Вы тут

Фізкультурна-аздараўленчыя комплексы адкрыліся ў Фаніпалі і Уздзе


У Мінскай вобласці адкрыліся адразу два фізкультурна-аздараўленчых комплексы — у Фаніпалі і Уздзе, паведаміла БелТА.


Шматдзетная сям’я Святланы і Аляксандра Мацкевічаў падчас адкрыцця ФАК ва Уздзе

Універсальныя залы для гульнявых відаў спорту, басейны на чатыры дарожкі і дзіцячыя камфортныя «лягушатнікі», залы для фітнесу і аматараў трэнажораў — жыхары Фаніпаля з гэтага дня пры жаданні будуць у выдатнай спартыўнай форме.

«Адкрыццё гэтага аб’екта — чарговае наша дзеянне ва ўладкаванні горада Фаніпаля. Год таму тут адкрыўся новы дзіцячы садок, будуецца школа, якая будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў наступным годзе. Яшчэ крокам наперад стане будаўніцтва паліклінікі, а таксама пераабсталяванне старой пад школу мастацтваў», — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Кіраўнік вобласці таксама падкрэсліў, што Фаніпаль, у якім пражывае амаль 18 тысяч чалавек, знаходзіць усё большую прывабнасць. Ён паступова добраўпарадкоўваецца, вырашаецца пытанне забеспячэння гараджан чыстай вадой, тут запланавана будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў.

Перарэзаць чырвоную стужачку перад уваходам у комплекс даручылі тым, хто задаваў і задае тон у спорце высокіх дасягненняў і з’яўляецца прыкладам для падрастаючых спартсменаў, — намесніку старшыні Федэрацыі футбола Мінскай вобласці Юрыю Майстраву, спартсмену-экстрэмалу, уладальніку міжнародных прафесійных сертыфікатаў па падводным арыентаванні, дайвінгу і фрыдайвінгу Паўлу Гапановічу, а таксама навучэнцы гімназіі, прадстаўніцы нацыянальнай зборнай па фігурным катанні Таццяне Хадаркевіч.

У ходзе экскурсіі па новым аб’екце госці азнаёміліся з яго структурай і ацанілі магчымасці комплексу, дзе будуць трэніравацца будучыя спартсмены і займацца фізкультурай мясцовыя прыхільнікі здаровага ладу жыцця. Характэрна, што працаваць над удасканаленнем спартыўнай формы фаніпальцаў будуць прафесійныя трэнеры.

«У раёне ўвялі ў строй першы такі аб’ект, таму ён вельмі доўгачаканы. Думаю, што асабліва рада моладзь. І як мінімум у горадзе з’явіцца свая футбольная каманда», — падзяліўся Юрый Майстраў.

Павел Гапановіч з дзяцінства ў спорце, актыўна трэніруецца і цяпер. «Каб падтрымліваць форму, пяць разоў на тыдзень хаджу на трэніроўкі. Раней спяшаўся на школьны стадыён. І вось з’явіўся комплекс, які закліканы стаць храмам здароўя як для моладзі, так і для пажылых людзей», — адзначыў ён.

Дарэчы, новы ФАК мае зоны не толькі для актыўнасці, але і для рэлаксу. Руская і турэцкая саўны з уласным басейнам, кафэ, дзе акцэнт зроблены на здаровае харчаванне і напоі, — аб’ект павінен стаць месцам прыцягнення мясцовых жыхароў і гасцей горада.

Уздзенцы таксама марылі аб уласным фізкультурна-аздараўленчым комплексе з выдатнымі пляцоўкамі для спаборніцтваў, масавых спартыўных свят і спартландый. Мары павінны спраўджвацца: тыя, хто прывык быць актыўным, нарэшце атрымалі такі падарунак. Асаблівая нагода для радасці ў бацькоў: цяпер дзецям будзе дзе праводзіць вольны час. А яшчэ трэніравацца: з гэтага дня ў новы комплекс пераязджае мясцовая спартыўная школа, дзе займаецца больш за 420 навучэнцаў.

«Для горада гэта значная падзея. Перш за ўсё сюды прыйдзе моладзь, школьнікі, каб прывесці здароўе ў норму. Мы і далей будзем звяртаць увагу на такія раённыя цэнтры, як Узда. Працягнем будаваць аб’екты, выконваць добраўпарадкаванне — усё для таго, каб тут жылося не горш, чым у буйных гарадах», — адзначыў Аляксандр Турчын.

Вельмі дарэчнымі для комплексаў стануць новыя аўтобусы — падораны абласным выканаўчым камітэтам сертыфікаты на іх набыццё. Адной з галоўных мэт дадзенага набыцця павінна стаць арганізацыя падвозу да аб’ектаў жыхароў навакольных вёсак. Займацца спортам атрымаюць магчымасць як гараджане, так і вяскоўцы, што будзе спрыяць развіццю моладзі і захаванню здароўя дарослых.

Ну а права першымі пераступіць парог новага ФАКа «Брыз» у родным райцэнтры атрымала шматдзетная сям’я Святланы і Аляксандра Мацкевічаў, якія сябруюць са спортам. Яны сумесна з кіраўніком вобласці ацанілі аб’ект, прайшоўшы па ўсіх яго залах. «Проста супер!» — не хаваў эмоцый кіраўнік спартыўнай сям’і, якая абавязкова будзе трэніравацца тут, дэманструючы уздзенцам прыклад актыўнага ладу жыцця.


Тым часам

У Смалявічах вынеслі на абмеркаванне пытанне вызначэння межаў горада-спадарожніка

Смалявіцкі раённы выканаўчы камітэт і Смалявіцкі раённы Савет дэпутатаў вынеслі на грамадскае абмеркаванне пытанне вызначэння межаў Смалявічаў, паведамілі ў Смалявіцкім райвыканкаме.

Карэкціроўка неабходная ў адпаведнасці з абноўленым генеральным планам горада-спадарожніка. Меркаванні прымаюцца ў пісьмовай і электроннай форме да 22 кастрычніка.

Як паведамлялася, новы генеральны план Смалявічаў прадугледжвае будаўніцтва жылля, сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры. Вызначаны новыя пляцоўкі, дзе будзе ўзводзіцца жыллё. Таксама прадугледжваецца развіццё грамадска-дзелавых цэнтраў, вытворчасцяў. Калі ў адпаведнасці з першым генеральным планам чакалася, што ў Смалявічах будуць жыць да 30 тысяч жыхароў, то ў новай рэдакцыі лічба ўзрасла да 50 тысяч.

Генпланам вызначана стратэгія тэрытарыяльнага развіцця Смалявічаў да 2035 года.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?