Вы тут

Быць патрыётам — не складана, а цікава


У невялікай вясковай школе імя М. Я. Раманькова ў Вендаражы Магілёўскага раёна вучацца 133 чалавекі з вёсак сельсавета плюс 30 выхаванцаў дзіцячага садка. І ўсе яны без выключэння ведаюць, што такое Радзіма і за што яе трэба любіць. Кіраўніцтва школы і настаўнікі арганізоўваюць для сваіх падапечных экскурсіі па месцах баявой славы, ходзяць з імі ў «Зорныя паходы». У школе ёсць музейны пакой, на тэрыторыі ўстаноўлены стэнд з фотаздымкамі тых, хто змагаўся за Радзіму, на сцяне школы — мемарыяльная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Міхаіла Раманькова, ураджэнца гэтых мясцін, імя якога носіць установа. Пасвячэнне старшакласнікаў у пошукавікі стала яшчэ адной падзеяй, накіраванай на выхаванне пачуцця адказнасці і патрыятызму.


Наколькі сур’ёзнае гэта мерапрыемства, можна было меркаваць па прысутнасці іх прадстаўнікоўф кіраўніцтва раёна, дэпутатаў і нават генерала-маёра Пятра Ціханоўскага, які з 2009 да 2013 года быў начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першым намеснікам міністра абароны краіны. На пляцоўцы каля школы сабраліся настаўнікі, навучэнцы, іх бацькі, госці. Узняты сцяг, гучыць гімн, усё вельмі ўрачыста і ўзнёсла.

— Сёння мы закладваем пачатак штогадовай традыцыі пасвячэння самых актыўных навучэнцаў у пошукавікі, — голас дырэктара школы Вячаслава Арлоўскага гучыць дакладна і ўзвышана. — Два гады таму дзякуючы настаўніку хіміі і біялогіі Андрэю Турэмскаму з’явілася аб’яднанне па інтарэсах па пошукавай дзейнасці. Пачыналі з тэарэтычнай падрыхтоўкі, вывучалі гераічныя старонкі сваёй малой радзімы, потым удзельнічалі ў паходах, наведвалі месцы баёў, прымалі ўдзел у перапахаваннях чырвонаармейцаў. Прыйшоў час нашых пошукавікаў аформіць у групу. 12 актывістаў атрымаюць знакі адрознення і прыналежнасці да групы «Аўрора». За форму асабісты дзякуй абласному аб’яднанню прафсаюзаў, «Магатэксу», «Белай Русь», дэпутатам.

Пошукавікам жадаюць натхнення, бадзёрасці духа і быць заўсёды цікаўнымі і неабыякавымі да радзімы. Вельмі хвалюючы момант прынясення ўрачыстай клятвы. Пад каманды кіраўніка групы Андрэя Турэмскага падлеткі выходзяць на сярэдзіну пляцоўкі, дзе прамаўляюць словы клятвы. За імі назіраюць дзясяткі цікаўных дзіцячых вачэй, у тым ліку самых маленькіх. На тварах апошніх асабліва чытаецца шчырае захапленне. Ну якія ж прыгожыя гэтыя амаль ужо зусім дарослыя хлопцы і дзяўчаты.

— У нас не можа быць інакш, нават тэрыторыя, дзе знаходзіцца школа, гераічная, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Савельева. — Тут адбываліся трагічныя падзеі. На тэрыторыі Вендаражскага сельсавета была спаленая вёска Дубінка. Настаўнікі разам з дзецьмі займаюцца добраўпарадкаваннем кургана ў гэтай вёсцы і шэфствуюць над мясцовымі воінскімі пахаваннямі. Хлопцы і дзяўчаты прымаюць удзел у раскопках па ўсёй Магілёўскай вобласці. Мы мэтанакіравана займаемся патрыятычным выхаваннем і лічым, што гэта прэстыжна.

