Вы тут

Вучыць, але і вучыцца...


У Гомельскай вобласці адзін з найважнейшых кірункаў комплекснага развіцця раёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, — замацаванне маладых спецыялістаў. У Веткаўскім раёне ўжо больш як месяц на першых працоўных месцах паказваюць сябе навабранцы-педагогі. Значная колькасць сёлетніх выпускнікоў ВНУ і каледжаў вярнулася пасля вучобу працаваць у родны раён. Карэспандэнт «Звязды» пацікавілася, як на Веткаўшчыне маладым людзям дапамагаюць асвойвацца ў новых калектывах.


Дзеці мяняюць...

Дар'я Казубанава сама родам з Веткі. Пасля школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны без мэтавага накіравання, так што разлічвала на агульнае размеркаванне. Дар'ю як выдатніцу вучобы факультэта матэматыкі і тэхналогіі праграмавання ГДУ яшчэ падчас вучобы запрашалі да сябе на працу адразу некалькі школ Гомеля. Ужо з трэцяга курса студэнтка сумяшчала вучобу і працу ў школе у цэнтры Гомеля. У гэтым годзе дзяўчына скончыла ВНУ з «чырвоным» дыпломам. Маладога выкладчыка матэматыкі і інфарматыкі ўгаворвалі размеркавацца ў Гомель і застацца працаваць у той жа школе. Але Дар'я настаяла, каб яе размеркавалі ў родны Веткаўскі раён. Прынялі маладога матэматыка на першае працоўнае месца ў Радужскай сярэдняй школе імя М. Р. Батракова.

Дар'я Сяргееўна пакуль жыве на здымнай кватэры ў Гомелі. Дабіраецца на працу — крыху больш чым 20 кіламетраў ад Гомеля — сваім ходам. Але яна ўпэўнена, што дакладна зможа атрымаць кватэру ў арэндным жыллі ў Ветцы. Сістэма ў раёне выпрацаваная: жыллё для маладых спецыялістаў узводзіцца за кошт сродкаў, накіраваных на ліквідацыю наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Хутка малады матэматык Радужскай сярэдняй школы імя М. Р. Батракова таксама прадставіць неабходныя дакументы, каб стаць на ўлік для атрымання жылля. Увогуле сваё размеркаванне ў аграгарадок на Веткаўшчыне малады спецыяліст лічыць падарункам лёсу.

— Ішла на працу ўжо цалкам падрыхтаваная і маральна, і псіхалагічна. Выкладаю матэматыку з пятага да дзясятага класа, інфарматыку — у 8—11-х, а таксама вяду чарчэнне ў 10-м. Тут у класах у мяне менш вучняў, чым было ў гомельскай школе: мінімальна — пяць чалавек, максімальна — пятнаццаць. Я магу больш удзяліць увагі кожнаму дзіцяці, — расказвае малады педагог.

Нягледзячы на тое, што Дар'я Сяргееўна толькі прыступіла да работы, яна ўжо вядзе дадатковыя заняткі: рыхтуе вучня пятага класа да алімпіяды, займаецца з вучнямі дзявятага класа па падрыхтоўцы да выпускнога іспыту.

— У калектыве мяне прынялі вельмі добра. Наша школа беларускамоўная, па-беларуску выкладаюцца і ўрокі, і факультатывы. Напачатку звярталася па дапамогу да настаўнікаў, каб разабрацца з вядзеннем дакументацыі па факультатыве па-беларуску, — адзначае дзяўчына. — Кіраўніцтва школы заключыла са мной кантракт на пяць гадоў. Як малады педагог я атрымала аднаразовую выплату — 200 базавых велічынь, яна выплачваецца за заключэнне першага пяцігадовага кантракта за работу ва ўстанове, якая знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання з правам на адсяленне. Таксама атрымала 60 базавых велічынь. Гэта аднаразовая выплата па такім жа артыкуле закона, але ўжо за заключэнне кантракта тэрмінам на тры і больш гадоў, — дадае дзяўчына.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава і старшыня Веткаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Самкоў сустрэліся на першым працоўным месцы з маладым спецыялістам Дар’яй Казубанавай.

Тое, што малады педагог так добра дасведчаная ў сацыяльных ільготах, не дзіўна. Парад пачаткам работы з маладымі педагогамі правялі асобную сустрэчу, дзе дакладна растлумачылі, як забяспечаныя ў гэтым плане ў раёне законныя правы спецыялістаў на першых працоўных месцах.

