Вы тут

50 гадоў служэння беларускаму мастацтву


Кастрычнік — месяц Елізар’ева. Сёлета спаўняецца 50 гадоў, як ён служыць беларускаму мастацтву. Летась у Вялікім тэатры Беларусі адзначалі асабісты юбілей народнага артыста Беларусі і СССР — вечарына сабрала шмат гасцей, былі віншаванні, балетныя нумары розных тэатраў СНД. Сёлета ўрачысты вечар у гонар Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева, які з’яўляецца мастацкім кіраўніком Вялікага тэатра Беларусі, адбыўся 11 кастрычніка. А пад знакам Елізар’ева ў тэатры пачаўся і пройдзе ўвесь кастрычнік, таму што ў афішы месяца — яго спектаклі. Некаторыя з іх ідуць не адно дзесяцігоддзе, а некаторыя атрымалі новае ўвасабленне і жыццё: 9 твораў, усяго 12 вечароў, падчас якіх можна ўбачыць на сцэне зорак айчыннай балетнай сцэны і не толькі. Гэта ўсё — даніна павагі мэтру, які ўзняў беларускі балет на сусветны ўзровень. 

Але гэта не быў бясхмарны шлях. 


Балет — гэта Елізар’еў. У Беларусі шмат гадоў гэтае мастацтва адчуваюць менавіта так. І нават калі ў нейкі момант стала не так, то аматары балета, якія працягвалі хадзіць у тэатр, толькі больш упэўніваліся ў гэтым. І спадзяваліся на нейкі цуд, бо хацелі не толькі твораў, але і творчасці. Дачакаліся: вяртанне майстра ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адбылося пяць гадоў таму. 

Так сталася, што любоў да балета і жаданне ствараць сваё мастацтва прывялі яго ў Мінск, які стаў горадам, дзе здзяйсняюцца мары, дзе можна пражыць пікавыя моманты поспеху і пранесці сваю частку пакутаў за адлучанасць ад любімай справы, у якой сэнс жыцця, — ён бачыцца яшчэ больш выразна, калі агледзець этапы жыцця Валянціна Мікалаевіча.

Першы штуршок

Усё пачалося з Баку. Гэта пункт адліку і момант знаёмства са светам — яркі і стракаты, як паўднёвы горад, дзе 30 кастрычніка 1947 года пачалося яго жыццё. Горад, у якім захавалася гісторыя, але было відавочнае імкненне ўпісвацца ў сучаснасць. Горад каля Каспійскага мора існаваў на мяжы еўрапейскай і ўсходняй культур, у ім гучалі розныя мовы, і, здавалася, усё магчыма. Яшчэ і час такі быў — перажыўшы вайну, людзі былі асабліва скіраваны на мірную працу і маглі дазволіць сабе смелыя мары. Бо шмат у каго могуць узнікнуць пытанні: як у сям’і ваеннага, які прайшоў вайну, і бухгалтаркі мог вырасці сын, захоплены танцамі? 

А бацькі, напэўна, адчувалі, што для сына ўсё сур’ёзна. У выніку заняткі ў танцавальным гуртку прывялі да думкі паступіць на вучобу ў Бакінскае харэаграфічнае вучылішча. Ды ён пайшоў яшчэ далей...

Танец як выяўленне

Балет стаў для яго явай у Ленінградзе. Суровы паўночны горад, які, між іншым, даказаў: тут магчыма ўсё, але для смелых і апантаных. І сапраўды, разам са славутым савецкім мінулым горад захоўваў таямніцы балета яшчэ з імператарскіх часоў. Гэта ведалі тыя, хто ўжо «хварэў» на балет. Ленінградскае акадэмічнае вучылішча імя Агрыпіны Ваганавай адкрывала зусім іншыя магчымасці ў прафесіі. Цяпер гэтая ўстанова называецца «Акадэмія рускага балета». Яе гісторыя сягае насамрэч у 1738 год, і зразумела, што тут заўсёды трымаліся класічнай падрыхтоўкі. А сярод выпускнікоў ёсць імя Валянціна Елізар’ева, які вучыўся як артыст балета. Аднак здолеў дасягнуць таго, што іншыя імкнуцца танцаваць так, як прыдумаў ён. Такіх адзінкі. Але ж і ім не проста было стаць сабой у балетным свеце, дзе ўсё трымалася на праверанай вякамі класіцы. А Елізар’еў яшчэ падчас вучобы ў вучылішчы зразумеў, што чалавечае цела — гэта выдатны сродак, праз які можна размаўляць з людзьмі, і стаў прыдумваць свой танец. Натуральна, пасля быў балетмайстарскі факультэт Ленінградскай кансерваторыі. Яшчэ студэнтам ён паказаў сябе на конкурсах харэографаў. Марыў пра свае спектаклі. Бачыў іх у мроях. І вось…

