За гады работы не раз даводзілася сустракацца з жанчынамі, якія прысвяцілі сябе сям'і. Выгадаваць пяцёра дзяцей — гэта вам не жартачкі, а сапраўдная праца маці-гераіні. І тут ужо ніякай іншай работы можа і не быць, бо, як сказаў адзін мудры святар, ахвяраваць сябе на служэнне сям'і — само па сабе азначае духоўны подзвіг. Ёсць у маіх журналісцкіх архівах-блакнотах таксама гераіні-працаўніцы, якія аддалі перавагу кар'еры, прафесійнаму росту. А вось каб два ў адным: і вялікая дружная сям'я, і паспяховая работа — вялікая рэдкасць.
І гэта пра яе — Людмілу Мароз, дырэктара Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аднаго з найлепшых у краіне, — маці пяцярых сыноў, клапатлівую жонку, старанную гаспадыню. Адкуль столькі энергіі, сіл? Відаць, ад роднай Століншчыны, дзе спакон веку жывуць надзвычай працавітыя людзі. Гісторыя іх з Генадзем сям'і ў нечым нават тыповая. Ва ўсялякім разе, на першым этапе.
Людміла Васільеўна расказвае, што вырасла ў шматдзетнай сям'і ў вёсцы Белавуша. У бацькоў акрамя яе было яшчэ двое дзяцей. У школе заўсёды паспяхова вучылася, дапамагала родным, бо дома, як і ва ўсіх аднавяскоўцаў, быў парнік, дзе вырошчвалі агародніну, мелася вялікая падсобная гаспадарка. Марыла стаць урачом. Таму пасля дзявятага класа паступіла ў медвучылішча. Скончыла яго на пачатку 90-х. Пра паступленне ў інстытут давялося забыць, бо бацькі сказалі: «Маеш спецыяльнасць — трэба ісці працаваць». Ім сапраўды было цяжка падымаць траіх дзяцей, — разважае цяпер Людміла.
У дваццаць гадоў выйшла замуж, пяць гадоў жылі са свякроўю, трымалі парнік, працавалі на асноўнай рабоце і ў падсобнай гаспадарцы, а заадно будавалі свой дом. Першым вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці інжынера-механіка завочна атрымаў муж. Потым, маючы траіх дзяцей, на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна паступіла Людміла. І, як яна сказала, нараджэнне чацвёртага дзіцяці не перашкодзіла паспяхова абараніць дыплом і скончыць ВНУ з адзнакай па спецыяльнасці «Сацыяльная работа і псіхалогія».
Менавіта спецыялістам па сацыяльнай рабоце ў 2012 годзе яна перайшла на работу у тэрытарыяльны цэнтр. За шэсць гадоў прайшла ўсе кар'ерныя прыступкі: ад спецыяліста да дырэктара, пры гэтым паспела нарадзіць яшчэ аднаго, пятага сына. І вось, калі ў 2018 годзе стала дырэктарам цэнтра, муж атрымлівае прызначэнне ў Бярозу. Генадзя Іванавіча накіроўваюць узначаліць Бярозаўскі сыраробчы камбінат на час рэканструкцыі прадпрыемства. Пасля пэўнага роздуму яна прымае рашэнне ехаць за мужам, хоць аднаму з сыноў заставаўся апошні год вучобы ў школе, а меншаму — год да выпуску ў садку. «Я падумала, што мая падтрымка на такой адказнай і нялёгкай рабоце мужу будзе неабходная», — гаворыць Людміла Васільеўна. Адным словам, сабралі чамаданы і паехалі. Тым больш што ёй таксама справа знайшлася: спачатку — намеснікам, а неўзабаве — дырэктарам Бярозаўскага тэрытарыяльнага цэнтра.
