Вы тут

Што пачытаць восенню? Падборка ад «Маладосці»


Мазаічная вераснёвая «Маладосць» сабрала тэксты рознай пачуццёвай нагрузкі. Нават фонам запомніцца ўсё — дзякуючы выразнасці занатаванай свядомасцю эмоцыі. 


Старонкі прозы напоўнілі нарыс Паліны Корневай, апавяданні Валерыі Гаўруковіч, Святланы Бязлепкінай — тут шмат пра жанчыну, яе ролі ў грамадстве і ў ласным лёсе ў розных узростах. Кантрастуюць з імі апавяданне Філмара Плэйса і пачатак сацыяльна-сатырычнай аповесці Андрэя Сідарэйкі. Паэзію складаюць вершы Яўгена Бодрыкава, Рагнеда Малахоўскага, Генадзя Пашкова і паэма Святланы Тарасевіч — практычна чатыры генерацыі паэтаў, таму і відавочныя адрозненні, залежныя ад ракурсу, з якога аўтары бачаць свет. Рубрыка перакладаў перасяляе нас у Італію да твораў Джавані Даль’Ангары і Італа Свевы. Сярод публіцыстыкі — інтэрв’ю з мастаком Андрэем Пічушкіным, агляд музейных пакояў пісьменнікаў, занатоўкі з ліставання і сустрэч Алеся Карлюкевіча з туркменскім літаратарам Касымам Нурбадавым, тэатральна-крытычны артыкул Мікалая Касцюкова «Гісторыя адной тэлефоннай размовы, ці Спектакль на мяжы абсурду». 

Гэты выпуск «Маладосці» цікавы і тым, што з апублікаваных твораў больш, чым раней, хочацца выпісваць цытаты — дасціпныя і трапныя. Выпісваю і бессаромна дзялюся, нават калі агляд атрымаецца эклектычны. 

Доўгі шлях. Буслы, страты, і што мы з імі набываем. Крама і карма

«Наша эпоха — малебен індывідуальнасці, прычым бяздарны і няшчыры».

Нарыс Паліны Корневай «Шлях дадому» запусціў дзіўны флэшбэк і выклікаў нейкія супярэчлівыя адчуванні. Тэкст вярнуў мяне ў час навучэнска-студэнцкіх часоў, дзе і я яшчэ ўсведамляла сябе ў новых сацыяльных ролях, якія важка і раптоўна ўзгрувасціліся, апрача, уласна, адказнасці за будучыню, дзе ты чалавек, які ўжо мае курс на прафесію, дзе ты раўнапраўны ўдзельнік дарослай камунікацыі, дзе ты сябра, сусед, аднагрупнік… Напраўду, суправаджала адзінота, хваравітае і дваістае непадабенства да ўсіх. Апавядальніца паўстае ў расповедзе больш за астатніх зацікаўленай, нават апантанай у сваёй справе. Яна не бачыць навокал такіх, як сама, нават паблажліва пазірае на сваіх аднагрупнікаў. Дзяўчына зважае на адсутнасць цікаўнасці, досціпу, ляноту сваіх аднакурснікаў, верагодна, падасца «спадарыняй у белым паліто»… Найлепшым прыкладам выступае маладая выкладчыца медуніверсітэта, да якой хінецца Паліна. Студэнтка марыць стаць выдатным лекарам, таму, напэўна, і робіцца ратавальніцай для сваёй суседкі па інтэрнаце, хоць не ладзіць з ёй, хоць і дае права дапамогі яе сяброўкам, якія, тым не менш, застаюцца ўбаку, відавочна, не жадаючы марнаваць на гэта вечар пятніцы.

«Бываюць людзі, якія нараджаюцца, каб жартаваць. Дзед Мікіта нарадзіўся для таго, каб хмурыць бровы».

Чытаю малую прозу «На крылах бусла»  Валерыі Гаўруковіч, і кідае ў холад. Для мяне гэты твор — пра боль страты, якую нішто і ніколі не зможа запоўніць, пра страх адсутнасці справядлівасці самастойнага выбару — калі ты яшчэ не можаш жыць сама, але ўжо ведаеш, як бы хацела. І можна ўявіць, як дарослы свет ставіцца да дзіцячага «хачу». Галоўная гераіня і не хавае, што, заўчасна ўцягнутая ў гульні дарослых, назірае, робіць заўвагі і высновы. 

