Вы тут

У Навасельскім дзіцячым садку дзяцей і іх бацькоў далучаюць да традыцый продкаў


На мінулым тыдні я трапіла ў дзіцячы садок, пра які даведалася зусім выпадкова — ад музычнага кіраўніка з аграгарадка Наваселле, што пад Мінскам, Таццяны Глебік. Пазнаёміліся мы, што сімвалічна, на майстар-класе па беларускіх народных танцах у музеі Якуба Коласа. «А прыязджайце да нас у садок, не пашкадуеце! — запрасіла тады Таццяна. — Мы ўжо шмат год далучаем дзяцей і іх бацькоў да традыцый нашых продкаў. І якраз напрыканцы верасня плануем зладзіць традыцыйнае абрадавае дзеянне «Багач».


Пра сявеньку ды пшанічны каласок

Дзеці разам са сваім музычным кіраўніком Таццянай Глебік навучылі мяне гуляць у «Мэма». Але не звычайнае, а наша, аўтэнтычнае

І вось я ў Навасельскім дзіцячым садку. Увечары па дзетак прыйшлі мамы і таты, але ніхто з іх не спяшаецца дадому. Усе ідуць у музычную залу, дзе ўладкоўваюцца за столікамі — імправізаванымі хатамі.

Да 21 верасня, дня Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, звычайна заканчваліся ўсе работы па зборы збожжа. Менавіта ў гэты дзень восеньскага раўнадзенства вяскоўцы і святкавалі «Багач». Упрыгожвалі апошні сноп і абыходзілі з ім вёску. У кожным двары ім у сявеньку клалі па жменьцы зярнятак. Затым гэтыя дары як сімвал вясковай еднасці пакідалі на покуці ў хаце самага гасціннага гаспадара. Менавіта да ўдзелу ў гэтым абрадзе супрацоўнікі і выхаванцы дзіцячага садка далучылі бацькоў. Дарэчы, пшаніца, якую тыя клалі ў сявеньку, не звычайная. Яе ўласнаручна вырасціў, зжаў сярпом ды абмалаціў цэпам мясцовы жыхар Анатоль Цітавец.

Затым бацькі разам з дзеткамі выйшлі на сцэну з сучаснымі сявенькамі і вучыліся сеяць збожжа. І ўсё гэта пад акампанемент беларускіх народных песень «Сею-вею, пасяваю...» ды «Пасеялі дзеўкі лён». Ад такога знаёмства ў форме гульні з цяжкой працай нашых продкаў і малыя, і дарослыя былі ў захапленні. Потым дзеці вучылі сваіх бацькоў танцаваць кракавяк. Разам з імі адплясвалі ў нацыянальных строях усе педагогі садка, у тым ліку і яго загадчыца.

— Адчуваецца, што ў вас тут не проста калектыў, а сапраўдная сям’я, дзе ўсе гараць агульнай ідэяй, — сказала я ёй падчас танца.

— Так і ёсць, — усміхаецца Вікторыя Сабалеўская. — Усе нашы педагогі — рукадзельніцы. Настаўнік-дэфектолаг захапляецца вышыўкай, музычны кіраўнік і выхавацелька — выцінанкай, кіраўнік фізічнага выхавання шые лялькі і шмат чаго яшчэ... Усе без выключэння натхнёныя працай з дзецьмі, актыўна ўдзельнічаем у розных конкурсах і займаем прызавыя месцы (у гэтым я пераканалася на ўласныя вочы — на калідоры ўся сцяна завешана граматамі і дыпломамі. — Аўт.).

 

Усе ахвотныя маглі павучыцца ў Хрысціны Лямбовіч ткаць паясы. За гэтай справай я і сфатаграфавала Таццяну Квецень з дачушкай Васілісай

Пасля майстар-класа па танцах усіх запрасілі ў тэатральную студыю «Жаронцы», дзе маленькая дзяўчынка «прадавала» за ўсмешку білеты на спектакль «Пшанічны каласок». Што цікава, галоўнымі героямі тэатральнай пастаноўкі — курачкай, індыком ды гусаком — зусім нечакана для сябе сталі бацькі. Трэба было бачыць, з якой непадробнай цікавасцю назіралі дзеткі за імправізацыяй дарослых!.. Пасля спектакля ўсе мамы і таты атрымалі праграмку спектакля, на зваротным баку якой — тэкст казкі, што гучала са сцэны. Каб дома пачытаць яе дзецям перад сном.

Пра покуць ды выцінанкі-забаўлянкі

Затым усе завіталі ў этнаграфічны музей «Спадчына», аформлены ў выглядзе вясковай хаты, дзе пры дапамозе Васілісы і яе мамы Таццяны пазнаёміліся з новым словам. «Бог жыве на небе, Бог жыве ў царкве. А ў вясковай хаце дзе ён, Бог, жыве?» — загадала загадку дзяўчынка. Правільна, гэта покуць — галоўнае месца ў хаце, дзе пад столлю вісяць абразы з выявамі Ісуса Хрыста і святых.