Сістэма настаўніцтва і не толькі...

Між тым сёлета ва ўстановы адукацыі і спорту Веткаўшчыны размеркаваліся 15 маладых спецыялістаў, дзевяць маладых людзей — ураджэнцы раёна. Сярод маладога папаўнення кадраў — настаўнікі пачатковых класаў, матэматыкі і інфарматыкі, замежнай мовы, працоўнага навучання, біялогіі і хіміі, а таксама трэнер-настаўнік фізкультуры, медыцынская сястра. Усе маладыя людзі працаўладкаваны на поўныя стаўкі, ім забяспечаны аб'ёмы педагагічнай нагрузкі. Не менш важна і тое, што за кожным маладым спецыялістам у калектыве замацаваны дасведчаны настаўнік.

— З 12 маладымі спецыялістамі заключаны кантракты з аднаразовай выплатай за работу ў зоне радыеактыўнага забруджвання ў памеры 40—60 базавых велічынь, шэсць чалавек заключылі з наймальнікамі пяцігадовыя кантракты з аднаразовай выплатай 200 базавых велічынь, — звярнуў увагу старшыня Веткаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Самкоў.

Атрыманне арэнднага жылля, перакананы лідар галіновага прафсаюза раёна, добры стымул для моладзі замацавацца па месцы працы і жыхарства.

— Сем маладых спецыялістаў устаноў адукацыі і спорту пастаўлены на ўлік як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ім будзе гарантавана забеспячэнне добраўпарадкаванага арэнднага жылля, — кажа Васіль Васільевіч.

Пакуль жа для кожнага маладога спецыяліста-педагога, размеркаванага ў раён, вызначана месца пражывання.

Дапамога з дакументамі і жывы дыялог

Каб «зняць» усе хваляванні не толькі педагогаў-пачаткоўцаў, але і іх бацькоў, у раёне правялі сустрэчу з маладымі спецыялістамі. Запрасілі на яе прадстаўнікоў раённых службаў і ведамстваў, кіраўніцтва аддзела адукацыі, райкам галіновага прафсаюза.

— Наша задача — каб малады педагог прыступіў да працы і ведаў аб сваіх сацыяльных гарантыях, — падкрэслівае Васіль Самкоў. — Таму важна было растлумачыць маладым людзям пытанні, якія датычацца прафесійнай дзейнасці, ільгот і гарантый, выплаты і памераў зарплаты, забеспячэння арэндным жыллём, атрымання льготных крэдытаў, а таксама асабістай адказнасці педагога згодна з Кодэксам аб адукацыі.

Акрамя таго, на падобных сустрэчах з маладымі педагогамі выпрацавана практыка абавязковай метадычнай дапамогі.

— Падрабязна разбіраецца ўся дакументацыя, якую будуць весці спецыялісты на першым працоўным месцы. На пачатковым этапе працы для іх гэта сапраўды важна, — у сваю чаргу робіць важны акцэнт начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяна Помазава. — Яшчэ перад працаўладкаваннем выпускнікі ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія размеркаваліся да нас, атрымалі магчымасць наведаць установы, куды будуць накіраваныя. Юнакі і дзяўчаты паразмаўлялі з калегамі па працы і старшынямі органаў прафсаюза на месцах. Для нас вельмі важна і тое, каб маладыя людзі, калі прыступаюць да працы, разумелі і свае службовыя абавязкі, асаблівасці прымянення норм заканадаўства праз калектыўны, працоўны дагаворы, Правілы ўнутранага працоўнага распарадку. Важна разуменне маладой змены і ўмоў работы ва ўстановах у зоне радыеактыўнага забруджвання, — звярнула ўвагу Таццяна Аляксандраўна.

Па яе словах, сёння на Веткаўшчыне вельмі добра зарэкамендаваў сябе такі фармат падтрымкі маладога папаўнення кадраў, калі старшыня райвыканкама праводзіць асабістую сустрэчу з маладымі спецыялістамі. Так, кіраўнік раёна можа асабіста даведацца ад пачынаючых працаўнікоў, як яны ўладкаваліся на першых рабочых месцах. Акрамя таго, наведванне па месцы размеркавання маладых спецыялістаў абавязкова ўваходзіць у план мабільных груп Веткаўскага райвыканкама.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.