Вы тут

Кацярына Лазоўская: Кожны работнік нашага зладжанага калектыву працуе ў сферы сацыяльнага абслугоўвання па прызванні


Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна — адзін з найбуйнейшых не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў краіне. Сёння сацыяльная ўстанова ахоплівае клопатам амаль 1400 людзей з абмежаванымі магчымасцямі, больш за 4 тысячы людзей, якія пражываюць адны, 467 шматдзетных сем’яў, у скарбонцы ТЦСАН нямала цікавых праектаў. Аб рэалізацыі смелых мар, прыкладах паспяховай сацыялізацыі наведвальнікаў і ўменне бачыць прыгажосць у элегантным узросце расказала дырэктар цэнтра Кацярына Лазоўская.


— Раскажыце аб сваім шляху ў прафесію?

— Магчыма, ува мне «загінуў» выдатны медык (усміхаецца). Ніколі не думала, што буду працаваць у сацыяльнай службе, першую адукацыю атрымлівала ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім каледжы. Адпрацавала пяць гадоў у кардыялогіі, паралельна вучылася далей. Другую адукацыю атрымала ў педуніверсітэце па новай тады яшчэ спецыяльнасці «Сацыя-медыка-псіхалагічная справа», на якую набіралі толькі тых студэнтаў, якія мелі медыцынскую адукацыю. Па заканчэнні быў вялікі спектр месцаў для працаўладкавання, я планавала звязаць жыццё са службай у міліцыі. Але ў 2012 годзе мяне запрасілі на пасаду загадчыка аддзела тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ў ТЦСАН Віцебскага раёна. А з сакавіка 2020-га ўзначальваю ўстанову.

— Кацярына Сяргееўна, як змянілася структура арганізацыі за гэтыя гады?

— Ведаеце, калі я толькі прыйшла працаваць у цэнтр, гэта форма работы з насельніцтвам толькі пачынала фарміравацца ў звыклым для нас сёння фармаце. Мала хто ведаў, чым займаюцца яго спецыялісты, навошта ўвогуле створана новая арганізацыя. 

А з цягам часу, калі ў кожным раёне пачалі ўзнікаць ТЦСАНы, то людзі, асабліва пажылыя, пацягнуліся да нас. Потым узрос наш аўтарытэт у людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пачалі звяртацца і астатнія катэгорыі насельніцтва. Да красавіка 2023 года ў Віцебскім раёне працавалі дзесяць аддзяленняў дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у найбуйнейшых населеных пунктах, цэнтр лічыўся адным з найвялікшых у краіне. Цяпер пасля аптымізацыі штатнага раскладу працуюць шэсць такіх аддзяленняў, але важна заўважыць, што форма работы з наведвальнікамі не змянілася, установы засталіся, як і раней, у сваіх населеных пунктах.

Спектр гурткова-культурнай дзейнасці цэнтра не абмежаваны, нават цяжка пералічыць усе напрамкі. Асабліва нашы людзі «залатога» ўзросту цягнуцца да спорту, у аддзяленнях ёсць фітболы, бегавыя дарожкі, велатрэнажоры, палкі для скандынаўскай хады. Так, у Заронаве працуе «Музычная сцежка здароўя», дзе наведвальнікі праз мастацтва далучаюцца да здаровага ладу жыцця. У Янавічах, напрыклад, больш моцна развіты вакальны гурток, нашы паважаныя жанчыны «скалацілі» свой калектыў, пашылі канцэртныя касцюмы і выязджаюць на палі віншаваць камбайнераў-перадавікоў. Гледзячы на гэтых натхнёных, апантаных людзей з вялікай прагай да жыцця, становіцца радасна на душы, значыць, наша работа недарэмная і знаходзіць моцны водгук у людзей.

«Дрэва жаданняў» у Янавічах

— Раскажыце аб паспяховых прыкладах сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі вашых наведвальнікаў…

— Кожны наш праект, незалежна ад яго спецыфікі, рэалізоўваецца толькі па запытах людзей. І я ганаруся, што кожная з ініцыятыў працуе і застаецца запатрабаванай. У аддзяленні сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання для інвалідаў гарпасёлка Сураж сярод шэрагу напрамкаў дзейнасці працаваў гурток па дрэваапрацоўцы. Такі занятак часта карыстаецца попытам і нескладаны для калясачнікаў. Адзін з нашых пастаянных наведвальнікаў Васіль Окунеў больш за іншых цягнуўся да гэтага рамяства, і ў яго добра атрымліваліся сувеніры з дрэва, рамкі і кухонныя дошкі, але спецыяльнага абсталявання ў аддзяленні дагэтуль не было.

