Вы тут

У Гомелі адкрылі новую фехтавальную залу


Да нядаўняга часу трэніроўкі па фехтаванні выхаванцаў Гомельскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па прыкладных відах спорта праходзілі ў арандаванай зале. Цяпер жа юныя спартсмены змогуць займацца ў новым спецыялізаваным памяшканні плошчай больш 700 «квадратаў». Фехтавальная зала адкрыта ў гомельскім філіяле РУП «Белтэлекам».


— Сёння сапраўды свята. Свята, прысвечанае спорту! Фехтаванне для мяне — гэта адзін з самых прыгожых відаў спорту. Ён спалучае ў сабе ўменне, спрыт, прыгажосць і грацыю. Я спадзяюся, што жадаючых займацца ў гэтай зале будзе шмат, мы знойдзем юнакоў і дзяўчат, якія ў далейшым стануць чэмпіёнамі, будуць радаваць нас сваімі выступленнямі і праслаўляць нашу краіну! Наша работа была накіравана на стварэнне ўмоў, каб юныя спартсмены маглі праявіць сябе, знайсці сябе ў гэтым відзе спорту, — падкрэсліў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі, старшыня апякунскаага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская федэрацыя фехтавання» Канстанцін Шульган.

У новай фехтавальнай зале для трэніровак прадугледжана пяць дарожак, на якіх адначасова могуць займацца да 40 выхаванцаў. Майстэрства і ўменне на занятках у цэлым адточваюць 80 юных спартсменаў. Заняткі праводзяць чатыры штатныя трэнеры, але ў найбліжэйшай будучыні чакаецца папаўненне трэнерскага складу. У новым памяшканні для спартсменаў прадугледжаны разміначная зала, раздзявалкі, санвузлы, трэнерскі пакой і пакой для рамонту зброі і інвентара.

У новай гомельскай фехтавальнай зале створаны ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі спартсменаў, асабліва для спартыўнага рэзерву, для перадачы іх у вышэйшае звяно, у рэспубліканскія вучылішчы алімпійскага рэзерву, нацыянальную каманду. Новых вышынь юным спартсменам Гомельшчыны пажадаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Алейнікаў.

Для гасцей свята быў праведзены паказальны фехтавальны паядынак на 5 уколаў.

Павіншаваў са знакавай падзеяй для гомельскіх юных фехтавальшчыкаў, іх трэнераў, бацькоў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Дзмітрый Даўгалёнак.

— Адкрыццё такой залы — гэта сапраўды свята. Упэўнены, што зала стане для тых, хто палюбіў такі від спорту, як фехтаванне, другім домам. Імкніцеся, вучыцеся, трэніруйцеся, дасягайце! Поспехаў і спартыўных трыўмфаў, — звярнуўся віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі.

У Гомелі сёння фехтаванне пачынае вельмі актыўна развівацца. Як падкрэсліў выконваючы абавязкі старшыні грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская федэрацыя фехтавання» Віталь Сакалоўскі, дзякуючы новай зале для трэніровак фехтаванне на Гомельшчыне выйдзе на якасна новы ўзровень.

— Раней планавалася арандаваць розныя пляцоўкі. Але дзякуючы міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай рэспубліканскай федэрацыі фехтавання адкрыта спецыялізаваная зала. Прыемна, што ў Гомелі пачне набіраць абароты традыцыя фехтавання. Мы бачым новых трэнераў — гэта спартсмены, якія завяршылі ў тым годзе спартыўную кар’еру і ім ёсць, дзе працаваць і трэніраваць. У Гродне быў такі праект, у Мінску адкрылася аналагічная зала. З часам ахопіць усю Беларусь, — падзяліўся планамі Віталь Сакалоўскі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота Гомельскага філіяла РУП «Белтэлекам»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».