Летась школа стала насіць імя Героя Савецкага Саюза Міхаіла Раманькова, ён атрымаў гэта высокае званне на франтах Вялікай Айчыннай у 19 гадоў. Сам ён родам з тутэйшай вёскі Дубінка. Настаўнікі з вучнямі правялі вялікую даследчую работу, вынікам якой і стала прысваенне школе імя героя. Да гэтага па ініцыятыве дырэктара ў школьным двары з’явілася Сцяна памяці, на якой размешчаны партрэты 80 ўраджэнцаў Вендаражскага сельсавета — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. І тых, якія загінулі, і тых, якім пашчасціла вярнуцца ў свае сем’і і будаваць мірнае жыццё. Што датычыцца музейнага пакоя, то ён не мог не ўзнікнуць, бо падчас даследаванняў было знойдзена шмат цікавай інфармацыі і экспанатаў. Сярод іх — камень з Брэсцкай крэпасці, сертыфікат, што зямля была ўзятая на гэтым гераічным месцы. Ёсць экспазіцыя, прысвечаная спаленым вёскам. Асабістыя рэчы, якія належалі партызанам. Зроблены макет, на якім паказаны ўсе вёскі, якія пацярпелі ад немцаў. Там цяпер помнікі і памятныя знакі.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка лічыць гэтую школу адной з узорных у плане выхавання патрыётаў. На ўрачыстым мерапрыемстве яна ўручыла калектыву школы Падзяку дэпутата за гэтую важную місію.

— У школе ёсць музейны пакой, з’явіўся пошукавы атрад, а гэта гаворыць пра тое, што кожны ваш педагог і навучэнец любіць сваю радзіму, — звярнулася яна да прысутных. — Хочацца пажадаць і надалей захоўваць памяць пра сваю зямлю, пра герояў, якія абаранялі зямлю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ведайце і навучыце потым сваіх дзяцей любіць радзіму. Мы добра памятаем словы Прэзідэнта, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. У гэтым калектыве сапраўды працуюць патрыёты нашай радзімы.

Удзел у школьным свяце браў генерал-маёр Пётр Мікалаевіч Ціханоўскі, які звярнуў увагу на важнасць той місіі, якой займаецца школа. Ён падкрэсліў, што ў Беларусі створана магутная сістэма бяспекі і добра, што ёсць такая моладзь, якая здольная яе ўмацаваць.

— Вам ёсць чым ганарыцца, ваша школа носіць імя героя. У вашай мясцовасці жылі і жывуць сапраўдныя героі, якія і падчас вайны і ў мірны час аддавалі ўсе свае сілы на карысць краіны, — аргументаваў ён.

Кіраўнік пошукавага атрада «Аўрора», настаўнік хіміі і біялогіі і кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Вендаражскай школы Андрэй Турэмскі — таксама нашчадак Героя Савецкага Саюза Гаўрыіла Маісеенкі. Ён шмат чуў пра яго ад бацькоў і вельмі ім ганарыцца. Настаўнік яшчэ і пошукавік абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» — не дзіўна, што і сваіх вучняў захапіў гэтай дзейнасцю.

— У нашым аб’яднанні па інтарэсах вывучаем гісторыю Беларусі, — адзначыў ён. — Працуем з архіўнымі дакументамі, данясеннямі, мемарыяльнымі базамі. Паколькі ў нас на тэрыторыі сельсавета шмат воінскіх пахаванняў, звяраем прозвішчы, каб не было памылак, і разам з пошукавым клубам «Віккру» і 52 асобным батальёнам Мінабароны выязджаем на палявыя вахты. Падлеткі непасрэдна пошукам не займаюцца, яны задзейнічаны ў дапамозе пры падняцці астанкаў, правяраюць зямлю на наяўнасць дробных металічных прадметаў. І пасля вахтаў памяці ўдзельнічаюць у цырымоніях перапахавання. Важна, каб яны ведалі гэты шлях ад пачатку да канца і мелі нейкае ўяўленне пра нашу дзейнасць.

На тэрыторыі Вендаражскага сельсавета болей чым дзе воінскіх пахаванняў. Але ўсе яны пад надзейным даглядам.

— Калі трэба дапамога па навядзенні парадку на воінскім пахаванні, школьнікі адразу ж адгукаюцца, — расказвае выконваючая абавязкі старшыні Вендаражскага сельсавета Ганна Зайцава. — Дзецям цікава займацца пошукавай справай. З іх атрымаюцца не проста добрыя грамадзяне, а патрыёты. Яны шануюць памяць нашых герояў. Летась разам са сваім кіраўніком прайшлі па месцах воінскай славы 17 кіламетраў, і ім было вельмі цікава. Дзеці разумеюць, наколькі важныя гэтыя месцы.

