Вы тут

Лукашэнка: Калі ленінградцы і беларусы пачынаюць нейкую справу — заўсёды імкнуцца давесці яе да завяршэння з найлепшым вынікам


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам. У гэтыя дні праходзіць візіт дэлегацыі Ленінградскай вобласці ў Беларусь. Аляксандр Драздзенка ў статусе губернатара наведвае нашу краіну ўжо шосты раз. А ў 2023-м годзе гэта ўжо яго другі візіт ў Беларусь, летам ён наведваў Брэсцкую вобласць. 


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што шчыра рады вітаць гасцей на беларускай зямлі. «Ёсць аб чым пагаварыць. Калі ўжо вельмі шчыра, то мы б вельмі хацелі зрабіць у Расіі перш за ўсё стаўку на ваш рэгіён у супрацоўніцтве», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён адзначыў, што з Санкт-Пецярбургам і Ленінградскай вобласцю ў Беларусі ўзорна-паказальныя адносіны. Але, па яго словах, гэтыя адносіны павінны мець большую эфектыўнасць. 

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў беларусаў і ленінградцаў разуменне аб далейшых шляхах развіцця аднолькавае, і планаванне вынікаў, погляды ідэнтычныя. «Калі ленінградцы і беларусы пачынаюць нейкую справу — заўсёды імкнуцца давесці яе да лагічнага завяршэння і з найлепшым вынікам», — канстатаваў ён. 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што падчас папярэдняй сустрэчы ў ліпені 2022 года была вызначана мэта — выйсці на запаветны мільярд у гандлі. Для гэтага ў гадавым вылічэнні аб’ёмы паставак трэба нарасціць на 20 працэнтаў. «Мяркую, выканальная задача ў цяперашняй сітуацыі, і мільярдам мы сапраўды не будзем абмяжоўвацца. Гэта толькі ўмоўны арыенцір для нас», — сказаў ён. 

«Мы зараз будзем больш глядзець на сябе»

Прэзідэнт узгадаў адно з выступленняў Аляксандра Драздзенкі, дзе той адзначаў, што традыцыйныя перавагі Ленінградскага рэгіёна, які мяжуе з Еўрасаюзам, сталі з 2022 года фактарамі рызыкі. «Дзякуй богу, нам гэта вельмі выгадна і Расіі таксама. Мы зараз будзем больш глядзець на сябе і думаць, як нам развівацца далей», — заўважыў беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў панядзелак правёў тэлефонную размову са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным. Па яго словах, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі два праекты, якія плануюць падрабязна разгледзець у кастрычніку ў Кыргызстане у рамках пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў краін СНД. У прыватнасці, па словах Аляксандра Лукашэнкі, падчас тэлефоннай размовы прэзідэнты абмеркавалі сумеснае будаўніцтва самалётаў невялікай умяшчальнасці, якія вельмі запатрабаваны і патрэбны ў Расійскай Федэрацыі. У Беларусі ёсць адпаведныя кампетэнцыі ў Беларусі, і Уладзімір Пуцін прапанаваў гэты самалёт пабудаваць сумесна, расказаў беларускі лідар. Таксама гаворка ішла аб больш актыўным асваенні вытворчасці кампанентаў для ІЛ-96 і абслугоўванні гэтых самалётаў у Беларусі. «Мы гэта можам зрабіць, гэта вельмі вялікі кавалак работы», — дадаў беларускі лідар. 

Другое пытанне, абмеркаваннае Прэзідэнтамі, — будаўніцтва другой чыгуначнай веткі з Беларусі да Ленінград, каб была магчымасць перакідваць большы аб’ём беларускіх грузаў у балтыйскія порты і адтуль працаваць на ўвесь свет. «Вы разумееце, для нас гэта вельмі важна, мы займаемся будаўніцтвам там партовай інфраструктуры. Але вузкае месца ў нас чыгунка», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Перспектывы рэалізацыі праектаў, паводле слоў Прэзідэнта, ужо абмяркоўваліся з расійскімі ведамствамі, па іх падрыхтаваны пакет неабходных дакументаў, матэрыялаў, якія будуць перададзены кіраўніку расійскай дзяржавы.

