Вы тут

«Калейдаскоп пачуццяў» прадстаўлен на выстаўцы ў Маладзечне


У Маладзечне, у Мінскім абласным краязнаўчым музеі, з вялікім поспехам прайшла выстаўка твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Калейдаскоп пачуццяў» народнага майстра Беларусі, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Людмілы Валковіч-Борыс. У экспазіцыі былі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках: выцінанка, аплікацыя саломкай і выцісаломка.


Анёл побач, выцінанка

Людміла Мікалаеўна Валковіч-Борыс нарадзілася і жыве ў Маладзечне. Яе захапленне творчасцю пачалося ў Маладзечанскай мастацкай школе, дзе яна вучылася маляванню і не толькі. Яна сустрэла выдатнага педагога, сапраўднага настаўніка Вікторыю Мікітаўну Чырвонцаву, якая адкрыла ёй чароўны свет беларускай выцінанкі. Гэта і паўплывала на выбар жыццёвага шляху. 

Пасля заканчэння Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М. К. Агінскага і навучання ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце культуры і мастацтваў прафесія і творчасць спалучыліся і сталі лёсам Людмілы Мікалаеўны. 

Сваю прафесійную дзейнасць пачала педагогам у роднай Маладзечанскай мастацкай школе, а ў 2003 годзе стала выкладчыкам роднага вучылішча, якое сёння перайменавана ў каледж. З 2006-га ўзначальвае цыклавую камісію «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва», перадае сваё майстэрства таленавітай моладзі. Мае вышэйшую педагагічную катэгорыю. 

Беларуская мадонна, Аплікацыя саломкай

Выстаўка «Калейдаскоп пачуццяў» была зладжана з нагоды 30-годдзя творчай дзейнасці майстра. Пачаткам самастойнай творчасці Людміла Мікалаеўна лічыць 1993 год, калі стала ствараць свае работы  без кіраўніцтва і падказак майстроў-настаўнікаў. 

Яшчэ падчас навучання ў каледжы асвоіла розныя тэхнікі выканання твораў, аднак перавагу аддавала выцінанцы і саламянай аплікацыі. Залатая саломка яе проста зачаравала. Выбраць паміж імі не змагла і сёння аднолькава паспяхова працуе ў дзвюх тэхніках. Больш за тое, здолела арганічна спалучыць у сваіх работах выцінанку і аплікацыю саломкай. Яна з’яўляецца стваральніцай новай тэхнікі — выцісаломкі. І гэта ўжо прызнана народнымі майстрамі Беларусі. 

Творы Людмілы Валковіч-Борыс маюць адметны аўтарскі почырк. Іх можна пазнаць па высокапрафесійнай тэхніцы, па незвычайных сюжэтах, многія з якіх прасякнуты беларускімі народнымі матывамі, па асаблівай пазітыўнай энергетыцы. Немагчыма адарваць вачэй ад выцінанак «У чарадзейным лесе» (2016), «Моцная сям’я» (2020), «Узаемнасць» (2021), «Дрэва жыцця» (2022), «Анёл побач» (2022), «Бацькоўская хата» (2023)... У вытанчаных узорах на паперы, выразаных залатымі рукамі майстра, схаваны адвечныя сімвалы жыцця, веры, радзімы, роднай прыроды, сям’і, дабрабыту, чалавечнасці. 

Шчырасць, выцісаломка

Не менш адмысловыя сюжэты работ, якія выкананы ў тэхніцы аплікацыі саломкай. Вобразы для сваіх твораў мастачка шукае ў кнігах, вывучае міфалогіі і абрадах. На выстаўцы быў прадстаўлены цыкл аплікацый саломкай, у якіх паказаны беларускія народныя святы. Сярод іх — «Ішла Каляда калядуючы» (2021), «Гуканне вясны» (2001), «Саракі» (2016), «На Купалу сонца рана йграе» (2001), «Спас» (2016), «Святы Пакроў зямельку засцілае» (2017) і іншыя. 

Калейдаскоп пачуццяў выклікаюць работы, якія можна назваць сапраўднымі шэдэўрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: «Беларуская мадонна» (1999), «Вясна-Ляля» (2000), «Залатое жніво» (2004), «Беларусачка» (2020) і, вядома, сам «Калейдаскоп пачуццяў» (2020), якая і дала назву юбілейнай выстаўцы. 

Калейдаскоп пачуццяў, аплікацыя саломкай

Для ўсіх, хто наведаў яе, юбілярка падрыхтавала сюрпрыз. Яна зрабіла кніжку-альбом «Саломкі залатой зачараванне» з ілюстрацыямі сваіх твораў, а маладзечанская паэтэса і, дарэчы, школьная настаўніца працоўнага навучання мастачкі Тамара Іванаўна Бярэзіна напісала да іх цудоўныя вершы. Аплікацыі саломкай і вершы да іх — вельмі сугучныя. Ну вось, напрыклад, радкі Тамары Бярэзінай, напісаныя да твора Людмілы Валковіч-Борыс «Святы Пакроў зямельку засцілае»: 

Маці Божая Святая, 

Захісні сваім Пакровам, 

Як зямельку засцілаеш, 

Так хай будзе свет здаровым. 

Папрасі свайго сыночка 

Дараваць грахі зямлянам, 

Каб змаглі і днём, і ночкай 

Жыць у згодзе пастаянна... 

Тамара БУНТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.