Мы вырашылі падтрымаць імкненне маладога чалавека, тым больш што знайсці занятак па душы чалавеку, які знаходзіцца ў інвалідным вазку, няпроста. Я напісала праект, ён выйграў бязвыплатную замежную дапамогу ў памеры амаль 17 тысяч рублёў і ў 2021 годзе быў рэалізаваны. У Суражы былі абсталяваны сталярная майстэрня і душавая кабіна, закуплены станкі і інструменты. А галоўнае — створана паўнавартаснае працоўнае месца: сёння Васіль Окунеў сам вядзе гурток па дрэваапрацоўцы і разам з наведвальнікамі вырабляе на заказ прадметы мэблі з дрэва. Многія людзі з абмежаванымі магчымасцямі таксама захапіліся гэтым рамяством. Такіх прыкладаў у гісторыі цэнтра шмат, і кожны з іх, як маленькі агеньчык, натхняе на новыя ідэі.

— Якія незвычайныя праекты яшчэ ўдалося рэалізаваць?

— З мэтай павышэння якасці жыцця грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў шляхам забеспячэння сацыяльна-прававых, бытавых і іншых відаў паслуг, укаранення новых формаў сацыяльнага абслугоўвання ў 2019 годзе рэалізаваны праект «Сацыяльная цырульня» на агульную суму 2300 еўра. Праект — мабільны, спачатку размяшчаўся ў Заронаве, цяпер пераехаў у Сураж — месца дыслакацыі змяняецца ў залежнасці ад патрэбы. Людзі папярэдне запісваюцца на стрыжку і фарбаванне, і ў прызначаны дзень выязджае цырульнік, які абслугоўвае насельніцтва па сацыяльна нізкіх тарыфах. Такая паслуга асабліва карыстаецца попытам у аддаленых населеных пунктах.

Яшчэ адзін праект — мабільная лазня ў янавіцкім аддзяленні. Пажылыя людзі, якія па стане здароўя не могуць паліць сваю лазню ці ўвогуле засталіся адны, звярнуліся па дапамогу. З прыцягненнем бязвыплатнай замежнай дапамогі цэнтр набыў сучасную лазню-бочку на суму 8700 рублёў. У чацвер, які прызначаны лазневым днём, аматары пару з радасцю наведваюць бочку па сімвалічнай цане. Сярод тых, у каго праект знайшоў асаблівую зваротную сувязь, — 90-гадовая мясцовая бабуля: можа парыцца нават чатыры гадзіны.

Як вядома, людзі, якія пражылі ўсё жыццё ў вёсцы, цягнуцца да зямлі, агародаў і кветак. З мэтай працоўнай рэабілітацыі наведвальнікаў быў створаны праект «Сад мары» ў гарадскім пасёлку Янавічы, сродкі на які цэнтр выйграў у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў. На прылеглай тэрыторыі аддзялення, дзе раней стаяў хмызняк у пояс, цяпер цвіце шыкоўны сад, тэрыторыя яго абнесена 3D еўраагарождай. На тэрыторыі саду размясціліся цяпліца з агуркамі, баклажанамі, памідорамі і перцамі, альтанка, арэлі, з’явіліся безбар’ерныя сцяжынкі. Сярод незвычайных раслін — дзесяць сартоў вінаграду, абрыкосы, блакітныя елкі, саджанцы буякоў. У рамках праекта таксама былі набыты маразільная камера, дзве сушылкі для садавіны, сокавыціскалка, кухонны камбайн, мультыварка. І калі сад — гэта напрамак працоўнай рэабілітацыі, то другая частка праекта мае мэту перадаваць жыццёвы вопыт ад бабуль моладзі. Разам з навучэнцамі мясцовай школы з экалагічным ухілам нашы жанчыны вучаць дзяўчат рабіць кансервацыю, варыць джэмы і кампоты, пастылу ў рамках гуртка «Гардэнатэрапія». 

На адкрыцці «Сада мары»

І гэта добрая магчымасць не толькі адпачыць душэўна, але і падзяліцца цяплом і клопатам.