«Вось два толькі прыклады з кароткай размовы. Гэта нашы сумесныя мерапрыемствы, якія мы можам рэалізаваць. А калі б Аляксандр Юр’евіч па-ранейшаму арыентаваўся на суседзяў, на Еўрасаюз, то мы б гэтымі пытаннямі яшчэ не займаліся. Так што не бывае нейкіх аднабаковых выгад і ўдач», — сказаў беларускі лідар. Па яго меркаванні, з праблемамі, якія зараз ёсць, Беларусь і Леніградская вобласць справяцца. 

«Лічу, ленінградцы пры падтрымцы беларусаў паспяхова спраўляюцца з праблемай. Тэмпы развіцця эканомікі — пераканаўчае таму пацвярджэнне», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Выкарыстоўваць моцныя бакі адзін аднаго

Прэзідэнт заўважыў, што з дапамогай калег з Ленінградскай вобласці беларускі бок пераарыентаваў лагістыку і беларускія вытворцы зноў маюць магчымасці гандляваць у Азіі, Лацінскай Амерыцы, Блізкім Усходзе і Афрыцы. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гэты накірунак будзе ўмацоўвацца. 

«Для многіх заходніх палітыкаў стала сапраўдным адкрыццём, што свет значна шырэйшы за іх вузкія ўяўленні пра яго. Як звычайна, вырашылі па-руску: давай ў бойку ўцягнемся, а там будзе бачна. Аказалася, калі не рускія, то і не атрымаецца», — звярнуў увагу беларускі лідар. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзякуючы прамкааперацыі Беларусі і Ленінградскай вобласці ўдалося максімальна эфектыўна выкарыстоўваць моцныя бакі адзін аднаго для дасягнення тэхналагічнага суверэнітэту. Па яго словах, гэта дазволіць не толькі даць адказ на любыя спробы ціску Захаду, але і створыць новае, здаровае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры Саюзнай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка прывёў просты прыклад: «Нягледзячы на магутнае развіццё АПК у Беларусі і Ленінградскай вобласці, (мы заўсёды паглядалі адзін на аднаго, бачачы ў гэтым канкурэнта нейкага) мы паспяхова знаходзім напрамкі, дзе можам адзін аднаго падтрымаць і за кошт гэтага дабаўляць у адносінах у сферы сельскай гаспадаркі». 

«Нашы моцныя бакі — вытворчасць сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў, зернесушыльных комплексаў, абсталявання для камбікормавых заводаў, выпуску харчовай прадукцыі, насенняводства і многае іншае. Я ўжо не кажу пра жывёлагадоўлю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі бок актыўна дзеліцца з аграрыямі Ленінградскай вобласці сваімі напрацоўкамі. Сярод іх, напрыклад, ветэрынарыя, дзе зроблены першыя крокі па развіццю супрацоўніцтва. 

Па словах Прэзідэнта, беларускаму боку цікавыя напрацоўкі спецыялістаў Ленінаградскай вобласці ў племянной жывёлагадоўлі, вытворчасці каштоўных парод рыбы, тэхналогіі працы цяплічных комплексаў. «У сваю чаргу аграрыям Ленінградскай вобласці можа быць карысны наш вопыт вырошчвання азімых культур — ячменю і рапсу, — заўважыў ён. — Прапаную таксама больш дэталёва адпрацаваць пытанні павелічэння паставак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку з прыцягненнем рэгіянальных субсідый, а таксама абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці».. Аляксандр Лукашэнка згадаў вопыт такога супрацоўніцтва з Кубанню: «Яны зрабілі стаўку на нашу тэхніку, мы адгукаемся. Мы ідзём туды з тэхналогіямі, з людзьмі... Пачыналі са зборачных вытворчасцей, цяпер сумесныя прадпрыемствы арганізавалі, лакалізацыю ўзмацнілі. Тым больш мы можам. гэта зрабіць у вас», — заўважыў ён.

