Вы тут

Ветэран крымінальнага вышуку — аб рэзанасных злачынствах і нюансах аператыўнай работы


Нягледзячы на тое, што Андрэй Мікуліч ужо як два гады знаходзіцца на заслужаным адпачынку, пра сваю прафесійную дзейнасць згадвае з асаблівай цеплынёй і некаторым шкадаваннем, што ўжо не ў міліцэйскім страі. Аднак сам добра разумее, што былых міліцыянераў, тым больш сышчыкаў, не бывае. Напярэдадні 105-годдзя крымінальнага вышуку ветэран органаў унутраных спраў успамінае міліцэйскія будні, за якімі — дзясяткі раскрытых злачынстваў і сотні ўдзячных грамадзян.


Гены сышчыка

Насіць пагоны ён марыў з дзяцінства. І не сказаць, каб фанацеў ад герояў фільмаў «Месца сустрэчы змяніць нельга» або «Пятроўка, 38». Вядома, з цікавасцю глядзеў, але перад вачыма быў рэальны сышчык — родны дзядзька Міхаіл Уладзіміравіч, які расследаваў такія справы, што хоць сам кіно здымай (дарэчы, за асабісты подзвіг ён меў дзяржаўную ўзнагароду). Аднак да кінаіндустрыі ў Андрэя Мікуліча душа не ляжала: хацелася змагацца са злачынцамі ў рэальным жыцці.

Шлях да мары быў няпросты. Як ён сам прызнаецца, з самага дзяцінства яго выхоўвалі ў жалезнай дысцыпліне: камандзір «Зарніцы», «Орлёнка», першыя месцы ў спартыўных спаборніцтвах, выдатныя вынікі ў вучобе... Характар і сур’ёзныя планы на жыццё прывялі звычайнага вясковага юнака з Лагойшчыны ў ваеннае вучылішча. Аднак доўга вучыцца ў Вільнюсе, дзе ажыццяўлялася падрыхтоўка спецыялістаў для радыётэхнічных войск, не давялося. «Ужо тады там адчувалася нянавісць да рускамоўнага насельніцтва, вучыцца ў такой абстаноўцы было складана», — тлумачыць Андрэй Мікуліч прычыну свайго заўчаснага вяртання на Радзіму.

У хаце не сядзеў. Паступіў у вучылішча пры Мінскім трактарным заводзе, працаваў на Мінскім маторным. Затым была армія. Падчас праходжання воінскай службы Андрэй Мікуліч усё часцей пачаў задумвацца аб органах унутраных спраў. Аднак у пачатку 1990-х паступіць у Акадэмію МУС без вопыту міліцэйскай службы было немагчыма. Два гады працаваў у ахове: вартаваў дзяржаўныя аб’екты. Атрымаўшы доўгачаканае накіраванне ў Акадэмію МУС, Андрэй Мікуліч панёс туды свае дакументы і адразу з галавой акунуўся ў прафесію. Вучыўся на завочнай форме, паралельна служыў у РУУС Савецкага раёна сталіцы — на пасадзе оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку.

Вышуковай дзейнасці аддаў 27 гадоў! Мяняліся толькі пасады і месцы службы. Пасля раённага ўпраўлення Андрэй Мікуліч перайшоў у галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, а затым — у цэнтральны апарат міліцэйскага ведамства — МУС. На ўсіх этапах службовай дзейнасці займаўся раскрыццём маёмасных злачынстваў. У запас палкоўнік міліцыі сыходзіў з пасады начальніка аддзела — намесніка ўпраўлення па раскрыцці крадзяжоў Міністэрства ўнутраных спраў.

Па слядах злачынцаў

Вядома, не ўсе раскрыцці злачынстваў засталіся ў памяці. Аднак ёсць тое, што, як кажуць, не забываецца. Самым цікавым перыядам прафесійнай дзейнасці Андрэй Мікуліч лічыць пачатак 2000-х, калі ён з’яўляўся начальнікам аддзела па раскрыцці крадзяжоў транспарту ГУУС Мінгарвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам была затрымана вялікая колькасць высокапрафесійных груп аўтазлодзеяў з Расіі, якія «палявалі» на дарагія машыны. Затрыманні злачынцаў часам нагадвалі эпізоды з кіно — беларуская міліцыя дзейнічала аператыўна і прафесійна. Невыпадкова сярод аўтазлодзеяў хадзіла выказванне: хочаш сесці ў турму — прыязджай у Беларусь, асабліва ў Мінск.

«Тады быў пік злачыннасці ў гэтай сферы, — згадвае ветэран органаў унутраных спраў. — За дзень у Мінску магло ўганяцца да 10 аўтамабіляў, дзейнічала столькі злачынных груп, у тым ліку з суседніх дзяржаў, і пералічыць складана. Машыны кралі па ўсёй краіне. Нягледзячы на тое, што тыя гады былі самыя напружаныя, як кіраўніку аддзела служба прыносіла маральнае задавальненне».

