Вы тут

Што дае выпускніку статус маладога спецыяліста?


Каля 55 тысяч маладых рабочых і спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыяй былі размеркаваны сёлета ў арганізацыі і на прадпрыемствы нашай краіны. Паказчык размеркавання выпускнікоў устаноў адукацыі дасягае ў апошнія гады практычна 100 працэнтаў.


Пасля заканчэння Полацкага каледжа ВДУ імя П. М. Машэрава двайняты Марыя і Дар’я Чумаковы па размеркаванні прыйшлі працаваць у дзіцячы садок № 1 гарадскога пасёлка Расоны. Марыя — музычны кіраўнік,  Дар’я — выхавальнік дашкольнай адукацыі. Фота: БелТА

Сацыяльныя гарантыі

«Маладым людзям, якія вучыліся за кошт сродкаў бюджэту на дзённай форме атрымання адукацыі, у нашай краіне гарантуецца атрыманне першага працоўнага месца ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю, — падкрэслівае начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей ПІШЧОЎ. — Сусветны вопыт сведчыць, што пачатак працоўнай дзейнасці спалучаны для моладзі са значнымі цяжкасцямі і рызыкамі, бо работадаўцы, як вядома, схільны аддаваць перавагу больш вопытным спецыялістам.

Знайсці работу і затрымацца на ёй учарашнім студэнтам без прафесійнага досведу даволі складана. Між іншым, правы выпускнікоў, якія працуюць па размеркаванні ў якасці маладых спецыялістаў, у нашай краіне абароненыя законам.

Для маладых спецыялістаў не прызначаецца выпрабавальны тэрмін. Пасля заканчэння навучання ім выплачваецца грашовая дапамога ў памеры стыпендыі, выдзяляецца адпачынак працягласцю 31 дзень, а для будучых педагагічных работнікаў — 45. Таксама абмежаваныя магчымасці наймальніка па звальненні маладога спецыяліста, пераводзе яго на іншую працу, не звязаную з атрыманай спецыяльнасцю. Наймальнік не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займанай пасадзе ці выконваемай рабоце з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Ёсць розныя льготы пры пастаноўцы на чаргу для паляпшэння жыллёвых умоў. Маладыя спецыялісты могуць прэтэндаваць на атрыманне арэнднага жылля або на грашовую кампенсацыю за наём жылога памяшкання. Да абавязковых выплат адносіцца кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць.

Уваходжанне ў прафесію

Сяргей Пішчоў адзначыў, што студэнты і навучэнцы, якія атрымлівалі адукацыю на платнай аснове, у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам таксама могуць быць накіраваны на работу па іх жаданні. Штогод дадзенае права выкарыстоўваюць каля 2 тысяч выпускнікоў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

— Па нашых назіраннях цікавасць да накіравання на першае месца працы сярод выпускнікоў платнай формы навучання расце. У адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі такім выпускнікам таксама прысвойваецца статус маладога спецыяліста з усім наборам сацыяльных гарантый і прэферэнцый, — падкрэслівае начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі. — З улікам важнасці падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для нашай эканомікі, а таксама каб забяспечыць гарантаванае першае працоўнае месца ўсім, у цяперашні час Міністэрства адукацыі прапрацоўвае нарматыўнае замацаванне ў падыходах па накіраванні на першае месца працы таксама і выпускнікоў платнай формы навучання. Такая практыка не з'яўляецца новай, на працягу шэрагу гадоў падобны вопыт маецца ў выпускнікоў медыцынскіх універсітэтаў, якія апроч асноўнага навучання праходзяць інтэрнатуру для таго, каб атрымаць пэўныя практычныя навыкі і дадатковыя прафесійныя кампетэнцыі для паспяховага далейшага працаўладкавання і засваення сваёй прафесіі.

На думку спецыяліста, размеркаванне і накіраванне на першае месца працы выпускнікоў устаноў адукацыі неабходна разглядаць як практыка-арыентаваны працяг іх навучання, але ўжо на працоўным месцы. Гэта дае магчымасць забяспечыць паспяховае ўваходжанне ў прафесію, набыць практычныя і прафесійныя кампетэнцыі і навыкі.

— Мяркуем, што аптымальны тэрмін для вырашэння дадзенай задачы — не менш за два гады з выкарыстаннем інстытута настаўніцтва, гэта значыць, з прыцягненнем вопытных работнікаў. З улікам сацыяльных гарантый, якія мае малады спецыяліст, Міністэрства адукацыі сумесна з зацікаўленымі праводзіць цяпер работу па забеспячэнні ўсіх выпускнікоў як бюджэтнай, так і платнай формы навучання першым працоўным месцам, — праінфармаваў начальнік упраўлення прафесійнай адукацыі. — Хачу падкрэсліць, што роўныя магчымасці павінны быць ва ўсіх выпускнікоў: як бюджэтнай, так і платнай формы навучання...

