Вы тут

У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца кнігі Замоціна — бібліяграфічная рэдкасць


На старонках «ЛіМа» (№ 15 ад 15 красавіка 2022 г.) аўтар гэтых радкоў рэпрэзентаваў невядомыя архіўныя матэрыялы Івана Замоціна (1873–1942). Сёлетні юбілей — 150-годдзе вучонага — стымулюе зварот да рарытэтаў, што захоўваюцца ў фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі, актуалізуюць некаторыя сюжэты мінулага гуманітарнай навукі.


Кнігі І. Замоціна даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю, а прысутнасць на некаторых з іх дарчых аўтографаў толькі павялічвае каштоўнасць кожнага экзэмпляра. У ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца выданні са збораў Адама Багдановіча, Паўла Беркава, Пятра Глебкі. За кожным — свая гісторыя стварэння, прыватнага ўладання, перамяшчэння ў вядучую навуковую кніжніцу рэспублікі. 

Першы рарытэт, на якім сфакусіравана наша ўвага, раней належаў П. Беркаву (1896–1969) і паступіў у ЦНБ НАН Беларусі ў ліку 30-тысячнай калекцыі пасля смерці вядомага савецкага літаратуразнаўца і бібліёграфа. Выданне І. Замоціна «Три романтических мотива в произведениях Гоголя. (К характеристике Гоголевского идеала)» (1902) ілюструе перыяд працы аўтара ў гімназічных установах Варшавы, ці не найменш асветлены ў сучасных жыццяпісах вучонага. У верхнім правым куце першай старонкі вокладкі эліпсападобны штамп «Александр Николаевич ПОПОВ» (паўтораны ў тым жа месцы на тытульнай). Ніжэй імя аўтара — дарчы надпіс: «Глубокоуважаемому Николаю Петровичу». Звестак адносна адрасата пакуль не выяўлена, але можна меркаваць, павод¬ле штампа і супадзення імя і імя па бацьку, што кніга некаторы час захоўвалася ў асабістай бібліятэцы яго сына. 

Мінск — Яраслаўль — Мінск 

Іван Замоцін вёў перапіску з Адамам Багдановічам падчас падрыхтоўкі двухтомніка «Творы М. Багдановіча» (1927–1928). Можна ўпэўнена сцвярджаць, з’яўленне паўнавартасных біяграфічных нарысаў, апублікаваных у часопісе «Узвышша» (1923, №№ 2–3), у прадмове да названага выдання, было немагчымым без кансультацый з Яраслаўлем. У пачатку 1930-х гг. бацька паэта звяртаўся ў Мінск з клопатам пра выданне сваіх уласных навуковых прац. 

Слынны бібліяфіл Адам Багдановіч у маі 1938 г. склаў тастамент, паводле якога яго кніжныя зборы былі размеркаваны сярод спадчыннікаў. Сёння гэты дакумент захоўваецца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтва, куды трапіў у 1960-х гг. 

Пра тое, што перададзеная з Яраслаўля ў Мінск бібліятэка Адама Багдановіча стала адметнай з’явай у культурным жыцці рэспублікі, сведчыць спецыяльны артыкул Наталлі Яфімавай, змешчаны на старонках першага тома «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984): 

«Асобнай калекцыяй зберагаецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа АН БССР з 1957. Налічвае 2153 экзэмпляры кніг. 

Належала беларускаму этнографу, фалькларысту і мовазнаўцу А. Я. Багдановічу, які збіраў яе з 1918 (першы яго кнігазбор загінуў у Яраслаўлі ў час пажару 1918). Бібліятэка ўключае выданні па гісторыі і філалагічных навуках, мастацкую літаратуру. У ёй кнігі XVIII — 1-й чвэрці 19 ст., прыжыццёвыя выданні рускіх пісьменнікаў і паэтаў XIX–XX ст., творы старажытных гісторыкаў, мемуары і даследаванні па гісторыі Расіі, ёсць кнігі з аўтографамі А. М. Горкага, Я. Коласа, І. Замоціна, К. Пешкавай і інш.». 

