Вы тут

Інтэрв'ю Івана Ціхана


Міжнародны алімпійскі камітэт зноў абяцае найбліжэйшым часам вырашыць пытанне аб допуску беларускіх спартсменаў на Алімпійскія гульні 2024 года і настойвае на тым, што ў алімпійскім руху няма месца дыскрымінацыі спартсменаў па нацыянальнай прыкмеце. Абяцае і настойвае ўжо амаль два гады, ды і «абяцаць не значыць ажаніцца». А тым часам у разгары кваліфікацыйны адбор на Гульні ў Парыжы. Лёгкай атлетыцы, калі можна так сказаць, шанцуе больш чым іншым відам спорту — у іх адбор заканчваецца за месяц да старту Алімпіяды, таму час адабрацца пакуль ёсць. Беларускія лёгкаатлеты старанна рыхтуюцца і спадзяюцца выступіць на Алімпійскіх гульнях. А федэрацыя лёгкай атлетыкі паралельна з работай па вяртанні сваіх спартсменаў на міжнародныя стадыёны развівае масавы спорт, далучае да спорту насельніцтва і строіць планы на будучыню. Падрабязней — у інтэрв'ю старшыні Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Івана Ціхана.


— Іван Рыгоравіч, самая балючая і самая важная тэма — як вырашаецца пытанне з вяртаннем нашых спартсменаў на міжнародную арэну?

— Пытанне сапраўды балючае. Мы неаднаразова пісалі лісты ў Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый. Мы сцвярджаем, што не згодныя з рашэннем аб нашым адхіленні, заклікаем выконваць прынцыпы алімпізму, найважнейшы з якіх — спорт па-за палітыкай. У адказ чуем, што пытанне вырашаецца. Абяцалі разгледзець яго яшчэ падчас леташняга чэмпіянату свету ў Арэгоне, але тады яго так і не разгледзелі. Цяпер у міжнароднай федэрацыі створана рабочая група, якая, па ідэі, павінна выпрацаваць і прадставіць умовы, патрабаванні, пры выкананні якіх нашых спартсменаў могуць дапусціць да спаборніцтваў. Але пакуль ніякай канкрэтыкі няма. Я як спартсмен, як старшыня федэрацыі лічу, што мы павінны размаўляць з калегамі з міжнароднай федэрацыі на роўных, а не выконваць нейкія ўмовы. Правы нашых спартсменаў ушчэмленыя, яны не могуць выступаць на міжнародных стартах, не могуць паўнавартасна рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў. А ў той жа час Міжнародны алімпійскі камітэт вітае допуск да алімпійскага руху розных меншасцяў, трансгендараў і гэтак далей. І наш голас аб тым, што мы гэта не падтрымліваем, ніхто не чуе. Ну, калі так, значыць, да Алімпійскіх гульняў трэба дапускаць усіх, а не выключаць спартсменаў толькі з-за іх нацыянальнасці. Я перакананы, што ў алімпійскім руху павінны быць чутныя і заўважныя галасы ўсіх яго ўдзельнікаў. Міністэрствамі спорту Расіі і Беларусі прапрацоўвалася пытанне аб правядзенні ў Расіі гульняў краін БРІКС, куды будуць запрошаны абсалютна ўсе спартсмены. Я думаю, нам трэба падтрымаць гэтую ідэю. Так, Алімпійскія гульні — гэта вяршыня спартыўнага майстэрства. Але калі кіраўнікі міжнароднага алімпійскага руху іх дыскрэдытуюць, то, мусіць, варта ісці туды, дзе паважаюць і падтрымліваюць алімпійскія прынцыпы. Мы не змяняем сабе і прытрымліваемся алімпійскіх каштоўнасцяў, але, на жаль, спорт ужо даўно частка палітыкі і шматлікія з гэтых каштоўнасцяў проста сцёртыя.

— На ваш погляд, ці прымальнай умовай будзе выступленне нашых спартсменаў на міжнародных стартах пад нейтральным сцягам?

— Асабіста я як спартсмен, які перажыў у спорце шматлікае, пад нейтральным сцягам выступаць не стаў бы. Але Алімпійскія гульні, нягледзячы ні на што, застаюцца галоўным стартам для спартсменаў, і я разумею, што нашы атлеты заўсёды аб іх марылі. І адмовіцца ад мары выступіць на Алімпіядзе для іх можа быць вельмі складана і нават балюча. І, мусіць, мы не маем права забіраць у іх гэту мару. Таму нават ва ўмовах, калі на нас ціснуць, мы працягваем змагацца за сумленны і справядлівы спорт. Я лічу, што Міжнародны алімпійскі камітэт гэтым нейтральным статусам проста забіў сам сябе. Кожная краіна мае права прадстаўляць сваю каманду на Алімпійскіх гульнях, у гонар пераможцы павінен узнімацца сцяг і гучаць гімн яго краіны. Навошта абязлічваць краіны і тым самым разбураць спорт? Падыход з нейтральным статусам — вельмі непрыгожая пазіцыя. Спорт павінен быць з тварам, прыгожым, яркім. А нейтральны статус яго абязлічвае. Людзі, якія сцвярджаюць, што спорт — гэта пляцоўка міру і стварэння, самі ж сеюць варожасць у спорце. МАК страціў свой твар нейтральным статусам. Кіраўнікам сусветнага спорту час бы ад яго адмовіцца і пачаць прымаць адэкватныя рашэнні, накіраваныя на развіццё спорту.

