Вы тут

Цёплая пярына для ранняга ўраджаю


Восеньскія месяцы — найлепшы час для падрыхтоўкі ўчастка пад агароднінныя культуры будучага сезона. Атрымаць ураджай гародніны і зеляніны ў самыя раннія тэрміны дазваляюць цёплыя градкі.


Перавагі цёплай градкі, запоўненай павышанай дозай арганічных складнікаў, бясспрэчныя. Расліны на такой пажыўнай «падушцы» больш актыўна развіваюцца і радуюць багатым ураджаем. Глеба на гэтай градцы праграваецца вясной вельмі рана, таму сеяць можна адразу пасля сходу снегу і, адпаведна, раней збіраць першыя плады. На такія ўмовы асабліва добра адгукаюцца агуркі, кабачкі, гарбузы, кавуны і дыні, а таксама разнастайнае зяленіва, ды і ўсю астатнюю гародніну можна высаджваць расадай або высейваць насеннем на цёплую градку.

У кастрычніку можна прыступаць да фармавання такіх град на сваім агародзе. У залежнасці ад наяўнасці расліннага матэрыялу для «начынкі» можна зрабіць адну або некалькі цёплых градак шырынёй каля 1 м і даўжынёй ад 3 да 6 м.

Сартуем «начынку»

Для запаўнення цёплай градкі ні ў якім разе не выкарыстоўваюць бацвінне і плады, пашкоджаныя хваробамі, і не бяруць рэшткі раслін, роднасных той гародніне, якая будзе высаджана тут увесну. Напрыклад, для цёплай градкі пад агуркі не выкарыстоўваюць лісце і сцёблы кабачкоў, гарбузоў і тым больш старыя агурочныя парасткі.

На ўзвышаным сонечным месцы, якое вясной адтае раней за ўсіх, выкопваюць траншэю патрэбнага памеру глыбінёй на два штыкі рыдлёўкі. Пры гэтым верхні ўрадлівы пласт зямлі выкладваюць па адным баку паглыблення, а ніжні — па іншым. Дно траншэі засцілаюць дробнымі галінкамі кустоў і дрэў, якія засталіся пасля абрэзкі, здробненымі сцёбламі кукурузы, сланечніка, тапінамбура, абрэзкамі вінаграднай лазы, старымі разеткамі суніц і да т. п. На іх выкладваюць тоўсты пласт саломы або скошаную і падсушаную траву, якую старанна ўтоптваюць у градцы нагамі. Змесціва злёгку прысыпаюць зямлёй, а зверху раўнамерным пластом у 10-15 см раскладваюць гной. Пасля гэтага запаўняюць градку разнастайнымі хуткараскладальнымі расліннымі рэшткамі — апалай лістотай з саду, бацвіннем гародніны, зялёнай масай сідэратаў, кухоннымі адходамі, паперай, кавалкамі кардону, пустазеллем без насення і каранёў. Перыядычна перасыпаюць «начынку» ўрадлівай глебай, утрамбоўваюць змесціва, а таксама прысыпаюць паверхню кожнага пласта драўняным попелам. А для таго, каб узімку ў такой «пярыне» не сяліліся грызуны, дадаюць сцёблы мелісы. Траншэю даверху напаўняюць такой начынкай і прысыпаюць зверху пластом зямлі 15-20 см. У выніку атрымліваецца земляны валік, які ўзвышаецца над паверхняй глебы на 20-30 см.

На ўзвышэнні

Цёплая градка можа быць не толькі заглыбленай, але і высокай. Па перыметры запланаванага ўчастка будуюць прамавугольны каркас з падручных
матэрыялаў (бляхі, дошак) вышынёй каля 40 см, які затым запаўняюць арганікай, гноем і глебай. Высокая цёплая градка патрабуе шмат сіл на збудаванне, а таксама больш частых паліваў улетку, але затое глеба на ёй разаграваецца значна хутчэй, чым на заглыбленай градцы, што дазваляе рабіць пасадку яшчэ раней.

Пасля засыпання трэба добра праліць змесціва грады спачатку цёплай вадой, а затым растворам мікрабіялагічнага ўгнаення, прыгатаваным па інструкцыі. Паверхню градкі накрываюць шчыльнай чорнай плёнкай, прыціскаюць яе камянямі і пакідаюць у такім выглядзе да вясны. Да замаразкаў арганіка ўнутры траншэі часткова раскладаецца, а вясной працэсы аднаўляюцца. Дзякуючы гэтаму вылучаецца цеплыня і глеба праграваецца вельмі хутка.

Непасрэдна перад пасадкай гародніны ў плёнцы робяць крыжападобныя надрэзы, у іх высаджваюць расаду ці высейваюць насенне, паліваюць таксама ў гэтыя адтуліны.

Калі гэта зеляніна, радыска, ранняя морква і г. д., то плёнку знімаюць. Для абароны раслін ад вясновых пахаладанняў і замаразкаў над градкай усталёўваюць дугі, пакрываюць іх шчыльным спанбондам, які прыбіраюць толькі з надыходам спрыяльнага надвор'я.

Хоць збудаванне цёплых градак і злучана з пэўнымі клопатамі ў восеньскі перыяд, затое наступнай увесну яны акупляюцца: бо так прыемна пакаштаваць свежы хрумсткі агурочак на месяц раней звычайнага тэрміну паспявання. Да таго ж адна такая цёплая градка працягвае «працаваць» на працягу 3-4 наступных гадоў і выдатна замяняе стандартную цяпліцу.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.