Вы тут

Беларусь і Расія дамовіліся ствараць сумесныя прадукты ў сферы тэлекамунікацыі


Дарожную карту па ўзаемавыгадным супрацоўніцтве па наладжванні, сумесным вырабе і пастаўках тэлекамунікацыйнага абсталявання падпісалі сёння арганізацыя «Прамсувязь», таварыства паліўнай кампаніі Расатама «ТВЭЛ» — «Т-КОМ» і краінавы офіс Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі — кампанія «РусатамБел». Дакумент мае на мэце стварэнне да канца 2024 года сумеснага беларуска-расійскага прадукту, які з часам будзе пастаўляцца і на рынак трэціх краін.


Планам мерапрыемстваў у рамках Дарожнай карты на базе пляцовак арганізацыі «Прамсувязь», якая ўваходзіць у склад Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі, прадугледжана распрацоўка і ўкараненне тэлекамунікацыйнага абсталявання, стварэнне цэнтраў кампетэнцый і развіцця адпаведнага кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў.

— Для нашага прадпрыемства гэта значная з’ява. Гэта план доўгатэрміновага супрацоўніцтва, якое будзе ўключаць у сябе вывучэнне рынку. Распрацоўку канкурэнтнага прадукту і арганізацыю яго вытворчасці, — расказаў дырэктар Прамсувязі Іван Марціновіч. — Наша асноўная мэта — імпартазамяшчэнне. Мы асноўныя партнёры, і для нашага прадпрымества стварэнне сумеснага імпартазамяшчальнага канкурэнтаздольнага прадукту — вялікі і важны крок.

Абсталяванне, якое плануецца вырабляць, датычыцца галіны тэлекамунікацыі і лічбавізацыі — камутатары, мадэмы, усё, што будзе цікава нашым аператарам: нацыянальнаму аператару «Белтэлекам», аператару сотавай сувязі, арганізацыям, прадпрыемствам.

Каб ісці ў нага з часам, заставацца на тым тэхналагічным узроўні, які дазволіць апераджальна ісці наперад у плане развіцця лічбавай інфраструктуры, неабходна адпаведнае абсталяванне, падкрэсліў Станіслаў Лявіцкі, дырэктар краінавага офіса Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі:

— Менавіта сукупныя намаганні ў наш цяжкі час дазваляюць і акупаць нашы інвестыцыі, і ствараць нешта новае і інавацыйнае. Лінейка прадуктаў, якую мы разам з Прамсувяззю будзем прадстаўляць на рынку Беларусі, на рынках трэціх краін, дазваляе нам шукаць новыя гарызонты з пункту гледжання як вырабу новай мікраэлементнай прадукцыі, так і распрацоўкі новых тэхнічных рашэнняў.

Немалаважнае і пытанне крытычнай інфраструктуры Расіі і Беларусі. У наш час забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі, абароны каналаў сувязі — вельмі важная і вострая задача. Сумесная прадукцыя, якая будзе праходзіць сертыфікацыю расійскіх і беларускіх органаў, якія адказваюць за інфармацыйную бяспеку, дазволіць мінімізаваць рызыкі ў гэтай сферы і ў больш шырокім аспекце, засяродзіў увагу дырэктар краінавага офісу.

Падпісанты выказалі спадзяванне, што сумесны прадукт будзе пастаўляцца ў тым ліку і ў трэція краіны, але ж гэта пытанне сертыфікацыі, праактыўнай работы. Са свайго боку Дзяржкарпарацыя «Расатам» прадастаўляе ўсю сваю замежную інфраструктуру, і такія аргніазацыі, як беларускі краінавы офіс, знаходзяцца на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды, удакладніў Станіслаў Лявіцкі. Сумесны прадукт у інтарэсах Белтэлекама, як мяркуецца, будзе створаны да канца 2024 года.

У рамках XXVІІ Беларускага энергетычнага і экалагічнага форума Energy Expo гэта ўжо чацвёртае пагадненне, якое заключана паміж арганізацыямі Дзяржкарпарацыі «Расатам» і беларускімі ведамствамі. Доўгатэрміновае пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана паміж прадпрыемствам «Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі» і расійскай кампаніяй «ЦВЭЛ». Мемарандум аб узаемаразуменні падпісалі Дзяржкарпарацыя па атамнай энергетыцы «Расатам» і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы рэалізацыі сумесных праектаў на аснове праграмных прадуктаў і лічбавых рашэнняў падпісалі краінавы офіс Дзяржкарпарацыі «Расатам» у Беларусі — кампанія «РусатамБел», арганізацыя «Міжнародны дзелавы альянс» і аб’яднанне «Русатам — Лічбавыя рашэнні».

— Для прасоўвання інавацыйных лічбавых прадуктаў на беларускім рынку нам быў патрэбны надзейны лакальны партнёр, які знайшоўся ў асобе кампаніі «Міжнародны дзелавы альянс». Гэтая арганізацыя добра разумее ўнутрыбеларускі рынак і можа эфектыўна прапаноўваць сваім старым камунікацыям і сувязям нашы рашэнні. А на будучыню ў нас ёсць камерцыйны прыцэл на распрацоўшчыкаў Міжнароднага дзелавога альянса для прыцягнення іх да распрацоўкі і рэалізацыі праектаў Дзяржкарпарацыі ў трэціх краінах, — заўважыў Станіслаў Лявіцкі, каментуючы пагадненне аб супрацоўніцтве і ўдакладніў, што дакумент упарадкуе гэтую дзейнасць і задае ёй рамкі.

У найбліжэйшы час будуць падпісвацца ўжо ліцэнзійныя пагадненні па асобных прадуктах. Напрыклад, пагадненне ў галіне рабатызацыі ў плане забеспячэння лічбавай аўтаматызацыі руцінных бізнес-працэсаў, што дазволіць паскараць бізнес, змяншаць часавыя выдаткі, недзе аптымізаваць з пункту гледжання кадраў і тым самым павышаць якасць вядзення спраў у любой арганізацыі. Гэта праграмы, якія дазваляюць за кошт прэдыктыўнай аналітыкі прагназаваць бягучы стан планавага рамонту абсталявання любога класа. Гэтыя прадукты запатрабаваны не толькі буйным бізнесам, але і сярэднім і малым, удакладніў эксперт.

Ірына СІДАРОК

Фота прэс-службы «РусатамБел» і Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».