«Дон Кіхот»

Ажыццяўленне мар

Яно адбылося ў Мінску. «Кармэн-сюіта» на музыку Жоржа Бізэ і Радзівона Шчадрына. Спектакль, які перавярнуў жыццё самога Елізар’ева і беларускага балета. Ён зусім малады, толькі атрымаў дыплом, пасля Піцера, які сам па сабе натхняў на творчасць, у 1973 годзе едзе ў Мінск. А тут у Вялікім тэатры трупа дасведчаная, са сваімі шаноўнымі знакамітымі артыстамі. Што ён мог ім прапанаваць? Хіба захапіць нейкай адметнай працай, запаліць ідэяй твора, які будзе не падобны на іншыя спектаклі. Здарыўся выбух, бо так тут яшчэ не рабілі. Беларускі балет нарадзіўся ў новай якасці. І стала зразумела: у тэатры з’явілася асоба, якая стварае ўласны сусвет, і артыстам выпала не проста мець да гэтага дачыненне, а стаць рэальнымі сутворцамі. Гэтае супрацоўніцтва атрымалася не на адзін спектакль, не на год. Ён адчуў, што на сцэне беларускага Вялікага можа рэалізаваць сябе, узначаліўшы балетную трупу. Артысты зразумелі, што будзе шмат працы, пра якую можна толькі марыць. Спектакль, з якога пачалася новая старонка беларускага тэатра балета, быў адноўлены ў 2019 годзе, яго варта паглядзець не толькі з пункту гледжання гісторыі. Елізар’еўская «Кармэн-сюіта» дагэтуль глядзіцца сучасна на фоне класічных спектакляў, без якіх тэатр балета немагчымы, на думку майстра (за жыццё ён іх паставіў нямала).

Але ўсё ж аддаваў перавагу ўласнай харэаграфіі, выбіраючы абсалютна нечаканыя музычныя творы. Напрыклад, балет Андрэя Пятрова «Стварэнне свету» — маштабнае палатно, у якім сплятаюцца балетная вытанчанасць і глыбіня думкі, філасафічнасць, заснаваная на развагах пра ролі дабра і зла, Бога і д’ябла ў чалавечым свеце. Спектакль-цуд адбыўся нягледзячы на пануючы атэізм і антырэлігійныя на той час настроі — быў 1976 год. Калі справа вартая, то нібыта нейкія вышэйшыя сілы ёй спрыяюць. Пасля былі эпічныя «Ціль Уленшпігель» на музыку Яўгена Глебава і «Спартак» Арама Хачатурана, якія дадалі харэографу прыхільнікаў. А той і не збіраўся спыняцца ў пошуках. І гатовы быў рызыкаваць. Музыка Карла Орфа не гучала тады па пэўных прычынах. А Елізар’еў узяў да пастаноўкі яго твор «Карміна Бурана» (1983 год). І гэта той выпадак, калі харэаграфія вярнула цікавасць да музыкі. Створаны на сцэне вобраз не тое што захапляў, а нават шакіраваў: такое можна прыдумаць і зрабіць праз рухі? Неўзабаве эксперыментальны штуршок выліўся ў яшчэ адзін незвычайны твор — «Балеро» Марыса Равэля (1984 год), калі зала, затаіўшы дыханне, назірала за тым, як разгортваецца сканцэнтраваная энергія жыцця. Елізар’еў ставіў не проста прыгажосць — для гэтага хапіла б класікі. Ён здолеў праз створаную прыгажосць абуджаць уяўленні і думкі. Гэта быў зусім іншы балет. І ён быў у Беларусі. Дзе яшчэ такое існавала ў СССР?.. Ці нават далей?..

