Вы тут

Каліноўская: Успрыманне самай складанай авангарднай музыкі залежыць ад таго, як яе паднесці


Паміж рэпетыцыямі і канцэртамі ансамбля салістаў «Класік-Авангард» паспелі паразмаўляць з яго мастацкім кіраўніком і дырыжорам Людмілай Каліноўскай. Ахапілі шмат: погляд на прафесію і самаўдасканаленне, зацікаўленасці і перавагі, ідэі і планы... 


— Людміла Міхайлаўна, калі вы вырашылі звязаць жыццё з музыкай? І чаму выбралі скрыпку? 

— Мае бацькі не музыканты: тата — ваенны, маці — урач. У пару майго дзяцінства існавала такая практыка: педагогі музычных устаноў наведваліся ў школы і правяралі наяўнасць у дзяцей музыкальнага слыху, разглядалі магчымасць профільнага навучання. Калі я, сямігадовая, праспявала песеньку, настаўнікі былі ўражаны маім слыхам. Адразу параілі: трэба ісці на скрыпку. Так, інструмент не выбірала, хоць, дарэчы, і мар іграць, напрыклад, на раялі не было. 

— Сям’я ўвогуле была далёкая ад музыкі? 

— Усе сваякі вельмі добра спявалі. Напрыклад, у таты быў абсалютны слых. Ён не вучыўся музыцы, але мог падабраць любы твор на фартэпіяна з ходу, не ведаючы нот. З дзяцінства, а я сябе памятаю гадоў з трох, мы спявалі з сястрой дуэтам — падчас семейных свят, хатніх вячорак нас заўсёды прасілі выступіць. 

— Калі пачалі іграць? 

— У сем гадоў з задавальненнем пайшла ў музычную школу. Адразу праходзілі два інструменты — скрыпку і фартэпіяна. Абодва мне падабаліся. Але так склалася, што на канчатковы выбар паўплывалі настаўнікі. Спачатку яны па розных прычыных мяняліся, а ўжо ў Мінску мне сустрэўся педагог ад Бога Вячаслаў Хаўкін, які, на жаль, рана пайшоў з жыцця. Вячаслаў Абрамавіч быў фанатам сваёй справы, жыў педагогікай і скрыпкай і любоў да прафесіі перадаваў усім вучням. Пасля музычнай школы я пайшла ў вучылішча. Вячаслаў Абрамавіч разам са мной перайшоў выкладаць туды ж. Гэта было велізарнае шчасце, бо настаўнік ставіўся да вучняў як да родных дзяцей. Займаўся, важдаўся з імі ў выхадныя і ў святы. Тады былі такія настаўнікі, сёння, напэўна, вялікая рэдкасць. Можа, гэта і непатрэбна? Але быў такі час — час вялікай адданасці. 

— Калі адчулі, што скрыпка — гэта ваша? 

— Калі паступіла ў кансерваторыю (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі. — Я. Ш.). Таксама пашанцавала з выкладчыкамі. Сярод іх — прафесар Мікалай Данілавіч Браценнікаў, які адразу ўзяў мяне ў свой клас. Гэта быў прадстаўнік сапраўднай інтэлігенцыі, апошні з магікан... Скрыпка стала маім любімым інструментам, я шмат займалася. І паспяхова — заўсёды толькі чырвоныя дыпломы. Ніколі не зубрыла. Прырода і бацькі надзялілі добрай памяццю. Для музыканта гэта ідэальная якасць, хоць, вядома, прыстасаванне да інструмента, вывучка — гэта штодзённая катаржная праца. 

— На вучобе ў кансерваторыі ваша адукацыя не скончылася…

— Я з тых, хто вучыцца ўсё жыццё. Падабаецца сам працэс. Пасля паступіла ў аспірантуру пры кансерваторыі. Усе гэтыя гады я працавала там выкладчыкам. Але асноўная дзейнасць — ігра на інструменце. Між тым мяне заўсёды цікавілі псіхалогія, педагогіка, гісторыя музыкі, асабліва літаратура пра кампазітараў. У вывучэнні гэтага не было ніякай мэты, але цяпер веды дапамагаюць у маёй прафесіі дырыжора. 

