Вы тут

У лютым гэтага года народнаму мастаку Беларусі Уладзіміру Стальмашонку споўнілася б 95 гадоў


У лютым гэтага года народнаму мастаку Беларусі Уладзіміру Іванавічу Стальмашонку споўнілася б 95 гадоў. У дзень яго нараджэння ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася выстаўка адной карціны. А напрыканцы верасня ў гонар юбілейнага года музей прапаноўвае пазнаёміцца з экспазіцый палотнаў творцы — частка з іх манументальныя. Такі ж манументальны творчы дух Уладзіміра Іванавіча, які па натуры быў неабыякавым і няўрымслівым чалавекам, падштурхоўваў і натхняў на актыўнасць іншых.


Аўтапартрэт, 1993 г.

Творца ў часе 

— Сёння можна па-новаму паглядзець на яго творчасць, на яго асобу ў экспазіцыйных прасторах новых залаў выставачнага корпуса, — адзначыла генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Ганна Конанава. — У больш камерных выставачных прасторах манументальнасць яго таленту, яго творчага духу будзе нават больш акцэнтавана. Гэта прадстаўнік той плеяды майстроў, якія на максімальна высокім узроўні ўвасабляюць традыцыю, школу выяўленчага мастацтва ўсёй усходнеславянскай прасторы, прэзентуюць яго на сусветнай арэне. Гэтыя майстры сумяшчаюць у сабе ўнікальнасць і ўніверсальнасць. 

Уладзімір Іванавіч прайшоў выдатную прафесійную загартоўку ў ленінградскай школе. Вучыўся доўга і настойліва. Спачатку на факультэце мастацкай апрацоўкі дрэва вучылішча імя Мухінай (напэўна, вось чаму ў яго карцін такія адметныя драўляныя рамы!). Пасля асвоіў прафесію сцэнографа ў мастацкім вучылішчы імя Сярова. Зноў падалося, што недастаткова, і ў выніку было навучанне на факультэце жывапісу Інстытута імя Рэпіна Акадэміі мастацтваў СССР у Ленінградзе. Амаль 10 гадоў вучыўся ў Ленінградзе. Напэўна, пасля трох ВНУ мог рэалізавацца ў Расіі як выдатны мастак-сцэнограф, дэкаратар, жывапісец. Але вярнуўся ў Беларусь і ўсё тое, што засвоіў у прафесіі, рэалізоўваў на беларускай зямлі — у жывапісе, графіцы, манументальным мастацтве. Дарэчы, яго мазаікі і вітражы можна бачыць штодня ў мінскім метро — Стальмашонак быў іх аўтарам у складзе рабочай групы, якая ўвасобіла гэтыя манументальныя творы. 

У экспазіцыі, што размясцілася ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея па вуліцы Карла Маркса, прадстаўлены яго работы, што знаходзяцца ў фондах музея: з 23 твораў станковага жывапісу тут выстаўлены 22. Нам прапануюць паглядзець жывапіс, таму што ён пра Беларусь і яе жыхароў: герояў, знаных асоб і простых працаўнікоў. 

Фрагмент экспазіцыі

Вядома, што час, калі ствараюцца карціны, мае значэнне. Стальмашонак пісаў і простых працаўнікоў, і вядомых асоб, і дзеячаў партыі. Ды гэта былі яго сучаснікі, а ён паказваў, чым жывуць людзі. Але ў станковым жывапісе ён быў наватарам — і гэта не надта віталася. У мастацтва прайшоў так званы «суровы стыль» — і творца шукаў, як быць адметным, не падобным да іншых. 

Чалавек на радзіме 

Адстойваць сябе і свой погляд умеў не толькі як творца, але і як чалавек. Умеў гаварыць пераканаўча, ярка, вобразна. 