Там Людміла Мароз з галавой акунулася ў работу. Гаворыць, што ў Бярозе застала вельмі добры калектыў: «Мне наогул вельмі шанцуе па жыцці з працоўнымі калектывамі. А гэта дае дадатковыя стымулы». Адным словам, у Бярозе яна ўзялася асвойваць новыя перадавыя формы сацыяльнай работы. І ў 2020 годзе Бярозаўскі тэрытарыяльны цэнтр быў прызнаны найлепшым у вобласці. За час яе работы адкрылі дом сумеснага пражывання для пажылых людзей і філіял тэрытарыяльнага цэнтра ў Белаазёрску, тры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых і інвалідаў, два стацыянарныя сацыяльныя пункты, крызісны пакой для тых, хто пацярпеў ад сямейнага гвалту. Адным словам, працаваць было цікава.
У 2021 годзе сям'я Мароз вярнулася ў Столін.
— Я люблю сваю справу, — гаворыць Людміла Васільеўна. — Лічу, што зрабіць свет лепшым можна, калі з душой, сумленна і адказна выконваць сваю работу. Вось гэтым і займаюся. Калі коратка сказаць пра наш цэнтр, то трэба мець на ўвазе маштабы раёна. Столінскі раён па сваёй тэрыторыі з'яўляецца самым вялікім сельскім раёнам краіны. На ўліку ў цэнтры значыцца больш чым 27,5 тысячы чалавек, у тым ліку 990 адзінокіх і 7327 адзінока пражываючых пажылых грамадзян, а таксама ветэраны вайны, інваліды, шматдзетныя і малазабяспечаныя сем'і. Словам, каля 30 працэнтаў насельніцтва раёна так ці іначай знаходзіцца ў полі зроку цэнтра, гэта людзі, якія маюць патрэбу ва ўвазе і падтрымцы.
Сацыяльныя работнікі абслугоўваюць дома 1145 чалавек. І гэта самы высокі паказчык сярод тэрытарыяльных цэнтраў у вобласці. Варта сказаць пра асаблівы ўчастак работы: 136 пажылых людзей і інвалідаў атрымліваюць паслугі паўстацыянарнай формы сацыяльнага абслугоўвання. Усяго ў цэнтры працуе 225 чалавек.
— Наш калектыў — гэта наш галоўны набытак. У нас фактычна няма цякучкі кадраў. Рэдка хто трапляе выпадкова і сыходзіць хутка, а асноўная частка — мэтанакіраваныя, сумленныя, адказныя спецыялісты, якія працуюць доўгія гады з адчуваннем, што наша работа вельмі патрэбная людзям, — працягвае аповед дырэктар цэнтра.
— Скажам, у Альшанах адкрылі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Вядомы ў краіне аграгарадок, які называюць агурковай сталіцай, з насельніцтвам 8,5 тысячы чалавек даўно меў патрэбу ў такім аддзяленні. Сёння яго наведваюць 27 маладых людзей з першай і другой групамі інваліднасці. Такое ж аддзяленне працуе ў Століне. «Падрыхтоўка да самастойнага жыцця і сацыялізацыя гэтых людзей — вельмі важная частка нашай работы, — разважае Людміла Васільеўна. — Калі бачыш вынікі сваіх намаганняў, няхай нават зусім невялікія, атрымліваеш задавальненне. Навучыўся, напрыклад, хлопец майстраваць паліцу для абутку ці самастойна рабіць пакупкі альбо дзяўчына навучылася пячы бліны — і гэта ўжо вельмі добра. А такія навыкі яны хутчэй атрымліваюць у калектыве, у стасунках адно з адным пад кіраўніцтвам вопытных супрацоўнікаў.
Дарэчы, многіх наведвальнікаў аддзялення я памятаю яшчэ малымі, бо 19 гадоў адпрацавала медсястрой на прыёме ўрача-псіхіятра. І вось цяпер, калі тыя дзяўчынкі і хлопчыкі выраслі, яны працягваюць рэабілітацыю, абілітацыю ў нас. Любыя іх поспехі, несумненна, натхняюць.