Адзін з нашых апошніх праектаў, рэалізацыю якога плануецца завяршыць вясной 2024 года, — «Даступны пляж». Разам з Віцебскай гарадской арганізацыяй ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» было вырашана стварыць безбар’ернае асяроддзе для людзей-калясачнікаў на возеры Доўжа ў Віцебскім раёне. Гэтае месца адпачынку карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў горада і раёна, там створана добрая інфраструктура, аднак для людзей з абмежаванымі магчымасцямі дабрацца да вады — справа складаная, калі не сказаць, што амаль неажыццяўляльная. На возеры рэгулярна праводзяцца спаборніцтвы па рыбнай лоўлі, турзлёты калясачнікаў, таму ініцыятыва стварыць для іх безбар’ернае асяроддзе як нельга патрэбная. У рамках праекта будзе абсталявана спецыяльная аўтапляцоўка, ад якой па бетоннай сцяжынцы людзі змогуць спускацца на крэслах у ваду на жалезнай платформе, а потым перасесці з крэсла і паплыць, такім жа чынам вярнуцца назад без цяжкасцяў руху па пяску. Акрамя гэтага, ужо пабудавана новая вялікая альтанка для адпачынку, дзе можна схавацца ад сонца, перад купальным сезонам на пляжы з’явяцца зручная распранальня і шэзлонгі.

— А якімі праектамі вы, як дырэктар, асабліва ганарыцеся?

— Вылучыць з вялікага спіса цяжка, бо кожны з іх — гэта маё дзецішча, дзецішча ўсяго нашага калектыву нераўнадушных людзей, гатовых у любы момант працягнуць руку дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу.

У 2018 годзе, будучы на пасадзе намесніка дырэктара, мне ўдалося выйграць у Пасольства Японіі па праграме «Карані травы» аўтамабіль з электрапад’ёмнікам для тых, хто вымушаны перамяшчацца ў інвалідным вазку. Па гэтай праграме пасольства выдавала машыны толькі медыцынскім установам, і мы былі першай у краіне сацыяльнай установай, якая змагла атрымаць такі грант. Лічу, што гэта вельмі каштоўна: у раёне пражываюць амаль 1400 інвалідаў, а многія з калясачнікаў не маюць магчымасці перамяшчацца на асабістым аўтамабілі, тым больш на вялікія адлегласці.

Разам са спецыялістам аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аграгарадка Кіраўская Ірынай Трус мы распрацавалі «Бранзалеты дапамогі». Сэнс праекта заключаецца ў распрацоўцы QR-кода, у якім знаходзяцца асабістыя даныя чалавека і звесткі аб яго захворваннях. Код можа наносіцца на любы зручны аксесуар, у канкрэтным выпадку — на бранзалет. Пажылым людзям з хранічнымі захворваннямі, якія схільныя да раптоўных прыступаў, інвалідам часам можа стаць блага ў незнаёмым месцы, проста на вуліцы. Брыгада хуткай медыцынскай дапамогі можа даведацца з такога «банка даных» важную інфармацыю аб пацыенце для аказання яму эфектыўнай дапамогі.

Адна з сацыяльных паслуг, якой мы па праве ганарымся, — методыка Tomatіs, якую на сёння сярод сацыяльных устаноў паўночнага рэгіёна аказваем толькі мы і рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей з ДЦП «Ветразь». Гэта методыка была распрацавана ўрачом-отарыналарынголагам з Францыі Альфрэдам Тамацісам і паспяхова выкарыстоўваецца больш чым у 70 краінах свету. Яна прадстаўляе сабой сістэму аўдыявакальных трэніровак, накіраваных на павышэнне адчувальнасці ўнутранага вуха ў людзей, якія маюць розныя дыягназы. Сфера прымянення метаду ў дзяцей — парушэнні паводзін і ўвагі, затрымка ў моўным і псіхаматорным развіцці, ДЦП, гіперактыўнасць, праблемы развіцця камунікатыўных навыкаў. Дарослым таксама можна прайсці курс пры нервовых парушэннях, для аднаўлення мовы пасля інсульту. Яшчэ методыку называюць педагогікай слухання, яна стымулюе нейроны галаўнога мозгу.