Па словах Прэзідэнта, вельмі важна, што Беларусь працягвае супрацоўніцтва з Ленінградскай вобласцю ў сферы развіцця транспартнай інфраструктуры. Беларускія прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве ў Выбаргскім раёне збожжавага тэрмінала, які будзе мець магутнасці па захоўванні 210 тысяч тон збожжа (праектная прапускная здольнасць тэрмінала — 4 мільёны тон за год). «Упэўнены, гэты праект таксама прынясе важкую карысць і нашым сябрам у Лацінскай Амерыцы: Бразіліі, Венесуэле і іншых краінах, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Я ўдзячны вам за прыцягненне айчынных прадпрыемстваў да рэалізацыі найважнейшых для Ленінградскай вобласці праграм. Адна з іх — будаўніцтва станцый па водаачыстцы і водападрыхтоўцы. Сёння ў Ленінградскай вобласці працуе 37 аб’ектаў, пабудаваных „пад ключ“ з выкарыстаннем беларускіх тэхналогій. Вы ўжо пазнаёміліся з магчымасцямі, з работай іх. Мне дакладваюць, што вамі падрыхтавана праграма будаўніцтва больш за 100 такіх аб’ектаў. Да яе фінансавання гатовы далучыцца Банк развіцця Рэспублікі Беларусь». — дадаў ён. Таксама пачата рэалізацыя праекта будаўніцтва школы больш на 800 месц у Ламаносаўскім раёне. Урадам вырашаецца пытанне аб выдзяленні спецыяльнага экспартнага крэдыту. «Гэта знаёмыя і дэталёва адпрацаваныя нашымі спецыялістамі задачы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, — «Новы напрамак — удзел беларускіх праектных і будаўніча-мантажных арганізацый у комплекснай мадэрнізацыі аб’ектаў паліўна-энергетычнага комплексу (кацельняў), стварэнні і рэканструкцыі крыніц цеплазабеспячэння муніцыпальных раёнаў», — дадаў ён. Таксама новыя напрамкі супрацоўніцтва: пастаўка беларускіх будаўнічых матэрыялаў, дарожнабудаўнічай тэхнікі, цэменту, сценавых матэрыялаў, зборных канструкцый, бітуму, абмен вопытам у прымяненні сучасных тэхналогій дарожнага будаўніцтва. 

«Пры гэтым я хачу вам прапанаваць не ствараць нейкіх паралельных вытворчасцей, калі мы маем магчымасць экспартаваць. Мы з вамі заўсёды дамовімся па пастаўках, заўсёды, пры гэтым на доўгую перспектыву наперад. Вам сёння трэба грошы траціць на самае-самае неабходнае, і нам таксама. Навошта паралельныя вытворчасці ствараць. І пералічанае мной тычыцца гэтага пытання. Яшчэ раз падкрэсліваю, для таго, каб мець гарантыі, мы можам дамовіцца на вельмі працяглую перспектыву, на десяцігоддзі наперад, каб сумесна працаваць. Адлегласці тут мінімальныя, мы побач, і такі ўзаемны абмен прадукцыяй вельмі важны. Гэта толькі частка магчымых напрамкаў нарошчвання нашага эканамічнага супрацоўніцтва. Можаце на нас разлічваць, калі вам патрэбная нейкая дапамога і мы можам яе аказаць, мы абавязкова гэта зробім», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з улікам пажаданняў, для дэлегацыі Ленінградскай вобласці падрыхтаваная насычаная праграма. «Мы пакажам усе аб’екты, якія вас цікавяць. Сакрэтаў і тайн ніколі не было ад вас і быць не можа. Нам трэба вельмі ўважліва паглядзець, дзе мы можам дапаўняць адзін аднаго, сур’ёзна працаваць на той вынік, на дасягненне той мэты, якую мы акрэслілі». — сказаў ён. 

У праграме візіту дэлегацыі Ленінградскай вобласці, акрамя перагавораў з Прэзідэнтам, уключаны таксама рабочыя сустрэчы з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанка, віцэ-прэм’ерам Мікалаем Снапковым, старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Таксама ў графік гасцей уключана наведванне ААТ «БелОМО», наведванне Беларуска-Кітайскага індустрыяльнага парка «Вялікі камень», шэрага прамысловых прадпрыемстваў, уключаючы зборачнае — вытворчасць аўтамабіляў «Джылі». 

І ленінградцы, і беларусы разам духоўна 

У сваю чаргу Аляксандр Драздзенка прызнаўся, што заўсёды з вялікім задавальненнем наведвае брацкую рэспубліку. І сустрэчы з беларускімі калегамі становяцца добрай традыцыяй, а самае галоўнае — прыносяць эфект. Ён расказаў, што члены дэлегацыі наведалі мемарыяльны Хатынь. Аляксандр Драздзеннка выказаў словы ўдзячнасці за тое, што там зроблена ў апошні час. «Наша дэлегацыя выйшла эмацыйна, душэўна ўзрушаная», — прызнаўся ён.