Сяргей Пішчоў дадаў, што важным прынцыпам змяненняў, якія ўносяцца, з'яўляецца шырокае інфармаванне ўсіх зацікаўленых і ўступленне іх у сілу толькі пасля прыняцця. Гэта значыць, што прапанаваныя навацыі не закрануць тых, хто навучаецца па дзейным заканадаўстве.

Нагадаем, што да апошняга часу абавязковаму размеркаванню падлягалі толькі выпускнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі, якія скончылі курс навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў і былі накіраваны на работу камісіяй па персанальным размеркаванні. Калі навацыі будуць прыняты, то размяркоўваць у абавязковым, а не добраахвотным парадку будуць і моладзь, якая пажадае атрымліваць адукацыю за ўласныя сродкі.

Затрымаць кадры ў рэгіёнах

Забеспячэнне адукацыйнай галіны маладымі кадрамі стаіць сёння даволі востра на парадку дня. У розных рэгіёнах адчуваецца дэфіцыт настаўнікаў фізікі, матэматыкі, пачатковых класаў, выхавальнікаў дашкольных устаноў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў. І справа не ў тым, колькі маладых спецыялістаў штогод выпускаецца. Важна, колькі іх затрымліваецца ў сістэме адукацыі.

— У Галіновым пагадненні паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі прадугледжаны дадатковыя гарантыі для маладых спецыялістаў: меры матэрыяльнага стымулявання, надбаўкі за работу па кантракце, — паведаміла загадчык аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена ВЯРБІЛА. — Напрыклад, у Мінску для маладых педагогаў прадугледжана даплата ў памеры 20 працэнтаў ад аклада. Ва ўстановах адукацыі актыўна развіваецца інстытут настаўніцтва: за кожным маладым педагогам замацоўваецца дасведчаны спецыяліст. У многіх рэгіёнах маладым педагогам кампенсуюцца выдаткі за арэнду жылля. Так, на Брэстчыне на працягу шэрагу гадоў выпускнікам (маладым спецыялістам, маладым рабочым (служачым)) штомесяц кампенсуюцца выдаткі за наём жылых памяшканняў у памеры да трох базавых велічынь у Брэсце, Пінску і Баранавічах, а ў іншых населеных пунктах вобласці — да дзвюх базавых велічынь.

Натуральна, на месцах усе разумеюць, што без жылля замацаваць кадры, асабліва ў сельскай мясцовасці, немагчыма, таму шукаюць месцы ў інтэрнатах, даюць службовае жыллё, дапамагаюць будаваць сваё. Прафсаюзы хадайнічаюць аб выдзяленні для маладых спецыялістаў арэнднага жылля ці месцаў у інтэрнатах іншых ведамстваў.

На жаль, але абавязак забяспечваць маладога спецыяліста жыллём нідзе на заканадаўчым узроўні не прапісаны. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным узроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце, у тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

Традыцыйнай для сталіцы стала жнівеньская сустрэча з маладымі педагогамі, якую арганізоўвае прафсаюз. Запрашаюць юрыстаў, эканамістаў, бухгалтараў, якія кансультуюць моладзь па ўсіх пытаннях. А пытанняў узнікае шмат. Напрыклад, усіх без выключэння цікавіць, ад якіх фактараў залежыць іх заработная плата? Ці можна паўплываць на яе памер? З якім стажам педагог можа прэтэндаваць на кваліфікацыйную катэгорыю? На якую матэрыяльную дапамогу могуць разлічваць іншагароднія педагогі, размеркаваныя ў сталіцу? Як правільна павінны быць аформлены працоўныя адносіны? Куды ўвогуле звяртацца з пытаннямі, якія датычацца прафесійнай дзейнасці? Хто можа дапамагчы па-за сценамі тваёй школы?

З улікам сямейных абставін

— Штогод наш універсітэт праводзіць маніторынг замацавання сваіх выпускнікоў на працоўных месцах, якія ім прадстаўляюцца. Зыходзячы з практыкі, сярэдняя лічба за некалькі гадоў складае 70 працэнтаў, — паведаміў начальнік аддзела кадраў БДПУ імя Максіма Танка Віталь КАЗАКОЎ. — Але ў некаторых рэгіёнах, у прыватнасці ў Мінскай вобласці (Уздзенскім, Любанскім, Салігорскім, Старадарожскім, Клецкім, Чэрвеньскім раёнах), гэты паказчык дасягае 100 працэнтаў.

