Вы тут

Беларусы найлепшыя на барцоўскім дыване, пляжным стадыёне і ралі-рэйдах


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем добрыя спартыўныя навіны


Гераіня тыдня. Беларуска Ванеса Каладзінская — сярэбраны прызёр чэмпіянату свету па барацьбе, які прайшоў у Бялградзе. Спартсменка, якая выступае ў вагавой катэгорыі да 53 кг, у фінальным паядынку сустрэлася з японкай Акары Фудзінамі, чэмпіёнкай свету 2021 года. На жаль, справіцца з ёй Ванеса не змагла. Для беларускай каманды на сёлетнім чэмпіянаце свету гэта адзіны медаль. А ў актыве Ванесы Каладзінскай — трэці медаль чэмпіянату свету, у 2012 і 2017 гадах яна станавілася чэмпіёнкай планетарнага першынства. Дзякуючы прызавому месцу ў алімпійскай вагавой катэгорыі, Ванеса Каладзінская атрымала ліцэнзію на Алімпійскія гульні 2024 года. З ліцэнзіяй, але без медаля, з чэмпіянату свету вярнуўся беларускі барэц грэка-рымскага стылю Абубакар Хаслаханаў, які выступае ў катэгорыі да 97 кг.

Героі тыдня. Нацыянальная зборная Беларусі па пляжным футболе заняла трэцяе месца ў суперфінале Еўралігі. У матчы за бронзавыя медалі беларускія футбалісты сустрэліся з камандай Партугаліі. Матч скончыўся з вынікам 6:5 на карысць беларусаў. На гэтым турніры беларуская дружына перамагла сапернікаў з Малдовы (9:1), Грэцыі (7:2) і Швейцарыі (4:3), а таксама ўступіла зборным Італіі і Іспаніі з аднолькавым лікам 2:4 . У 2021 годзе зборная Беларусі заваявала сярэбраныя медалі Еўралігі.

Перамога тыдня. Спартыўная каманда «МАЗ-СПОРТаўта» выйграла этап чэмпіянату Расіі па ралі-рэйдах ва Ульянаўску — «Сімбірскі тракт — 2023». Маршрут праходзіў па сямі раёнах Ульянаўскай вобласці. За тры дні гонкі спартсмены пераадолелі маршрут даўжынёй 900 км, з якіх 650 — спецучасткі. Пераможны экіпаж «МАЗ-СПОРТаўта» пад кіраўніцтвам пілота Сяргея Вязовіча, штурмана Паўла Гараніна і механіка Андрэя Крагельскага паказалі вынік у 6 гадзін 9 хвілін 46 секундаў з адрывам ад каманды сапернікаў «КАМАЗ-майстар» 25 секундаў.

Каманда тыдня. Каманда «Мінск-Беларусь» заваявала бронзавыя ўзнагароды на міжнародным турніры па баскетболе 3х3 Almaty Quest у Казахстане. У паядынку за трэцяе месца беларусы перайгралі казахстанскую каманду ІMS Astana з лікам 18:14. Усяго ў турніры ўзялі ўдзел 16 прафесійных квартэтаў з Беларусі, Казахстана, Катара, Кыргызстана, Расіі, Турцыі, Таджыкістана і Узбекістана.

Поспех тыдня. Нацыянальная каманда Беларусі па скачках на батуце выступіла на міжнародных спаборніцтвах «Кубак Дабравольскага» ў Санкт-Пецярбургу, гэты турнір лічыцца адным з галоўных стартаў сезона ў Расіі. У фінале індывідуальных скачкоў сярод мужчын найлепшы вынік паказаў Алег Рабцаў, які набраў 59,840 бала, услед за ім размясціўся яго таварыш па зборнай Себасцьян Станкевіч (59,675). У мужчынскіх сінхронных скачках перамог беларускі дуэт у складзе алімпійскага чэмпіёна Токіа Івана Літвіновіча і Андрэя Буйлова (52,640 бала), «серабро» заваяваў яшчэ адзін беларускі тандэм Аляксей Дудараў — Мікіта Фомчанка (52,040). У гэтым жа відзе праграмы ў жанчын беларускі Злата Мініяметава і Віялета Бардзілоўская занялі другое месца (46,910).

Лічба тыдня. 13 медалёў заваявалі беларускія спартсмены на міжнародных спаборніцтвах па веласпорце на шашы «Нарты Адыгеі», якія прайшлі ў Майкопе. У актыве беларускай каманды тры залатыя, пяць сярэбраных і пяць бронзавых узнагарод. Беларусы занялі ўвесь п'едэстал па выніках групавых гонак у мужчын і жанчын. У мужчынскай гонцы на 132 км перамог Дзяніс Марчук, другім стаў Раман Цішкоў, на трэцім месцы Дзяніс Мазура. У жаночых спаборніцтвах на 106 км перамагла Ганна Церах, «серабро» дасталася Караліне Бірук, «бронза» ў Аліны Кароткінай. Раней каманда Беларусі стала наймацнейшай у змешанай эстафеце. Ганна Церах прыехала другой да фінішу індывідуальнай гонкі, Анастасія Кіпцікава ў гэтай гонцы была трэцяй. Яшчэ адну «бронзу» ў той жа дысцыпліне сярод мужчын выйграў Дзяніс Мазур. У гонцы з раздзельнага старту ў юніёраў другое і трэцяе месцы занялі нашы Уладзіслаў Яраш і Вадзім Адзінец адпаведна, таксама Яраш стаў уладальнікам сярэбранага медаля па выніках юніёрскай групавой гонкі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».