Часта лаўлю сябе на думцы, ці добра абапірацца на статыстыку, згадваючы лекцыі па тэорыі літаратуры і разбор узросту фарміравання «паэта» і «празаіка». 

Андрэй Сідарэйка распачынае публікацыю аб’ёмнай сацыяльна-сатырычнай аповесці «Крама». Пра што гэта проза? Пра ізаляванасць сацыяльных груп і інстытуцый, пра іх вялікую разарванасць паміж сабой. Мы перамяшчаемся ва ўніверсам, і не ў адзіноце, а разам з намеснікам загадчыка ўпраўлення гандлю і паслуг рэгіёна Мікалаем Мікалаевічам Кудзелькіным, якога не па сваёй волі накіроўваюць разведаць усе хібы працы прадуктовай крамы. Ён, нібы спецагент, уладкоўваецца рознарабочым, каб не выдаць сябе, прадстаўляецца былым настаўнікам (пры гэтым чыноўнік сам вельмі рэдка хадзіў у крамы, ды і ўвогуле не вельмі абцяжараны побытавым інтэлектам — гаспадарчымі пытаннямі займаецца яго жонка і яе наймічка).

«І я, дурніца, і замуж пагадзілася выйсці, і верш свой любімы аддала».

Цяжка стрымаць абурэнне, чытаючы апавяданне Святланы Бязлепкінай «Апокрыф, або Узыходжанне на Парнас», спачуваючы гераіні, якая, кінутая на патрыярхальнае кавадла, вымушана ахвяраваць уласнай творчасцю, імкненнямі і талентам дзеля будзённасці і дабрабыту сямейнага (нібы). Неаднойчы жанчына робіцца інструментам дасягнення чужых мэт ці цацкаю, чыім жыццём дазваляюць сабе маніпуляваць іншыя… Пра чый шлях на Парнас тут? Святлана Бязлепкіна вельмі ўдала накіроўвае свае пісьменніцкія восці, каб зачапіць несправядлівасцю, адужаць гневам. Сюжэт не рэдкі, хтосьці, верагодна, праасацыіруе з рэчаіснасцю… Таленавітая калісьці паэтэса загубіла сваю кар’еру, страціла шанц на асабістае шчасце, спрыяючы амбіцыям мужа, ды ў выніку яшчэ і атрымалася, што яе не ўспрымаюць сур’ёзна як пісьменніцу, вінавацяць у падмане. 

«Гэта зусім простая гісторыя, накшталт тых, што друкуюць на абгортках жуйкі “Love is…”» — Філмар Плэйс папярэджвае свайго чытача перад тым, як узяцца за надзвычай трывіяльны сюжэт. Можа, і так, але гэты тэкст не пазбаўлены абаяльнасці, гумару, інтэртэкстуальнасці, шкада, што нельга даведацца, ці жылі героі доўга і шчасліва ў канцы lovestory.

Розны свет у паэзіі

Паэма Святланы Тарасевіч «Нявыказаная праўда» формай сваёй вяртае чытача да рамантычнай традыцыі. Тут дзяўчына Смеральда — бедная гараджанка — крадзе кветкі ў садзе галоўнага героя, каб гандляваць імі і выжываць. І той вырашае вырасціць для сваёй няпрошанай госці выключны сорт кветак:

«Ствару тую кветку, 

                                  што ў іншых садах

Не знойдзе ніхто! 

                          Будзе коштам як плоць,

Красой жа — як цуд!» —

такі быў мой намер. 

Можа быць, размова пра блакітную ружу, якая акурат знітуецца з імем гераіні праз колер, вывесці яе спрабавалі яшчэ ў ХІХ ст., а ў некаторых літаратурных творах гэтая расліна была сімвалам праўды (можна згадаць казку «Пярсцёнак і ружа» У. Тэкерэя, хоць ён ужо пісьменнік рэалістычнай плыні). 

Спадзеў на эмацыянальна пазітыўную нізку дае назва «Пацалункі на фоне Нарачы» Рагнеда Малахоўскага. Толькі вершы без шчаслівых фіналаў, хутчэй, з цяжкімі высновамі, і ў каханні, і ў жыцці. І ўсё ж любоў да роднага (Нарач — натхенне, моц, ачышчэнне) і каханне да жанчыны — побач, няхай сабе не ўсё проста:

Быў выбух гарачай крыві. Эпілог

Майго існавання ад ночы да рання.

