Вы тут

Хоцімск раздаў падарункі


«Кожны ўносіў свой пасільны ўклад у агульны каравай, — адзначыў падчас урачыстага адкрыцця абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла «Дажынкі-2023» у Хоцімску кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергеенка. — Бачым з якім настроем прыехалі людзі — нягледзячы на такі пахмурны дзень, ва ўсіх свята ў душы. У Хоцімску, гэтым далёкім ад Мінска пасёлку, самым усходнім раёне нашай краіны, адкрыты шэраг новых аб'ектаў сацыяльнага прызначэння... Вось такімі населенымі пунктамі і такімі людзьмі — неабыякавымі да лёсу свайго краю, краіны — прырастае наша беларуская зямля!»


Абноўлены да свята гарадскі пасёлак было не пазнаць. Недахоп сонечных промняў цалкам кампенсавалі гасцінныя падворкі, шчодра аздобленыя сельскагаспадарчай прадукцыяй, прыгажуні і прыгажуны ў нацыянальных строях, майстры са сваімі сімвалічнымі сувенірамі, жыхары са шчаслівымі ўсмешкамі на тварах. Сустракаць такое свята — вялікі гонар для любога сельскагаспадарчага раёна. Пра гэта казаў падчас афіцыйнага адкрыцця старшыня Хоцімскага райвыканкама Геворг Мелканян, калі дзякаваў старшыні Магілёўскага аблвыканкама за дапамогу ў падрыхтоўцы райцэнтра да свята. Хоцімск сёлета стаў больш сучасным, зручным і камфортным для жыцця. Як гэта адбывалася, «Звязда» пісала яшчэ ў жніўні. Якраз ішлі апошнія падрыхтоўчыя работы па запуску да Дня ведаў басейна «Каскад». Непасрэдна ў дзень фестывалю дзверы гасцінна расчыніў абноўлены да непазнавальнасці раённы Цэнтр культуры «Мір». Будаўнікі ўцяплілі фасад, паправілі дах, замянілі інжынерныя сеткі. У канцэртнай зале з'явілася сучаснае светлавое і гукавое абсталяванне, абнавіліся гардэроб, санвузлы, грымёркі, пабудавана танцавальная зала. На будынку з'явіўся сімвалічны знак у выглядзе вялікай манеты «Багач» — сімвала багацця і ўрадлівасці. «На сустрэчы з жыхарамі Хоцімскага раёна мяне прасілі, каб мы прывялі Цэнтр культуры ў парадак, — аргументаваў губернатар падчас яго адкрыцця. — Вы прасілі — мы абяцалі і зрабілі. Цэнтр набыў новую афарбоўку, тут ёсць усё неабходнае, каб людзі ладзілі мерапрыемствы, адпачывалі». Рэканструкцыя каштавала болей чым пяць мільёнаў рублёў.

Яркай падзеяй стала шэсце хлебаробаў і цырымонія ўзнагароджання. Адзначаны кіраўнікі раёнаў, гаспадарак, галоўныя спецыялісты, камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных комплексаў — усе, хто ўнёс значны ўклад у развіццё Магілёўшчыны.

— Поспех прыходзіць да тых, хто мае настойлівасць і добрасумленныя адносіны да справы, — звярнуўся да прысутных Ігар Сергеенка. — Атрыманы нядрэнны ўраджай збожжавых, зернебабовых, рапсу і кукурузы, нарыхтавана дастатковая колькасць кармоў. Стабільна высокія вынікі дэманструюць Горацкі, Шклоўскі, Магілёўскі, Кіраўскі і Бялыніцкі раёны, такія гаспадаркі, вядомыя ў нашай краіне, як «Світанак імя К. П. Арлоўскага», агракамбінат «Зара», калгас «Радзіма», «Газавік-Сіпакова», «Александрыйскае» — вось менавіта гэтыя раёны і гэтыя гаспадаркі, іх кадры з'яўляюцца сёння сапраўднымі маякамі. Школы перадавога вопыту, сельскагаспадарчай вытворчасці, новых тэхналогій, вырашэння ўсіх сацыяльных пытанняў для нашых людзей, якія працуюць і жывуць у сельскай мясцовасці».

