнай журналістыкі і сувеніры ад ваеннага ведамства, а самае галоўнае — бясцэнны вопыт, незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі.

Як распавёў журналістам памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёр Леанід Касінскі, усе мэты, якія ставіліся перад пачаткам вучэння, дасягнуты. «Нашы журналісты проста малайцы: яны паказалі максімум сваіх псіхалагічных якасцяў, фізічных магчымасцяў, працавалі на мяжы ў тых складаных умовах і абстаноўцы, якія былі створаны ў ходзе вучэння, — канкрэтызаваў ён. — Кожны ўдзельнік дадзенага вучэння ўсвядоміў свае сілы, магчымасці. І, акрамя гэтых навыкаў, якія інструктары спрабавалі ўкласці ўдзельнікам, натуральна, набылі велізарны вопыт, досвед працы ў камандзе».

Леанід Касінскі перакананы, што ў вучэння — вялікая будучыня. «Тыя матэрыялы, якія нашы журналісты давалі падчас усіх этапаў дадзенага тактыка-спецыяльнага вучэння, вельмі шырока разышліся ў сродках масавай інфармацыі не толькі ў Рэспубліцы Беларусь, але і за мяжой, — падкрэсліў ён. — Нам паступілі званкі ад нашых калег з краін СНД, АДКБ з просьбай падзяліцца вопытам правядзення такіх вучэнняў. У некаторых краінах яны праводзяцца. Пры гэтым тая праграма, якая была прапанаваная намі падчас вучэння, зацікавіла нашых калег».

Па словах памочніка міністра абароны, падобныя мерапрыемствы карысныя ў першую чаргу таму, што кожны беларус павінен, займаючыся сваёй справай, быць накіраваны на галоўнае — забяспечыць бяспеку нашай краіны.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота аўтара

Віцебская вобласць

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.