— Уладзімір Іванавіч двойчы выбіраўся старшынёй Беларускага саюза мастакоў. Гэта быў маштабны чалавек для нашай гісторыі, для нашай краіны, — кажа Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў. — У нашай культуры былі асобы, якія сфарміравалі ўяўленне пра тое, што значыць паняцце нацыянальнага. Хто такі «нацыянальны герой»? Што такое «нацыянальная традыцыя»? Што такое «нацыянальная гісторыя» і любоў да сваёй радзімы? Гэта пераканаўчы прыклад таго, наколькі чалавек любіць сваю радзіму. Сёння мы глядзім на яго творы і кажам, што гэта класіка. Адна з яго найлепшых работ, прысвечаная вобразу Якуба Коласа, знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея — і гэта шэдэўр. Некаторыя партрэты асоб, якія фарміравалі беларускую культуру, выяўлены на фоне беларускіх ручнікоў. Ручнікамі ў хаце звычайна пакрывалі абразы — гэта таксама былі абярэгі. Мне здаецца, што менавіта такія вобразы — суровыя, яркія, незвычайныя, падобныя на іканапісныя шэдэўры — ствараў Андрэй Рублёў.

Шмат што пра творцу становіцца зразумела пасля агляду выстаўкі. Нават невялікай экспазіцыі хапае, каб убачыць, што для яго было галоўным. Ён выяўляў пантэон беларускіх асоб, дзеячаў культуры — першадрукароў, пісьменнікаў: Ефрасінню Полацкую, Кірыла Тураўскага, Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага, Рыгора Шырму, Максіма Гарэцкага ды Якуба Коласа... Свой жывапіс Уладзімір Стальмашонак дапаўняў і ўзбагачаў, як адчуваў — калажамі ды беларускім арнаментам. Ведаў і шанаваў свае карані, пры тым, што нарадзіўся ў Мінску ў інтэлігентнай сям’і: бацька быў вядомым хірургам, адным са стваральнікаў Мінскага медінстытута — яго партрэт таксама ёсць на выстаўцы, як і аўтапартрэт майстра: заўсёды цікава разумець, як мастак бачыць сябе сам. Суровы і ўдумлівы, з глыбокім і адкрытым поглядам — чалавек, якому няма чаго хаваць. 

Верыў у Беларусь. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага савета СССР, узначальваў камісію па культуры, але як толькі пайшоў працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, аддаў ключы ад маскоўскай кватэры і вярнуўся ў Мінск. Тут у яго было шмат працы. 

Настаўнік па жыцці 

Больш за 40 гадоў жыцця Уладзімір Стальмашонак прысвяціў педагагічнай працы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, змог перадаць свой манументальны досвед маладому пакаленню. Разумеў, што трэба стварыць асобную кафедру дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — і цяпер яна ёсць. А яшчэ ідэя з’яўлення ў Мінску Палаца мастацтва, кажуць, узнікла з падачы Уладзіміра Стальмашонка. 

— Чалавек прыгожы, эмацыянальны, стройны, ён з’явіўся ў 60-я гады трыгерам — дзякуючы яго неспакойнаму сэрцу ў Беларусь прыехалі мастакі Вашчанка, Кішчанка, Бяляеў, — адзначае народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік. — З яго шырокага таленту і неспакойнай душы пачала фарміравацца нацыянальная школа ў мастацтве. Я вучыўся на кафедры жывапісу. А Уладзімір Іванавіч выкладаў на манументальным аддзяленні. І мы ўвесь час чулі, што аснова мастацтва, якое нарадзілася на гэтай зямлі, палягае ў народнай культуры. А калі ён стаў старшынёй Беларускага саюза мастакоў, яго энергія абудзіла моладзь. Падчас выкладання ён ніколі не быў звычайным педагогам. Многія, хто прайшоў школу Уладзімір Іванавіча, сталі вялікімі мастакамі. 

Партрэт Рыгора Шырмы, 1968 г.

Цяпер імя Уладзіміра Стальмашонка носіць 90-я школа Мінска, дзе ён калісьці выкладаў. А на радзіме продкаў, у Асіповіцкай галерэі, з ласкі аўтара пасяліліся яго творы. І нашчадкі творчай сям’і Стальмашонкаў цяпер працягваюць мастацкую справу. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?