Вы тут

Міжнародны круглы стол адбыўся ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь


20 кастрычніка ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь прайшоў Міжнародны круглы стол «Органы дзяржаўнай бяспекі СССР у Вялікай Айчыннай вайне (да 80-годдзя знішчэння гаўляйтара В.Кубэ)».


Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікі і госці азнаёміліся з выставай архіўных дакументаў «Паляванне на гаўляйтара», якая распавядае аб падрыхтоўцы і правядзенні акцыі па знішчэнні В.Кубэ.

У мерапрыемстве прымаюць удзел вядучыя навукоўцы і спецыялісты па названай праблематыцы з Беларусі і Расіі.

Пасля прывітальных слоў дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алега Воінава, дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Андрэя Дземянюка адбылося абмеркаванне тэм круглага стала: «Тэарэтыка-метадалагічныя аспекты даследавання гісторыі органаў бяспекі і спецслужбаў», «Дакументы аб знішчэнні гаўляйтара Вільгельма Кубэ: невядомыя і вядомыя», «Грані замаху на Вільгельма Кубе ў фотафонакінавідэадакументах БДАКФФД», «Аперацыя „Адплата“ ў мемуарах Алены Мазанік», «Мерапрыемствы НКДБ СССР і БШПР па ліквідацыі кіраўнікоў Генеральнай акругі „Белоруссия“ і РОА», «Асаблівасці падрыхтоўкі нямецкай разведвальна-дыверсійнай агентуры на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гг. » і інш.

— Сёння ў сценах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь сабраліся вядучыя спецыялісты ў нашай рэспубліцы па гісторыі органаў дзяржаўнай бяспекі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама вядомыя замежныя навукоўцы. Прыемна бачыць сярод прысутных моладзь — вучняў з гімназіі № 21 г. Мінска, студэнтаў, маладых спецыялістаў, — сказаў у сваім выступленні Алег Воінаў. — Адзначу, што заяўленая праблематыка і тэмы дакладаў вельмі актуальныя для беларускай гістарыяграфіі. Многія аспекты ўдзелу савецкіх спецслужбаў у барацьбе з ворагам, фактычна, прагучаць упершыню. Сапраўды, падзеі 80-гадовай даўніны, звязаныя са знішчэннем гаўляйтара Кубэ дагэтуль дыскусійныя ў асяроддзі спецыялістаў і гісторыкаў. Гэта звязана з абмежаванай крынічнай базай па дадзенай тэме. Разам з гэтым унікальнасць і значнасць гэтай аперацыі не выклікае ніякіх сумневаў. Да яе паспяховай рэалізацыі прыклалі руку практычна ўсе савецкія спецслужбы, беларускія партызаны і падпольшчыкі!

Хачу сказаць, што і ў фондах НАРБ і ў архіве кінафотафонадакументаў ёсць матэрыялы па тэме знішчэння гаўляйтара Кубэ. Яны прадстаўлены на вітрынах. Акрамя таго, ёсць і іншыя матэрыялы пра ўдзел савецкіх спецслужбаў у барацьбе з ворагам. Гэта спецпаведамленні Л. Цанавы, спісы спецгруп, накіраваных у БССР, комплекс дакументаў аб рабоце асаблівых аддзелаў партызанскіх брыгад і атрадаў і шэраг іншых матэрыялаў, што дазваляе вывучаць розныя аспекты ўдзелу савецкіх чэкістаў у Вялікай Айчыннай вайне.

У падрыхтоўцы і арганізацыі мерапрыемства прынялі ўдзел Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.
Мерапрыемства завяршыцца сёння вечарам.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.