Вы тут

Правілы восеньскай абрэзкі ягаднікаў


За сезон кусты ягаднікаў патрацілі шмат сіл на рост і плоданашэнне. Каб іх падтрымаць, трэба правесці падкормкі, палівы, рыхленне глебы і абразанне. Вось пра апошняе і хацелася б пагаварыць, бо многія баяцца гэтай працэдуры і, ад граху далей, яе зусім не праводзяць. Але гэта не самым лепшым чынам адбіваецца на раслінах. Справа ў тым, што ягаднікі ўвесну абуджаюцца вельмі рана і з абрэзкай мы проста не паспяваем.


Маліна

Першая ў чарзе на стрыжку — маліна. Можна нават не чакаць лістапада. Абавязкова выразайце двухгадовыя парасткі. Яны і так адамруць, а ўвесь гэты час будуць крыніцай хвароб і шкоднікаў. Дарэчы, выдаляць двухгадовыя парасткі лепш адразу пасля плоданашэння. У гэтым выпадку і заразы раздадуць менш, і больш сонца і прастору будзе маладым парасткам. Тады яны лепш падрыхтуюцца да будучага плоданашэння. Парасткі, якія адпладаносілі, карычневага колеру і лёгка ламаюцца.

Памятайце, што рэмантантная маліна пладаносіць на аднагадовых парастках і двухгадовых. Рэмантантную маліну абразаюць пасля лістапада, але двухгадовыя парасткі, якія адпладаносілі летам, трэба выдаліць адразу пасля збору ўраджаю. У кустах восенню пакідаюць толькі наймацнейшыя парасткі: па 6–10 на куст.

Бружмель

Ён самы першы цешыць нас сваім ураджаем. Менавіта таму бружмель лепш за ўсё абразаць з восені. Абразанне яму вельмі неабходна, бо кусты з узростам разрастаюцца і ўтвараюць вельмі шмат галін.

Падчас абразання выдаляюць усе парасткі, якія ляжаць на зямлі, а таксама прарэджваюць кусты, прыбіраючы слабыя і лішнія парасткі. Галінкі караціць нельга, бо плоданашэнне засяроджана на магутных гадавых парастках.

Парэчкі

Чорныя парэчкі пладаносяць добра на галінках да чатырох-пяці гадоў. Старэйшыя за гэты ўзрост галінкі лепш выдаліць. Такім чынам вы перанакіруеце ўсё сілкаванне на маладыя і перспектыўныя парасткі.

Чырвоныя і белыя парэчкі радуюць ураджаем значна даўжэй, згасанне пачынаецца толькі з сямігадовага ўзросту. Але і ў іх трэба выдаляць парасткі старэйшыя за гэты парог. І рабіць гэта ўвосень.

Агрэст

Выдаляюцца крывыя і слабыя галіны разам з часткай маладых парасткаў, асабліва тых, што растуць ад каранёвай шыйкі. Досыць пакінуць два-тры моцныя каранёвыя парасткі з паўтара-двума дзясяткамі сцёблаў.

Выдаляюць галіны, старэйшыя за пяцігадовы ўзрост. Кустам ад дзесяці гадоў і старэй патрэбна радыкальная амаладжальная абрэзка: большую частку (да дзвюх трэціх) галін зразаюць пад корань, пакідаючы толькі пяць-шэсць самых здаровых і буйных.

Пры правільным доглядзе агрэст здольны радаваць ураджаем да 30 гадоў.

Абразаючы ягаднікі ўвосень, трэба выконваць некалькі важных правіл:

  • Не караціць парасткі, бо гэта трэба рабіць увесну.
  • Выразаць засохлыя ці змярцвелыя парасткі як мага бліжэй да зямлі.
  • Пры выдаленні галінак не пакідаць пянькоў. Гэта значыць, рэжам на кольцы.
  • Выразаць усе нявыспелыя парасткі. Яны зімой і так загінуць і могуць пры гэтым нашкодзіць марозаўстойлівасці ўсяго куста.
  • Амалоджваючы куст, сачыце, каб колькасць выразаных парасткаў не перавышала колькасць пакінутых.
  • Рэмантантныя сарты маліны абразаюць пасля лістапада. Некаторыя практыкуюць поўнае выдаленне парасткаў нараўне з зямлёй. Так вырошчваць прасцей, а галоўнае — не трэба прымяняць сродкі абароны (пестыцыды). Але ўраджай будзе толькі восеньскі.

​Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.