Вы тут

Капуста, караняплоды, гарбуз: колькі каштуюць апошнія «жывыя» вітаміны гэтага лета?


«Увосень прырода палохаецца, пераварочваецца і расце ўніз галавою, нараджаючы напрыканцы грубыя, суровыя, каравыя стварэнні — чорны купал рэдзькі, белы нерв хрэну, патаемныя бульбяныя гарады...» — не зусім дакладная цытата з аднаго сучаснага аўтара. Зрэшты, гэтыя «суровыя стварэнні», часам не надта прывабныя на выгляд, насамрэч тояць у сабе скарбніцу вітамінаў. Многія з іх дыеталогія называе «суперфудамі нашых шырот» — прадуктамі з высокай канцэнтрацыяй карысных для здароўя і імунітэту рэчываў.

Такім чынам, ідзём на рынак па «апошняе прывітанне лета» і высвятляем, пачым восеньскія «суперфуды» ў цяперашнім шчодрым на ўраджай годзе.


Капуста — у модзе

— На засолку бераце? Ці на салату? — цікавіцца прадавец. — Для квашання капусты яшчэ ранавата, — дадае ён. — Пакуль на салацік вазьміце, на свежы!

Восень у кулінарыі — гэта, вядома, капуста (наша, класічная, белакачанная), і калі зімой яна ў першую чаргу квашаная, то кастрычнік — самы час для сезонных свежых салатаў з яе. Каштуе сёлета капуста ў сярэднім рубель за кілаграм, а на сезонных рынках па выхадных можна знайсці і па 70–80 капеек. То-бок выдаткаў практычна ніякіх, а карысці — вагон. Па-першае, у ёй велізарная колькасць вітаміну С, які да таго ж захоўваецца ў капусце практычна ўсю зіму. Акрамя таго, багатая капуста і на вітамін U (метылметыянін), які дабратворна ўплывае на работу страўнікава-кішачнага тракта, лечыць язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі, гастрыты і каліты і паляпшае функцыянаванне печані. Вітамін А, які капуста змяшчае ў вялікай колькасці, аднаўляе зрок і здольны (пры рэгулярным уключэнні гэтай гародніны ў рацыён) адтэрмінаваць любыя праблемы з вачамі — ад катаракты да блізарукасці. Пры гэтым нязначнае ўтрыманне крухмалу і цукрозы дазваляе ўключаць белакачанную капусту нават у рацыён дыябетыкаў.

Акрамя таго, капуста выдатна насычае пры мінімальным утрыманні калорый, так што яна — фаварыт мадэляў. Сучасная дыеталогія сцвярджае да таго ж, што белакачанная капуста (як і іншыя крыжакветныя — цвятная, брокалі і г. д.) змяшчае рэчывы, якія спрыяюць выпрацоўцы калагену, а значыць, абараняе ад старэння, паляпшае колер твару і эластычнасць скуры. А таксама змагаецца са свабоднымі радыкаламі і паляпшае здароўе валасоў.

Усе гэтыя ўласцівасці ў поўнай меры можна аднесці і да менш танных відаў капусты — цвятной, брокалі, брусельскай і «іншапланетнага» выгляду раманескі, якая таксама ў апошнія гады вельмі папулярная ў аматараў здаровага ладу жыцця. Цвятную капусту прадаюць сёлета па 3.50–4.50 за кіло, брокалі — даражэй: 5.90–6.50 рублёў за кілаграм.

— Вырошчваю брокалі рассадным спосабам, расаду сею ў тыя ж тэрміны, што і раннюю капусту — бліжэй да канца сакавіка, а другі раз — у пачатку чэрвеня, гэта ўжо для восеньскага ўраджаю, — распавядае прадавец Марыя. — Для такой капусты ідэальныя суглінкавыя глебы, якраз як у нас пад Клецкам. Раз на тры гады раблю вапнаванне глебы пад яе і атрымліваю неблагія ўраджаі.

Марыя Ільінічна тлумачыць, што захапілася вырошчваннем брокалі, калі ў яе пачаліся праблемы з сэрцам і артэрыяльным ціскам. Цяпер, кажа, усё нармалізавалася, і яна адчувае сябе здаровай — «ну, наколькі ў наш час можа быць здаровым пенсіянер». Вядома, прымаць прэпараты ад ціску даводзіцца, але правільнае харчаванне таксама вельмі важнае.

— Брокалі і цвятная капуста дапамагаюць пры сардэчна-сасудзістых хваробах, паляпшаюць крывятварэнне, нармалізуюць работу шчытападобнай залозы і выводзяць цяжкія металы, — пералічвае суразмоўніца. — І нават з’яўляюцца прафілактыкай раку, як пішуць урачы.

Капусту сваю вырошчвае яна «без усякай хіміі» — кажа, у тым ліку каб з чыстым сумленнем прадаваць людзям на фермерскіх радах. У гэтым годзе аддае кілаграм за 5.50-6 рублёў, але можа і скінуць цану, асабліва бліжэй да канца дня.

