Вы тут

Агляд восьмага нумара часопіса «Маладосць»


Напрыканцы летняга сезона «Маладосць» падаравала чытачу прозу Наталлі Бахановіч, Вікторыі Ярмалінскай, Юліі Макарэвіч, Алеся Кажадуба і Наталлі Канстанцінавай. Па адчуваннях, вершы, сабраныя ў нумары — паэзія мяжы лета і восені. Моладзь тут прадстаўляюць Вікторыя Казловіч і Аляксандра Жалязнова, досвед — Аляксандр Быкаў і Генрых Тарасевіч. Літаратуразнаўчымі музейнымі знаходкамі дзеліцца Мікола Трус. Часопіс спрычыніўся да віншавання аднаго са сваіх аўтараў, Ігара Запрудскага, з 60-годдзем дзякуючы матэрыялу Дар’і Карчашкінай. «Музычны канспект» вядзе Святлана Берасцень, тэатральныя агляды з Мінска і Мастоў робяць Ксенія Зарэцкая і Тамара Мазур адпаведна. Заглыбіцца ў творчасць Леанарда да Вінчы дапаможа эсэ Адама Глобуса. Святлана Калядка разглядае вершы сучасных паэтаў Алеся Дзітрыха і Аксаны Данільчык з пункту гледжання катэгорый эмацыянальнасці і эматыўнасці. Памяць пра прафесара Аляксея Пяткевіча ўшанавана ва ўспамінах Алеся Карлюкевіча. Завяршаецца нумар невялікім краязнаўчым нарысам ад Арцёма Цэрлюка. 


«РэANIMAцыя», казкі для ўсіх і для дарослых, псіхалогія, падарожжа

Жыццёвы шлях Францішка Багушэвіча асвятляе ў сваёй аповесці пісьменніца і літаратуразнаўца Наталля Бахановіч. Такім чынам «Маладосць» працягвае публікацыі ўдзельнікаў конкурсу мастацкіх біяграфій «Слаўная кампанія: рэANIMAцыя», які праводзіцца з 2018 года. Заўважым, што спадарыня Наталля ўдзельнічала ў конкурсе раней з творам, прысвечаным Войславу Савіч-Заблоцкаму. Новая ж аповесць носіць назву «Бацька». Чаму? Чытачу давядзецца паразважаць над версіямі. Можа быць, таму што Францішак Багушэвіч — бацька сучаснай беларускай літаратуры (нават калі такая думка не вельмі папулярная — аргументаў для яе пацвярджэння ў тэксце шмат). Можа быць, таму што прысутнічае трывалая повязь паміж Францішкам Багушэвічам і яго бацькам — яго кумірам, грунтоўным чалавекам, «прыкладам найлепшых мужчынскіх якасцей: паслядоўнасці, дысцыпліны, адказнасці», повязь, якая адчуваецца і тады, калі Казіміра Багушэвіча ўжо не стане, а Францішак будзе пакутаваць ад хваробы: «Змучаны болем і ўласнымі думкамі, ён прымроіў бацьку: той сядзеў перад ім, як на тым партрэце ў гасцёўні, нібы патрыярх, моцны і цвёрды, паставай і поглядам. Далей ён нібы сам стаў бацькам, а бацька стаў ім — і яны зліліся ў адну магутную вялікую постаць і выраслі ў памеры... Ён быў сабой і бацькам адначасова, адчуваючы, як цела наліваецца, як за межы яго фізічнай абалонкі нешта выходзіць і распаўсюджваецца ў прасторы, запаўняе пакой, дом, сядзібу. Цяпер ён нібы бацька нечага жывога і нежывога адначасова, нечага істотнага і вялікага...» Давядзецца дадаць, што выдатна асэнсавана пісьменніцай і бацькоўства самога Францішка Багушэвіча. Аўтар не абмяжоўваецца сухім жыццяпісам Францішка Багушэвіча, тэкст бачыцца глыбока псіхалагічным. Істотна, што адчуваецца заглыбленасць у кантэкст эпохі, сацыяльна-палітычны і культурны, адлюстроўваецца маральна-этычная праблематыка. 

«Вялічкавіцкія казкі» Вікторыі Ярмалінскай, самай маладой пісьменніцы жнівеньскага часопіса, відавочна, створаны на глебе глыбокага зацікаўлення народнай казкай, з разуменнем сюжэтабудаўніцтва (упэўнена, што аўтар пазнаёмілася з не адной сотняй казак і, верагодна, ведае аб працах Уладзіміра Пропа). Найбольш істотнымі у творах Вікторыі бачацца ўсеабдымная дабрыня і справядлівасць. 

«Непрыемна гаварыць з тым, хто ведае цябе лепш, чым ты сам», — разважае Юлія Макарэвіч. Напэўна, асабліва з тым, хто ведае тваё мінулае, слабасці і памылкі. Яе мініяцюры «Туманныя сілуэты» сканцэнтраваны на пачуццях і творчасці — размытасць абрысаў знікае там, дзе ёсць лёс канкрэтнага чалавека.