— Музей — цудоўны дапаможнік для нашых выхавацеляў, — кажа яго гаспадыня Ларыса Крыловіч. — Напрыклад, тэма заняткаў — «Посуд». Пагаварылі пра сучасны, а потым прыйшлі і паглядзелі, які ён быў раней. А чулі б вы, як дзяўчаткі з Таццянай Станіславаўнай калыханкі спяваюць! Падыходзяць да калыскі і гудуць, як той вецер у трубе! Такое хараство, аж плакаць хочацца. «Спі, сыночак міленькі, галубочак сізенькі. Мой сыночак будзе спаць, а я буду калыхаць».

Дарэчы, Таццяна Глебік кажа, што менавіта праз песні вельмі добра вучыць беларускую мову. А яшчэ перад святам, пакуль чакалі бацькоў, дзеці разам са сваім музычным кіраўніком навучылі мяне гуляць у «Мэма». Але не ў звычайную гульню, а ў нашу, аўтэнтычную, дзе карткі з выявамі герояў беларускіх народных казак выкананыя ў тэхніцы выцінанка. Вось вам і яшчэ адна падказка, як зрабіць мінулае цікавым для сучасных дзяцей.

— Музей тут з’явіўся дзякуючы былой загадчыцы нашага дзіцячага садка Кацярыне Пятроўне Мазуркевіч, — працягвае Ларыса Антонаўна. — Адзін з першых экспанатаў — лапці, якія, спяваючы беларускія народныя песні, на вачах у дзяцей пляла яе маці Анісся Яўсееўна. Адмыслова для нашага садка ў 1991 годзе тутэйшая майстрыца Леаніда Якаўлеўна Супрановіч зрабіла з паперы набожнік-выцінанку. Мы хочам запрасіць яе ў найбліжэйшы час да нас у музей, каб яна правяла для дзетак і іх бацькоў майстар-клас. Ёй, думаю, будзе прыемна ўбачыць, што мы столькі гадоў беражом яе набожнік. Усё, што ёсць у музеі, сабрана супрацоўнікамі дзіцячага садка і бацькамі. Падчас мерапрыемстваў пытаемся ў іх: «Можа, у каго што захавалася?», дык многія адгукваюцца, прыносяць нам старыя рэчы.

Галоўнымі героямі казкі нечакана для сябе выступілі бацькі

У той вечар дзеці з дапамогай бацькоў рабілі яшчэ і лялек-зернавушак, якіх забралі з сабой дадому — на памяць.

— Наступны раз будзем збірацца, каб навучыцца рабіць фітагабелены, — кажа Таццяна Глебік. — Каб паказаць дашкалятам глыбіню традыцый і мудрасць нашага народа, пастаянна шукаем цікавыя формы работы. Адна з іх — куток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Горад майстроў». Рэгулярна збіраемся і пад кіраўніцтвам умельцаў робім штосьці сваімі рукамі. У прыватнасці, майстрыца з Валожынскага раёна Хрысціна Лямбовіч дапамагае дакрануцца да ткацтва. На «ўра» прайшла акцыя, калі адзін пояс ткалі ўсе па чарзе: бацькі, дзеці, госці. Вучыліся плесці вянкі з бярозавых галінак, рабілі выцінанкі па гатовых лякалах, васковыя свечкі, розныя лялькі. Самае каштоўнае, калі бацькі самі праяўляюць актыўнасць. Адна матуля на Раство праводзіла майстар-клас па роспісе імбірных пернікаў. Дакрануцца да нашага беларускага золата нам дапамагае шматдзетная мама Святлана Ярашэвіч, майстар па саломцы, раней яе дзеткі таксама хадзілі ў наш садок. Ганна Станіславаўна Бяляева, бабуля Мацвейкі, вучыла вязаць кручком званочкі і сняжынкі на ёлку, а на Вялікдзень — абвязваць велікодныя яйкі. Праблема сучасных дзяцей у тым, што яны практычна не бачаць, як бацькі штосьці робяць рукамі. Таму, пакуль мама вяжа, дзеці побач гуляюць у настольныя гульні ці робяць елачныя цацкі з нітак.