Дэпутат Магілёўскага райсавета Дзяніс Міхасёў — выпускнік Вендаражскай школы. Як і яго жонка Ганна. Тут вучацца і двое іх сыноў Кірыл і Аляксей. Кірыл — адзін з тых, каго пасвяцілі ў пошукавікі. А Аляксей, яшчэ першакласнік, з зайздрасцю назіраў, як брату ўручаюць знакі адрознення.

— З гэтага і пачынаецца патрыятызм, — перакананы Дзяніс Міхасёў. — Малодшаму сыну пакуль цікава прыгожая форма, урачыстасць, нейкія знешнія формы. Але паступова ён пачынае разумець сутнасць справы і захапляецца гэтым пачуццём. Старэйшы сын — гэта той самы прыклад, як з дзіцяці вырастае патрыёт. Ён актывіст, удзельнічае ў спартыўных мерапрыемствах, алімпіядах. Вельмі вялікі ўплыў на школьнікаў аказваюць настаўнікі школы. Яны іх арыентуюць і накіроўваюць. Дзякуючы настаўніцы Вікторыі Кавалеўскай, Кірыл удзельнічаў у міжнародным конкурсе, пісаў ліст свайму прадзеду-франтавіку. Яго работа была адзначана як адна з найлепшых. І цяпер у пошукавую групу прымалі сапраўды самых лепшых і актыўных. Гэтыя маладыя пошукавікі — прыклад для астатніх у вучобе, дысцыпліне і грамадскай дзейнасці. Мы з жонкай заўсёды падтрымліваем праекты гэтай школы, бо ведаем, што яны сапраўды карысныя і працуюць.

Дырэктар школы Вячаслаў Арлоўскі перакананы, што патрыятызм трэба выхоўваць з дзяцінства. І проста словы тут не працуюць. Тут важныя справы. На мерапрыемстве ён уручыў камандзірам піянерскіх атрадаў заданні, каб напрыканцы навучальнага года атрымаць ад іх справаздачу. Заданні нескладаныя. Трэба ўдзельнічаць у акцыях, добрых справах, навядзенні парадку на тэрыторыі школы і памятных месцах, дапамагаць даглядаць дрэвы ў «Садзе Надзеі»... Толькі цяпер гэта не проста акцыі і заданні, а яшчэ і адказнасць. Ад цябе чакаюць канкрэтных спраў і слоў. Бо вядома, што, калі нешта прагаворваеш услых, гэта хутчэй даходзіць да сэрца.

Эліна Марус яшчэ трэцякласніца. Але першыя ўрокі патрыятызму для сябе засвоіла добра. Дзяўчынка лічыць, што для гэтага шмат не трэба. Проста неабходна заставацца чалавекам у любой сітуацыі. Нельга лічыць, што ад цябе нічога не залежыць. На мерапрыемстве яна дуэтам з яшчэ адной дзяўчынкай спявала песню «Дзень без стрэлу на зямлі». І нават не паказвала выгляду, што выступае з гіпсам. А яшчэ Эліна прызналася, што разам з маці паўдзельнічала ў дабрачынным праекце па дапамозе радзільнаму дому Марыупаля, да якога далучылася школа. У Магілёўскай вобласці ініцыятарамі праекта «Дапамога дзецям Данбаса — эстафета дабра», які праводзіць дабрачынны фонд Аляксея Талая, выступілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка і Людміла Здорыкава.

— Мы хочам, каб першы падарунак для маленькага жыхара Данбаса быў менавіта з мірнай краіны, і мы дзелімся дабром, — рэзюмуе Наталля Тарасенка. — Вендаражская школа далучылася да праекта і сабрала шмат карысных рэчаў для немаўлят. У канцы кастрычніка плануецца сустрэча з заснавальнікам фонду Аляксеем Талаем і перадача дапамогі на Данбас.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі р-н

Загаловак у газеце: З чаго пачынаецца Радзіма

Выбар рэдакцыі

Культура

І зноў закружыць фестываль...

І зноў закружыць фестываль...

Яркімі фарбамі і самабытнай музыкай напоўніў горад XXІІІ Нацыянальны фестываль «Маладзечна-2024». 

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.