Калі прачытаць цыкл ад пачатку да канца, то можна прасачыць узбуйненне ў хронасе: «Нараджэнне» фіксуе, фактычна, адну ноч; у «Цішыні» дзеянне адбываецца цягам некалькіх месяцаў; «Яе апошняя казка» ахоплівае некалькі дзесяцігоддзяў жыцця пісьменніцы; у «Цені» ўвогуле складана сказаць, пра які час ідзе гаворка, герой і над часам, і над прасторай (і ці мае час для яго цяпер значэнне?). 

Маё асабістае назіранне: празаікі і паэты, чые творы напоўнілі гэты нумар, нарадзіліся ўлетку або восенню.

Апавяданне Алеся Кажадуба «Кошкі Стамбула» — прыклад сучаснай падарожнай прозы, багатай на асабістыя ўражанні і ацэнкі. Ёсць тут рэчы, якія прывядуць чытача ў пачатак творчага шляху аўтара, магчыма, прыадчыняць некаторыя таямніцы яго станаўлення і зацікаўленняў. Маляўнічыя арыентальныя краявіды, заўвагі пра мясцовае насельніцтва (асабліва — пра жанчын), гістарычныя рэмаркі, сямейныя стасункі, уласна, кошкі Стамбула, характар іх заняткаў і норавы — усё ў творы лёгка і гарманічна нітуецца, дзякуючы чаму і не ствараецца ўражанне сухога дакументалізму. 

Казкі Наталлі Канстанцінавай «Новы сусвет» — самабытныя казкі для дарослых, творы пра багоў і захавальнікаў нязведаных галактык, апелююць да фэнтэзі, да таго ж, маюць глыбокі псіхалагічны і філасофскі падтэкст. Апрача таго, антрапаморфныя фантастычныя істоты ў пісьменніцы, хоць маюць надзвычайную стваральную і разбуральную моц, але, як кажуць, нішто чалавечае ім не чужое: у Сэльмы ў валасах заблытваюцца дробныя зоркі і астэроіды, якія трэба вычэсваць, Ээін усё сваё жыццё згадвае матуліны блінцы, а Пінк і Цінк вымурзваюцца каля вогнішча, якое асвятляе шлях вясне. 

Паэзія канца лета

У нізцы Вікторыі Казловіч «Казачнае святло» — надзея, палёт і горкае расстанне побач. Палёт, бо птушкі — у трох з чатырох вершаў удзельнічаюць ва ўтварэнні тропаў. Надзея на тое, што згіне смутак, надзея на чалавечую моц. 

А закаханых паэтэса атуляе дажджом, дзе «сотні кропель блытаюць шлях» — адпаведны стан надвор’я, каб быць самотным, верагодна, нават узнікае жаданне абвінаваціць такую атмасферу, якая не спрыяе, але ў выніку «мора дажджоў» дасць адплыць кожнаму на сваім караблі, таму і тут праглядаецца надзея захаваць сябе ў бурапеннасці пачуццяў.

Аляксандра Жалязнова ў нізцы «Пакуль яшчэ ў казкі верыш...» практыкуецца ў складанні трыялетаў. Асабліва гарманічнай абраная форма бачыцца ў загалоўным творы «Дзяцінства незабыўны час».

Калі вы знаёмы з творчасцю Аляксандра Быкава, то прыгадаеце найперш вершы пра каханне, а яшчэ, відаць, сведчанне шыкоўнага пачуцця гумару і назіральнасці паэта — сяброўскія шаржы і пародыі. Нізка «Дарогі, сустрэчы» Аляксандра Быкава — роздумы над сэнсатворнымі з’явамі ў жыцці, месцам і роляй чалавека ў свеце, развагі аб суіснаванні людзей, аб хуткаплыннасці дзён. Мы не знойдзем тут дзясяткі адценняў суму, мы знойдзем стаічнае прыняцце рэчаіснасці на пэўным часавым адрэзку, усведамленне нявызначанасці ў прышласці:

Колькі будзе і здрад, і змоў,

І пяшчотных, і горкіх слоў,

Ды сустрэчы нам час-мастак

Зноў малюе не проста так... 

«Сустрэчы»

Паэтычныя ўспаміны Генрыха Тарасевіча — лірычны нон-фікшн, прачулая сустрэча з мінуўшчынай, радасцямі і клопатамі дзяцінства і юнацтва. Бадай, у кожнага, незалежна ад даты нараджэння, будуць свае моманты, звязаныя з навучаннем у школе, з сям’ёй, з сяброўствам, з набыткамі і расчараваннямі, з пераадоленнем страхаў і перамогамі. Імклівае вершаванне паэта, які пабачыў за жыццё шмат залаў, усё роўна вяртае туды, дзе прымаліся першыя найважнейшыя жыццёвыя рашэнні:

Пра залы доўгія гадзіны

З ахвотай можна ўспамінаць,

Ды ўсё ж пра школьны зал спартыўны

Жадаў бы шчыра расказаць.

