Вы тут

Трагічны выпадак забраў дваццацідвухгадовага паэта Леаніда Якубовіча


Многіх беларускіх паэтаў і празаікаў напаткаў трагічны лёс, жыцці некаторых забралі непрадбачаныя жыццёвыя абставіны, сярод іх — хваробы, а то і трагічны выпадак. Забраў ён і паэта Леаніда Якубовіча. Раніцай 1970 года, як заўсёды, ён спяшаўся на работу. Першая змена пачыналася ў шэсць гадзін. У шахту спускаўся адзін. Як неаднойчы да гэтага. Здавалася, нішто бяды не прадвяшчала. Але нечакана трос, на якім трымалася келля з ім, абарваўся. Раніца 8 чэрвеня 1970 года стала апошнім днём жыцця дваццацідвухгадовага юнака (нарадзіўся 31 сакавіка 1948 года ў вёсцы Радкава цяперашняга Салігорскага раёна): 

Нараджаемся не да смерці, 

Нараджаемся мы, каб жыць, 

Ды страла нацэлена ў сэрца, 

Праз вякі ўжо страла ляціць. 


Леанід Якубовіч

Візітоўка яго часу 

Ніне Мацяш, якая лічыла яго сваім «блізкім другам», ён запомніўся «высокім хударлявым юнаком з летуценна-засяроджаным позіркам». Такім застаўся ён і на нямногіх здымках, што паспелі ўжо крыху пажоўкнуць ад часу. Такім памятаюць яго і тыя з сяброў, каму даводзілася сустракацца з ім, калі быў студэнтам-завочнікам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Удзельнічаў ён і ў адным з традыцыйных семінараў творчай моладзі, што праводзіўся Саюзам пісьменнікаў Беларусі ў Каралішчавічах. 

Друкавацца пачаў рана. І не толькі ў салігорскай газеце «Шахцёр». 23 верасня 1965 года з вершам «Раніца» выступіў у «Чырвонай змене». Праз год два вершы з’явіліся ў 12 нумары «Голаса Радзімы». Працаваў у рэдакцыі газеты «Шахцёр», потым перайшоў на Салігоркі камбінат. Друкаваўся і ў іншых газетах, часопісе «Маладосць». Пасля смерці творы ўжо былі прадстаўлены ў калектыўных зборніках «Рунь» (1970) і «Універсітэт паэтычны» (1971). 

Узіраюся ў яго здымак, змешчаны ў адзіным пажыццёвым зборніку «Я з вамі, вёсны...», рупна складзеным сябрамі паэта і выпушчаным у 1979 годзе выдавецтвам «Юнацтва»: сапраўды, «высокі хударлявы юнак з летуценна-засяроджаным позіркам...» Але чым больш узіраюся, тым больш адчуваю ў гэтай летуценнай засяроджанасці нейкую не надта прыхаваную павалоку тугі. Каторы раз думаецца: каб жа толькі на той самай шахце больш — без тэхнічнага тэрміна тут ніяк не абысціся — дбалі аб тэхніцы бяспекі, аб элементарным захаванні ўмоў яе... Каб жа дбалі... 

На жаль, нікому не дадзена не толькі права, але і магчымасць вярнуць час назад. Хіба што дзякуючы творам самога паэта, напісаным у гады маладосці, тым больш, калі маладосць гэтая стала для яго вечнай. Яны пачынаюць успрымацца своеасаблівай візітнай карткай гадоў, калі іх выношвалі ў задумах, клалі на паперу. 

Хлеб, на слязах замешаны 

Гады яго юнацтва, якія цяпер многімі згадваюцца як застойны перыяд, для яго, хлопца, народжанага пасля вайны, сталі магчымасцю вызначыць месца ў жыцці, зрабіць першую спробу асэнсавання пройдзеных дарог. Сяму-таму з сённяшніх маладых аўтараў, якія прывыклі, як і іх аднагодкі некалькі дзясяткаў гадоў назад, брацца за чубкі са старымі пісьменнікамі, адмаўляць ледзь не ўсю літаратуру, створаную не імі, наступныя радкі Леаніда Якубовіча ў лепшым выпадку могуць здацца дэкларацыйнымі: 

Падтэкст не шукайце, 

дарэмная праца, 

Тут тэкст і падтэкст, 

як адзіны граніт: 

Пакуль у грудзях будзе стук адчувацца, 

Я — сын нашай партыі, 

я — барацьбіт. 

Маўляў, залішне прамалінейна, голая публіцыстычнасць. Толькі не трэба спяшацца асуджаць яго. Ён так і жыў — у нечым празмерна задзірысты, у чымсьці зашмат эмацыянальны. Аднак жыў, а не існаваў, спяшаючыся зрабіць тое, што за яго ніхто іншы зрабіць не мог. Не толькі ў паэзіі, але ў жыцці штодзённым. «Пасля яго, — як піша Ніна Мацяш у прадмове „Імклівая мелодыя крыл“, да ўжо згаданага зборніка „Я з вамі, вёсны...“, — засталася новая — пад старой бярозай — хата, пабудаваная і яго рукамі. Застаўся малады сад, пасаджаны ім пад вокнамі гэтай хаты...» 