«Мы не можам ад вас адставаць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. 

«Для нас гэта ўсё блізкае. І сапраўды, і ленінградцы, і беларусы разам духоўна, ментальна і гэта ўсё праяўляецца», — заўважыў Аляксандр Дарздзенка. 

Губернатар Ленінградскай вобласці прывёў цытату Прэзідэнта Беларусі з выступлення на Дзень народнага адзінства: «Сёння над намі, як і напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны кружаць сцярвятнікі, кружаць вакол беларускіх, расійскіх, украінскіх зямель. І мы проста абавазаня аб’яднацца і дзейнічаць адзіным фронтам. Іншага нам не трэба ды і не дадзена». 

«Я заўсёды лічыў і лічу, што вы для нас ключавы партнёр, вы разумееце, чаму. Вы гэта сказалі», — адзначыў Аляксандр Драздзенка. Ён падкрэсліў, што ў чэрвені прайшло 11-е пасяджэнне рабочай групы Ленінградская вобласць — Рэспубліка Беларусь. І па наладжванні супрацоўніцтва вядзецца сістэмная работа. У пацверджанне сваіх слоў губернатар Ленінградскай вобласці прывёў лічбу — у 2022 годзе тавараабарот вырас на 18 працэнтаў і склаў 835 мільёнаў долараў. А за палову 2023 года аб’ем павялічыўся амаль на 25 працэнтаў і склаў 532 мільёны долараў. «Мы на мільярд выходзім, і ўжо ў нас сумненняў няма, таму што працэнт працягвае расці. Менавіта дзякуючы такому цеснаму супрацоўніцтву. У нас наменклатура толькі за апошні год павялічылася на 70 новых пазіцый. Такога раней не было, каб так хутка расла наменклатура нашых узаемных інтарэсаў», — сказаў Аляксандр Драздзенка. Ён расказаў, што ў Ленінградскай вобласці адкрываюцца кірмашы, магазіны з беларускай прадукцыяй. Рэгіён набывае шмат беларускай тэхнікі, толькі ў пачатку года закуплена 110 адзінак на суму больш за 300 мільёнаў рублёў, амаль трэць было субсідзіравана. 


У тэму

У размове з журналістамі галоўным вынікам сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам губернатар Ленінградскай вобласці назваў тое, што была выканана пастаўленая задача — выйсці на аб’ём тавараабарота больш за мільярд долараў. «Мільярд у гэтым годзе будзе, і гэта галоўнае», — сказаў ён. 

Па словах Аляксандр Драздзенкі, раней наменклатура грузаў складалася з прадукцыі сельскай гаспадаркі, нафтапераапрацоўкі, мінеральных угнаенняў, сёння гэта і тэхналогіі, і тэхніка, жыллёва-камунальная гаспадарка, энергетыка, навука, селекцыя, насенневодства і многае іншае. «Толькі ў гэту паездку мы хочам падпісаць некалькі новых кантрактаў на пастаўку больш 100 сучасных газавых кацельных. Актыўна ідзе газіфікацыя Ленінградскай вобласці, асабліва невялікіх пасёлкаў і вёсак, нам патрэбныя сучасныя кампактныя кацельныя. Сёння іх у Беларусі вырабляюць. Навошта выдумляць веласіпед, мы будзем купляць тое, што ёсць, тым больш вельмі добрыя суадносіны кошту і якасці», — сказаў губернатар. Па яго словах у Ленінградскай вобласці субсідзіруюць пакупку беларускай тэхнікі, таксама як і расійскую тэхніку. І сёння аграрыі, леснікі, дарожнікі Ленінградскай вобласці выбіраюць беларускую тэхніку, бо вельмі добрыя адносіны кошту і якасці. 

«І што вельмі важна, мы шмат гаварылі аб гуманітарных сувязях і моладзі. Прэзідэнт сказаў, што за моладзю будучыня. І ад таго, якой будзе моладзь у Беларусі, у Расіі, залежаць і будучыя адносіны нашых краін. Мы павінны сёння быць як ніколі разам як брацкія народы», — сказаў Аляксандр Драздзенка. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што ж сёння ў модзе ў дачыненні да пухавікоў? 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.