Пры нашым аддзяленні ў райцэнтры ёсць тэатральны гурток «Калейдаскоп». У ім займаюцца сапраўды таленавітыя хлопцы і дзяўчаты. Два гады запар яны заваёўваюць гран-пры на фестывалі-конкурсе асаблівых тэатраў «Увесь свет — тэатр» у Бабруйску. Са сваімі пастаноўкамі інклюзіўныя артысты выступаюць у розных аудыторыях, нават выязджаюць дадому да інвалідаў-калясачнікаў, якія не пакідаюць сцен кватэры, каб выступіць, падарыць ім свята. Гэта той выпадак, пра які гавораць, што сапраўдны артыст іграе нават для аднаго гледача.
Шмат гадоў мы праводзім для людзей з інваліднасцю інклюзіўны летнік разам з грамадскай арганізацыяй «Цэнтр падтрымкі маладых інвалідаў». Там не толькі арганізоўваем вольны час, а таксама праводзім шэраг майстар-класаў па розных кірунках: ганчарстве, кулінарыі, разьбе па дрэве, вырабе свечак. Мы сапраўды шмат чаго робім для людзей, якія маюць патрэбу ва ўвазе. Адных толькі мерапрыемстваў культурнага кірунку для мэтавай аўдыторыі праходзіць у раёне за год больш за семдзесят. Цікава працуюць гурткі і клубы па інтарэсах для людзей трэцяга ўзросту. Адзін з прыкладаў — шэфства над бальніцай сястрынскага догляду ў Беражным. Пажылыя валанцёры выязджаюць туды, праводзяць гутаркі, канцэрты, навучаюць розным кірункам дэкаратыўна-прыкладной творчасці, прывозяць падарункі. Супрацоўнічаем з раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа, іншымі грамадскімі фарміраваннямі, — расказала Людміла Мароз.
Літаральна нядаўна ў Століне атрымалі паведамленне, што ў адной з намінацый іх праект «З сям'і пачынаецца Радзіма» стаў пераможцай на абласным этапе конкурсу «105 ідэй для развіцця галіны», аб'яўленым міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, і накіраваны на рэспубліканскі этап. Праект нарадзіўся не ўчора. Папулярызацыяй ідэі шматдзетнай сям'і тут паспяхова займаюцца шэраг апошніх гадоў. Комплексны, міжведамасны падыход дае станоўчыя вынікі: за апошнія гады колькасць шматдзетных сем'яў у раёне вырасла амаль на трыста. Сто трыццаць тры жанчыны атрымалі дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Маці. «Сёння ў Столінскім раёне пражывае 2349 шматдзетных сем'яў, 817 жанчын узнагароджаны ордэнам Маці», — з гонарам гаворыць мая суразмоўца.
У 2022 годзе Столінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва быў занесены на Рэспубліканскую дошку гонару, дарэчы, першы з тэрытарыяльных цэнтраў Брэсцкай вобласці атрымаў найвышэйшую адзнаку работы. Сама ж Людміла Мароз сёлета стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года» ў намінацыі «За чалавечнасць і дабрыню», да ўсяго яна яшчэ старшыня раённай грамадскай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Як толькі паспявае?
— У адносінах да работы прыкладам заўсёды быў муж, — гаворыць яна. — У яго на першым месцы — самаадача, адказнасць, прафесіяналізм. І для дзяцей, спадзяюся, мы абое заўсёды былі прыкладам. Бо шмат працавалі, разам будавалі дом, уладкоўвалі дабрабыт. Нават ужо пры сваім доме некалькі гадоў запар трымалі цяпліцу. Так у нас прынята, дзеці з малых гадоў знаюць цану працоўнаму рублю. Нашы дзеці заўсёды адказна вучыліся, былі нам памочнікамі ва ўсім. Трое старэйшых сыноў паспяхова закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, працуюць кожны па атрыманай спецыяльнасці. Дарэчы, сын Аляксандр у гэтым годзе з адзнакай скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічнах тэхналогій, за час вучобы быў двойчы стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Двое меншых паспяхова вучацца ў гімназіі, займаюццца музыкай і спортам.
Дзевяць гадоў таму Людміла Мароз была ўдастоена ордэна Маці. А 9 жніўня гэтага года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва гераіні
Какававэла і вінаградныя жамерыны.
Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.