Да працы ён прывык змалку, бо быў перакананы, што яна — гэта само жыццё. Праца так патрэбна была яму ў пасляваенную сіроцкую нішчымніцу. Пра сваё маленства і маленства аднагодкаў — адзін з найлепшых вершаў «Успамін»: 

Хлеб у хаце!.. 

Пахучым сонцам 

Цёплы бохан на покуці свеціць... 

Мы сягоння рады бясконца, 

Мы сягоння — райскія дзеці. 

Радасць, як кажуць, праз край. Ды толькі «ў маці маршчын не меншае, // А ў маці скрозь смех слязінкі, // Бо апошняя радасць першая, // Бо няма ні адной мучынкі. // Толькі добры жнівень замесіць // З ураджаю новага радасць, // А да жніўня нягод завеса, // А да жніўня яшчэ хмары з градам». Толькі хіба звяртаеш на гэта ўвагу, калі ты ў такім узросце, што нават звычайны выпадак можа ўсцешыць душу. А тут жа — хлеб на стале! Яго Вялікасць Хлеб! 

Мелодыя крыл 

Да паэзіі, засяроджанай на радасцях і болі жыцця, як і кожны ў яго ўзросце, ішоў паступова, пераадольваючы тое неабавязковае, знешне правільнае, але ўжо выказанае іншымі, што ў юным узросце падаецца ледзь не адкрыццём, а на самай справе ўяўляе звычайную літаратурную рэмінісцэнцыю: «Пад сто дажджоў грыбных папасці // І нейкай раніцай туманнай // Прыйсці к табе і піць прычасце — // Ваду з крыніц тваіх крыштальных. // А потым з промнем самым першым // Ісці і слухаць кожнай клеткай, // Як прарастаюць з сэрца вершы — // Майго зямнога шчасця сведкі». 

У вершы «Вяртанне», прыведзеным вышэй цалкам, душа лірычнага героя пакуль што не самавыяўляецца так, каб можна было ўбачыць яго як асобу, адчуць яе непаўторнасць. Але ёсць у Леаніда Якубовіча іншы верш, які захаваўся ў яго лістах. У ім пра гэтае «прарастанне з сэрца вершаў» сказана на дзіва проста і разам з тым па-свойму непадробна: 

Аднойчы да чалавека прыйшло 

свята... 

Аднойчы пачуў ён 

Імклівую мелодыю крыл, 

Светлыя гукі сонечных промняў, 

Велічныя акорды лесу, — 

Аднойчы спасціг чалавек музыку... 

Музыку ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Найперш музыку як паэзію жыцця. Гэтае спасціжэнне і адбываецца ў яго вершах. Ён знаходзіўся ў пастаянным пошуку, нястрымным жаданні спазнаваць нават спазнанае іншымі, каб выказаць сваё, іншымі не сказанае. 

Аднак «шчаслівыя вершы» пісаліся не так часта, як таго хацелася б. «Як мала я пішу! Аж страшна... І ўсё гэта нявыкрутка з часам», — прызнаваўся блізкаму чалавеку. І правіў, правіў, робячы накід за накідам, варыянт за варыянтам. Як адбываўся гэты пошук адзіна магчымага слова, як удасканальвалася задума, выкрышталізоўвалася думка, кладучыся ў рэчышча найбольш плённага мастакоўскага адкрыцця, у пэўнай меры відаць з верша «Птушкі». 

У першым варыянце: «А ім ляцець праз далі і трывогі // (узмах крыл — адвечная туга), // Павіс, як сум, іх вырай над дарогай, // Якую ўкрые снежная туга». Другі варыянт такі: «Да смерці, да знямогі // Жыццё нясці праз снежны ўраган». Тым самым узмацняецца і завяршэнне твора, набывае большую роздумную накіраванасць аўтарская думка. 

Месяц у чаканні вяселля 

Спроба заглыблення ў сутнасць жыццёвых з’яў часам прыводзіла да вершаў лаканічных, калі ў некалькіх радках удавалася выказаць думку, па-свойму афарыстычную, як, скажам, у «Наказе»: «Не патрывожце неасцярожнасці рухам// Дзіцяці шчаслівыя рукі, // Якія абдымаюць сноў васільковае воблачка, — // Гэта лепшы сны чалавецтва». Найчасцей жа сустракаліся адкрыцці, няхай і не такія ўжо вялікія, з няўменнем адысці ад звыклых выразаў. Толькі хіба можна сёння строга судзіць Леаніда Якубовіча за гэта?! Хіба можна забыць, што перад намі паэт, які толькі ступіў на нялёгкую літаратурную дарогу, шукаў свой бальшак і ў шуканні гэтым, здаралася, трапляў на сцежкі. Але сцежкі не тыя, што хістаюцца пад нагамі, на трывалы грунт. 

