Вы тут

Беларусы дапушчаны да Паралімпійскіх гульняў 2024 года


У традыцыйным аглядзе «Звязды» —  самыя важныя спартыўныя падзеі.


Навіна тыдня. Беларусы змогуць прыняць удзел у летніх Паралімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы. Яны будуць выступаць у нейтральным індывідуальным статусе. Такое рашэнне прынята 29 верасня на Генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта ў Манаме (Бахрэйн). Акрамя таго, цяпер беларускія спартсмены змогуць выступаць на ўсіх турнірах пад эгідай МПК. Разам з тым Паралімпійскі камітэт пакуль не адноўлены ў якасці паўнапраўнага члена МПК. Пры гэтым члены Міжнароднага паралімпійскага камітэта на генасамблеі ў Манаме (Бахрэйн) прагаласавалі супраць поўнага прыпынення членства Паралімпійскага камітэта Беларусі.

Аб'ява тыдня. Чатыры беларускія плыўцы атрымалі нейтральны статус для ўдзелу ў спаборніцтвах Міжнароднай федэрацыі плавання (World Aquatіcs). Нейтральны статус і разам з ім допуск да турніраў атрымалі наймацнейшыя беларускія спартсмены: рэкардсмен свету на стометроўцы брасам на кароткай вадзе Ілья Шымановіч, а таксама лідары жаночай каманды — Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко і Анастасія Куляшова. Да міжнародных стартаў дапушчаны і трэнер Андрэй Ліпніцкі. У верасні World Aquatіcs аб'явіла аб вяртанні беларускіх і расійскіх спартсменаў на спаборніцтвы пад эгідай арганізацыі пры выкананні шэрагу ўмоў, уключаючы ўдзел пад нейтральным сцягам і толькі на індывідуальных дыстанцыях, а таксама забарону на зносіны са СМІ падчас турніраў.

Медалі тыдня. У Анапе завяршыўся міжнародны турнір па боксе памяці Мікалая Паўлюкова сярод спартсменаў, не старэйшых за 22 гады. Беларусь на гэтым турніры прадстаўлялі восем спартсменаў, шэсць з якіх сталі медалістамі. Сярэбраным прызёрам у вагавой катэгорыі да 57 кг у хлопцаў стаў Максім Панькоў, бронзавыя ўзнагароды заваявалі Дзмітрый Балькоў (да 60 кг) і Мікіта Нагорны (да 92 кг). Сярод дзяўчат трэція месцы занялі Ірына Вінаградава (да 50 кг), Марына Мулярчык (да 57 кг) і Дар'я Ляцко (да 66 кг). На спаборніцтвах выступілі больш за 160 маладых баксёраў з 17 краін.

Поспех тыдня. Беларусы заваявалі шэсць медалёў на міжнародных спаборніцтвах па фехтаванні ў Арменіі. У першы дзень спаборніцтваў сярод юніёраў 2003—2006 гадоў нараджэння былі разыграны ўзнагароды сярод рапірыстаў і шпажыстаў у індывідуальным відзе праграмы. Беларускія юніёры ў двух відах зброі заваявалі 1 залаты, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі. У рапіры сярод юніёраў роўных не было Уладзіславу Мікалаюку, а бронза дасталася Уладзіміру Бутэнку. У спаборніцтвах шпажыстаў сярэбраную ўзнагароду заваяваў Міхаіл Мітраховіч. Бронзавыя медалі турніру ўзялі Рыгор Мураўёў і Аляксей Рэкіш.

Цытата тыдня. «Мы будзем праводзіць спартыўныя фестывалі для дзяцей ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. У найбліжэйшы час правядзём некалькі паказальных фестываляў у рэгіёнах. Кожная ДЮСШ, прыватная школа ці іншае якое-небудзь фарміраванне збірае дзяцей і па ўстаноўленай праграме праводзіць такі фестываль разам з бацькамі. Гэта значыць, ва ўзросце да 10 гадоў дзеці ўжо будуць займацца футболам, і мы будзем бачыць, хто лепшы, хто горшы. Будзем праглядаць як індывідуальна, так і ў рабоце ў камандзе», — заявіў старшыня асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» Мікалай Шарснёў падчас адкрыцця абноўленай футбольнай пляцоўкі СДЮШАР ФК «Віцебск». Ён падкрэсліў, што такому рашэнню папярэднічала вялікая аналітычная работа. «Калі мы дэталёва прааналізавалі, чаму не гуляюць клубы ці ўзровень гульні нашых клубаў у Вышэйшай лізе невысокі і ў той жа час чаму нацыянальная зборная няўдала гуляе, мы знайшлі наступныя прарэхі. Першае — у нас няма спаборніцкай практыкі ў дзіцяча-юнацкім футболе, адсутнічаюць чэмпіянаты розных узроўняў. Атрымліваецца, дзеці, якія займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, не маюць спаборніцкай практыкі. Таму мы вярнуліся да той структуры правядзення чэмпіянатаў. Чэмпіянаты рэспубліканскія будуць праходзіць для дзяцей ва ўзросце 11, 12, 13 і 14 гадоў», — прыводзіць словы Мікалая Шарснёва БелТА.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Арэндная стаўка на здымнае жыллё працягвае зніжацца

Свежасць раёна, кватэры з новай планіроўкай — гэтыя фактары сёння маюць ключавое значэнне.

Адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

У фокусе — прафесійная адукацыя

Кіраўнікі адукацыйных ведамстваў упэўнены, што супрацоўніцтва ў сферы адукацыі з’яўляецца важным фактарам для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзвюх краін.

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?