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, якое сёлета стала сапраўдным выпрабаваннем для аграрыяў, Магілёўскай вобласці атрымалася сабраць амаль 900 тысяч тон збожжа і рэкордныя за апошнія гады 110 тысяч тон рапсу (у два разы болей, чым летась). Вырашчаны багаты ўраджай агародніны, цукровых буракоў, лёну, грэчкі. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых склала больш за 25 цэнтнераў з гектара.

На палях вобласці ў перыяд уборачнай кампаніі было задзейнічана амаль чатыры тысячы механізатараў і больш за адну тысячу збожжаўборачных камбайнаў, з якіх амаль 30 працэнтаў перасягнулі мяжу ў намалоце больш як тысячу тон.

Як адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Леанід Заяц, ураджай фарміраваўся ў найцяжэйшых умовах, але прафесійная салідарнасць органаў дзяржаўнага кіравання, аблвыканкама, райвыканкамаў, працаўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, трактарыстаў, шафёраў, працаўнікоў сушыльных комплексаў дазволілі дасягнуць высокіх вынікаў.

— Стол у нашага спажыўца будзе багатым, — рэзюмаваў выступоўца. — Гэта павышае прэстыж працы людзей, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Сыты чалавек — спакойны чалавек, а сытае грамадства — спакойнае грамадства.

Сярод раёнаў пальма першынства ў Горацкага раёна. З 28 тысяч гектараў плошчаў збожжавых і зернебабовых атрыманы валавы збор 92 тысячы тон пры ўраджайнасці 33,5 цэнтнера з гектара.

Сярод сельскагаспадарчых і іншых арганізацый першае месца ў сялянскай фермерскай гаспадарцы «Дыяна» Шклоўскага раёна. «Дыяна» вырошчвае збожжавыя, рапс, але асноўны акцэнт робіць на бульбу. Яе тут сёлета накапалі 56 тысяч тон пры ўраджайнасці 520 цэнтнераў з гектара.

Многія аграрыі рэгіёна дасягнулі поспехаў не толькі на ўзроўні вобласці. Напрыклад, камбайнеры сельгаспрадпрыемства «Радзіма» Яўген Шалкоўскі і Віктар Васільеў, якія намалацілі звыш 4,5 тысячы тон збожжа, сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу сярод моладзі.

Сельская гаспадарка, па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, — паспяховы бізнес, які ўпэўнена прыцягвае ў сваю дзейнасць найноўшыя тэхналогіі, паспяховыя распрацоўкі аграрнай навукі і кваліфікаваных спецыялістаў.

— На Магілёўшчыне актыўна праводзіцца работа па рэалізацыі і ўкараненні інавацый у сельскую гаспадарку, — падкрэсліў ён. — Асаблівае значэнне надаецца развіццю меліярацыйнага комплексу, што непасрэдна ўплывае на развіццё галіны ў цэлым і стварае спрыяльныя перадумовы для далейшага яго росту, аб чым пастаянна гаворыць кіраўнік дзяржавы. Значны ўклад уносяць інвестары, якія мяняюць аблічча сельскай гаспадаркі, робячы яго сучасным і высокатэхналагічным.

Цікавымі падзеямі фестывалю ў Хоцімску сталі таксама конкурс караваяў і фотаконкурс «Жніво-2023», які сабраў больш за 100 фотаімгненняў сёлетняй уборачнай. Пераможцы фотаконкурсу атрымалі смартфоны, іх работы будуць размешчаны на банерах. Што датычыцца караваяў, то першае месца ў Хоцімскага раёна. Другімі сталі Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі, на трэцім месцы — Бабруйскі, Магілёўскі і Клімавіцкі раёны.

А вось самым вялікім уражаннем свята стала катлета ад «Магілёўскага мясакамбіната». Яе даўжыня склала два метры, а вага — 155 кілаграмаў. Пачастунак перадалі ў Хоцімскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Выдавецкага дома «Шклоў-інфа»

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.