Вы тут

Сельгаскірмашы чакаюць мінчан


У сталіцы стартаваў сезон сельскагаспадарчых кірмашоў. Яны пачалі працаваць на мінулым тыдні ў кожным раёне горада. Самы буйны разгарнуўся на пляцоўцы каля «Чыжоўка-Арэны». Аб гэтым распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная.


«Тут гандлююць найбольшая колькасць фізічных асоб і сялянскіх фермерскіх гаспадарак. Таксама там прымаюць актыўны ўдзел вытворцы мясной прадукцыі і іншыя прадпрыемствы перапрацоўчага комплексу нашай краіны», — адзначыла Алена Нагорная.

У кожным раёне сталіцы па выхадных днях арганізоўваюцца кірмашы. Вылучаецца Кастрычніцкі раён, у якім задзейнічаны дзве пляцоўкі. Партызанскі раён таксама абраў сваю спецыфіку: ужо трэці год запар лакацыі кожныя выхадныя змяняюцца. Гэта зроблена для зручнасці жыхароў, для таго, каб абсалютна кожны меў магчымасць бліжэй да дома набыць усё неабходнае.

На кірмашах працуюць валанцёры. Студэнты арганізоўваюць бясплатную дастаўку асобам сталага ўзросту і інвалідам тых рэчаў, якія яны набываюць. «Мы за гэтым старанна сочым, каб нікога не пакрыўдзіць і аказаць якасную паслугу, — падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг. — Хачу звярнуць увагу жыхароў Мінска: акрамя кірмашоў, якія працуюць па выхадных, арганізавана работа 105 пляцовак, якія з 18 верасня працуюць штодня. Плануецца, што пры спрыяльных умовах надвор'я яны будуць функцыянаваць да 15 лістапада. Гандлёвыя пункты размешчаны такім чынам, каб мінчане мелі магчымасць увечары пасля работы набыць плодаагароднінную прадукцыю. У асноўным на іх працуюць тыя ж гандляры, якія ўдзельнічаюць і на кірмашах у выхадныя дні».

Алена Нагорная нагадала пра новаўвядзенне ў падатковым заканадаўстве, якое тычыцца юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль на кірмашах і на гандлёвых месцах: «Сялянскія фермерскія гаспадаркі і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны мець пры ажыццяўленні гандлю на кірмашах касавае абсталяванне. На фізічных асоб, не зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ўдзельнічаюць у кірмашах і маюць даведку аб тым, што ў іх ёсць прысядзібны ўчастак і там яны вырошчваюць пэўную прадукцыю, гэта не распаўсюджваецца».

Па словах Алены Нагорнай, за двое адпрацаваных выхадных па сельгаскірмашах тавараабарот склаў больш за 730 тысяч беларускіх рублёў. «Мы абавязаны забяспечыць жыхароў сталіцы якаснай беларускай плодаагародніннай прадукцыяй. Таму тавараабарот, лічу, дастаткова нядрэнны. Але разам з тым хачу адзначыць, што на кірмашах рэалізоўваецца не толькі плодаагароднінная, але і мясная, і прадукцыя прадпрыемстваў Белкаапсаюза, мёд, саджанцы. Жывая рыба прапануецца ў абавязковым парадку. Дзяржаўнае аб'яднанне «Белводгас» прымае актыўны ўдзел не толькі на асноўнай пляцоўцы, але і ў раённых кірмашах».

Калі казаць пра склад удзельнікаў, то, вядома, пераважная большасць — фізічныя асобы. Людзі з нецярпеннем чакаюць час кірмашоў, каб рэалізаваць лішкі прадукцыі, і адказна ставяцца да спажыўцоў. Многія гандляры забяспечваюць дастаўку набытых прадуктаў да пад'езда.

«Па рашэнні Мінгарвыканкама мы плануем праводзіць кірмашы выхаднога дня да 26 лістапада, але гэта з улікам спрыяльных умоў надвор'я. У адпаведнасці з дзеючымі санітарнымі нормамі і правіламі, калі тэмпература паветра будзе складаць ніжэй за тры градусы са знакам плюс, на адкрытым паветры гародніну прадаваць нельга. Таму будзем арыентавацца і своечасова інфармаваць нашых спажыўцоў. Спадзяёмся, што як і летась дапрацуем да канца лістапада і надвор'е будзе спрыяць», — падагульніла Алена Нагорная.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».