Вы тут

У БДУ арганізаваны сустрэчы з рэктарам ў фармаце «філасофскай гасцёўні»


Новыя выклікі, перавагі і змяненні ў беларускай адукацыі абмеркавалі студэнты з рэктарам БДУ Андрэем Каралём. Гэта стала ключавой павесткай візіту кіраўніка ўніверсітэта на факультэт філасофіі і сацыяльных навук. Мерапрыемства адбылося падчас цыкла сустрэч рэктара з моладдзю. У дыскусіі таксама прынялі ўдзел першакурснікі, студэнцкі актыў і кіраўніцтва факультэта.


Унікальнасць гэтай сустрэчы абумоўлена арыгінальнасцю выбранага фармату. Замест звыклага «пытання і адказу» двухгадзінную размову арганізавалі ў выглядзе «філасофскай гасцёўні». Яна прадугледжвала свабодны ўдзел усіх прысутных у абмеркаванні актуальных пытанняў у даверчай абстаноўцы. У ходзе размовы юнакі і дзяўчаты актыўна выказвалі сваё меркаванне і прапаноўвалі альтэрнатыўныя пункты гледжання на гэтую тэму. Акрамя таго, рэктар таксама змог задаць студэнтам хвалюючыя яго пытанні.

Так, найбольшую цікавасць у прысутных выклікаў грамадска-палітычны парадак дня, роля ўніверсітэта ў фарміраванні будучых лідараў меркаванняў і перавагі беларускай адукацыі ў параўнанні з замежнай. Адказваючы на апошняе пытанне, у якасці моцных бакоў айчыннага навучання рэктар назваў высокі ўзровень ведаў і трывалыя навуковыя школы, практыкарыентаваную падрыхтоўку спецыялістаў, даступны кошт і гарантаванае працоўнае месца пасля заканчэння ўніверсітэта.

У працяг тэмы Андрэй Кароль таксама падзяліўся перспектывамі развіцця ВНУ. У прыватнасці, абмеркаванне закранула ўдасканаленне сістэмы работы Псіхалагічнай службы БДУ. «Сёння мы працуем над тым, каб за кожным факультэтам быў замацаваны канкрэтны псіхолаг, якога студэнты будуць ведаць і звяртацца па дапамогу пры неабходнасці», — падкрэсліў рэктар.

Таксама ў сувязі з апошняй нарадай Прэзідэнта і міністра адукацыі Беларусі на сустрэчы ўзнімалася пытанне аб рэформах у сістэме вышэйшай адукацыі і размеркаванні студэнтаў пасля ўніверсітэта. Рэктар нагадаў, што гэтая практыка з’яўляецца найперш добрай магчымасцю для выпускнікоў лепш зразумець і адчуць сваю прафесію і напрацаваць каштоўны вопыт. «А для гэтага неабходна знайсці матывацыю да самаразвіцця, — адзначыў Андрэй Кароль. — І адна з асноўных задач адукацыі і БДУ — дапамагчы студэнту знайсці сябе і ўласнае прызначэнне, адрозніваць сваё ад чужога, ставіць канкрэтныя мэты і дакладна разумець, чаго ён хоча».

Завяршылася сустрэча бліц-апытаннем. Рэктар адказаў на пытанні аб любімых студэнцкіх праектах і рэалізацыі моладдзю ідэй на вузаўскім і рэспубліканскім узроўнях, крыніцах натхнення перад напісаннем мастацкай літаратуры і формуле адпачынку і стварэння. На заканчэнне Андрэй Кароль падзякаваў удзельнікам сустрэчы за ініцыятыўнасць, жывую цікавасць да лёсу ўніверсітэта і ўручыў падарунак самаму актыўнаму студэнту, другакурсніку спецыяльнасці «філасофія» факультэта філасофіі і сацыяльных навук Івану Блінкову. Хлопец, у сваю чаргу, падзяліўся ўражаннямі ад мерапрыемства: «Асабліва цаню такія сустрэчы за магчымасць паўдзельнічаць у размове, якой уласціва інтэлектуальная культура. Пад гэтым я маю на ўвазе ўменне пашыраць межы ў дыскусіі, лавіраваць фактамі і развагамі, разумець, пра што гавораць людзі, і гаварыць пра сваё. І ў Андрэя Дзмітрыевіча атрымалася задаць прыхільны, нязмушаны тон размовы, дзякуючы чаму, упэўнены, кожны з нас змог вынесці для сябе менавіта тое, у чым меў патрэбу».

Сустрэчы рэктара са студэнтамі працягнуцца на іншых факультэтах у найбліжэйшы час.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».