У 2023 годзе былі размеркаваны 687 выпускнікоў нашага ўніверсітэта, якія навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў. Віталь Казакоў запэўнівае, што камісія па размеркаванні праводзіць вялікую працу, якая пачынаецца ў снежні — студзені. А ў лютым — сакавіку прадстаўнікі кадравай службы сустракаюцца з выпускнікамі, знаёмяць іх з заканадаўчай базай, адказваюць на пытанні, улічваюць пажаданні.

«У першую чаргу мы працуем на забеспячэнне кадрамі сталіцы і Мінскай вобласці. Але заўсёды ідзём насустрач нашым студэнтам, якія паспелі стварыць сям'ю. Сем'і мы не раздзяляем, — запэўніў Віталь Казакоў. — Увогуле, прыслухоўваемся да пажаданняў выпускнікоў. Прывяду адзін з нядаўніх прыкладаў: выпускнік з рэгіёна, які не адносіцца да асноўных заказчыкаў кадраў ВНУ, пажадаў размеркавацца ў школу, з якой добра знаёмы, таму што сам вучыўся ў ёй. Камісія па размеркаванні разгледзела гэтае пытанне і вынесла рашэнне на карысць выпускніка. Бывае і так, што студэнты просяць аб пераразмеркаванні на непедагагічныя спецыяльнасці. Такія звароты ёсць, і яны датычацца ў асноўным пераходу на кантрактную службу ў сілавыя структуры».

Найбольш важная глава

У верасні паралельна з фіналам рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» у краіне прайшоў фінал рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют». Ён праводзіўся ўпершыню, але ў яго ёсць усе шанцы стаць традыцыйным. У цэнтры ўвагі фестывалю-конкурсу — маладыя настаўнікі, выхавальнікі дашкольных устаноў, маладыя дырэктары школ і маладыя загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі (узроставая планка — да 31 года і прафесійны стаж — да пяці гадоў). У Міністэрстве адукацыі лічаць важным падтрымаць не толькі вопытных педагогаў, але і тых, хто робіць у педагагічнай прафесіі толькі першыя крокі. Там разумеюць, што папаўненне сістэмы адукацыі маладымі спецыялістамі надае імпульс яе развіццю...

Выпускніца БДПУ, выхавальнік маладзечанскага дзіцячага садка № 27 Настасся ВАСІЛЕВІЧ стала ў сваёй намінацыі пераможцай.

Настасся ВАСІЛЕВІЧ на фестывалі «Педагагічны дэбют»: «Мы з маімі выхаванцамі, моцна ўзяўшыся за рукі, ідзём разам». Фота аўтара.

— У жніўні 2021 года я па размеркаванні прыйшла працаваць у садок. І хоць ужо мела невялікі педагагічны вопыт, напэўна, як і ўсе маладыя спецыялісты, хвалявалася, ці змагу ўліцца ў новы калектыў, ці знайду агульную мову з дзецьмі, іх бацькамі і калегамі, ці змагу рэалізаваць свой творчы патэнцыял, — прызнаецца Настасся. — Але літаральна з першых рабочых дзён зразумела, што мяне акружаюць не проста спецыялісты і прафесіяналы ў сваёй справе, але і вельмі душэўныя людзі, якія прынялі мяне ў свой калектыў лёгка, адкрыта і шчыра. Прызнаюся, мне вельмі спатрэбіўся мой вопыт, атрыманы ў ходзе практыкі, а педагагічная практыка распачынаецца ў БДПУ з першага курса. Таксама прыемным бонусам для мяне сталі матэрыяльныя заахвочванні, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў. І сёння, прайшоўшы ўвесь шлях — ад першага дня вучобы да перамогі ў рэспубліканскім фестывалі, — хачу выказаць удзячнасць сваёй альма-матар за тыя веды і ўменні, якія я там набыла. З упэўненасцю магу сказаць: цяперашні калектыў — мае апора і сям'я. Калегі — вельмі важныя для мяне людзі. Самае галоўнае для мяне як для маладога спецыяліста, які яшчэ толькі пачынае свой шлях, — гэта ўпэўненасць, што побач са мной — сапраўдная каманда! Мы з маімі выхаванцамі, моцна ўзяўшыся за рукі, ідзём разам. Я разам з імі мару, шукаю сябе, імкнуся ахапіць неабдымнае, узлятаю, не баючыся ўпасці, спадзяюся, веру і люблю. Разам нам пад сілу любы экзамен жыцця. Я толькі пачынаю пісаць яго старонкі і веру, што найбольш важнай главой стане педагогіка...

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.