— Для яе вы скончылі Расійскую акадэмію імя Гнесіных? 

— Паступіла на дырыжорскі факультэт ужо ў даволі сталым узросце. Вучылася ў прафесара Уладзіміра Пятровіча Зівы. Але шлях да дырыжыравання пачаўся раней. У свой час Міхаіл Фінберг прапанаваў работу ў струнным аркестры ў гэтай якасці. Дыплом дырыжора ад меня не патрабаваўся. Дастатковымі былі вышэйшая адукацыя, выканальніцкі і педагагічны вопыт, уменне працаваць з калектывам. Але паўтара гады адпрацавала дырыжорам і вырашыла, што хачу вучыцца далей. Сумяшчала працу з вучобай у Маскве. 

— З чым выйшлі з Гнесінкі? 

— Гады вучобы ў Маскве дадалі велізарны пласт ведаў. Усё, што назапашвалася ў папярэдні час, — вопыт скрыпача-саліста, ігры ў камерных ансамблях, дзяржаўным камерным аркестры з рознымі дырыжорамі, педагагічны і жыццёвы — склалася бачанне, якім павінен быць дырыжор. У Маскве пазнаёмілася з надзвычай адукаванымі людзьмі, эрудытамі, знаўцамі сваёй прафесіі да дробязей. Яны многае падказалі. 

— Дыплом дырыжора неяк дапамог? 

— Аказаўся не лішнім. Калі аб’явілі конкурс на месца мастацкага кіраўніка і дырыжора ансамбля «КласікАвангард», я падала дакументы, якія, мабыць, палічылі вартымі. Кіраваць калектывам я пачала ў 2021 годзе. Ён тады быў у даволі складаным становішчы. Стратны, без паўнавартаснага складу. Сёння ў нас 18 чалавек, а тады было 5. 

— Дык чым жа прывабіла работа ў калектыве? 

— Напрыклад, у нацыянальным канцэртным аркестры працаваць было цікава, але складана. Бо рэалізавацца творча немагчыма — шмат абмежаванняў у рэпертуары. Усё ж мы былі не асобным камерным аркестрам, а часткай вялікага эстраднага калектыву. Таму я ў 2018 годзе самастойна сабрала камерны аркестр «Прэлюдыя», у які ўвайшлі мае студэнты і аднадумцы. Стваралі добрыя праграмы, імі цікавіліся слухачы, удалося творча рэалізавацца. А калі прапанавалі кіраўніцтва ў «Класік-Аванград», я зразумела, што ёсць магчымасць сабраць калектыў. 

— Хіба ўласны праект не было шкада? 

— Вельмі шкада. Але ад ансамбля салістаў «КласікАвангард» засталася амаль толькі назва. І кіраўніцтва Белдзяржфілармоніі вырашыла не знішчаць тое каштоўнае, што было. Хацелася дапамагчы хоць і на шкоду свайму праекту. Але большасць удзельнікаў «Прэлюдыі» падтрымалі ідэю і перайшлі ў «КласікАвангард». Некалькі тыдняў падрыхтоўкі — і мы ўжо далі першы канцэрт. А цягам года ўсё ўпарадкавалася. Праекты філармонія падтрымлівала, з’явілася публіка, натуральна, многія са слухачоў ведалі і цанілі «Прэлюдыю», таму з павагай паставіліся і да новаўвядзенняў у калектыве «Класік-Авангард». 

— Чым адметныя праграмы «Класік-Авангард»? 