Ударам пад дых мяне перамагло

Знянацкае самазнішчэнне кахання.

(«Выбух»)

Аўтар уплятае ва ўласныя тэксты радкі з твораў Максіма Багдановіча. Так, напрыклад, у вершы «Хваляванне» цытуецца цэлае чатырохрадкоўе з «Над морам» 1910-га года. Або сучасны паэт задаецца пытаннем «Што ж так цяжка ляцець нам да зор?»… 

«Вечнасці выток» Генадзя Пашкова быццам напаўняе існаванне чалавека сэнсамі. З фантазіяй адшліфаваныя і мудра-філасафічыя вершы, у якіх досвед. Старая ісціна, што асобу славіць яе справа, гучыць нязменна праўдзіва. Праца ў так мала зведаным Сусвеце дае спасцігнуць болей, і нібы ўвесь Сусвет матывуе пазнаваць:

Падаюць яблыкі. Шчодрыцца сад.

Нібы нябёсы, багатыя дрэвы. 

Месяц блукае і свеціць ля хат, 

быццам шукае: 

                           Ньютаны, дзе вы?...

(«Жнівеньскай ноччу»)

Італія. Пошук. Літаратурнае пабрацімства. Тэатральная крытыка

Нязменна плённае супрацоўніцтва часопіса з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам працягваецца публікацыяй перакладаў прозы з італьянскай мовы: «Начных фантазій» пісьменніка, журналіста, педагога, дзеяча рысаджымента (Нацыянальна-вызваленчы рух у Італіі ХІХ ст. — Заўвага аўт.) Джавані Даль’Ангары (1808—1873) і казкі Італа Свевы (У інфапрасторы распаўсюджаны варыянт транслітарацыі провішча — «Звева». — Заўвага аўт). (1861—1928). На гэты раз працу выканалі Настасся Цівончык і Наталля Прыданава.

«Разумею, як важна чуць крытыку, заўсёды рады розным меркаванням. І ўсё ж маладым мастакам раіў бы слухаць, але рабіць па-свойму». Гутарка Ксеніі Зарэцкай з мастаком Андрэем Пічушкіным пралівае святло на творчасць як бесперапынны пошук.

Літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус прапануе артыкул «Ад статусу да сакралізацыі» і абірае тэмай новай «Музейнай гасцёўні» мемарыяльныя ўстановы, у прыватнасці, кабінеты пісьменнікаў. Гэты, па сутнасці, тэкст-экскурсія з ключамі (адрасамі, звескамі аб напаўненні экспазіцый) зацікавіць тых, хто ніколі не быў у музеях пісьменнікаў, і тых, хто хоча па-новаму зірнуць на іх. Аўтар звяртае ўвагу, што арганізацыя музейнай прасторы дазваляе меркаваць не толькі пра пісьменнікаў непасрэдна, а запрашае ўключыцца ў гісторыка-культурны кантэкст кожнай асобна прадстаўленай эпохі, да якой належаць творцы.

«Мне заўжды карцела, каб Касыма як паэта, дзіцячага пісьменніка разгледзелі, пачулі ў Беларусі…»

Алесь Карлюкевіч з’яўляецца адным з пісьменнікаў і журналістаў, якія надаюць шмат увагі тэме актуальных міжнародных літаратурных сувязей. Гэтым разам гаворка вядзецца аб туркменскім аўтары твораў для дзяцей Касыме Нурбадаве, якога, на вялікі жаль, не стала ўжо больш як два гады таму. Адметнае месца ў тэксце займае гісторыя беларуска-туркменскіх літаратурных узаемадачыненняў у галіне кнігі для самых маленькіх, у прыватнасці, перакладам твораў Касыма Нурбадава, што пабачылі свет у Мінску. Чытаючы тэксты Алеся Карлюкевіча, заўсёдна лаўлю сябе на словах-асацыяцыях «памятаць» і «шанаваць». 

«Самая небяспечная зброя ў арсенале чалавека — яго голас».

Тэатральна-крытычны матэрыял Мікалая Касцюкова прысвячаецца монаспектаклю «Чалавечы голас» Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Да чарговага перастварэння знакамітага твора Жана Както спрычыніліся рэжысёр-пастаноўшчык Каміла Хусаінава і актрыса Алена Крыванос. Аглядальнік прапануе параўнаць некалькі варыянтаў сцэнічнага і кінаўвасаблення п’есы знакамітага французскага пісьменніка.

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.