Калі нас дапусцяць у нейтральным статусе, то рашэнне выступаць у такіх умовах ці не — асабісты выбар кожнага спартсмена. Канешне, усе ведаюць, якую краіну прадстаўляе Максім Недасекаў, Таццяна Халадовіч, Ірына Жук і іншыя нашы спартсмены. Калі нас дапусцяць пад нейтральным статусам — мы паедзем выступаць пад нейтральным статусам. І нават у такіх умовах працягнем змагацца за сумленны і справядлівы спорт, у якім ніхто не хаваецца пад нейтральным статусам.

— Які наогул цяпер настрой у нацыянальнай каманды?

— Спартсмены трэніруюцца, працуюць. У мінулым годзе мы запусцілі Беларускую лёгкаатлетычную лігу, каб у іх была ўнутраная канкурэнцыя, шчыльны каляндар спаборніцтваў і матэрыяльная падтрымка. Міністэрства спорту і турызму падтрымала спартсменаў. Мы бачылі, што лёгкаатлеты знаходзяцца ў добрай форме — Аляксей Каткавец устанавіў нацыянальны рэкорд у кіданні дзіды, Ілья Карнавухаў стаў рэкардсменам краіны на дыстанцыі 1500 метраў. Таццяна Халадовіч летам 2022 года на Кубку Беларусі паказала найлепшы вынік сезона. Мы запрашаем да ўдзелу ў нашых спаборніцтвах спартсменаў з іншых краін, каб у нашых атлетаў было больш канкурэнцыі.

— Нягледзячы на ўсе складанасці, спартыўны рэзерв рыхтаваць трэба. Будучыню беларускай лёгкай атлетыкі многія ўбачылі ў жніўні падчас ІІ Гульняў краін СНД. На ваш погляд, якія перспектывы ёсць у гэтых маладых спартсменаў?

— Дзеці ў нас усе таленавітыя, і наша задача — развіць гэтыя таленты, каб яны змаглі рэалізавацца ў жыцці. Гульні краін СНД прайшлі шыкоўна, спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы не выключэнне. Але ў 14-15 гадоў яшчэ рана казаць аб спорце вышэйшых дасягненняў. У дарослым спорце ўсё вельмі проста: мы ведаем сусветны вынік, ведаем вынік нашага спартсмена, можам іх супастаўляць і разумець, на якім узроўні знаходзіцца наш спартсмен. У 14 гадоў, што не старт, то асабісты рэкорд. Амаль 90 працэнтаў членаў нашай каманды на ІІ Гульнях краін СНД устанавілі асабістыя рэкорды. І калі15—20 працэнтаў з іх дойдзе да спорту вышэйшых дасягненняў, стануць прафесіяналамі, будзе цудоўна. А той факт, што ў гэтым узросце яны адчулі смак вялікіх спаборніцтваў, павялічыць гэты працэнт яшчэ на 5—10 пазіцый. Хутчэй за ўсё, іх майстэрства раскрыецца да Алімпійскіх гульняў 2032 года. Ім ужо будзе па 22—23 гады, у некаторых лёгкаатлетычных дысцыплінах у гэтым узросце надыходзіць пік формы. І ў тым алімпійскім цыкле ад іх ужо можна чакаць дастойных вынікаў.

— Ад спорту прафесійнага да масавага. У гэтым годзе Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі запусціла ўнікальны праект «Бегавая ліга». Калі падвесці прамежкавы вынік праекта, то як вы можаце яго ацаніць? Усё задуманае атрымалася?

— Па ідэі, такі праект павінен быў з'явіцца ў нас ужо даўно. Задача федэрацыі лёгкай атлетыкі — заразіць (у добрым сэнсе гэтага слова) усю краіну бегам. Па-першае, гэта выдатны спосаб папулярызацыі лёгкай атлетыкі. А па-другое, бег — найлепшы сродак для ўмацавання здароўя. А здароўе — гэта самае галоўнае, што ёсць у чалавека. Таму мы настойваем на той пазіцыі, што ў нашых забегах павінны ўдзельнічаць людзі ўсіх узростаў: ад самага юнага да шаноўнага. Напэўна, вынік гэтай працы мы ацэнім крыху пазней. Але ўжо цяпер, гледзячы на тое, як праходзяць забегі, я разумею, што ў нас усё атрымліваецца. У Жыровічах сабраліся больш за 5 тысяч удзельнікаў, чаму я быў здзіўлены. Вядома, колькасць удзельнікаў у розных гарадах адрозніваецца, але людзі ўдзельнічаюць у забегах і гэта галоўнае. Мы прыкладаем усе намаганні, каб нашы ўдзельнікі заставаліся задаволены. Калі хтосьці едзе па станоўчыя ўражанні — ён іх атрымлівае, той, хто па адмоўныя — ну, кожны знаходзіць тое, што хоча знайсці. «Бегавая ліга» працягваецца. Фінальны забег адбудзецца ў Гродне 11 лістапада. Я асабіста задаволены гэтым праектам, каманда задаволеная. Але галоўную адзнаку нам дадуць удзельнікі забегаў. Мяркуючы па тым, што яны пішуць у водгуках, — таксама задаволеныя. І гэта выдатна, што ўсё больш людзей цікавяцца бегам, таму што гэта самы даступны, самы зразумелы і самы мірны від спартыўнай актыўнасці.