Недаацэненыя перамогі

Нездарма Елізар’ева ацанілі ў Парыжы. Яго знаёмства з іншым балетам адбылося, калі ў 1982 годзе галоўны балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі па лініі ЮНЕСКА праходзіў стажыроўку ў Парыжы як рэжысёр балета. У горадзе, дзе балет калісьці набыў моц як асобны від мастацтва, напрыканцы ХХ стагоддзя Елізар’еў меў магчымасць паглядзець розныя трупы, якія прапаноўвалі сучасную харэаграфію. Аналізаваў, разумеў, адзначаў. І нельга сказаць, што вярнуўся іншым чалавекам і мастаком, таму што асновай працягваў і працягвае лічыць класічны балет з традыцыйнай падрыхтоўкай артыстаў — яны здольныя выконваць самыя складаныя задачы. Між іншым, ён і даказаў, што гэта так, калі з нумарам у яго харэаграфіі паехалі на конкурс у Амерыку савецкія артысты Ніна Ананіяшвілі і Андрыс Ліепа. Калі пачалі шукаць харэографа, які можа паставіць сучасны танец, звярнуліся да Елізар’ева, прыехалі ў Мінск. У Гран-пры Міжнароднага балетнага конкурсу ў Джэксане 1986 года ёсць насамрэч частка працы харэографа з Беларусі.

Мы прызвычаіліся да таго, што за Валянцінам Елізар’евым на постсавецкай прасторы замацаваўся імідж харэографа-наватара, носьбіта сучаснай эстэтыкі. Таму навіну з Парыжа пра яго асабістую вялікую конкурсную перамогу сустрэлі ў Беларусі як належнае. Але, здаецца, не да канца ўсвядомілі: прэмію Benois de la Danse Міжнароднай асацыяцыі танца Елізар’еву прысудзілі за харэаграфію балета «Страсці» беларускага кампазітара Андрэя Мдзівані. За нацыянальны балет, які распавядае пра полацкую князёўну Рагнеду. Такая адзнака — перамога не толькі для самога майстра, але і для краіны. 

Месца сілы

Гэта Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі. Для Елізар’ева — больш, чым месца працы, для яго гэта і месца сілы. Яго запрашалі на пастаноўкі ў іншыя тэатры і іншыя краіны (Вялікі ў Маскве, Кіраўскі ў Ленінградзе, у Варшаву, Стамбул, Любляну, Токіа, Каір), але ён не рабіў пераносаў сваіх мінскіх спектакляў. Яны ствараліся для гэтай сцэны, з нашымі артыстамі. З Елізар’евым беларускі балет стаў брэндам. А без яго... Цяжка ўявіць, што такое можа здарыцца, здавалася, без прычыны. За Елізар’евым было прызнанне, самыя значныя ўзнагароды ад дзяржавы, званні і знакі павагі. Аднак у 2009-м у Вялікім змянілася кіраўніцтва, і майстар спрабаваў некалькі гадоў жыць без тэатра. Выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, рыхтаваў моладзь. Але ўсё ж прыходзіў на спектаклі як глядач. Трэба было яго бачыць у той час: чалавек, якому баліць. Які заклапочаны ўзроўнем трупы і спектакляў, але не можа ні на што паўплываць. Гэта была заклапочанасць адказнага за балет у гэтай краіне.

«Карміна Бурана»

Ці варта казаць, чаму яму трэба было вярнуцца?.. Вяртаюцца і яго спектаклі. Абнаўляюцца тыя, што ўжо ідуць вельмі доўга. Ёсць надзея на аднаўленне ўзроўню трупы і працяг гісторыі нацыянальнага балета, што 50 гадоў трымаецца на харэографе, які шчыра палюбіў Беларусь.

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА і з сайта Вялікага тэатра Беларусі  

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.