Пра хату бацькоў ды магічную сілу песні

Сапраўдным падарункам для ўсіх стаў Віталь Карпанаў з ансамбля «Дразды». Ён прыехаў на матацыкле, каб прыняць удзел у пасяджэнні бацькоўскага клуба і паспяваць разам беларускія песні. Так супала, што напярэдадні ў гаспадыні этнаграфічнага музея «Спадчына» Ларысы Крыловіч быў дзень нараджэння. Калегі ведалі, што яе самыя любімыя песні «Хата бацькоў» і «Беларуская мова», і вырашылі зрабіць ёй сюрпрыз. Ажно слёзы навярнуліся на вочы, калі дзеткі і дарослыя пачалі падпяваць «Ты бабуліна казка, ты матуліна ласка, ты гаючая краска, ты ад болю замова. Хлеб на чыстым абрусе, Храм, дзе Богу малюся, ты душа Беларусі — беларуская мова». Потым Віталь разам з усімі танцаваў кракавяк і наведаў музей, дзе яму на памяць аб дзіцячым садку падарылі абраз з выявай Багародзіцы, вышыты бабуляй Настассі Якубовіч Нінай Іванаўнай Якубовіч.

— Мы тут вучым дзяцей беларускім песням ды танцам, а прыходзяць яны дадому, напяваюць калыханку ці паказваюць бацькам той жа самы кракавяк, і часам не маюць водгуку, — кажа Таццяна Глебік. — Каб яны былі на адной хвалі, мы і вырашылі стварыць бацькоўскі клуб «Вясёлка». Ён абагульняе сем відаў дзейнасці, як сем колераў вясёлкі. Спяваем беларускія песні, ставім народныя казкі з дапамогай розных відаў тэатра, знаёмімся з традыцыйнымі танцамі, гуляем у гульні нашых продкаў, узгадваем забытыя побытавыя рэчы, робім сувеніры сваімі рукамі ў традыцыйных тэхніках, спрабуем нацыянальную ежу... Напрыклад, на Гуканне вясны дзеці з бацькамі рабілі птушачак з цеста. Падчас капуснай вечарыны частаваліся пірагом з капустай. На Каляды да бацькоў прыходзяць дзеці-калядоўшчыкі, а бацькі паказваюць дзецям тэатралізаваную пастаноўку — гісторыю нараджэння Хрыста. Стараемся, каб у нашых вячорках, падчас якіх знаёмімся з традыцыямі святкаваннямі Раства Хрыстова, Масленіцы, Вялікадня, Пакроваў, удзельнічалі ўсе, у нас такога не бывае, каб бацькі проста глядзелі, як дзеці штосьці робяць. Бо раней менавіта дзеці сядзелі за печкай і назіралі, як бацькі спявалі, танцавалі, і такім чынам вучыліся ад дарослых. Бацькі, дарэчы, нам вельмі дапамагаюць. Адна матуля намалявала лялек для тэатралізаванай пастаноўкі казкі «Рэпка», другая з густам упрыгожыла саламянымі кветкамі сцэну. Наш садок цесна ўзаемадзейнічае з бацькамі, бо ўсё пачынаецца з сям’і.

«Наш навасельскі садок — адзін з найлепшых у раёне. Я сама сюды хадзіла, цяпер ваджу сваю дачку, — кажа мама Васілісы Таццяна. — Нам, лічу, вельмі пашанцавала з педагогамі. Мы павінны ведаць традыцыі нашых продкаў, сваю мову, культуру, фальклор, і вучыць гэтаму дзяцей».

Дарэчы, звярнула ўвагу, што беларускія песні сапраўды маюць нейкую магічную сілу. Некаторыя бацькі прыйшлі на свята стомленыя пасля працоўнага дня. Але пасля мерапрыемства ўсмешка не сыходзіла з іх твараў.

Яшчэ звярнула ўвагу, што на сценах у калідоры у арыгінальных бярозавых рамках вісяць фотаздымкі знакамітых мясцін Беларусі — Косаўскага ды Гомельскага палацаў, Нясвіжскага ды Мірскага замкаў…

— Раней у нас тут размяшчаліся ў рамках выцінанкі, а цяпер іх замянілі, — распавяла Ларыса Антонаўна. — У найбліжэйшы час нанясём на іх QR-коды, па якіх бацькі змогуць перайсці і атрымаць больш падрабязную інфармацыю. А магчыма, натхняцца і звозяць дзіця на экскурсію. Самая вялікая ўзнагарода і важкі вынік нашай працы, калі зярняткі, пасеяныя ў дзіцячым садку, прарастаюць у дарослым жыцці нашых выхаванцаў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

фота аўтара

Мінскі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Пнеўманія пасля COVІD-19 развіваецца ў 3-5%, пасля грыпу — у 30%!

Факты для тых, хто сумняваецца, прышчапляцца ці не.

Грамадства

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Першыя ахвяры ледзяной вады. Як пазбегнуць трагедыі?

Ледзяное покрыва яшчэ не акрэпла, а таму выходзіць на яго рызыкоўна і небяспечна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.