— Самы вядомы і папулярны забег у краіне — Мінскі паўмарафон, які зусім нядаўна прайшоў у сталіцы дзясяты раз. Якую адзнаку можаце яму даць?

— Сапраўды, Мінскі паўмарафон — гэта ўжо традыцыя, якой удзяляецца шмат увагі. Цешыць, што сёлета вырасла колькасць удзельнікаў на дыстанцыях 10 і 21 кіламетр. Мы нават не змаглі зарэгістраваць усіх ахвотных. Значыць, узровень бегавой культуры ў краіне вырас. У мінулым годзе мы памянялі трасу забегу, сэрцам Мінскага паўмарафону стаў стадыён «Дынама». А сёлета мы задзейнічалі ўсе магчымасці стадыёна, каб удзельнікам было камфортна. У гэтым годзе Мінскі паўмарафон прайшоў добра, удзельнікі і арганізатары засталіся задаволеныя. Але заўжды ёсць куды імкнуцца. І я ўпэўнены, што наступны паўмарафон будзе яшчэ лепшы.

— Бегавой лігай і работай па вяртанні спартсменаў на міжнародную арэну дзейнасць федэрацыі лёгкай атлетыкі, напэўна, не абмяжоўваецца. Якія планы ў федэрацыі?

— У планах, як заўсёды, актыўная дзейнасць. Мы працягваем работу з дзецьмі, праект «300 талентаў для каралевы» пачынае новы сезон. Праект дапамагае нашым дзецям рабіць першыя крокі ў спорце, а дарослым дае магчымасць прагледзець перспектыўных дзяцей 7—10 гадоў. І гэта важна не толькі для лёгкай атлетыкі, але і для іншых відаў спорту. Чым больш шматгранная ў гэтым узросце падрыхтоўка, тым больш магчымасцяў перад дзецьмі адкрываецца ў будучыні. І наша задача — даць ім гэтыя магчымасці. Гэтак жа ў нас ёсць праект «Шкаліяда», дзе мы тэсціруем вучняў школы — гэта ўжо падрыхтоўка спартыўнага рэзерву для спорту вышэйшых дасягненняў.

У вышэйшым звяне ў нас пачынаецца няпростая праца, мы ўваходзім у алімпійскі сезон. Акрамя падрыхтоўкі да галоўных стартаў, гэтым разам давядзецца адстойваць права выступаць на гэтых стартах. Мы будзем працягваць свае праекты для аматараў бегу, каб аб'ядноўваць людзей розных узростаў і прафесій. Федэрацыя лёгкай атлетыкі вядзе актыўную работу з ветэранамі спорту. Два разы за год мы праводзім чэмпіянат па лёгкай атлетыцы сярод ветэранаў, сёлета ў турніры ўдзельнічаюць прадстаўнікі сямі краін. Працы шмат, яна розная, але нацэлена на адно — развіццё лёгкай атлетыкі.

— Іван Рыгоравіч, у адным з першых інтэрв'ю пасля прызначэння на пасаду старшыні федэрацыі вы адзначалі, што шчаслівыя быць кіраўніком лёгкаатлетычнай сям'і. Цяпер для лёгкай атлетыкі вельмі няпросты час. У вас асабіста шчасця менш не стала?

— Можа быць, знешне я вельмі спакойны, але ўнутры радуюся кожнаму дню. Так, лёгкая атлетыка — няпросты свет са сваёй спецыфікай, з вялікай колькасцю відаў. Але я задаволены, што жыву ў гэтым няпростым свеце. У лёгкай атлетыцы я амаль 30 гадоў і ўвесь гэты час усю энергію, сілы аддаваў на яе развіццё. Спачатку сваімі выступленнямі, цяпер — на пасадзе старшыні федэрацыі. Я нікому нічога не даказваю і працую не за ордэн ці медаль, а проста раблю тое, што магу, і тое, што павінен. Спорт дапамог мне рэалізавацца ў жыцці як асобе. У жыцці рознае бывае і ўсякае можа памяняцца ў спорце, я ўсё роўна буду ў лёгкай атлетыцы. Я шчаслівы, што жыву, што дапамагаю развівацца любімаму віду спорту, складанаму, няпростаму, але такому цікаваму, і ад гэтага я атрымліваю толькі задавальненне.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.