«Беларусіка» ў другім кніжным зборы А. Багдановіча прадстаўлена 40 выданнямі. З іх больш за палову — на беларускай мове; у асноўным яны датуюцца пачаткам 1920-х гг., але ёсць і ранейшыя па часе: «Вязанка» (СПб., 1903) Янкі Лучыны, «Курганная кветка» (Вільня, 1914) Канстанцыі Буйло, «Антон. (Абразы жыцця)» (Вільня, 1919) Максіма Гарэцкага. Тры кнігі рэпрэзентуюць творчасць Якуба Коласа: «Сымон-музыка» (Мінск, 1918), «Водгулле» (Мінск, 1922) і «Новая зямля» (Мінск, 1923) — з дарчым аўтографам аўтара, адрасаваным А. Багдановічу. 

Адметны почырк 

У фондзе старадрукаваных выданняў і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі захоўваюцца два выданні Івана Замоціна з подпісамі аўтара, адрасаванымі Адаму Багдановічу. Адно ўяўляе з сябе першую частку нарыса «М. А. Багдановіч», апублікаваную ў часопісе «Узвышша» (1927, № 2). Тэксту папярэднічае верш Пятра Глебкі, прымеркаваны да 10-й гадавіны з дня смерці паэта, — «Памяці М. Багдановіча» з эпіграфам: «Ты ня знойдзеш, жалоба, выйсця, // нават песню пачуўшы другую. Ул. Дубоўка». У правым верхнім куце гэтай старонкі і змешчаны дарчы надпіс: «Глубокоуважаемому Адаму Егоровичу Богдановичу от автора 24/V 1927». 

Наступны рарытэт — асобны адбітак уступнага артыкула Івана Замоціна да другога тома акадэмічнага выдання твораў паэта: «М. Багдановіч. Крытычнабіяграфічны нарыс». На тытульнай старонцы брашуры, выдадзенай у Мінску ў 1929 г., аўтограф «Глубокоуважаемому Адаму Егоровичу Богдановичу от автора». 

Метадычныя нарысы І. Замоціна «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Выпуск першы» (Мінск, 1927) — кніга не са збору «Калекцыя Адама Багдановіча», але гэтае выданне прыцягвае ў сілавое поле разгляду мінуўшчыны яшчэ адну выбітную асобу і адпаведныя сюжэтныя лініі даследавання. На тытульнай старонцы — дарчы аўтограф: «Глубокоуважаемому Агафангелу Ефимовичу Крымскому от автора». 

Агафангел Крымскі (1871–1942), адзін з заснавальнікаў і неадменны сакратар (1918–1929) Акадэміі навук Украіны. Вядомы гісторык, усходазнаўца, славіст, пісьменнік, дзве мініяцюры якога пераклаў на рускую мову Максім Багдановіч: «***Пальмы гордые и лавры» (укр. «***Горді пальми. Думні лаври»); «***Теплый гром. Цветя черешня» (укр. «Теплий грім. Цвітуча вішня»). 

Пра тое, што кніга «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» перад тым, як вярнуцца ў Мінск, усё ж пабывала ў Кіеве, сведчаць пячаткі бібліятэк Інстытута літаратуры імя Тараса Шаўчэнкі, Акадэміі навук УССР, Дзяржаўнай публічнай бібліятэкі УССР. 

Яшчэ адзін экзэмпляр названага выдання І. Замоціна, з кнігазбору П. Глебкі, утрымлівае, можам меркаваць, аўтограф аднаго з папярэдніх уладальнікаў — Антона Адамовіча. (Расчытка папярэдняя, патрабуе далейшай ідэнтыфікацыі почырку.) 

Сціслыя дарчыя надпісы вядомага вучонага на выданнях, цудам ацалелых у завірухах гісторыі, увачавідкі сведчаць час, чалавечыя стасункі, літаратуразнаўчыя дасягненні, вызначаюць напрамкі далейшых росшукаў. У юбілейны год акадэміка Івана Замоціна іх публікацыя лагічна кладзецца ў повязь даніны павагі да яго працы на ніве беларускай гуманітарнай навукі. 

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.