— Усе падбіраюцца спецыяльна. Я выбудоўваю сюжэт, аб’ядноўваю творы, што называецца, рэжысёрскім поглядам. Канцэрты заўсёды вяду самастойна — ёсць вялікі вопыт у гэтым кірунку. Ды, вядома, калі хочаш нешта зрабіць добра — зрабі сам. Імкнуся пазбегнуць прымітыву і мудрагелістых прамоў, шукаю цікавую інфармацыю, прапаноўваю яе ў кароткай форме. Людзі дзякуюць за гэта, чакаюць цікавостак. Гэта ж своеасаблівае асветніцтва! Заўважыла, што ў такім выпадку публіка слухае музыку зусім інакш. Разумеюць ці не, вызначыць немагчыма, аднак успрыманне самай складанай авангарднай музыкі залежыць ад таго, як яе паднесці. Хоць лічу, што ўльтрасучасная музыка патрабуе слухацкай падрыхтоўкі. Каб яе пачаць, неабходна прыходзіць у канцэртную залу. І наша публіка ўжо не баіцца здацца недасведчанай. Ды і мы, музыканты, фанабэрыста да яе непадрыхтаванасці ці выказванняў пачуццяў ставіцца не павінны. Агульная культура выхоўваецца паступова. 

— А як увогуле складаеце праграмы? 

— Большасць — мае ідэі, назапашаныя цягам жыцця. Іх яшчэ вельмі шмат! Да таго ж праграма павінна быць цікавая музыкантам. Заўсёды высвятляю, што яны мараць сыграць. Пажаданні стараюся ажыццяўляць. Не адразу, але трымаю ў галаве. Напрыклад, у нас ёсць праекты «Іграюць віртуозы», «Віртуозы смыка», «Вечар з віртуозамі» — назвы розныя ў залежнасці ад салістаў, якія выступаюць. Мэта — прадэманстраваць магчымасць удзельнікаў, маладых музыкантаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Яны віртуозы і жадаюць паказаць сябе салістамі. Я гэта імкнуся рэалізаваць. Раз на год робім такую праграму. 

Тым больш што ў калектыве працуюць высакакласныя салісты, сапраўдныя віртуозы — лаўрэаты міжнародных конкурсаў віяланчэлістка Юлія Ражкоўская, кларнетыст Кірыл Целяпнёў, скрыпач Юрый Каліноўскі. І маладзейшыя музыканты таксама ўключаюцца ў творчы працэс. 

— У чым складанасць работы ў гэтым калектыве? 

— Няма напрацаваных праграм, таму не можам нешта, так бы мовіць, тыражаваць. Усе канцэрты новыя і даюцца высокай цаной. Ансамбль патрабуе штодзённай зладжанай і адначасова тытанічнай працы. Якія б геніяльныя музыканты ні сабраліся, поспеху гэта не гарантуе. Камернае музіцыраванне — адно з самых складаных у прафесіі. У ансамблі пажадана, каб удзельнікі ігралі аднолькава, мыслілі аднолькава. Над гэтым працуюць гадамі. 

— І разам з тым вы робіце сумесныя праекты. Напрыклад, нядаўна выступілі разам з заслужаным артыстам Расіі Аляксандрам Трасцянскім. 

— З Аляксандрам Трасцянскім, адным з самых паважаных мной скрыпачоў, у нас даўняе сяброўства. Яшчэ пры існаванні «Прэлюдыі» мы павінны былі сыграць сумесны канцэрт. Але здарылася пандэмія, граніцы закрылі, і мы чакалі... І толькі праз тры гады ўдалося прадставіць праграму. Гэта мой праект, яго я выпакутавала. Філармонія падтрымала ініцыятыву, якая патрабавала шматлікіх намаганняў... Але колькі эмоцый, сіл! А які быў водгук! Станоўча ацанілі канцэрт і кампазітары, творы якіх мы ігралі, — Аляксандр Чайкоўскі і Алехандра Драга. 

— Ці ёсць магчымасць эксперыментаваць? 

— Натуральна. Прыклад — сумесны з расійскім артыстам Дзмітрыем Насковым канцэрт, які прадставілі сёлета. Гэта зусім іншы шлях — джазава-эстрадны. Дарэчы, вакаліст зразумеў, што выступаць з камерным аркестрам крута! Яго традыцыйную праграму, заснаваную на творчасці Фрэнка Сінатры, ацаніла і публіка. Праект з гэтым выканаўцам будзем працягваць. Хоць, дарэчы, мы класічны акадэмічны калектыў — не вучыліся працаваць з падобнымі жанрамі. Выступаць у якасці джаз-бэнда было складана, але атрымалася, на маю думку, годна. 