Знаходкі. Віншаванні. Вакол мастацтва. Памяць

У «Музейнай гасцёўні» нас сустракае Мікола Трус. Яго артыкул «Прывітанне з Гагры» асвятляе асобныя аспекты стасункаў грузінскага пісьменніка і перакладчыка Аляксандра Кутатэлі і Міхася Лынькова на матэрыяле знаходак у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.

Маладая даследчыца і пісьменніца Дарыя Карчашкіна з нагоды 60-годдзя дацэнта, захопленага сваёй справай педагога вышэйшай школы, кандыдата філалагічных навук, літаратуразнаўца Ігара Запрудскага дамалёўвае «Штрыхі да партрэта рэальнага крытыка». 

Восьмы нумар «Маладосці» дае пачатак «Музычнаму канспекту» Святланы Берасцень, якая разважае аб парадоксах календара, цікавых версіях дат нараджэння некаторых слынных у музычным свеце персон, такіх, напрыклад, як Людвіг ван Бетховен ці Джаакіна Расіні... Аўтар расказвае, якім чынам памяць аб той ці іншай постаці сусветнага маштабу ўганаравана на беларускай музычнай сцэне, абавязкова называе імёны людзей, якія спрычыняюцца да ўвасаблення знакавых твораў.

Развагі аб адной з самых медыйных персон гісторыі сусветнай мастацкай культуры — Леанарда да Вінчы — гучаць у эсэ пісьменніка і мастака Адама Глобуса. Чытаю — пастаянна трымаю ў галаве слова «мудрасць», якое фігуруе ў розных кантэкстах жыцця і творчасці Леанарда. Наша генерацыя часта ўжывае тэрмін пракрастынацыя*, а аўтар зазначае, што Леанарда ўмела выходзіў са становішча «стомы» ад пэўнай справы, пераключаючыся на іншую галіну дзейнасці. Ці можна назваць гэта пракрастынацыяй? Напэўна, толькі калі адназначна назваць жывапіс галоўным напрамкам дзейнасці Леанарда. Тэкст аздоблены дэталямі з жыцця Адама Глобуса і суправаджаецца яго стыльнымі і пазнавальнымі ілюстрацыямі, тэматычна звязанымі з асобай і працамі Леанарда. 

«Сакрэт ажыўлення лялек» раскрывае Тамара Мазур. Гэта гісторыя, якая натхняе і матывуе, пра ўзорны лялечны тэатр «Пятрушка» пры Мастоўскім раённым цэнтры культуры пад кіраўніцтвам Галіны Васілеўскай. 

Арт-паход у Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі здзейснім разам з Ксеніяй Зарэцкай у матэрыяле «Калі вецер шуміць у таполях — значыць, гэта каму-небудзь трэба?». Гаворка ідзе аб спектаклі «Вецер шуміць у таполях» рэжысёра Аляксандра Гарцуева паводле трагедыі французскага драматурга Жэральда Сіблейраса. 

Доктар філалагічных навук Святлана Калядка разважае аб катэгорыях эмацыянальнасці і эматыўнасці ў мастацкім творы. На прыкладзе вершаў Алеся Дзітрыха і Аксаны Данільчык даследчыца робіць высновы аб магчымых спосабах і прыёмах праяўлення эмоцыі. 

Тое, чаго няма ў змесце, і тое, што пашырыць веды чытача пра сваіх куміраў: нязменна часопіс даведваецца ў пісьменнікаў розных генерацый пра іх шлях у літаратурную творчасць. 

Літаратурна-крытычны агляд ад Паліны Дваранскай у рубрыцы «Вачыма маладых». Аўтар распавядае, чым яе ўзрушылі пяць сучаных аповесцей: «Дараванне» Алены Брава, «Геній» Алега Ждана, «Я цябе бачу» Анатоля Бензерука, «Нелюдзімы» Алеся Бадака і «Дзікі луг» Андрэя Федарэнкі. 

Алесь Карлюкевіч дзеліцца, як нам бачыцца, вельмі асабістымі ўспамінамі пра літаратуразнаўца і краязнаўца, грамадскага дзеяча, прафесара Аляксея Пяткевіча, цытуе яго лісты, што дазваляюць асэнсаваць значнасць постаці беларускага пісьменніка і даследчыка для беларускай культуры і навукі.

У рубрыцы «Старонка родная» Арцём Цэрлюк прапануе чытачу невялікі краязнаўчы нарыс «Мая Азярэччына», прысвечаны вёсцы Азярцы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці і яе ваколіцам. Тут знойдзем цікавыя версіі паходжання тапонімаў, прасочым асноўныя этапы ў гісторыі, аповед пра мясцовыя славутасці. 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.