Капуста ў мяне ў рацыёне — прадукт нумар адзін. Усякая: і брокалі, і цвятная, а часцей за ўсё — самая звычайная, белакачанная, — кажа пакупніца Ксенія. — Капуста цяпер у модзе: на ёй усе скідваюць вагу. Плюс гэта танная ежа. Па асабістым досведзе скажу: можна не траціць шмат грошай і пры гэтым харчавацца правільна, важна толькі вывучыць пытанне і збалансаваць рацыён.

Падзялілася суразмоўніца з чытачамі «Звязды» і рэцэптам хуткага і эканомнага капуснага пірага («Праўда, не зусім у межах правільнага харчавання — там патрэбна сталовая лыжка маянэзу», — папярэдзіла дзяўчына).

— Шэсць сталовых лыжак мукі (лепш — першага або другога, а не вышэйшага сорту, 400 грамаў свежай капусты, пучок кропу, 3 яйкі, сталовая лыжка маянэзу, 5 ст. л смятаны, 3 зубчыкі часнаку, трохі солі і разрыхляльніку для цеста. Можна дадаць кунжут. Капусту дробна наразаю, салю і размінаю рукамі. Здрабняю кроп і змешваю з капустай. Яйкі ўзбіваю з маянэзам, смятанай і нацёртым на дробную тарку часнаком, дадаю муку і разрыхляльнік. Замешваю цеста. Выкладваю капусту з зелянінай у форму, заліваю яечнай сумессю, пасыпаю кунжутам і стаўлю ў разагрэтую да 180° духоўку на 25 хвілін.

Золата восені

Калі самая розная капуста цяпер — модная ежа, то гарбуз гаспадыні па-ранейшаму чамусьці не надта шануюць, сцвярджаюць прадаўцы.

— Няма звычкі гатаваць з гарбуза, — наракае Алена, да якой мы па старой памяці зазірнулі на фермерскія рады Камароўкі, каб пагаварыць аб яе ўраджаі.

З Аленай мы пазнаёміліся мінулай восенню, яна прывозіць прадаваць у Мінск свае гарбузы. Кажа, любіць гэтую «сонечную», яркую гародніну, вырошчвае і дэкаратыўныя гарбузы (іх раскупляюць лепш, хоць каштуюць яны даражэй — ад 3 да 5 рублёў за штучку), і ядомыя. Свае «экалагічна чыстыя гарбузы» прадае гэтай восенню па 1.50 за кілаграм (на сезонных кірмашах можна было ў мінулыя выхадныя адшукаць і па 1.20). У мінулым годзе, успамінае суразмоўніца, цана на гарбуз была ў сярэднім 3 рублі за кіло. У гэтым гародніна таннейшая, таму што ўраджай добры і няма сэнсу «даражыцца».

Сама Алена гарбуз есць усю зіму, кажа, менавіта гэтая гародніна дорыць ёй здароўе. І, мабыць, у гэтым яна мае рацыю, бо ў складзе гарбуза вітаміны С, РР, Е, А, групы В, а таксама F, D і рэдкі вітамін Т, які ўдзельнічае ў акісленні свабодных тлустых кіслот і змяншае ўзровень тлушчаў у крыві. Таму гарбуз уключаюць у лячэбную дыету пры атэрасклерозе, праблемах з сэрцам і сасудамі. Акрамя таго, ён багаты жалезам, меддзю, селенам, кобальтам, каліем і магніем, а таксама кальцыем, ёдам, цынкам. Змяшчае клятчатку і важныя для здароўя амінакіслоты. Наладжвае работу жоўцевага пузыра, страўніка і кішэчніка, спрыяе зніжэнню аб’ёмаў тлушчавай тканкі ў арганізме — на гарбузах можна гэтак жа эфектыўна худзець, як і на капусце. Але калі крыжакветныя айчынныя аматары здаровага ладу жыцця ўжо дакладна асвоілі і палюбілі, то ўкараніць гарбуз у рацыён нашых сучаснікаў у спецыялістаў правільнага харчавання пакуль не занадта атрымліваецца. Між тым з гарбуза можна гатаваць што заўгодна, гаворыць Алена. Нават дранікі. Яе фірмовы рэцэпт — бульба напалову з гарбузом плюс зеляніна, соль, спецыі і трохі мукі. Мякаць гарбуза націраюць на дробнай тарцы гэтак жа, як і бульбу. Далей гатуйце дранікі з гэтай сумесі, як прывыклі і як падабаецца, — можна з яйкам і мукой, можна без мукі або з мукой але без яйка, па жаданні. У любым выпадку атрымаецца смачна і не так каларыйна, як з адной толькі бульбы.

Час піць бурачны сок

Караняплоды — яшчэ адна прыкмета восені, і гэта не толькі карані сельдэрэю і пятрушкі, папулярныя ў прыхільнікаў правільнага харчавання ўжо не першую восень. Дарэчы, каштуе корань сельдэрэю ў гэтым годзе тры рублі за штучку, корань пятрушкі — ад 8 да 12 рублёў за кілаграм. Але нямногія купляюць яго кілаграмамі, а штучка зацягвае недзе на рубель 20 капеек.