— Што наконт найбліжэйшых праектаў? 

— 8 лістапада будзе канцэрт «Партытура памяці», прысвечаны спадчыне і асобе Дзмітрыя Шастаковіча. Асноўны твор — пранізлівая камерная сімфонія, ці квартэт № 8 «Памяці ахвяр фашызму і вайны», але мы будзем выконваць яго поўным струнным складам. Мне здаецца, сёння гэты кампазітар са сваімі гуманістычнымі думкамі, мудрасцю, філасофскім поглядам на свет актуальны як ніколі. А яшчэ прагучаць творы, якія рэдка выконваюцца, — прэлюдыя і скерца для струннага актэта, пяць п’ес, якія існуюць у версіі для дзвюх скрыпак. Я зрабіла пералажэнне для ўсяго складу. Дададзім творы кампазітара, якога творца падтрымліваў, — гэта Эдзісон Дзянісаў. А яшчэ будзе гучаць музыка Галіны Гарэлавай. Тут таксама ёсць перасячэнне: трэцяя частка Пасакалля з першага канцэрта Шастаковіча для скрыпкі вельмі паўплывала на канцэрт для скрыпкі Галіны Канстанцінаўны. Так, выканаем яе Пасакаллю з канцэрта, а яшчэ адну п’есу для флейты. 

— «Класік-Аванград» — з тых калектываў, якія імкнуцца папулярызаваць музыку айчынных кампазітараў. Якія праграмы прапаноўваеце? Як на іх рэагуе публіка? 

— Беларуская музыка — адно з маіх асноўных зацікаўленняў. Пераканана, што творы кампазітараў сваёй краіны трэба ведаць, цаніць, любіць і выконваць. Заўважыла, што ў самых розных кутках свету прытрымліваюцца гэтай думкі. Там захапляюцца, шануюць, падтрымліваюць сваю музыку на самых розных узроўнях. У нас, напрыклад, ёсць праект беларускай музыкі «Ад вытокаў да сучаснасці». Былі канцэрты — партрэты кампазітараў: ігралі музыку Галіны Гарэлавай, Дзмітрыя Смольскага. Будзем працягваць — выдатных аўтараў шмат. Дарэчы, цяпер знаходзяцца цікавыя творы Станіслава Манюшкі, Фларыяна Міладоўскага, Міхала Ельскага і Міхала Клеафаса Агінскага. Слухач адкрывае для сябе беларускіх творцаў, водгукі станоўчыя. 

— На якіх сучасных беларускіх кампазітараў раіце звярнуць увагу? 

— Для мяне кампазітар нумар адзін — Галіна Гарэлава. Яе музыка цудоўная і вельмі розная. Адораны чалавек, эрудыт, яны захапляецца і выяўленчым мастацтвам, і тэатрам, і літаратурай. Нядаўна Галіна Канстанцінаўна паведаміла, што напісала твор «Поры года» і прысвяціла яго мне і ансамблю. Пакуль атрымала толькі прыклад партытуры. Але хутка, яна абяцае, твор будзе ў нас. Прыемны падарунак. Гэта выдатны кампазітар. А такіх у нас рэдка шануюць пры іх жыцці. Можа, у гэтым выяўляецца гістарычная праўда і «вялікае бачыцца на адлегласці»? Але калі ты музыкант, злачынна іх не заўважаць, не шанаваць, не іграць. Натуральна, выдзеліла б Дзмітрыя Смольскага. На жаль, не так часта выконваюцца яго творы. Падабаецца, як пішуць Уладзімір Кур’ян, Вячаслаў Кузняцоў, Уладзімір Дарохін, Алег Хадоска, Уладзімір Каральчук. З маладых — Ігар Комар. Вывучаю работы студэнтаў, можна знайсці адметнае. Галоўнае — разгледзець і дапамагчы. 

Гутарыла Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота з асабістага архіва Людмілы Каліноўскай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?