Андрэй Мікуліч перакананы, што задзел, які быў пакладзены ў той перыяд, — высокая раскрывальнасць крадзяжоў транспарту, прыцягненне злачынцаў да адказнасці — паўплываў і на цяперашнюю сітуацыю ў сферы крымінальнага аўтабізнесу. Зламыснікі ведаюць, наколькі аператыўна і беспамылкова працуе беларуская міліцыя, таму ў большасці сваёй не прэтэндуюць на чужы транспартны сродак. Хочацца верыць, што беларускія праваахоўнікі раз і назаўсёды адбілі ахвоту міжнародным злачынным групам замахвацца на маёмасць грамадзян.

З чым толькі не даводзілася падчас прафесійнай дзейнасці сустракацца ветэрану органаў унутраных спраў. Як ён кажа, без работы ніколі не сядзелі. Асаблівых намаганняў каштавала выйсці на след парушальнікаў закона, якія ажыццяўлялі серыйныя разбоі на банкі, абменныя пункты валют, банкаматы. Андрэй Мікуліч успамінае, як удалося ўстанавіць асобы зламыснікаў, якія ў адным са сталічным мікрараёнаў спустошылі банкамат на звыш ста тысяч долараў.

Асаблівай павагі сярод калег разам са сваім калектывам палкоўнік міліцыі запасу быў удастоены пасля раскрыцця серыі кватэрных крадзяжоў. У 2019 годзе праваахоўнікам удалося затрымаць міжнародную злачынную групу, якая мела дачыненне прыкладна да паўсотні эпізодаў кватэрных крадзяжоў. Злачынцы арудавалі па ўсёй краіне. «Грамадзяне Расіі і Украіны прыязджалі да нас на два-тры дні, за якія паспявалі ажыццявіць па пяць-сем крадзяжоў у пэўным горадзе, — згадвае Андрэй Уладзіміравіч. — Месяц цішыня — ні аднага крадзяжу. Праз месяц — зноў некалькі выпадкаў, але ў іншым населеным пункце. І так па ўсёй краіне. Усюды — аднолькавы почырк».

Выйсці на след злачынцаў дазволіла карпатлівая работа, якую каардынаваў Андрэй Мікуліч. Затрымлівалі ашуканцаў па гарачых слядах. «Вышэйшы пілатаж у крымінальным вышуку — гэта калі затрымліваеш злодзея з палічным, — дзеліцца ветэран міліцыі тонкасцямі аператыўнай работы. — Аднак так бывае незаўсёды. Звычайна, калі выкрадаюць грошы, даказаць віну таго ці іншага чалавека вельмі цяжка, практычна немагчыма. У гэтым выпадку доказную базу збіралі па крупінках: паказанні сведак, сляды абутку... Аднак калі на адной з кватэр, акрамя грошай, скралі асабістыя рэчы, даказаць віну злачынцаў было нескладана. Усё гэта мы канфіскавалі ў іх пры затрыманні. Далей была справа тэхнікі». Кватэрныя злодзеі панеслі адказнасць.

Падыход да кожнага

За амаль тры дзясяткі гадоў службы ў міліцыі Андрэй Мікуліч прайшоў шлях ад радавога аператыўніка да кіраўніка аддзела ў Міністэрстве ўнутраных спраў. Будучы, як кажуць, «на зямлі», ён напоўніцу зведаў прафесію сышчыка. Таму, займаючы высокую пасаду, добра разумеў, як адбываецца раскрыццё злачынства, як часам няпроста выйсці на след злодзея.

«Падабалася, калі ты сам працуеш і адказваеш за сваю работу, — адзначае палкоўнік міліцыі ў адстаўцы. — І тут успамінаецца самы першы раскрыты крадзеж — мяшок бульбы са склепу. Атрымліваеш вялікае маральнае задавальненне ад таго, што ты адказваеш за ўвесь працэс: ад моманту прыняцця заявы ад пацярпелага да затрымання злачынцы, канфіскацыі скрадзенага і перадачы справы ў следства. Падчас службы ў міністэрстве пераканаўся, як зладжана і дакладна працуе ўся сістэма».

Галоўны прынцып, якога Андрэй Мікуліч заўсёды прытрымліваўся ў службе, — не перашкаджаць працаваць людзям «на зямлі», а толькі дапамагаць. «Ніколі нельга лічыць, што ты ўсё можаш, — заўважае ветэран органаў унутраных спраў. — Адзін чалавек добра піша даведкі. Іншы не ўмее падабраць патрэбных слоў, але ён выдатны опер — будзе суткамі працаваць, каб выйсці на след злачынцы. Кіраўніку галоўнае — знайсці да кожнага падыход і зрабіць так, каб кожны супрацоўнік прыносіў максімальную карысць на сваім участку работы».

Нягледзячы на тое, што служба ў міліцыі, а тым больш у крымінальным вышуку, пастаянна спалучана з рызыкай для жыцця, адсутнасцю нарміраванага працоўнага графіка і іншымі пазбаўленнямі, Андрэй Мікуліч ніколі не бачыў сябе ў іншай прафесіі. Як ён сціпла кажа: акрамя таго, як раскрываць злачынствы, больш нічога не ўмее. Магчыма, яно і так. Але колькі ўсяго трэба ўмець і ведаць, каб выйсці на след злачынцы, затрымаць яго, а потым яшчэ і даказаць яго віну — вышэйшы пілатаж, не інакш.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.