Але пагаворым аб бураках і моркве, традыцыйных нашых караняплодах. У гэтым сезоне ў параўнанні з іншымі прысядзібнымі дарамі яны дастаткова дарагія — так, за кіло морквы просяць ад 1.50 на сезонных рынках да 2-2.50 руб. на Камароўцы, пры тым, што кілаграм памідораў яшчэ можна знайсці па 2-2.80, хоць сярэдні кошт ужо 4-4.50.

— Затое морквачка проста цукровая, — расхвальвае свой тавар прадавец. — Салодкая, сакавітая!

Дыетолагі сцвярджаюць, што рэгулярнае ўключэнне ў меню свежай морквы змяншае на траціну рызыку развіцця сардэчных прыступаў. Даследаванні пацвердзілі зніжэнне больш чым на 10% узроўню халестэрыну ў крыві пры спажыванні 200 г свежай морквы штодня на працягу трох тыдняў. 

І на 40% морква скарачае верагоднасць злаякасных новаўтварэнняў у лёгкіх дзякуючы высокаму ўтрыманню бэта-караціну, якога чалавек павінен атрымліваць не менш за 1,7 мг у дзень (гэта асабліва важна тым, хто пакуль не адмовіўся ад шкоднай звычкі курыць). Спажываць моркву лепш з тлушчамі (караціноіды — тлушчарастваральныя): у ідэале гэта сырая салата з карысным алеем — рапсавым, напрыклад. Увосень морква больш за ўсё насычаная вітамінамі, так што якраз цяпер — час для такіх салатаў.

— Найлепшыя вітаміны для падтрымання маладосці — у салаце з часнаку і морквы! — сцвярджае Марына. Яна прадае на рынку ў Заслаўі гародніну з уласных градак. Гаворыць, раней вазіла ў Мінск, але і тут гандаль ідзе нядрэнна:

— Агуркі-памідоры ёсць ва ўсіх у агародзе, а пад моркву не ўсе адводзяць градкі. А без морквы ні суп зварыць, ні закаткі паставіць…

Ну і, зразумела, морква падтрымлівае вастрыню зроку, гэта агульнавядома. А таксама дабратворна ўплывае на печань, сэрца, страўнікава-кішачны тракт. І, дарэчы, здымае сіндром хранічнай стомленасці, што ўвосень асабліва актуальна. Заўважым, што на рынках не праблема знайсці сарты і гібрыды морквы ад айчынных селекцыянераў: «Лявоніха», «Мінчанка», «Ліцвінка», нават новы гібрыд «Вулкан».

— Асаблівых складанасцяў пры вырошчванні морквы няма, хоць клімат, вядома, становіцца гарачэйшым, — усміхаецца суразмоўніца. — Новыя сарты нашай беларускай селекцыі цеплаўстойлівыя і засухаўстойлівыя, і іх ураджай не надта залежыць ад надвор’я.

А вось што да буракоў, прапанова па іх, як ні дзіўна, гэтай багатай восенню на рынках не надта вялікая. Прыватнікі гавораць, што для буракоў гэтае лета было ўсё ж гарачым. Каштуюць яны 2-2.50 за кіло. Бурак — галоўная гародніна гіпертонікаў і ўлюбёнец кардыёлагаў. Караняплод эфектыўна чысціць кішэчнік ад шлакаў, а сасуды — ад халестэрынавых бляшак, зніжаючы рызыку развіцця атэрасклерозу, інфаркту, інсульту. Рэгулюе працэс крыватварэння і нармалізуе абмен рэчываў, валодае мачагоннымі ўласцівасцямі, паніжае артэрыяльны ціск, узмацняе перыстальтыку кішэчніка і павялічвае дастаўку кіслароду і пажыўных рэчываў да органаў, тым самым павялічваючы працаздольнасць. Бурак багаты клятчаткай, фоліевай кіслатой, марганцам, жалезам, каліем і вітамінамі (C і B6). Сярод прычын стаць больш прыхільным да гэтага караняплоду нават у маладым узросце — умацаванне імунітэту, хуткае і бяспечнае пазбаўленне ад лішніх кілаграмаў, а яшчэ бурак карысны будучым мамам: даказана, што ўключэнне гэтай гародніны ў рацыён — прафілактыка ўскладненняў цячэння цяжарнасці.

Так што папулярная ў пенсіянераў звычка піць свежавыціснуты бурачны сок цалкам можа быць актуальная і для тых, каму да пенсіі яшчэ далёка. Праўда, з сокам гэтым усё не так проста, як з іншымі агародніннымі сокамі і фрэшамі. Па-першае, у яго дастаткова супрацьпаказанняў, а па-другое, важна памятаць аб мерах засцярогі. Свежавыціснутаму бурачнаму соку трэба даць выстаяцца пару гадзін у адкрытай тары ў халадзільніку, пасля чаго сок трэба працадзіць — інакш замест аздараўлення можна атрымаць рэзкае зніжэнне ціску і дыярэю. А пачынаць піць бурачны сок лепш з чайнай лыжкі ў дзень, паступова даводзячы дозу да паловы шклянкі ў суткі. Медыкі раяць праз два тыдні штодзённага спажывання бурачнага соку зрабіць перапынак.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.