Пры падтрымцы «Юніхэлп» мы набылі апарат, які ўяўляе сабой навушнікі і вялікі плэер. Працаваць з ім могуць толькі псіхолагі, урачы і лагапеды-дэфектолагі, якія папярэдне прайшлі навучанне. Спецыялістамі распрацавана больш за 250 музычных кампазіцый, як правіла, гэта класічная музыка ў сучаснай апрацоўцы, сіла ўздзеяння яе на галаўны мозг заключаецца ў частаце змены рытму і частаце гуку. Прычым у залежнасці ад дыягназу праграма падбіраецца індывідуальна. Каб адчуць эфект, аднаму чалавеку пажадана прайсці тры курсы, кожны з якіх уключае 12 заняткаў па 40–80 хвілін, прытым толькі па накіраванні ўрача. Сёлета для жыхароў Віцебскага раёна гэта паслуга была бясплатная, для Віцебска каштавала каля 20 рублёў — і гэта значна танней, чым у іншых гарадах. Чарга ахвотных на Тomatіs распісана на некалькі месцаў наперад, цяпер наш спецыяліст працуе пераважна з дзеткамі з аўтызмам, і мы атрымліваем нямала станоўчых водгукаў.

— На працягу года вы рэалізоўваеце сацыяльны праект «Элегантны ўзрост». У чым заключаецца яго папулярнасць?

— Калі дагэтуль мы размаўлялі аб праектах, якія каштуюць вялікіх грошай, то гэты рабілі па душэўным парыве абсалютна бязвыплатна. Лічу, што кожная жанчына, незалежна ад узросту, павінна быць прыгожай і нават на пенсіі не забываць аб сваім першасным прызначэнні — несці ў свет цудоўнае. З’явілася ідэя сабраць нашых актыўных наведвальніц, якія толькі выйшлі на пенсію і, магчыма, трошкі забыліся на сябе, каб паказаць, што жанчына павінна заставацца кветкай.

Журы конкурсу творчасці інвалідаў «Святло душы тваёй»

Першая наша сустрэча прайшла ў мадэльнай школе, дзе стылісты, візажысты і цырульнікі стваралі для ўдзельніц праекта новыя, нетыповыя вобразы. Вынікам гэтай імпрэзы стала прафесійная фотавыстава, на якой нашы жанчыны паглядзелі на сябе з іншага боку. І, ведаеце, ім вельмі спадабалася. Адну ўдзельніцу, якая амаль усё жыццё адпрацавала даяркай, пасля пераўтварэння нават паклікалі мадэллю на паказ адзення! Я не чакала, што наша ініцыятыва знойдзе такі водгук, але першапачаткова разавы праект расцягнуўся на цэлы год. Потым разам са стылістам жанчыны разбіралі свой гардэроб, вучыліся дэфіле, праходзілі цырымонію па чайным этыкеце. У найбліжэйшых планах — арганізаваць модны паказ з іх удзелам, дзе будуць прадэманстраваны вязаныя рэчы, створаныя майстрамі-наведвальніцамі тэрытарыяльнага цэнтра.

— Наперадзе — навагоднія святы, а гэта значыць, пачынаецца марафон добрых спраў. Як да яго плануе падключыцца тэрытарыяльны цэнтр?

— Мы рыхтуем навагоднюю выставу, да нашай ініцыятывы з натхненнем падключыўся Цэнтр культуры «Віцебск». Для «Марафону дабра» людзі з абмежаванымі магчымасцямі з усёй краіны вырабляюць сваімі рукамі вялікія ёлачныя шары з характэрнымі для сваіх рэгіёнаў адметнасцямі. Ужо паступіла 70 заявак з Беларусі і адна — з Расіі. Плануецца, што пасля выставы напярэдадні свята шары будуць выстаўлены на дабрачынны аўкцыён, у якім возьмуць удзел знакамітыя людзі Віцебска, беларускія блогеры і іншыя. Атрыманыя сродкі накіруюць на падтрымку нашых дзетак з парушэннямі.

— Упэўнена, што за плённую сацыяльную работу ў вас нямала ўзнагарод. Што лічыце самым галоўным дасягненнем у прафесіі?

— Наш зладжаны калектыў, кожны член якога знаходзіцца на сваім месцы і працуе ў сферы сацыяльнага абслугоўвання па прызванні. Толькі разам мы змаглі рэалізаваць столькі важных і патрэбных праектаў. Мы працуем для людзей і дзеля людзей.

Калі разважаць аб матэрыяльных узнагародах, то я была ўдастоена пачэснага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2021». У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны мне даводзілася дзяліцца вопытам з калегамі з усёй краіны па прыцягненні бязвыплатнай замежнай дапамогі — гэта, на мой погляд, важная ацэнка маёй прафесійнай дзейнасці.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з архіва гераіні

Аўдыяверсія праекта — на радыё Пілот-FM і на сайце zviazda.by.

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.