Ён яшчэ мог дазволіць сабе напісаць агульнае, тое, што ні да чаго не абавязвае: «Чысціню пачуццяў зберагу». Ды толькі ў вершы «Я з твайго, каханая, палону...» на гэта не звяртаеш увагі, бо поруч сапраўдная паэзія — пачуццяў, думак, поглядаў: 

Ноч паслала нам даўно пасцелі. 

І забыта даўняе: «Бывай!» 

Месяц выплыў, быццам на вяселлі 

Цёплы і пахучы каравай. 

Леаніду Якубовічу больш падабаліся радкі пяшчотна-пранікнёныя, сонечнапрасветленыя, таму што ён быў лірыкам па складзе свайго таленту. Запамінаюцца тыя вобразы, што народжаныя нязмушана, быццам падгледжаны з самога жыцця. Як у вершы «Бліскавіцы грознай навальніцы...»: 

Травы захлынаюцца ад росаў — 

Помачы няма адкуль чакаць, 

Ці то дождж, ці то дзяўчыны косы, — 

Сцежкі пад нагамі не відаць. 

Не ведаю, як каму, а мне чуецца пошум дажджу, бачацца кінжалы маланак, што раз-пораз пранізваюць цёмную павалоку неба — цёмную, хоць пра гэта ў вершы ні слова, але ж цёмную, бо «сцежкі пад нагамі не відаць»! І двое закаханых, закаханых да самазабыцця на лузе! Такое мог напісаць толькі паэт. Падобныя вершы адразу не нараджаюцца, яны спакваля ўзнікаюць у глыбінях душы, каб потым нечакана — гэтаксама, як гэты навальнічны дождж, — выліцца словамі прачулымі і сардэчнымі. 

З радзімай назаўжды 

Традыцыйнасць матываў у творчасці Леаніда Якубовіча не адмаўляе свежасці паэтычнага ўспрымання рэчаіснасці, калі аўтар умее быць назіральным, дапытлівым і адначасова крыху па-дзіцячы наіўным. Наіўным у добрым сэнсе слова — значыць, больш адкрытым, непасрэдным, даверлівым. Як у гэтым вершы: 

Ну і раніца — уся з’інелая! 

Па калені загрузла ў снег: 

І застыла снягуркаю белаю 

У чароўным і дзіўным сне. 

І, вядома, самыя лепшыя радкі Леанід Якубовіч прысвячаў роднай Беларусі, якую да «самазабыцця любіў» (Ніна Мацяш): 

О Беларусь! Старонка дарагая, 

Мне без цябе — як дрэву без вады... 

Хоць непрыкметнай птушкай 

твайго гаю, — 

Абы з табой... Навекі, назаўжды! 

«Жыта заўжды жнуць тады, калі яно добра выспее; калі зярняты, здаецца, звоняць пад жнівеньскім ветрыкам. Так павінна быць і ў пісьменнікаў: бярыся за пяро толькі тады, калі адчуеш, што ўжо ўсё выспела ў душы для новага твора — так і звоніць добрымі вобразамі, добрымі думкамі», — у гэтым яго празаічным накідзе адначасова і творчае крэда. Разуменне нялёгкай пісьменніцкай працы, сэнс якой бачыў у тым, каб служыць — у дачыненні да лёсу Леаніда Якубовіча гэтыя словы набываюць глыбокі сэнс — свайму народу, Радзіме.

Цяжка прадугадаць, як склаўся б далейшы лёс паэта. У адным няма сумнення, што ён паступова б выходзіў на новыя рубяжы ў асэнсаванні рэчаіснасці. Так меркаваць падставу даюць асобныя з твораў, у якіх праглядваецца, бы зернейка, задума, выклёўваецца жаданне ўзнімаць пласты дня сённяшняга і гісторыі, якія патрабуюць да сябе ўважлівага стаўлення. Водгулле трывог часу знаходзім у вершах «Час вылечвае сэрца раны...», «Мне лес здаецца ветэранам...», «Кроў, кажуць, не дыміцца... » і іншых. У апошнім — усведамленне адказнасці, якая легла на плечы пасляваеннага пакалення. 


Ён мала пражыў, але для свайго ўзросту для паэзіі зрабіў шмат. Узіраюся ў партрэт юнака. Быццам чую голас яго самога: «Я з вамі, вёсны, вам я свой!» І разумею, што яго паэзія вечна квітнее маладзенькай бярозкай на літаратурным узлеску. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.