Вы тут

Беларусы дапушчаны да Паралімпійскіх гульняў


Адна з найлепшых спартыўных навін апошніх дзён — беларускія спартсмены дапушчаны да Паралімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы. Няхай і ў нейтральным статусе, але галоўнае, што спартсмены змогуць выступіць на галоўных стартах. Такое рашэнне было прынята на 21-й Генеральнай асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта ў Бахрэйне. Таксама беларусы змогуць выступаць на ўсіх спаборніцтвах пад эгідай МПК. 


Фота: БелТА

Старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель нагадаў храналогію развіцця падзей. «Некалькі месяцаў таму ў Дубаі Незалежны апеляцыйны трыбунал Міжнароднага паралімпійскага камітэта задаволіў нашу апеляцыю на рашэнне аб прыпыненні членства ў арганізацыі. Мы выйгралі справу, даказаўшы, што не парушалі ні канстытуцыю камітэта, ні алімпійскую хартыю. Нас аднавілі як паўнапраўных членаў міжнароднай паралімпійскай сям’і, у нас была магчымасць удзельнічаць у Генасамблеі МПК у Бахрэйне», — сказаў ён. Алег Шэпель падкрэсліў, што для гэтага была праведзена вялікая праца. Ён выказаў падзяку юрыстам, якія на бязвыплатнай аснове на працягу года рыхтавалі дакументы, каб даказаць дэлегатам Асамблеі, што праўда на нашым баку. 

«Перад паездкай у Бахрэйн мы разаслалі нашым аргументы, падмацаваныя юрыдычна, усім нацыянальным паралімпійскім камітэтам, выказалі свой пункт погляду. І гэта быў вялікі сігнал. На працягу некалькіх дзён у Бахрэйне мы бесперапынна размаўлялі з кіраўнікамі нацыянальных паралімпійскіх камітэтаў: хтосьці ішоў насустрач, хтосьці – не. Але большасць краін пагадзілася з намі наконт таго, што спорт павінен быць па-за палітыкай. Асабліва моцна наш пункт гледжання адстойваў прэзідэнт Азіяцкага паралімпійскага камітэта, таксама нас падтрымлівалі краіны Афрыкі, — дадаў Алег Шэпель.

На парадак дня Асамблеі было вынесена пытанне аб выключэнні паралімпійскіх камітэтаў Беларусі і Расіі з міжнароднай паралімпійскай сям’і. Але большасць дэлегатаў пасяджэння гэтую прапанову не падтрымалі. «Па выніках закрытага галасавання 74 краіны выступілі за нас, 56 супраць, 15 устрымаліся. Дзякуючы гэтаму ў нас з’явіліся добрыя шанцы прыняць удзел у Алімпіядзе ў Парыжы. Спорт — гэта сэнс жыцця, атлеты рыхтаваліся чатыры гады, і галоўным для нас было даць ім магчымасць выступіць на Гульнях. Пасля гэтай навіны многія спартсмены тэлефанавалі, нават прыходзілі асабіста і дзякавалі за праведзеную працу», — расказаў старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта. 

Згодна з пастаўленнем Міжнароднага паралімпійскага камітэта беларускія спартсмены змогуць вярнуцца да міжнародных стартаў з 15 кастрычніка. З найбліжэйшых буйных спаборніцтваў — этап Кубка свету па плаванні, які пройдзе з 8 па 12 лістапада ў Каіры. Плануецца, што на гэтым турніры выступяць 10 беларускіх спартсменаў. Таксама ў гэтым годзе яшчэ будуць праходзіць спаборніцтвы па фехтаванні на інвалідных калясках. З лютага 2024 года стартуюць этапы Кубка свету па лёгкай атлетыцы.

«Безумоўна, нашыя спартсмены прапусцілі розныя старты. Але, напрыклад, нашы плыўцы знаходзяцца вельмі высока ў рэйтынгу. У нас хутка будуць спаборніцтвы, на якіх плыўцы могуць заваяваць ліцэнзіі. Лёгкаатлеты павінны заваяваць некалькі ліцэнзій. Плюс мы разлічваем на wild card, бо нашы спартсмены былі адрэзаны ад міжнародных спаборніцтваў», — падкрэсліў Алег Шэпель. 

Намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч заўважыў, што і ў перыяд адхілення ад міжнародных стартаў беларускія спартсмены не сядзелі без справы. «Увесь гэты час наша каманда не была ўбаку, паколькі Паралімпійскія камітэты Беларусі і Расіі праводзілі сумесныя спаборніцтвы. Галоўнымі з іх сталі зімовыя і летнія Гульні паралімпійцаў „Мы разам. Спорт“, таксама праводзіліся адкрытыя Кубкі нашай краіны і іншыя турніры. Усяго было арганізавана 20 спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі з удзелам 682 спартсменаў і 21 турнір на тэрыторыі Расіі. Нашымі атлетамі на сумесных стартах заваявана 211 медалёў, сярод іх 56 залатых. Цяпер з улікам змянілася. Абстаноўкі мы працуем над змяненнем календара, каб нашы атлеты паспелі заваяваць ліцэнзіі на Гульні і пасля паспяхова там выступілі», — сказаў ён. Аляксандр Дараховіч падкрэсліў, што Паралімпійскім камітэтам Беларусі была праведзена вялікая праца, а ўсе, хто яе рабіў, зрабілі вялікую справу. «Я хачу падзякаваць усім прадстаўнікам краін, якія прагаласавалі за Беларусь на Генеральнай Асамблеі Міжнароднага паралімпійскага камітэта ў Бахрэйне. Трэба падтрымліваць развіццё спорту і канкурэнцыю, каб службовыя асобы, ад якіх залежыць рашэнне, прымалі яго на карысць людзей, — лічыць дадаў намеснік міністра. 

Пакуль беларускія спартсмены будуць выступаць пад нейтральным сцягам. Але, як адзначыў генеральны сакратар Паралімпійскага камітэта Беларусі Мікалай Шудзейка, у якім бы статусе не ўдзельнічалі нашы спартсмены, ўсе будуць ведаць, што яны прадстаўляюць Беларусь. «Мы можам падаць апеляцыю, але, думаю, варта крыху пачакаць. Рашэнні, прынятыя на генасамблеі ў Бахрэйне, застануцца ў сіле да наступнага пасяджэння. Спадзяюся, што разумны сэнс пераможа, і праз год мы вернем свой статус і станем паўнапраўнымі членамі паралімпійскай сям’і, а спартсмены будуць удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваім сцягам», — падкрэсліў ён. Мікалай Шудзейка таксама расказаў, што ў адказ на ўсе прэтэнзіі з боку апанентаў паралімпійскі камітэт абапіраўся на закон, нарматыўна-прававыя акты, якія рэгулюць міжнародны паралімпійскі рух. «Мы пераканалі ўсіх, што ў аснову трэба пакласці закон. Не эмоцыі, домыслы і здагадкі, а Канстутыцыю Міжнароднага паралімпійскага камітэта, рэзалюцыі Арганізацыі Аб’яднаных нацый, якія тычацца правоў чалавека і правоў інвалідаў. Каб запярэчыць гэтаму ў нашых апанентаў не было ніякіх аргументаў. Гэта таксама сыграла сваю ролю, паколькі ўсе абвінавачванні будаваліся на ўмоўным ладзе», — заявіў ён. 

Як заўважыла намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, перамога паралімпійскага камітэта Беларусі стала магчымай і дзякуючы шырокаму грамадскаму рэзанансу. Спачатку бурную рэакцыю грамадскасці выклікала адхіленне беларускай зборнай ад Паралімпійскіх гульняў у Пекіне за два дні да адкрыцця форуму ў лютым 2022 года. Затым у лістападзе 2022 года Міжнародны паралімпійскі камітэт прыпыніў членства Беларусі ў арганізацыі. Гэтым рашэннем функцыянеры МПК пазбавілі беларускіх спартсменаў магчымасці ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. «У снежні дванаццаццю грамадскімі аб’яднаннямі быў падпісаны адкрыты ліст па асуджэнні рашэнняў Міжнароднага паралімпійскага камітэта. Яно было накіраванае ў Камітэт па правах інвалідаў, Міжнародны альянс інвалідаў, спецыяльных дакладчыкам па правах чалавека, у розныя міжнародныя грамадскія аб’яднанні інвалідаў. Падключыліся не толькі грамадскія аб’яднанні, але і неабыякавыя беларусы. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны запусціла акцыю „Не двайным стандартам Канвенцыі аб правах інвалідаў“. Гэта стала магутным імпульсам для кансалідацыі і выказвання пазіцыі ў падтрымку спартсменаў-паралімпійцаў. Відэаролікі дасылалі з розных рэгіёнаў краіны. Іх таксама накіравалі ў міжнародныя арганізацыі», — расказала Марына Арцёменка. 

Таксама ў красавіку гэтага года ў падтрымку паралімпійскага руху створаны апякунскі савет Паралімпійскага камітэта Беларусі. Дзейнасць яго мае розную накіраванасць, але найперш гэта папулярызацыя паралімпійскага руху, яго развіццё, падтрымка спартсменаў.

Такім чынам, як заўважылі спецыялісты, агульнымі намаганнямі ўдалося ўстанавіць справядлівасць. І самае галоўнае — вярнуць паралімпійцам сэнс іх жыцця. Летнія Паралімпійскія гульні адбудуцца з 28 жніўня па 8 верасня 2024 года. Беларусы змогуць прыняць удзел у спаборніцтвах па плаванні, лёгкай атлетыцы, фехтаванні на калясках і параканоэ.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.